Ад мужчынскага стрыптызу — да парадыйнага дэтэктыва

Год таму літаратурны крытык Маргарыта Аляшкевіч прызналася на «круглым стале» у газеце «Звязда»: «У мяне разам з літаратаркай Алёнай Беланожкай, якая дэбютавала ў «Маладосці», быў запланаваны цыкл выступаў па начных клубах, ледзьве не са стрыптызам, прычым мужчынскім.


Алёна Беланожка.
Фота з сайта www.gorad.by

Не літаратарам прапаноўвалася распранацца, але думалі спалучыць літаратуру і эпатаж: трэба ісці насустрач маладосці. Аказалася, што зняць слуп — дорага, наняць стрыптызёраў — дорага. А да ўсяго выпусціць каляровую кніжку на добрай паперы — дорага. І Алёна Беланожка са сваёй кніжкай пад назвай «Эротыка» чакае…». Прапаную вашай увазе рэцэнзію на аповесць А. Беланожкі “Чамадан з кракадзілавай скуры”.

Дзе схавалі чамадан?
Сярод твораў вераснёўскага нумара “Маладосці” маю ўвагу звярнула аповесць Алёны Беланожкі “Чамадан з кракадзілавай скуры”, што пачала друкавацца з ліпеньскага выпуска часопіса (заканчэнне можна знайсці ў кастрычніцкім нумары; поўная версія ўжо зараз даступна на сайце выдання). Згодна сюжэту, прадусар Аліна шукае сябе мужа, які адпавядаў яе становішчу ў шоу-бізнесе. Яе выбар – прыгажун Дзіма, да якога яна прыязджае ў горад Дружны ля Мінска. Але па дарозе ў сталіцу іх выкрадаюць невядомыя. Яны патрабуюць у Аліны вярнуць пяць мільёнаў еўра, іначай дзяўчыну чакае смерць…

У інтэрв’ю газеце “Звязда” пісьменніца ахарактарызавала ўласны твор як “вясёлую аповесць, адрасаваную моладзевай аўдыторыі”. Згодна аўтару, яе героі “не рэфлексуюць над улюбёнымі пытаннямі беларускіх аўтараў: “Куды мы ідзём?” і “Што мы будзем рабіць, калі ўсё-ткі дабяромся?”. Яны ведаюць: чым больш рэфлексіі, тым менш рэальных учынкаў”. Што датычыцца аўдыторыі, цалкам згаджуся з пісьменніцай. На старонках іншага, больш “дарослага” выдання “Чамадан” мог бы выглядаць занадта сцёбным і разлічаным на непатрабавальную публіку. У “Маладосці” ён глядзіцца абсалютна на месцы і рэальна можа прывабіць да часопіса новых чытачоў, бо аповесць чытаецца на адным дыханні.

Наогул, жадала таго аўтар ці не ці, але ў шэрагу сітуацый у яе атрымаўся без перабольшвання класны парадыйны дэтэктыў. А як жа іначай інтэрпрэтаваць шэраг сітуацый у творы? Паролем да кам’ютара з сакрэтнай інфармацыяй з’яўляецца адзінка, таемныя дзверы адчыняюцца дзякуючы перамозе ў картачнай гульні на камп’ютары, а ледзь не ўсе замкі – шпількай Аліны. Допыт Тані адбываецца праз казытанне гусіным пяром з аргументацыяй “мадам у нас раўнівая – значыцца баіцца казытання. Прыкмета такая народная”. Галоўны злодзей, як у фільмах пра Джэймса Бонда, выношвае задуму знішчыць частку чалавецтва і паменшыць колькасць кітайцаў і індусаў да мільёна. Праграміст Косця як герой таннага баявіка ў рашаючы момант крычыць пра нянавісць да ўсяго чалавецтва.

На маю думку, у аповесці прысутнічаюць і некаторыя спрэчныя моманты. Напрыклад, Аліна, Дзіма і Таня, нявеста апошняга, выходзяць на свабоду праз люк. Сачыць за апошнім павінны двое мужчын. У адпаведнасцю з гумарыстычным падыходам яны паказаны камічна (“адзін, падобны да зайца, і другі — падобны на прапаршчыка”). У пэўны момант яны стамляюцца кантраляваць выхад, адпраўляюцца на вандроўку па гушчары і толькі праз пэўны час вяртаюцца да аб’екта, што ахоўваюць. Калі выкарыстоўваць сур’ёзны падыход, атрымліваецца нестыкоўка: прафесіяналы так не робяць. Калі гумарыстычны – што камічнага ў іх паходзе?

У іншай сітуацыі Аліна разам з сябрамі вяртаецца ў хаціну, дзе была раней зняволена. Па дарозе яна засынае на плячы ў сябра Мікіты. Ды так моцна, што не чуе, як “па дарозе да бункера завязалася перастрэлка і хлопцы нечакана для сябе пусцілі ў кювет тры джыпы, пад завязку ўзброенымі да зубоў мужчынамі”. Зноў-такі, аўтарская пазіцыя не зусім зразумелая. