Брэнд і трэнд: пра Нацыянальную тэатральную прэмію

Нацыянальная тэатральная прэмія – не толькі працэс вызначэння пераможцаў і ўганаравання лепшых, але і своеасаблівы зрэз сучаснай сітуацыі ў мастацтве. У якім накірунку рухаецца айчынны тэатр? Якія мае дасягненні? Дзе шукаць вырашэнне праблем? Паспрабуем пашукаць адказы на гэтыя пытанні.


Навошта нам прэмія?
Пры распрацоўцы Нацыянальнай прэміі, якая ўпершыню ладзілася летась, тэатральная грамадскасць шмат у чым арыентавалася на прыклад “Залатой маскі” – тэатральнага брэнда Расіі. Там спектаклі-пераможцы вызначаюць далейшыя накірункі развіцця мастацтва. За рэжысёрамі, сцэнографамі, харэографамі, што маюць “маскі”, усчынаецца сапраўднае “паляванне”. Іх запрашэнне ў пэўны калектыў – сакрэт поспеху, гарант аншлагу і прыстойнага мастацкага выніку. Акрамя таго, шматлікія праграмы (кшталту “Залатая маска ў Беларусі”) прэзентуюць спектаклі (намінантаў і пераможцаў) у іншых краінах.

Таму з’яўленне Нацыянальнай прэміі, безумоўна, прагрэсіўнае рашэнне. Беларусь нарэшце зрабіла першыя крокі, каб хоць крыху наблізіцца да ўзроўню ўсходніх суседзяў, у якіх адпаведны конкурс пачаў ладзіцца яшчэ з 1995 года. Недахоп вопыту абумовіў асобныя спрэчныя рашэнні І прэміі, якія сёлета былі выпраўлены. Напрыклад, у параўнанні з мінулым годам былі ўведзены намінацыі “Лепшы спектакль тэатра лялек”, “Лепшы спектакль для дзяцей” і “Лепшая работа харэографа-пастаноўшчыка”. Дагэтуль дзіцячыя спектаклі спаборнічалі з дарослымі, а лялечныя – з драматычнымі і опернымі. Сярод станоўчых рыс тэатральнай прэміі – магчымасць для мінчукоў убачыць пастаноўкі рэгіянальных калектываў. Не будзем забывацца, што атрыманыя ўзнагароды ўскосна спрыяць большай цікавасці да спектакляў шараговай публікі (“пайду пагляджу, хто перамог”).

Па дарозе да фіналу
Конкурсны паказ і фінальная цырымонія, якія прайшлі ў Мінску на мінулым тыдні – толькі вяршыня айсберга. Ім папярэднічаў адборачны працэс, які пакінуў пасля сябе пэўны пытанні і абумовіў некаторыя спрэчныя моманты прэміі.

Першым этапам стала вылучэнне ад 28 тэатраў заявак на 39 спектакляў, што былі пастаўлены ў 2010 – 2012 гадах. Другім – адбор спектакляў. Спярша праглядаліся відэа-версіі. Потым члены камісіі наведвалі тэатры і аналізавалі пастаноўкі на іх сталых пляцоўках.

Як бачна, мастацкая рада некаторых калектываў прапанавала для разгляду адну пастаноўку, частка – дзве. У савецкія часы роля рады была высокай. Слабы спектакль мог нават не дайсці да гледача. Цяпер гэты орган атрымаў функцыі дарадчага, на якім вядзе рэй мастацкі кіраўнік.

У выніку атрымаліся некалькі нестыковак. Па-першае, пытанні выклікала працэдура выбару спектакляў. З 16 пастановак, што выйшлі ў фінал прэміі, 10 пастаўлены менавіта мастацкімі кіраўнікамі (К. Аверкава ўжо сышла з Магілёўскага тэатра, але на момант прэм’еры ўзначальвала яго). Пра механізм вылучэння яскрава сведчыць інтэрв’ю М. Пінігіна часопісу “Мастацтва”. У кіраўніка Купалаўскага спыталі: чаму на прэміі яго калектыў прадставіў пастаноўку “Тэатр Уршулі Радзівіл”. Адказ быў наступны: “Я так захацеў”. Зусім не збіраюся сцвярджаць, што спектаклі мастацкіх кіраўнікаў апрыёры дрэнныя. Але каб іншыя рэжысёры гэтых жа тэатраў маглі заяўляць пра свае амбіцыі без наступстваў і рызыкі для кар’еры, а на разгляд адборачнай камісіі не траплялі выпадковыя пастаноўкі, больш лагічна было б даручыць крытыкам разглядаць усе спектаклі, пастаўленыя за пэўны перыяд. А не толькі тыя, што прайшлі фільтр мастацкага кіраўніка.

