Максім Гарэцкі і Вільгельм Кнорын: узаемаадносіны пісьменніка і палітыка

Узаемаадносіны творцаў і ўлады заўсёды выклікаюць цікавасць у аматараў як гісторыі, так і літаратуры. У свой час выкладваў на блог артыкул пра стасункі паміж Якубам Коласам і Вільгельмам Кнорыным, адным з кіраўнікоў беларускіх камуністаў у 1917 — 1920-я гады. Цяпер вырашыў прапанаваць увазе чытачоў даследаванне пра ўзаемаадносіны паміж класікам беларускай літаратуры Максімам Гарэцкім і тым жа Кнорыным.


Браты Гарэцкія.
Справа — Максім, злева — Гаўрыла (геолаг па прафесіі)

Для зручнасці прыбраў цытаты, скараціў тэкст і крыху адаптаваў яго для блога.

Максім Гарэцкі і Вільгельм Кнорын

Уводзіны
Першая сусветная вайна зрабіла значны ўплыў на светаўспрыманне Максіма Гарэцкага. Да 1914 года большасць твораў пісьменніка былі напісаны з пазіцый асветніцкага рэалізму. У творах канфлікт часцей за ўсё будаваўся на “сутыкненні юнака-рамантыка з вясковым асяроддзем, дзе пануе цемната, забабоннасць, абыякавае стаўленне працоўнага хлебароба да ўласнага лёсу”. Абставіны ваеннага жыцця ўнеслі карэктывы ў светаўспрыманне пісьменніка. Гарэцкі пачаў усведамляць, што “толькі прапагандай ведаў, заклікам да маральнага ўдасканальвання асобы немагчыма вырашыць сацыяльныя супярэчнасці, палепшыць бядотнае становішча працоўнага люду”.

Зразумела, што для фарміравання такіх перакананняў патрэбны час і цэлы комплекс абставінаў, таму вызначыць адзіны рашаючы момант ці асобу, якія найбольш паўплывалі на пісьменніка, нельга, ды і немагчыма. Можна толькі паспрабаваць разгледзець ступень уздзеяння на Максіма Гарэцкага асобных людзей, якія лёсам і палітычнымі абставінамі былі звязаныя з асобай пісьменніка. Адной з такіх асобаў з’яўляецца Вільгельм Кнорын, першы сакратар Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (далей КП(б)Б) у 1920-1922 і 1927-1928 гг., адзін з актыўных удзельнікаў усталявання савецкай улады на Беларусі і ініцыятараў абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове.


Вільгельм Кнорын

Да 1918 года Максім Гарэцкі і Вільгельм Кнорын, відаць, асабіста не сустракаліся. Паколькі падчас Першай сусветнай вайны абодва былі прызваныя ў армію, нельга выключыць іх выпадковай сустрэчы на фронце. Абодва знаходзіліся на фронце (у тым ліку, на тэрыторыі Беларусі), але верагоднасць такога факту нязначная, тым больш, што ён не знайшоў адлюстравання ў навуковай літаратуры.

Смаленскія ілюзіі
Хутчэй за ўсё іх першая сустрэча адбылася ў Смаленску, які на нейкі час пераўтварыўся ў адзін з цэнтраў беларускага палітычнага і культурнага жыцця. Рэч ў тым, што 18 лютага 1918 года пачалося наступленне нямецкіх войскаў (нагадаю, ішла Першая сусветная вайна). Апошнія хутка занялі Мінск, які быў цэнтрам Заходняй вобласці (адміністрацыйная адзінка, куды ўваходзіла частка тэрыторыі Беларусі, неакупаваная немцамі). Таму цэнтр вобласці быў перанесены ў Смаленск. У гэты горад пераехаў Вільгельм Кнорын, дзе і працаваў да снежня 1918 года. Там ён рэдагаваў газет “Звезда”, “Известия Смоленского Совета депутатов”, а таксама “Западная коммуна”. З усімі гэтымі выданнямі звязана і дзейнасць Максіма Гарэцкага. Пісьменнік трапіў на сталую працу ў Смаленск раней за Кнорына: там ён сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Знаходзячыся ў горадзе ўжо ў 1917 годзе, Гарэцкі стаў сталым супрацоўнікам “Известий”. Са жніўня 1918 года пачынаецца яго праца “загадчыкам розных аддзелаў газеты “Звезда”. Але пры гэтым ён працягвае друкавацца ў “Известиях”.

