Мая сустрэча з Алегам Табаковым

Збіранне кніг – бадай, прафесійнае “захворванне” ў нашай сям’і. Багатыя бібліятэкі дзядулі і бацькі пазбавілі ад неабходнасці шукаць у кнігарнях літаратурную класіку або збіраць энцыклапедычныя даведнікі. Зрэшты, гэта стала толькі стымулам для пошуку выданняў у іншых накірунках і галінах, з чым звязана некалькі цікавых гісторый.


Алег Табакоў

Н2О ці Гарбачоў?
Адзін з першых крокаў па збіранню ўласнай бібліятэкі цудоўна памятаю і зараз. Восеньскім днём 2000 года, у самым пачатку 8 класа, ледзь дачакаўся перапынку з першага ўрока хіміі і адразу пабег у кнігарню “Веды” (недалёка ад яе, на вуліцы Кірава, размяшчаўся Гуманітарны ліцэй, дзе я тады вучыўся). Менавіта там на кніжнай паліцы стаяла кніга, вакол якой хадзіў ужо тыдзень: успаміны пра Мікіту Хрушчова яго сына, якія так і называліся – “Хрушчоў”. Каб патлумачыць такую цікавасць, удакладню, што паралельна з захапленнем айчыннай мінуўшчынай з ахвотай вывучаў гісторыю пэўнай краіны. Спярша эпоху Французскай рэвалюцыі і Напалеонаўскіх войнаў, потым ІІІ Рэйха (пра апошні ніжэй).

Але незадоўга да восеньскіх падзей, пра якіх ідзе гаворка, я адшукаў у хатняй бібліятэцы даследаванне “Хрушчоў. Палітычная біяграфія”, напісанае Роем Мядзведзевым. З цягам часу бачна, што шэраг праблем аналізуецца навукоўцамі па-іншаму. Але тады яна стала сапраўдным адкрыццём савецкай гісторыі. З успамінаў сына Хрушчова спадзяваўся даведацца новыя звесткі. Але на той жа самай паліцы стаяла іншае выданне: “Гарбачоў”, напісанае Андрэем Грачовым, прэс-сакратаром першага і апошняга прэзідэнта СССР. Палова перапынку прастаяў вагаючыся, але ў рэшце рэшт зрабіў выбар на карысць ініцыятара перабудовы.


Мая любімая гістарычная кніга

Варта дадаць, што наш хімік быў вельмі добрым, але мяккім чалавекам, які зусім не кантраляваў дысцыпліну ў групе. Таму вярнуўшыся ў ліцэй, раскрыў выданне і паглыбіўся ў чытанне. Вынік быў відавочны: у падзеях перабудовы дагэтуль разіраюся цудоўна. А вось усе звесткі па курсу хіміі засталіся на ўзроўні Н2О – гэта вада. Гэту інфармацыю нам паведамілі на першым занятку: яшчэ да паходу ў кнігарню.

Табакоў не любіў Шэленберга
Яшчэ да ліцэя ў маёй біяграфіі быў непрацяглы, але дастакова цікавы перыяд: захапленне гісторыяй ІІІ Рэйха. Штуршком стаў серыял “17 імгненняў вясны”, які незадоўга да гэтага прайшоў па тэлебачанню. Зараз, з вышыні часу, паглядзеўшы стужкі Таркоўскага, Звягінцава і іншых творцаў, інтарэс да працы Таццяны Ліознавай не выклікае нічога іншага, акрамя добрай іроніі. Але тады серыял падштурхнуў да знаёмства з даследаваннямі пра Бормана і Герынга, Гімлера і Гебельса: было цікава, наколькі інфармацыя ў кнізе Юліяна Сямёнава адпавядае рэчаіснасці.

І вось у Мінск на гастролі прыехала знакамітая “Табакерка”, якая прывезла адну з п’ес Горкага. Пасля спектакля, які праходзіў у Палацы афіцэраў, накіраваліся са знаёмымі за кулісы. З сабой я прыхапіў кнігу творчых партрэтаў тэатра, біяграфію самога Табакова… і кнігу Юліна Сямёнава “17 імгненняў вясны”.


Алег Табакоў у ролі Шэленберга
Фота з сайта www.i188.photobucket.com

Хуткім крокам міма праходзілі акцёры. Затрымаўся Сяргей Бязрукаў, чый аўтограф застаўся на першым выданні. Апошнім, як кіраўнік і галоўная зорка, выйшаў Алег Паўлавіч. Яго адразу абступілі. Кнігу пра сябе самога ён падпісаў моўчкі, а вось пры поглядзе на “17 імгненняў” яго бровы павольна папаўзлі ўверх. “Вы так цудоўна сыгралі ў фільме Шэленберга!” (кіраўніка нямецкай разведкі — Д. М.), – захоплена сказаў я. Табакоў паглядзеў на мяне на як не зусім адэкватнага чалавека (цяпер я зрабіў бы на яго месцы тое ж самае), але кнігу падпісаў. З таго часу яна так і стаіць у кніжнай шафе. Толькі, чамусьці, больш не перачытваецца.

Праз аўтографы – у вечнасць?
Мяркую, асобныя чытачы звярнулі увагу: аўтараў, што друкуюцца ў айчынных перыядычных выданнях, пачалі масава цытаваць аўтографы на кнігах, што пакінулі ім вядомыя творцы. Прычына хавалася на паверхні: было прынятае палажэнне, згодна якому аўтографы і дарчыя надпісы мусілі ўключацца ў поўны збор твораў. Пісаць уласны геніяльны твор – цяжкая і няўдзячная праца, якая не гарантуе прызнанне нашчадкаў. А вось аўтограф класіка – гарантыйны квіток у вечнасць. Праўда тут ёсць і свае хібы. Напрыклад, адзін з пісьменнікаў любіць жадаць сваім чытачам “Шчасця, кахання і незалежнасці”. Цікава, калі справа дойдзе да яго збору твораў, што зробяць навукоўцы? Напішуць пажаданне, а потым доўгі спіс усіх асобаў, каму яно адрасаванае?

Паколькі ніколі наўмысна не ганяўся за аўтографамі, адпаведных кніг у маёй уласнай бібліятэцы не так і шмат. З сучасных творцаў асабліва ганаруся аўтографамі Андрэя Федарэнкі на “Шчарбатым талеры” і “Афганскай шкатулцы”, “Гісторыі хваробы” і “Нічыіх”. З акцёраў – Табакова. Што датычыцца гісторыкаў, быў шчаслівы, калі трапіў на сустрэчу з Роем Мядзведзевым, і ён падпісаў мне кнігі пра Сталіна і Хрушчова. Асабліва шчымлівым і кранальным атрымаўся аўтограф Сяргея Грахоўскага на кнізе “Споведзь”, што датаваны 15 лістападам 2002 года. Паэт пісаў: “спавядаюся Вам на доўгую і шчаслівую памяць”. Менш чым праз месяц, 11 снежня таго ж года С. Грахоўскі памёр. Пажаданне творцы спраўдзілася: я некалькі разоў перачытваў “Споведзь” і дагэтуль узгадваю пра яе аўтара.

Ад Гарбачова да Грахоўскага// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 26 кастрычніка. — № 43. — С. 23.