Па-другое, не зусім зразумелы шырокі часавы дыяпазон прэм’ер. Нагадаю, мінулагоднія пераможцы, оперны спектакль “Набука” і драматычны “Не мой”, былі пастаўлены ў 2010-м. То бок, вынікі за той час ужо падведзены. Ды як успрымаць 8 пастановак, ажыццёўленых у той жа перыяд? Як школьнікаў, якім дазволілі застацца на другі год? А як быць з шасцю прэм’ерамі, што адбыліся сёлета? Але ж на наступную прэмію будуць таксама прэтэндаваць прэм’еры 2012 года! На мой погляд, варта ўсё ж вызначыць жорсткія часавыя рамкі (напрыклад, пэўны год) і прытрымлівацца іх у далейшым.

Па-трэцяе, тэатральная грамадскасць ведала толькі спектаклі-намінанты. А вось асобы, што вылучаліся на персанальныя прэміі, нідзе не агучваліся. Між тым, расіяне вылучаюць на кожную “Залатую маску” (кшталту, “Лепшая жаночая роля”) некалькі намінантаў (напрыклад, пяць актрыс), а не спектаклі, у якіх яны сыгралі. Бо на ІІ Нацыянальнай прэміі моцныя вобразы выканаўцаў або ўдалая праца кагосьці з пастановачнай групы мелі месца ў дастаткова слабых спектаклях. Дык навошта ствараць ілюзію, што апошнія вылучаюцца на прэмію?

Сёлета ў фінал выйшлі 16 спектакляў. Іх прагляд дазволіў вылучыць некалькі блокаў: на мой погляд, пастаноўкі ў іх аб’яднаныя агульнымі задачамі, мастацкімі прынцыпамі і канчатковым вынікам.

Мастацкі вынік – ці каса?
Калі крытыкі скептычна ставяцца да касавых спектакляў, гэта часцей за ўсё выклікае абурэнне шырокай аўдыторыі. Каб расставіць кропкі над “і”, дазволю сабе нагадаць, што паміж масавай і элітарнай культурай існуюць прынцыповыя адрозненні. Масавая мусіць спрыяць адпачынку і добраму баўленню часу. Элітарная – развіваць мастацтва і прымушаць думаць.

Менавіта таму выклікае шчырае здзіўленне прысутнасць у конкурснай праграме дзвюх катэгорый спектакляў. З аднаго боку, абсалютна забаўляльных пастановак – кшталту “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” Купалаўскага тэатра, “Фігара.tut” Сучаснага мастацкага тэатра, “Сродак Макропуласа” Тэатра-студыі кінаакцёра і “Бяда ад пяшчотнага сэрца” Тэатра беларускай арміі.


Сцэна са спектакля “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”.
Фота з сайта http://kupalauski.by

З другога боку, такіх сентыментальных пастановак, як “Леаніды не вернуцца да зямлі” Віцебскага аблдрамтэатра і “Страцім-Ледзедзь” Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі з Бабруйска, што прымушаюць перажываць за лёсы Андрэя Грынкевіча і Максіма Багдановіча. Амаль усе пералічаныя спектаклі глядзяцца на адным дыханні, прымушаюць сачыць за сюжэтам і суперыжываць героям. Але калі спытаць, ці адкрываюць яны штосьці новае ў мастацтве, адказ, на жаль, будзе адмоўным.

Казка пра згублены час
Як вядома, тэатральнае мастацтва прывязана да канкрэтнай эпохі, адлюстроўвае і ўвасабляе яе, а пасля часцей за ўсё становіцца старонкай гісторыі разам з канкрэтнымі выканаўцамі і рэжысёрамі. У свой час беларускія драматычныя калектывы мелі высокі прафесійны аўтарытэт у Савецкім Саюзе. У другой палове 1980-х гадоў у Беларусі ўзнікла некалькі дзесяткаў тэатраў-студый, якія імкнуліся стварыць альтэрнатыву рэпертуарным калектывам. У апошнія таксама пачалі трапляць новыя павевы. Аднак шэраг фактараў, перш за ўсё фінансавых, прывялі да паступовага згортвання студыйнага руху. У выніку айчынны драматычны тэатр за апошняе дзесяцігоддзе ажыццяўляў, па сутнасці, рух па кругу, і, зразумела, на новым вітку развіцця, вярнуўся ў 1980-я гады.

Не буду спрачацца: рэжысёры, якім ўласцівы адпаведны падыход, на інтуітыўным узроўні адчулі, якія спектаклі патрэбныя шырокай беларускай публіцы і нават прадстаўнікам айчыннай тэатральнай эліты. Нездарма адзін з найбольш тыповых спектакляў такога кшталту – “Не мой” А. Гарцуева – атрымаў амаль абсалютную перамогу на І Нацыянальнай прэміі.

Менавіта да стылю 1980-х гадоў можна аднесці “Вар’яцкі дзень, альбо Жаніцьбу Фігаро” Гомельскага аблдрамтэатра, “Пан міністр” ТЮГа, “Раскіданае гняздо” Брэсцкага аблдрамтэатра і “Гора ад розуму” Рускага тэатра. Гледача, які мае магчымасць спажываць толькі айчынны прадукт, яны сапраўды здзіўляюць. Але той, бачыў спектаклі фестываляў “Панарама”, “ТэАРТ” ці “M.@rt.кантакт”, згадзіцца, што сусветны тэатр (як еўрапейскі, так і расійскі) у сваім развіцці сышоў далёка наперад.