Таму знаёмства Гарэцкага і Кнорына, якое адбылося ўжо ў першай палове 1918 года, было не асобным фактам у іх біяграфія. На працягу таго года яны часта сустракаліся ў рэдакцыях смаленскіх газет. Гаўрыла Гарэцкі наступным чынам ацэньваў іх узаемаадносіны. У “Слове пра брата і настаўніка” (1963) ён пісаў пра В.Кнорына, што “з ім брат быў добра знаёмы”, у “Галоўных вузлах ў жыцці Максіма Гарэцкага” (1978) – што быў з ім “у добрых адносінах”.


Смаленск у 1912 годзе.
За пяць гадоў да рэвалюцыйных падзей.

Смаленскі перыяд адкрыў новую старонку творчасці Гарэцкага. Творы таго часу, а ў ім дамінавалі публіцыстычныя артыкулы (“Или вас нет? (Открытое письмо духовенству)”, “Будем жить!”, “Кое-что о нашем быте”, “Новая буржуазия”, “Берегите”, “Няхай жыве камуністычная Беларусь!”), істотна адрозніваліся ад папярэдняга перыяду. Як пісалі даследчыкі, “Гарэцкі-публіцыст падтрымаў многія прынцыповыя палажэнні і лозунгі бальшавіцкай партыі, у тым ліку і ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва, у нацыянальным пытанні”. Выратаванне для Беларусі пісьменнік бачыў у камунізме і яднанні з Савецкай Расіяй. Зрэшты, падобныя ілюзіі падзялялі ў той час цэлы шматлікія прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, якім імпанавалі праграмныя палажэнні бальшавіцкай партыі, нібыта накіраваныя не толькі на паляпшэнне становішча сацыяльна прыгнечаных мас, але і на вырашэнне задач нацыянальнага адраджэння.

Разам з тым “публічная падтрымка артадаксальных бальшавіцкіх лозунгаў… не стала глыбокавынашаным асабістым перакананнем М.Гарэцкага, трывала не ўвайшла ў яго светапоглядную сістэму, не набыла характару цэласнай праграмы”. У шэрагу выпадкаў Гарэцкі-пісьменнік супярэчыў Гарэцкаму-партыйнаму публіцысту, што назіраецца, напрыклад, у нарысе “Деревня”, якую можна разглядаць як подступы да аповесці “За што?”. Апошняя, як вядома, дапрацоўвалася і потым выходзіла пад назвай “Ціхія песні” і “Ціхая плынь”. Рэвалюцыйны пафас у нарысе хоць і праяўляўся, але рэальны змест твора агульную дэкларацыю не падцвярджаў. Такім чынам, унутрана Гарэцкі быў гатовы да адмаўлення ад класавых бальшавіцкіх поглядаў, што, аднак, адбылося не адразу.

Несумненна, на пазіцыю Гарэцкага ў той час аказвалі ўплыў погляды і ўчынкі кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, у тым ліку і Вільгельма Кнорына. Павага да апошняга і яго паплечнікаў ўзрасла і з той нагоды, што Кнорын прыняў актыўны удзел у першым абвяшчэнні БССР у Смаленску, якое адбылося 1 студзеня 1919 года. Кнорын стаў сакратаром КП(б)Б, потым яшчэ і кіруючым справамі Часовага ўрада. Максім Гарэцкі дужа прыхільна паставіўся да абвяшчэння дзяржаўнасці на савецкай аснове (з-за сваіх палітычных поглядаў у “смаленскі перыяд” абвяшчэнне незалежнасці БНР ў лютым 1918 года ён ўспрымаць не мог, зрэшты, рэальнай самастойнасці рэспубліка так і не атрымала). Гаўрыла Гарэцкі згадваў у сваім абразку “Абвяшчэнне БССР”, што яны з Максімам чыталі Маніфест аб абвяшчэнні рэспублікі з радасцю: “Мы радаваліся, што прычакаліся такога дня. Асабліва радаваўся Максім… Абвяшчэнне БССР – гэта ж была нібыта і яго перамога, увасабленне і яго мар і жаданняў”.

