Жаночыя вобразы ў творчасці Караткевіча

Аднойчы рускі пісьменнік Юрый Нагібін напісаў, што «першая публікацыя ярчэй ззяе ў памяці, чым першае каханне». Не буду сцвярждаць гэта жа. Але сваю першую паўнавартасную публікацыю запомніў на ўсё жыццё. Восенню 2004 года мой артыкул «Паляванне на Алёнку» апублікаваў часопіс «Маладосць». Дагэтуль былі невялікія матэрыялы ў дзяцячай перыёдыцы, потым шмат іншых публікацый. Але «Паляванне…» засталося самай любімай і дарагой публікацыяй. А магчыма, і самай лепшай.

Калісьці даўно, яшчэ ў часы дзяцінства, маю ўвагу прыцягнуў даволі-такі ўнушальны фаліянт «Жанчыны ў жыцці вялікіх і знакамітых людзей». У гэтай старой па часе напісання кнізе (а было гэта рэпрынтнае выданне яшчэ ХIХ стагоддзя) надзіва папулярна і займальна апавядалася пра жонак, каханак і муз знакамітых людзей ад старажытнасці і ледзь не да нашага часу.
Я думаю, што калі-небудзь такая кніга з’явіцца і ў нас. Яна будзе заснавана цалкам на беларускім матэрыяле, і ільвіную долю, у гэтым можна не сумнявацца, там зоймуць аповеды, звязаныя з беларускімі пісьменнікамі. І я магу толькі ўявіць, што на адных старонках сустрэнуцца прататыпы і багдановічаўскай Веранікі, і коласаўскай Ядвісі, і дубоўкаўскай Налі, і куляшоўскай Алесі.

І калі паглыбіцца ў гэтыя разважанні глыбей, то можна прыйсці да высновы, што ў вывучэнні гэтай тэмы можна вылучыць як бы два падыходы. Першы, “дакументальны”, будзе дакладны, правераны, заснаваны на фактах і ўспамінах, якія збольшага не будуць выклікаць ні ў кога пярэчанн. А другі будзе, магчыма, яшчэ больш цяжкім за першы, хоць большасць інфармацыі, на першы погляд, будзе ляжаць на паверхні. Гэты метад умоўна можна назваць метадам уважлівага чытання тэксту, калі ўвага звяртаецца на біяграфіі галоўных герояў, на нейкія характэрныя дэталі іх знешняга выгляду. Рызыка, канешне, тут надта вялікая: паспрабуй зразумець, што тут праўда, а што праява багатай фантазіі аўтара. Адна памылка можа скіраваць ход даследвання не ў той бок.

Але пісьменнікі не заўсёды абцяжарваюць сябе працай добра схаваць прататыпа галоўнага персанажа твору. Яны задавальняюцца лёгкай касметычнай зменай прозвішча на нешта вельмі блізкае, часам змяняюць імя ці імя па бацьку і задавальняюцца гэтым. А можа гэта робіцца наўмысна? Бо так лёгка вуснамі галоўнага героя прызнацца ў каханні абсалютна невядомай, на першы погляд, паненцы, вывесці ў якасці барацьбіта-інтэлектуала сябе, не забыць усіх сваіх знаёмых, а яшчэ і добра ўсыпаць недабразычліўцам. Хоць, насамрэч, гэта і ёсць сапраўдная літаратура.

Такім чынам, другі падыход пераўтвараецца для некаторых аматарў прыгожага пісьменства ў сапраўдную гульню, своеасаблівае разгадванне рэбусаў ці крыжаванак. А яшчэ гэта сапраўднае паляванне за прататыпам галоўнага героя ці гераіні з абавязковымі для гэтага жанра элементамі: высочваннямі, засадамі і пагонямі. З адным са сваіх першых паляванняў я хацеў бы пазнаёміць і вас.

Яно не будзе ні сентыментальным, ні тым больш дзікім. Гэта будзе самае звычайнае паляванне… на дзяўчыну, якая дзякуючы свайму каханаму назаўсёды засталася на старонках літаратуры і ў нашым уяўленні. І дапамогуць нам у гэтым вясна, што надта доўга драмала у снягах, зоркі леаніды, якія так і не вярнуліся да зямлі, і адна ідылія, пра якую сам аўтар сказаў, што яна – у духу Вато. А яшчэ сведчанні некаторых людзей, здагадкі і інтуіцыя.

