Ад Сомавай – да Маркеса

Прапаную вашай увазе агляд дзвюх публікацый з кастрычніцкага нумара часопіса «Нёман».


Ад Сомавай — да Маркеса
Сталы чытач літаратурных часопісаў ведае, што структура апошніх складаецца з дзвюх частак. Да першай адносяцца творы прозы, паэзіі і драматургіі, да другой – крытыка, літаратуразнаўства, публіцыстыка, мемуарыстыка і г.д. Між тым, сярод публікацый другой групы, што адносяцца да матэрыялаў “вакол літаратуры”, часта сустракаюцца надзвычай годныя творы, што часам на роўных канкурыруюць з уласналітаратурнымі. Менавіта гэтая акалічнасць абумовіла ўвагу на дзве публікацыі, надрукаваныя ў кастрычніцкім нумары часопіса “Нёман”.

Іх аўтары – Вячаслаў Рагойша і Алена Мальчэўская – належаць да навуковага асяроддзя. Першы – літаратуразнаўца, доктар навук, прафесар філалагічнага факультэта БДУ. Другая – даследчыца тэатра, аспірантка Інстытута журналістыкі БДУ. Галоўная вартасць іх “нёманскіх” публікацый – у здольнасці выказаць сваю ацэнку разглядаемаму аб’екту (як асобе пісьменніка, так і твору мастацтва), вызначыць яго месца ў сістэме прасторавых і часавых каардынат, а таксама патлумачыць ролю асобы або значэнне твора для звычайных чытачоў і гледачоў на зразумелай для іх мове. Фактычна, тактоўна узяць іх да вышыні свайго разумення літаратуры і мастацтва.

В. Рагойша прапанаваў для часопіса пачатак артыкула “Я не кахаю Вас. Я Вас люблю”. У цэнтры ўвагі – лёс Святланы Сомавай, паэтэсы і перакладчыцы, з якой Якуб Колас пазнаёміўся ў Сярэдняй Азіі (дзе знаходзіўся ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны) і падтрымліваў кантакты да самай смерці. В. Рагойша прааналізаваў збор твораў Песняра, вывучыў яго паэтычную і эпісталярную спадчыну, дзякуючы чаму здолеў паказаць значную ступень уплыву С. Сомавай на позні этап творчасці Коласа. Асабліва цікавымі падаліся прыклады стаўлення сям’і пісьменніка і навуковага асяроддзя да узаемаадносін герояў публікацыі (прычым гэта прывяло да іх частковага замоўчвання ў 12-томным збору твораў і, адпаведна, да купюр у тэксце).

Але галоўнай “разынкай” даследавання сталі падрабязнасці асабістай сустрэчы даследчыка са С. Сомавай у Маскве ў другой палове 1980-х гадоў. Істотна, што даследчык вылучыў і лагічна абгрунтаваў сваю версію стасункаў паміж Сомавай і Коласам. Вобразна яе можна перадаць праз паэтычныя радкі Ніны Мацяш: “На Ваша “ты” сказаць Вам “ты” не смею, // І калі позірк позіркам злаўлю, // Як птушанё, спалохана нямею. // Я не кахаю Вас. Я Вас люблю”.

Апошнім часам вокладкі “Нёмана” аздабляюць карціны сучасных айчынных мастакоў, яны ж прадстаўляюцца ў рубрыцы “Живописная Беларусь”. Гэтым разам фрагмент “Прогулки” Андрэя Тагінданга стаў тэмай эсэ А. Мальчэўскай “Письмо из Макондо”. Даследчык тэатра, аўтар аналізуе жывапіс так упэўнена, што здаецца – яна займалася тэмай шмат гадоў. Але “Письмо…” адметнае не толькі гэтым. Асабіста для мяне яно адначасова ўяўляе сабой… фрагмент высокаякаснай мастацкай прозы.

У кожнага твора ёсць уласны сакрэт поспеху. Адзін з пісьменнікаў перамагае (і ў рэшце рэшт застаецца ў літаратуры) дзякуючы багаццю мовы, другі – праз глыбокую распрацоўку характараў, козыр трэцяга – наватарства ў выбары героя, тэмы і г.д. Але, на маю думку, для таго, каб кніга назаўсёды засталася і з чытачамі, і ў мастацтве, трэба адна “дробязь” – магія слоў. “Так уже случилось однажды, когда маленький Габриэль слушал сказки бабушки доньи Транкилины, (…). Когда он вырос и увидел всё, что было за деревьями, он вспомнил об этих сказках, о бабушке, о городе, о прутике. Унёсся куда-то в сказочные выси. Вспомнил о колдунах, цыганах, суевериях, чудесах. И рассказал историю об одиночестве. О веке одиночества и странном городе Макондо, где окажется каждый”.

Падчас чытання “Писем из Макондо” у мяне склалася ўражанне ўласнай прысутнасці ў свеце, калісьці пабудаваным Маркесам і па-свойму адкрытым для нас Мальчэўскай. Бадай, гэта і ёсць прыкмета сапраўднай літаратуры.

Ад Сомавай – да Маркеса// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 30 лістапада. — № 48. — С. 7.

P.S. Артыкул В. Рагойшы можна прачытаць у pdf-варыянце часопіса (старонкі 166-184). А вось эсэ А. Мальчэўскай туды чамусьці не трапіла. Нагадаю, карціна А. Такінданга, якой прысвечана эсэ, змешчана на вокладцы часопіса.