Адыход ад бальшавікоў
Між тым 2 студзеня 1919 года на 3-м пасяджэнні Цэнтральнага бюро КП(б)Б была прынятая пастанова пра тое, што “газета “Звезда” переводится в Минск”. Там жа пацвярджалася, што ў рэдакцыйную калегію ўваходзяць А.Мяснікоў і В.Кнорын. Апошні прапанаваў пераехаць на сталую працу ў газеце “Звезда” са Смаленска ў Мінск Максіму Гарэцкаму. Той згадзіўся, бо тады, паводле ягоных слоў, “мела разьвінуцца шырокая, культурная, беларуская праца” . Сам Кнорын, відаць, перабраўся ў Мінск разам з Часовым урадам, які пераехаў 5 студзеня. Магчыма, тады ж у сталіцу накіраваўся і Максім Гарэцкі.

БССР праіснавала нядоўгі час. Ужо 27 лютага 1919 года ў Вільні на аб’яднаным пасяджэнні Цэнтральнага выканаўчага камітэта (далей ЦВК) Літоўскай і Беларускай ССР было прынята рашэнне аб аб’яднанні рэспублік Літвы і Беларусі ў Літоўска-Беларускую рэспубліку (ЛітБел), у якую ўвайшлі толькі заходнія беларускія землі, паколькі Магілёўская, Віцебская і Смаленская губерніі яшчэ 16 студзеня 1919 года былі перададзены ў склад Расійскай Савецкай Рэспубліцы. Пратэст усяго бальшавіцкага кіраўніцтва, у тым ліку і Кнорына, вынікаў не меў. У сталіцу новага тэрытарыяльнага ўтварэння, а ёй стала Вільня, пераехала і газета “Звезда” разам са сваім супрацоўнікам Максімам Гарэцкім. Туды ж пераехаў і Кнорын, які заняў пасаду сакратара ЦК КП(б)ЛітБел. Але новае дзяржаўнае ўтварэнне праіснавала нядоўга. Хутка пачалося наступленне польскіх войскаў, якія 19 красавіка 1919 года занялі Вільню.


Карта ЛітБел

У літаратуразнаўстве доўга дамінавала палажэнне, што ў сувязі з хуткім прасоўваннем палякаў Максім Гарэцкі эвакуіравацца не паспеў і вымушаны быў застацца ў горадзе. Але неабходна ўсвядоміць, ці так хацеў ён эвакуіравацца? Да таго часу шматлікія ілюзіі, якімі цешыў сябе Гарэцкі, зніклі. Беларускай дзяржавы нават у форме БССР болей не існавала. Усход Беларусі, у тым ліку і родная для Гарэцкага Мсціслаўшчына, адышлі да Расіі. У кіраўніцтве новай рэспублікі добра знаёмы пісьменніку Кнорын быў ці не адзіным прадстаўніком былога БССР. А паколькі апошні быў па нацыянальнасці латышом, беларусаў у новым кіраўніцтве не было ўвогуле. Усімі справамі запраўлялі літоўцы. Таму цалкам магчыма, што пісьменнік свядома вырашыў застацца ў Вільні, з адлегласці паглядзець на далейшае развіццё падзей і вынік бальшавіцкіх сацыяльных эксперыментаў. Хоць нельга выключаць і мажлівасці таго, што эвакуацыя была сапраўды немагчымай. Але калі б такая сітуацыя здарылася з Гарэцкім “смаленскага перыяду”, ён бы выкарыстаў усе магчымасці, каб выехаць з Вільні. А ў дадзеным выпадку значных намагання зроблена не было.