Пакуль мы ідзем да кніжнай шафы, каб узяць замест паляўнічай стрэльбы адну з кніг, варта нарэшце прадставіць галоўных дзеючых асоб. Гэта гаспадар літаратурнай пушчы Уладзімір Караткевіч. Аб’ект нашага палявання – гераіня аповесці “У снягах драмае вясна” Алёнка. А літаратурны паляўнічы – гэта я сам.

Аповесць “У снягах драмае вясна”, якую трымаю ў руках, была прачытана, як мне помніцца, даволі даўно, калі распачаўся этап майго свядомага захаплення Караткевічам. І ў той дзень, калі выбіраў сабе кнігі ў добра-такі парадзелай бібліятэцы чорнага замка Іслацкага, я ведаў, кнігу якога пісьменніка бяру ў рукі. Тая кніга 1989 года выдання была прачытана літаральна на адным дыханні за адзін дзень. Памятаю і грунтоўны артыкул Адама Мальдзіса ў канцы кнігі, дзе ён аўтарытэтна давёў пра гісторыю стварэння аповесці, яго аўтабіяграфічнасць і, што самае цікавае, пра прататып галоўнага героя – ім аказаўся сам Уладзімір Караткевіч. Пра галоўную гераіню чамусьці не было сказана ні слова, і я, безумоўна, заінтрыгаваны, з некаторым шкадаваннем адклаў у бок кнігу. Магчыма, на гэтым усё і скончылася, але раптам пачалі адбывацца маленькія цуды.

Наступнай кнігай, за якую я ўзяўся ў той жа дзень, быў – па выпадковаму супадзенню – раман усё таго ж Караткевіча “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да зямлі”). І якое ж было маё здзіўленне, калі на старонках “Леанідаў” я сустрэўся з гераіняй, якая насіла такое ж імя – Алёнка! Спачатку магло падацца, што гэтае супадзенне – выпадковае. Але я, як недаверлівы чытач, праз некаторы час вырашыў уважліва параўнаць і прааналізаваць два твора. І зрабіў гэта не здарма. Але, каб увесці цябе, чытач, у курс справы, нельга не сказаць колькі слоў пра самі гэтыя творы.

Аповесць “У снягах драмае вясна” лічыцца адным з самым першых твораў Караткевіча. Чаму аповесць была напісана яшчэ ў 1957 годзе, а знайшла яе ў пісьменніцкім архіве ў Оршы сястра пісьменніка перад самай яго смерцю, патлумачыў усё той жа Адам Мальдзіс у сваім пасляслоўі да аднайменнай кнігі. Потым гэты ж фрагмент тэкста арганічна ўвайшоў у яго ўспамін-даследванне “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”. Каб не пераказваць усіх разваг даследчыка, заўважу толькі, што для таго часу аповесць было занадта смелай рэччу, якая рашуча асуджала праявы сталіншчыны ў грамадскім жыцці.
Сюжэт аповесці коратка можна акрэсліць так. Студэнт Уладзіслаў Берасневіч пакахаў дзяўчыну Алёнку. Яна адказала на яго пачуццё. Перад Уладзіславам адкрываліся перспектывы навуковай кар’еры: ён быў быў адзін з рэальных кандыдатаў на залічэнне ў аспірантуру. Але кар’ерыст Маркіч наладзіў супраць Берасневіча паказальны працэс з традыцыйнымі для таго часу абвінавачваннямі (ішоў 1952 год). Паверыўшы у падман, Алёнка адраклася ад свайго каханага, а той вымушаны быў пакінуць універсітэт і з’ехаць настаўнікам у вёску. І толькі праз некалькі гадоў Берасневіч сустракаецца з Алёнкай, яны разумеюць, што іх каханне не згасла, і дамаўляюцца сустрэцца зноў, каб, магчыма, не раставацца ўжо ніколі.
Пытанне пра аўтабіяграфічнасць твора ні ў кога не выклікае сумненняў. Месца дзеяння – Кіеўскі ўніверсітэт. Прататыпам галоўнага героя з’яўляецца сам пісьменнік. А хто ж тады быў прататыпам галоўнай гераіні? Тады падумалася, што або гэта дзяўчына – проста праява фантазіі аўтара, або сцежкі-дарожкі галоўных герояў ўсё ж разышліся пасля іх апошняй сустрэчы. Але ўсё было не так.

