У Мінску з’явіўся новы Музычны тэатр?

У Белай зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў прайшоў канцэрт-спектакль “У душы маёй…” салісткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ганны Бяляевай.


Ганна Бяляева.
Фота Анжалікі Грэковіч

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Музычны тэатр “Галерэя” – новае імя для сталіцы. Ён быў заснаваны яшчэ ў мінулым годзе і адкрыўся паказам спектакля “Кінараманс”, які атрымаў ад стваральнікаў жанравае пазначэнне “гісторыя з араматам кавы”. Другім праектам “Галерэі” стаў канцэрт-спектакль “У душы маёй…”, у якім прынялі ўдзел Ганна Бяляева (сапрана), яе калега па тэатру Дзяніс Нямцоў (чытальнік) і Віталь Дубовік (гітара). Ва ўтульнай атмасферы хатняга салона пад акампанемент шасціструннай гітары прагучалі старадаўнія рускія рамансы (“Слушайте, если хотите”, “Что это сердце”, “И нет в мире очей”, “Ночь светла”, “Не уходи”, “Нет, не любил он”, “Темно-вишневая шаль”, “Эй, ямщик, гони-ка к «Яру” і іншыя), а таксама любоўная лірыка Пушкіна і Лермантава, Кальцова і Буніна…

Прызнаюся шчыра: нягледзячы на тое, што адсочваю ўсе прэм’еры Музычнага і неаднаразова бачыў яго салістаў, канцэрт стаў для мяне прыемнай нечаканасцю. Напрыклад, Д. Нямцова часцей за ўсё выконвае ў тэатры ролі, якія адпавядаюць тыпажу “прастака”. А Г. Бяляева за выключэннем партыі Сільвы ў аднайменнай аперэце пакуль ўвасабляе ролі другога плану. “У душы маёй…” прадставіў для выканаўцаў шанец выявіць сябе ў іншым жанры, чым яны бліскуча скарысталіся. Увасабленне вобразаў паэта і яго музы дапамагло стварыць рамантычную атмасферу ХІХ стагоддзя і перадаць адухоўленасць і глыбіню перажыванняў герояў у рускім рамансе і ў паэзіі таго часу.

Не аспрэчваючы несумненны поспех мерапрыемства, хацелася б звярнуць увагу на некаторыя спрэчныя моманты. Асабіста мне крыху не хапіла ў ім… рэжысёра, задачы якога фактычна ўзялі на сябе выканаўцы. Згодна іх канцэпцыі, у аснове канцэрта-спектакля знаходзілася гісторыя нешчаслівага кахання паміж героямі Г. Бяляевай і Д. Нямцова. Яны знаходзіліся ў розных прасторах (яна – у сваёй гасціннай, ён – ва ўласным кабінеце), але асабіста не сустракаліся: іх адносіны засталіся ў мінулым. Але калі параўноўваць “У душы маёй…” з вечарамі рамансаў, што ставіла ў Музычным Ганна Маторная, бачна, што ў апошніх пераходы паміж нумарамі абыгрываліся больш тонка, а сувязі з персанажамі куды больш складаныя. У разглядаемым канцэрце-спектакле сцэнічныя лёсы Г. Бяляевай і Д. Нямцова перакрыжаваліся толькі аднойчы: калі салістка чытала ліст з вершамі, якія за сцэнай агучваў чытальнік. У астатніх сцэнах яны існавалі паасобна. Здзівіла і пэўная непрадумнасць у элементах сцэнаграфіі. Калі дзеянне пераносіцца ў ХІХ стагоддзе і адбываецца пры свечках, дык прычым тут таршэры? Здавалася б, дробязь, а яна ўплывае на агульную карціну.

У далейшых планах тэатра – цыкл канцэртаў, якія будуць праходзіць на пляцоўцы Палаца прафсаюзаў у кожную нядзелю месяца. 11 лістапада ансамбль старадаўняй музыкі “Кантабіле” прадставіць “Музыку Нясвіжскага палаца”. 18-га пройдзе канцэрт Ігара Задарожнага ў суправаджэнні ансамбля “Рэтра-хіт”, падчас якой прагучаць песні 1960-1970-х гадоў, а 25-га – музычны спектакль “Фантазіі Вольфганга Амадэя”. У апошняй пастаноўцы прагучаць арыі з опер “Вяселле Фігара”, “Чароўная флейта”, “Дон Жуан” і “Так робяць усе”. У больш далёкай перспектыве магчымыя паказы аднаактовых опер. Будзем спадзявацца, што для ўдзелу ў іх будуць запрошаны і ўдзельнікі канцэрта-спектакля “У душы маёй…”. У добры шлях, “Галерэя”!

Запрашае “Галерэя”!// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 9 лістапада. — № 45. — С. 20.