На карысць прыведзенай версіі сведчыць і рашучы паварот у творчасці Гарэцкага, з’яўленне з-пад яго пяра таленавітых апавяданняў, аповесці “Дзве душы”, шэрагу публіцыстычных артыкулаў. Назва аднаго з іх – “Загадка маскоўскіх камуністаў”, датаванага 1921 годам – кажа сама за сябе. Што тычыцца аповесці, якая была надрукавана ў газеце “Беларуская думка” ў чэрвені – ліпені 1919 года, дык твор такой глыбіні не мог з’явіцца ў адначассе на падставе ўздзеяння нейкага знешняга фактару. Не, хутчэй за ўсё гэта быў вынік доўгіх і пакутлівых разважанняў Гарэцкага. Калі б пісьменнік выпадкова застаўся ў Вільні, ён заставаўся б пэўны час пад ўздзеянем сваіх ранейшых поглядаў. А так ідэі аповесці, якія з пачатку года хвалявалі яго свядомасць, паспелі “адляжацца” і ў выглядзе аповесці дайшлі да чытача.

Рашучы адыход ад сваіх ранейшых поглядаў засведчыла і трактоўка пісьменнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі як агульнанацыянальнай трагедыі. Нездарма аповесць пачынаецца і заканчваецца забойствам: спачатку пана, а потым і камуніста. Як пісалі даследчыкі, “забойствы, ахвяры, крывавая помста – усё гэта і складала, паводле аўтарскіх поглядаў, змест рэвалюцыі”. Несумненную цікавасць уяўляе і вобраз камуніста-кіраўніка Івана Карпавіча Гаршчка. Хто з добра знаёмых Гарэцкаму прадстаўнікоў беларускай партыйнай эліты быў правобразам героя аповесці, сказаць складана. Не адмаўляючы магчымасці таго, што асобныя рысы Кнорына маглі быць нададзены Гаршчку, трэба прызнаць, што выглядае гэта малаверагодным. Далейшыя кантакты Гарэцкага і Кнорына сведчылі пра тое, што стасункі паміж імі не былі разарваныя, што магло адбыцца, калі б Кнорын пазнаў сябе ў персанажы аповесці “Дзве душы”.

Як выратаваць Аляхновіча?
У 1919 годзе шляхі Максіма Гарэцкага і Вільгельма Кнорына надоўга разышліся. Калі Гарэцкі ў 1923 годзе вярнуўся ў БССР, Кнорына там ужо не было: у 1922 годзе яго перавялі на працу ў Маскву, адкуль ён праз пяць гадоў зноў вярнуўся на пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, на якой працаваў з 7 мая 1927 года да 10 кастрычніка 1928 года. У гэты перыяд і мелі месца яго апошнія кантакты з пісьменнікам.

Аднак характар іх узаемадачыненняў істотна змяніўся. Фактычна яны набылі характар аднабаковасці. Ужо не Кнорыну трэба быў Гарэцкі, вядомы беларускі пісьменнік, таленавіты публіцыст, які сваімі публікацыямі мог схіліць на бок бальшавікоў тую свядомую частку насельніцтва Беларусі, якая яшчэ не вызначыла сваю пазіцыю ў адносінах да новага рэжыму. Не, цяпер Гарэцкаму быў патрэбны Кнорын, уплывовы партыйны дзеяч, кіраўнік Беларусі, які мог дапамагчы, заступіцца за пісьменніка, свайго даўняга знаёмага і былога паплечніка, асабістай пазіцыяй паўплываць на тую ці іншую сітуацыю.

Так, восенню 1926 года ў Мінск на акадэмічную канферэнцыю адносна беларускага правапісу і алфавіту з Заходняй Беларусі прыехаў драматург Францішак Аляхновіч (у РТБД зараз ідзе яго п’еса «Шчаслівы муж»Д. М.). Атмасфера беларусізацыі, а канферэнцыя стала адной з вышэйшых яе кропак, жаданне працаваць дзеля далейшага паглыблення гэтага працэсу, рэпрэсіўная палітыка польскіх уладаў паўплывалі на тое, што Аляхновіч папрасіў савецкае грамадзянства і выказаў жаданне застацца ў БССР. Яго просьба была вырашана станоўча, але неўзабаве Аляхновіча, ужо як савецкага грамадзяніна, арыштавалі і па надуманым абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Польшчы асудзілі на 10 гадоў і адправілі на Салаўкі.