Першае прачытанне “Леанідаў…” здзівіла мяне яшчэ больш. Раман таксама наскрозь аўтабіяграфічы. І вось у першых раздзелах, прысвечаных жыццю ХХ стагоддзя, як першае каханне галоўнага героя Андрэя Грынкевіча выступае дзяўчына Алёнка, якая потым трагічна гіне ў аўтамабільнай катастрофе. Імя, здаецца, тое ж. Але вось і месца дзеяння іншае, і фінал узаемаадносінаў не той. Але гэтае імя… Гэтае імя і прымусіла мяне больш уважліва ўчытацца ў тэкст.

Пры параўнанні твораў “У снягах драмае вясна” і “Леаніды не вернуцца да зямлі” мне кінулася ў вочы некалькі надзвычай характэрных дэталяў, некалькі ўрыўкаў, якія настойліва паўтараюцца ў абодвух творах. Напрыклад, у абодвух творах галоўны герой ідзе з дзяўчынай у парк. Далей: “І яны, не дамаўляючыся, уцяклі ад усіх астатніх”, – гэта з аповесці; “Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк”, – гэта ў “Леанідах”.

Пойдзем далей: “Гэта была звычайная рыбалка, з якой не прывозяць рыбы, але затое прывозяць загарэлыя рукі, мазалі на далонях і добры настрой”, – “У снягах драмае вясна”. “Неяк вечарам … яны, тры хлопцы і чатыры дзяўчыны паехалі на чаўне за Дняпро, лавіць рыбу. Не да рыбы, вядома, там было. Але затое … колькі там было жартаў і смеху!” – “Леаніды…”. Акрамя таго дадам, што ў аповесці героі таксама едуць разам з кампаніяй, таксама на чаўне (праўда, у апавяданні на двух чаўнах) і таксама на Дняпро!

У абодвух творах галоўны герой расказвае казку (“Штрафую за гэта цябе, Уладзік, на якую-небудзь казку”— у адным творы; і “Андрэй, казку”— у другім), ды не абы-якую, а менавіта пра вужыную каралеву. І там, і там!
І далей эпізод з усё той жа рыбалкі. “У снягах драмае вясна” кажа нам пра наступнае: “Яны адышлі берагам … і зараз павольна плылі да затокі… . Цёмна-блакітная вада, і ў гэтай вадзе светла-блакітныя рукі Алёнкі. Яна плыве нявольным брасам. Вось ён дагнаў яе.” А цяпер “Леаніды…”: “Алёнка асцярожна зайшла ў ваду і паплыла. Плыла брасам, прыўзняўшы над паверхняй закінутую галоўку. Ён плыў поруч…”

Цябе нічога не здзіўляе, чытач? Калі першая падобнасць цытат – гэта выпадковасць, другая – супадзенне, трэцяя — тэндэнцыя, дык што тады чацвёртая, пятая, шостая? Давайце прызнаемся, што адшуканая намі таямнічая дзяўчына адначасова дзейнічае ў двух творах. На пытанне, калі ж яна ўсё-такі сустракалася з Караткевічам, можна даць адназначны адказ: у Кіеве, дзе адбываецца дзеянне “У снягах драмае вясна”. А прыцягненне яе ў “Леаніды…” – у некаторай ступені больш літаратурны прыём, які тлумачыцца, па-першае, самім сюжэтам рамана (неабходна абгрунтаваць, чаму галоўны герой да сустрэчы з маскоўскай выкладчыцай Ірынай Горавай жыў “як у сне” і нікога не кахаў), а, па-другое, на маю думку, жаданнем аўтара яшчэ раз узнавіць тыя дарагія яму і горкія моманты жыцця.