Сцэна са спектакля «Гора ад розуму».
Фота з сайта www.rustheatre.by

Такі вынік выклікае толькі шкадаванне, бо двое з рэжысёраў згаданых вышэй спектакляў (С. Кавальчык і У.Савіцкі) у свой час ставілі надзвычай яркія спектаклі (адпаведна, “Адвечная песня” і “Дзікае паляванне караля Стаха”). Спадзяюся, у будучым яны здолеюць ажыццявіць пастаноўкі аналагічнага ўзроўню.

“Залатая сярэдзіна”
Варта сказаць колькі слоў пра тры спектакля, што склалі своеасаблівую “залатую сярэдзіну”. Гэта “Прынцэса і Свінапас” віцебскага тэатра “Лялька”, “Аднакласнікі” Магілёўскага аблдрамтэатра і “Аіда” НАВТ оперы і балета.

Першая пастаноўка аказалася дастаткова традыцыйнай, але пасля яе засталіся прыемныя згадкі. Яе без ваганняў можа рэкамендаваць для прагляду дзецям. “Аіда” вырашана ў стылі “вялікай оперы” і пакінула надзвычай моцнае ўражанне. Хоць, на маю думку, на яе ўспрыманне ў пэўнай ступені, паўплываў эфект адсутнасці іншых музычных спектакляў і… вялікая музыка Вердзі.


Сцэна са спектакля «Аіда».
Фота з сайта http://belarusopera.by

Што да “Аднакласнікаў”, пастаўленых К.Аверкавай, дык уражанне ад іх прагляду найбольш супярэчлівае. Відавочны сентыментальнасць і стаўка на эмоцыі. Але прываблівае зварот да сучаснай айчыннай драматургіі (п’еса Ю. Чарняўскай), актуальнасць і вастрыня ў пастаноўцы праблемы (адзінота чалавека ў камп’ютарным свеце; стаўленне грамадства да хворых – адзін з герояў пакутуе на аўтызм). Годнымі атрымаліся вобразы Міці і асабліва Марты, якія задумваліся як героі другога плану, але фактычна выйшлі на першы. Казаць пра безумоўны поспех будзе занадта смела, пра няўдачу – не выпадае.

У чаканні трэцяй прэміі
На маю думку, лепшымі спектаклямі, паказанымі падчас Нацыянальнай тэатральнай прэміі сталі тры лялечныя пастаноўкі: магілёўскі “Чароўны пэндзаль” (рэжысёр І. Казакоў), мінскае “Вянчанне” (рэжысёр А. Янушкевіч) і гродзенская “Пікавая дама” (рэжысёр А. Жугжда). У кожнага з іх – свае вартасці.

Першую з іх, разлічаную на дзіцячую аўдыторыю, я назваў бы нават лялечным мюзіклам. Каб пабудаваць дынамічны сюжэт з захапляльнай інтрыгай, былі выкарыстаны магчымасці як уласна лялечнага, так і музычнага тэатра, а таксама камп’ютарная графіка.

Містычнае “Вянчанне” перанесла гледачоў з рэальнасці ў свет трызнення героя, узняло праблему адказнасці звыш-асобы за неабмежаваную ўладу, востра паставіла пытанне пра крызіс чалавецтва.


Сцэна са спектакля «Вянчанне».
Фота з сайта www.puppet-minsk.com

Нарэшце, бясспрэчным лідарам сёлетняга форума стала “Пікавая дама”, якая скарыла як гледачоў, так і спецыялістаў лёгкасцю, іранічнасцю, інтэлектуальнасцю і постмадэрнісцкай інтэрпрэтацыяй твораў Пушкіна і Чайкоўскага.

Не будзе перабольшваннем сказаць, што вынікі прэміі выклікалі захапленне тэатральнай грамадскасці. Перамога “Пікавай дамы” у чатырох намінацыях – сведчанне густу Беларускай тэатральнай акадэміі і праява справядлівасці. Але адначасова ў выніках прэміі хаваюцца свае падводныя камяні. Амаль абсалютная перамога аднаго спектакля – сведчанне таго, што ў яго, на жаль, мелася няшмат годных канкурэнтаў. Акрамя таго, сёлетні форум сведчыў пра крызісныя тэндэнцыі ў драматычным тэатры, бо на жаль, ніводная пастаноўка не змагла скласці канкурэнцыю лялечнаму тэатру.

Разам з тым лепшыя спектаклі ўсталявалі вышыню, на якую мусяць арыентавацца іншыя калектывы. Акрамя таго, упэўнены, што асобныя з сёлетніх сталічных прэм’ер (“Вестсайдская гісторыя” Музычнага тэатра, “Шоўк” сталічнага лялечнага тэатра, “Дажыць да прэм’еры” РТДБ) ужо могуць прэтэндаваць на перамогу ў ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Спадзяюся, іх мастацкі ўзровень адкрые для айчыннага тэатра новыя далягляды.

Брэнд і трэнд// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 23 лістапада. — № 47. — С. 20.
Надрукавана са скарачэннямі.