Францішак Аляхновіч

Справа Аляхновіча выклікала ў інтэлігенцыі шок. Родныя Аляхновіча і набольш значныя прадстаўнікі беларускай культуры сталі дабівацца вызвалення драматурга, яшчэ спадзяючыся, што гэта памылка, якая хутка будзе выпраўлена. 19 ліпеня 1927 года Гарэцкі накіраваў сваю Просьбу ў ЦВК БССР. Пісьменнік, несумненна, улічваў, што ранейшы першы сакратар КП(б)Б Аляксандр Крыніцкі, у час кіравання якога і быў арыштаваны Аляхновіч, пакінуў сваю пасаду, а 7 мая 1927 года першым сакратаром зноў стаў Вільгельм Кнорын. Відаць, у Гарэцкага існавала спадзяванне, што арышт вядомага драматурга быў ініцыятывай пэўных асобаў, а не праявай дзяржаўнай палітыкі. У памылковасці сваіх поглядаў Гарэцкаму хутка давялося пераканацца.

Нягледзячы на тое, што Просьба была накіравана на адрас ЦВК, па канстытуцыі вышэйшага органа ў рэспубліцы, Максім Гарэцкі ўлічваў, што падобныя лісты будуць абмяркоўвацца ў вузкім коле вышэйшага рэспубліканскага кіраўніцтва. Таму не звяртаючыся напрамую да Кнорына, ён настойліва апеліруе да іх агульнага мінулага. У прыватнасці, Гарэцкі пісаў пра Аляхновіча: “У 1919 годзе, калі легіёны Пілсудскага раптоўна напалі на Вільню, ён з рызыкай і небяспекай для сябе самога ратаваў жыццё мне, т. Пятрову, супрацоўніку “Звезды”, і т.Іофэ – сакратарцы “Звезды”, дапамагаў знайсці кватэру, ведаў, што яны жывуць і працуюць пад чужым прозвішчам на беларускіх настаўніцкіх курсах і стараўся аблегчыць ім умовы працы. Дзе цяпер тав.Іофэ – можа, ведае тав. Кнорын”.

Месцам напісання ліста пазначаны Горкі, але трэба меркаваць, што ў лісце пазначана месца сталага пражывання Гарэцкага, а не яго месцазнаходжанне ў той момант. Інакш якімі абставінамі можна патлумачыць наступны факт: 20 ліпеня (у наступны дзень) з лістом у ЦВК звярнулася і маці драматурга Марыя Эдуардаўна Аляхновіч-Кім. Відавочна, пры яго напісанні яна раілася з пісьменнікам (а можа, і ствараліся два лісты ў адзін і той жа момант, калі Гарэцкі прыехаў у Мінск), паколькі ў прашэнні Марыі Эдуардаўны, напісаным на рускай мове, змешчаны тыя ж самыя звесткі: “В заявлении, поданном на имя ЦИК одновременно с этим, гражданином Горецким, профессором сельскохозяйственной академии в Горках, лично знающим Францишка Олехновича, указано, что Фр.Олехнович во время господства в Вильне легионов Пилсудского оказывал помощь против преследования белополяков как самому Горецкому, так и сотрудникам газеты “Звезда” Петрову и Иоффе, которые, возможно, известны секретарю ЦККП(б)Б т. Кнорину”.