І так мы вярнулі Алёнку ў Кіеў. Яна не памерла. Яна жыве. Дык што адбылося паміж ёй і героем Караткевіча? Hаpрy еnd? Самае крыўднае, што не. Для непасрэднай ілюстрацыі вышэйсказанага нам варта звярнуцца да апавядання “Ідылія ў духу Вато”. Гэты твор быў змешчаны ў самым першым празаічным зборніку Караткевіча – “Блакіт і золата дня”. Твор не самы вядомы і, магчыма, не самы прызнаны і ўдалы. Так, у грунтоўнай кнізе Анатоля Вераб’я “Абуджаная памяць” – нарысе жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча, дзе падрабязна аналізуюцца і разглядаюцца ледзь не ўсе творы пісьменніка, апавяданню прысвечаны толькі адзін сказ: “Часам у апавяданні “Ідылія ў духу Вато” аўтар злоўжываў эрудыцыяй, што абцяжарвала сюжэт твора, уплывала на раскрыццё характараў”. І ўсё. Сам ацэньваць гэтае апавяданне я не буду. Але заўважу, што ў ім нас чакае адзін з адказаў на пастаўленае пытанне. А паколькі з сюжэтам аповесці “У снягах драмае вясна”, ты, чытач, ужо знаёмы, я прапаную паслухаць гісторыю жыцця героя апавядання ў яго размове з галоўнай гераіняй. А таксама мае каментарыі.

“— Шэсць … не, нават дзевяць гадоў мы не бачыліся, — спытала яна.
Так. З пяцьдзесят першага.”
(“Ідыля у духу Вато”).

Стоп. Толькі што прагучала вельмі важная дата. 1951 год. Адлегласць ад 1952 года – часа дзеяння аповесці “У снягах драмае вясна” – ніякая, яе амаль няма.
“— Ты развялася?
— З кім?
— З Барысам.
— Каб развесціся, трэба спачатку выйсці замуж, — сказала яна.”
(“Ідылія…).

Вось такі невялічкі дыялог. Дакладней, нават яго ўрывак. Цяпер вернемся да аповесці “У снягах драмае вясна” і прачытаем там нешта падобнае:
“— Справа ў тым, што ты недачуў … Я не замужам .. І, напэўна, ніколі не буду”.

І зноў-такі. Падобнасць сюжэту проста фантастычная. А цяпер, каб канчаткова пераканаць цябе, чытач, прапаную наступныя цытаты:

“— Я даведалася, што яны ўзвялі на цябе паклёп, што гэта яны выжылі цябе з універсітэта …”
“ – Гэта была вялізная подласць: наклеіць на цябе, такога добрага да людзей, той паршывы ярлык. Але ж ты памятаеш, які быў час? І я адхіснулася ад цябе, паверыла.” (абедзьве цытаты з “Ідыліі..”).

Што вы скажаце, панове? Здаецца, цяпер ужо ўсё зразумела. Даволі-такі сумная гісторыя падыйшла да сваёй развязкі. Але я ведаю, што ёсць людзі, якія не давяраюць суровай прозе. Што ж, для іх у мяне знойдзецца свой адказ: верш Уладзіміра Караткевіча “Юнацтва маё”. Я працытую яго з кнігі “Быў. Ёсць. Буду” цалкам, а вы зрабіце свае высновы самі:

О юнацтва маё! Як забуду цябе?
І догмы, навука, тлум …
“Piramus et Thisbe…
Piramus et Thisbe…
Piramus et Thisbe
Iuvenum…”
Як забуду?
Завея акацый мяла
Квецень на вулках крывых.
Ты была, мая Цізба, была, была,
Пажаданая больш за ўсіх.
Радасны боль, нясцерпны, як шкло
Між сэрцам маім і тваім…
І ніколі такога ні з кім не было
І не будзе ніколі ні з кім.

І развёў нас не леў і не востры кінжал,
Не вакзалаў далёкіх агні,
А гады пакут і няшчырых пахвал,
Даносаў і брыдкай хлусні.
І ведаў паклёп, як сэрца крануць,
І нас аддзяліў сцяной,
І паверыла ты, і змяніла вясну
На шаўкі, што знасіла даўно.
Але сэрца не можа забыць пра замах,
Сэрца поўнае да краёў…
Будзь праклятым, юнацтва маё, ў вяках!
Будзь праклятым, юнацтва маё!
Будзь праклятым!
Каштаны квітнелі вясной,
Хаваў нас бэзавы дым,
І былі мы з ёю – адно, адно,
І ніколі не будзем адным.
Што ж, не плачу.
Паэзіі горды прытон,
І радок, што сталлю звініць, —
Ўсё адкуў я на горне юнацтва майго,
На яго пакутным агні.
І праўды зніч, і подласці дым,
І сілу мужную жыць,
І тое, што веру ў сэрцы маім
Нават смерць не можа забіць.
І руку дагэтуль помніць рука.
Сэрца помніць шчасце баёў…
Блаславёна юнацтва маё ў вяках,
Блаславёна юнацтва маё.

Сцежкі-дарожкі галоўных герояў пасля гэтага канчаткова разыйшліся. Пра гэта ў апавяданні “Ідылія ў духу Вато” пазначана іншасказальна. Там галоўны герой кажа гераіні, што да гэтага часу кахае яе, але ён цяжка хворы і можа памерці літаральна праз год. На маю думку, праўда тут ёсць, але толькі частковая: у той час у душы Караткевіча панавала выкладчыца Вышэйшых літаратурных курсаў Ніна Молева, і калі памяць пра рэальны прататып Алёнкі захоўвалася, дык яна адносілася хутчэй да раздзела “памяць” без нейкіх там шансаў на вяртання да рэальнага жыцця.

І ўсё ж такі я думаю, што варта нарэшце перайсці да самага істотнага: асобы галоўнай гераіні. Прызнаюся, мой метад ледзь не зацягуў мяне ў непатрэбны бок. Справа ў тым, што не так даўно я знайшоў часопіс “Нёман” за 1996 год з запісам успамінаў аднакурсніцы Караткевіча па Кіеўскаму ўніверсітэту Музы Сняжко. І там знайшоў шэраг цікавых дэталяў. Напрыклад, Муза Яўгенаўна ўзгадвала пра свае студэнцкія гады:”Какое-то время я занималась музыкой. Мы с Володей приходили в парк, он садился на скамейку и ждал меня. А я шла в дом напротив на занятия. Потом опять же через парк мы возвращались в университет”. І адразу ўзгадваецца: ”Ён чакаў Алёнку, якая павінна прайсці тут па дарозе ў кансерваторыю”(“У снягах драмае вясна”).

Як мне падаецца, тут будзе вельмі да месца выказванне самой Музы Сняжко, якое было змешчана ў газеце “Голас Радзімы” (№6 за 11 лютага 1999 года) пад назвай “Подых юні ўходзячай маёй”. У гутарцы з журналісткай Галінай Шаблінскай аднакурсніца Караткевіча сказала наступнае: “У аповесці ёсць лінія лірычная. Не ведаю прататыпаў. Магу толькі здагадвацца. Але, безумоўна, гэты вобраз і ўсё вакол яго – плён перажыванняў, аналізу і абагульнення аўтара. І наш сад, і веснавая пара, і не наша кватэра, і не наша імянінніца, і знаёмы і незнаёмы асяродак. Але адназначна, як цяпер кажуць, усё апісанае ацаніць нельга”.

Пасля такой цытаты з вялікай доляй упэўненнасці можна сцвярджаць, што Алёнка – гэта вобраз збіральны. Адзін з яго мажлівых, але, заўважым, не асноўных прататыпаў – аднакурсніца Уладзіміра Караткевіча Муза Сняжко. А вось хто дапаможа нам у справе канчатковага высвятлення іншых прататыпаў, пакуль што невядома. Таму будзем спадзявацца на далейшыя пошукі.