Неўзабаве сталічная інтэлігенцыя зрабіла сумесную спробу вызваліць Аляхновіча, бо якраз набліжалася 10-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, і з нагоды гэтага магла была быць абвешчана амністыя. Адпаведную заяву, датаваную 25 кастрычніка 1927 года, падпісалі Колас, Гарэцкі, Бядуля, Купала, Лёсік, Эпімах-Шыпіла, А.Багдановіч і іншыя дзеячы беларускай навукі і культуры. Спроба дапамагчы Аляхновічу была зроблена праз старшыню ЦВК Чарвякова, які 31 кастрычніка 1927 года паставіў гэтае пытанне на абмеркаванне бюро ЦК КП(б)Б пад наступнай фармулёўкай: “Заява групы беларускай інтэлігенцыі па амнісціраванні гр-на Аляхновіча”. Пастанова была прынята такой: “Лічыць немагчымым ставіць пытанне аб пераглядзе прыгавору па справе Аляхновіча”. Пад гэтым дакументам стаіць подпіс В.Кнорына.

Але Гарэцкі не здаўся і вырашыў уздзейнічаюць на кіруючыя колы ўскосным чынам. 10 лістапада 1927 года з Горак пісьменнік накіраваў ліст у прадстаўніцтва Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) пры Камуністычным Інтэрнацыянале (далей Камінтэрне). Гэты дакумент пад назвай “Франц Карлович Олехнович”, напісаны на рускай мове, быў невядомы амаль семдзесят гадоў і быў упершыню надрукаваны В.Скалабанам толькі ў 1996 годзе.

Што тычыцца зместа ліста, дык гэта была спроба трактаваць факты з біяграфіі Аляхновіча такім чынам, каб падкрэсліць асобныя моманты, калі ён спачуваў савецкай уладзе, і нейтралізаваць тыя, якія маглі трактавацца як контррэвалюцыйныя. Да ўзгаданага вышэй эпізода пра дапамогу супрацоўнікам газеты “Звязда” былі дададзены новыя падрабязнасці. Па-першае, высветлілася, што Пятроў і Іофэ былі мужам і жонкай. Па-другое, Гарэцкі ўзгадаў імя Іофэ: яе клікалі Юлія. А, па-трэцяе, Гарэцкі прыгадаў той факт, што перад тым, як дапамагчы ім знайсці кватэру, Аляхновіч нават пасяліў сямейную пару і самога Гарэцкага ў сябе на кватэры на Маставой вуліцы.

Якімі ж матывамі кіраваўся Гарэцкі пры напісанні новага ліста, улічваючы, што папярэднія спробы вызвалення Аляхновіча не далі плёну? Каб адказаць на гэта пытанне, трэба ўлічваць статус прадстаўніцтва КПЗБ. З аднаго боку, паколькі гэта партыя дзейнічала як тэрытарыяльна-аўтаномная арганізацыя ў складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП), прадстаўніцтва ў Мінску лічылася філіялам прадстаўніцтва КПП пры Выканкоме Камінтэрна ў Маскве. З другога боку, адной з мэтаў прадстаўніцтва было своечасовае інфармаванне ЦК КП(б)Б па заходнебеларускіх справах. Таму можна было спадзявацца, што інфармацыя пойдзе наверх па двух каналах: на стол першаму сакратару ЦК КП(б)Б, якім у той працягваў заставацца Кнорын, а таксама да вышэйшых кіраўнікоў Камуністычнага Інтэрнацыянала. Апошняя арганізацыя вяла сваю гульню ў Заходняй Беларусі. І асоба Аляхновіча магла спатрэбіцца Камінтэрну для сваіх мэтаў. Забягаючы наперад, зазначым, што потым так і адбылося: вызваленне драматурга ў 1933 годзе было скарыстана савецкімі і, магчыма, польскімі спецслужбамі для расколу беларускага дэмакратычнага асяродку ў Заходняй Беларусі. Была пушчана чутка, што Аляхновіч з’яўляецца польскім шпіёнам. Магчыма, у гэтым прыняў удзел і Кнорын, які адказваў у Камінтэрне за нямецкі і польскі напрамкі.

Таму ў 1927 годзе Гарэцкі мог спадзявацца, што кіраўніцтва Камінтэрна «націсне» на беларускае кіраўніцтва, якое вымушана будзе вызваліць Аляхновіча. Фактычна Максім Гарэцкі прадбачыў падзеі, якія адбыліся праз пяць гадоў, калі ён сам адбываў тэрмін ссылкі ў Вятцы. Тады ж ніякай рэакцыі на ліст не было.