Здаецца, варта ставіць кропку. Мы прасачылі шлях Алёнкі. Амаль высветлілі, хто яна такая, і апошні этап – гэта ўжо, спадзяюся, справа часу. І ўсё ж… Кожнаму з нас хочацца ўнесці ў нейкую справу як мага большы ўклад. Безумоўна тая, пакуль што невядомая нам дзяўчына, якая паслужыла прататыпам вобраза Алёнкі, вельмі паўплывала на творчы лёс Уладзіміра Караткевіча. Так, ён пісаў і раней. Здольнасці, якія потым перараслі ў талент, праявіліся ў яго яшчэ ў дзяцінстве. Але не сумняваюся, што менавіта тыя рамантычныя пачуцці, перажыванні, тыя ўзрушэнні, тое нешчаслівае каханне, былі аднымі з тых фактараў, якія прывялі Караткевіча ў літаратуру. Ды і пісаць свой першы сур’ёзны твор “У снягах драмае вясна” ён пачаў не толькі, каб паказаць атмасферу таго часу, але і для таго, каб вярнуцца ў той час, зноў перажыць былыя пачуцці. На першы погляд, можа падацца, што ў гісторыі літаратуры Алёнка хоць і застанецца, але не як гераіня першага плана. Бо сапраўды, “Ідылія ў духу Вато” – усяго толькі адно з апавяданняў нашага класіка. “Леаніды” – таленавіта напісаны раман, але па сваёй значнасці ён усё-такі саступае раманам “Каласы пад сярпом тваім” і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. “У снягах драмае вясна” — першы твор Караткевіча, прадвесне яго вядомасці і славы. Але толькі прадвесне. А ў літаратуры, на жаль, застаюцца толькі адзінкавыя шэдэўры.

А цяпер у сваіх разважаннях мы адыдзем крыху ўбок. Напэўна, яшчэ са школьных часоў мы ведаем, які ўплыў аказала Марыя Раеўская (будучая Валконская) на рускага пісьменніка Пушкіна. Дык вось даследчыкі не пакінулі гэты факт па-за сваёй увагай, і ў кнігах, якія былі прысвечаныя гэтай тэме, я натрапіў на вельмі цікавыя факты. Даследчык творчасці паэта проста прывёў імёны гераінь некаторых яго твораў. Дык вось: у “Бахчысарайскім фантане” – гэта Марыя, у вершы “Фантану Бахчысарайскага палаца” – таксама Марыя, у паэме “Палтава” – гэта Марыя Качубей, у няскончаным “Рамане ў лістах” – Машанька, у “Мецелі” – Марыя Гаўрылаўна Р***, у “Стрэле” – Маша Б***, у “Рамане на Каўказскіх водах” – Маша Томская, у “Капітанскай дачцэ” – Марыя Іванаўна Міронава. Ніводнае жаночае імя не сустракаецца ў творах Пушкіна часцей за гэта.
Вядома, правесці прамую аналогію з Караткевічам немагчыма. Жаночых імёнаў у яго творах безліч: Алёнка і Нонка, Ірына, Майка і Гелена, Анея і Марыя Магдаліна. Пра тое, што прататып Алёнкі аказаў на Караткевіча вялікі ўплыў, я ўжо пісаў. Але паспрабуем зайсці ў нашых разважаннях з іншага боку.

Жаночыя вобразы Караткевіча ўяўляюць пэўную таямніцу для даследчыкаў. Сярод навукоўцаў існуе меркаванне, што глыбіня раскрыцця іх характараў і псіхалогіі паводзін значна адрозніваюцца ад мужчынскіх, а калі быць дакладным, нават саступаюць у сваёй канкрэтнасці і дэталёвасці абмалёўкі характараў. Найбольш паказальны прыклад – каханая Юрася Братчыка ў творы “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Анея. Нягледзячы на агульны рамантычны абрыс, калі гераіня аказваецца ў цэнтры закаханасці, жарсцяў, Анея ўвогуле падобная на нейкі прывід, які лётае ў паветры, амаль не дакранаючыся да зямлі.