Дзеля аб’ектыўнасці, Гарэцкі спрабаваў выкарыстоўваць уплыў Кнорына і па іншых пытаннях. Так, выступаючы ў канцы кастрычніка 1929 года на “чыстцы” Зміцера Жылуновіча, Гарэцкі патлумачыў прысутным, што адносіны паміж імі былі далёка не простымі, і прыгадаў факт, што “я два разы скардзіўся на тав. Жылуновіча ў ЦК; адзін раз да т.Кнорына”. Калі гэта было, Гарэцкі не ўдакладняе, але відавочна, што ў той час В.Кнорын з’яўляўся першым сакратаром ЦК КП(б)Б. Але гэта не перашкодзіла Гарэцкаму абараняць Жылуновіча ад надуманых абвінавачванняў, у выніку якіх першы кіраўнік часовага рабочага-сялянскага ўрада БССР быў выключаны з партыі (хоць неўзабаве і быў адноўлены).

Эпілог
Пасля 1927 года Максім Гарэцкі і Вільгельм Кнорын, відаць, не сустракаліся. Іх лёс склаўся па-рознаму. Гарэцкі у 1930 годзе быў арыштаваны, зведаў ссылку і паўторны арышт. Кар’ера Кнорына пайшла ўверх, ён перабраўся у Маскву, быў адным з кіраўніком Камінтэрна, пісаў падручнікі па гісторыі партыі. Лёс абодвух абарваўся ў 1938 годзе: Гарэцкі быў расстраляны 10 лютага, Кнорын – 29 ліпеня таго ж году. У сярэдзіне 1950-х партыйнага кіраўніка і пісьменніка рэабілітавалі: Кнорына – 30 лістапада 1955 года, Гарэцкага – 15 лістапада 1957 года.

Вільгельм Кнорын, несумненна, аказаў пэўнае ўздзеянне на асобу і творчасць Максіма Гарэцкага. Можна спрачацца пра ролю гэтага ўдзеяння. Вельмі дарэчы тут будзе прыгадаць цытату з “Фаўста” Гётэ. На пытанне галоўнага героя “Так хто ж ты, нарэшце?” Мефістофель адказвае: “Я частка той сілы, якая вечна жадае зла і вечна здзяйсняе дабро”.

Пераасэнсоваючы гэтую цытату з улікам рэаліяў ХХ стагоддзя, варта зазначыць наступнае. З аднаго боку, большасць тагачасных бальшавікоў, у тым ліку, і Кнорын, дзейнічалі насуперак вядомаму выказванню: шчыра жадалі дабра, але на практыцы часцяком здзяйснялі зло. З другога боку, дзякуючы “смаленскаму перыяду” творчасць Гарэцкага выйшла на новы віток свайго развіцця. Трапіўшы ў ідэалагічны палон, пісьменнік выйшаў з яго з новымі сіламі і адначасовым усведамленнем, што гэта быў менавіта палон, ілюзія, а не абяцаны рай на зямлі. У “віленскі перыяд” сваёй творчасці Максім Гарэцкі ў пэўнай ступені вярнуўся да сваіх ранейшых, даваенных асветніцкіх пазіцый, але адбылося гэта праз асэнсаванне свайго мінулага, сваіх каранёў. Пісьменнік абагульніў папярэднія здабыткі ў “Гісторыі беларускай літаратуры” і, адначасова, сваімі новымі творамі адкрыў яе новыя старонкі.

Зацягваючы Максіма Гарэцкага ў бальшавіцкі вір, Вільгельм Кнорын фактычна рабіў нядобрую справу, але на практыцы паспрыяў яго творчасці. Мажліва ў гэтым і заключаецца яго роля ў жыцці Максіма Гарэцкага.

Поўная версія: Максім Гарэцкі і Вільгельм Кнорын// Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць. Матэрыялы ХVІ Гарэцкіх чытанняў (да 115-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага). Мінск, 15 лютага 2008 г. Мн., 2008. – С. 101-109.