Апаненты адказваюць на гэта сваімі аргументамі. Па-першае, такое адлюстраванне галоўных гераінь дыктуецца кантэкстам твора (побач з магутнай постаццю галоўнага героя галоўная гераіня павінна знаходзіцца крыху на другім плане). А, па-другое, хто сказаў, што ў Караткевіча не атрымоўваюцца жаночыя вобразы? Узяць хоць бы Гелену Карыцкую ў “Каласах…”, Марыю Магдаліну ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, Ірыну Гораву ў “Леанідах”. Па-майстэрску выпісаным характарам гэтых жанчын (асабліва першых двух) пазайздросціла б большасць празаікаў.

Але ад сябе дадам вельмі важную дэталь. Гэта не тыя гераіні, якіх кахае галоўны герой (Ірына Горава тут хутчэй выключэнне). Ён паважае такую гераіню як моцную асобу і нават сімпатызуе ёй. Такая гераіня разумее яго лепш за іншых. Але ў выніку ён сыходзіць ад яе да незямной, але каханай і вернай жанчыны. Слова “вернай” ужыта тут не проста так. Для Караткевіча пасля сумных падзей 1952 года гэта якасць чалавечага характара мела надзвычай важнае значэнне. Дык… Дык можа быць гэтым і можна патлумачыць усю сітуацыю з жаночымі вобразамі ў творчасці Караткевіча? Ніхто не будзе спрачацца, што ў вобразах галоўных герояў пісьменнікаў – шмат ад іх запаветных думак, светлых і горкіх пачуццяў, шмат ад перажытага на яве, у рэальным жыцці. Магчыма, у нечым галоўныя героі кніг пісьменнікаў – гэта яны самі, якімі яны сябе бачаць і ўспрымаюць. І не толькі тады, калі справа ідзе пра аўтабіяграфічныя творы. Нават калі дзеянне адбываецца ў мінулым, пісьменнік можа атаясамліваць галоўнага героя і сябе.

Усё вышэйсказанае ў поўнай меры адносіцца да Караткевіча. Гэта ён шукаў дзікае паляванне, гэта ён прымаў удзел у падрыхтоўцы да паўстання 1863 года. Гэта ён вёў свой народ за хлебам на Гародню і разам з Юрасём Братчыкам апантана шукаў сваю Радзіму. Усё жыццё…

І галоўную гераіню сваіх твораў ён таксама сустракаў у рэальным жыццём. І як Пушкін доўга-доўга не мог забыць Марыю Раеўскую, так і Караткевіч не мог, думаю, забыць Алёнку. Менавіта таму гераіні Караткевіча так падобныя на яе. Параўнайце Майку з “Каласоў…”, Анею з рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і Алёнку. Не сумняюся – вы знойдзеце шмат падобных рыс. Але самае галоўнае, што яны былі вернымі і, у адрозненні ад Алёнкі, не здрадзілі ні Юрасю Братчыку, ні Алесю Загорскаму.

І тая горыч і скруха, тыя памылкі, якія былі ў рэальным жыцці, не перанесліся ў літаратуру, а разам з ёй – і ў вечнасць. І таму Алёнка засталася: “тоненькая, у прыгожай белай сукенцы”; з “пушыстымі валасамі над чыстым ілбом, міндалевіднымі сінімі вачыма, маленькім прамым носам, трошкі велікаватай ніжняй губкай, тонкай, дзіцячай яшчэ шыяй”; з “агульным выразам чагосьці дзіцячага, нясмелага і, разам з тым, хітрага”. І калі ты сустрэнеш у наш час на вуліцы яе малодшую сястру, дык паспрабуй не паўтарыць памылак сярэдзіны мінулага стагоддзя і абавязкова “ўпаляваць” яе, што не цалкам атрымалася ў мяне. Можа быць тады вясна, што драмала ў снягах, прачнецца і ўсміхнецца табе…

Дзяніс Марціновіч Паляванне на Алёнку// Маладосць. 2004. № 9. С. 148-153.

P.S. Выкладваю артыкул наумысна. Зараз, праз гады бачу ў ім некаторыя спрэчныя моманты. Але, з аднаго боку, гэта падарунак аматарам беларускай літаратуры да юбілея Караткевіча. З другога, праз пэўны час спадзяюся апублікаваць працяг.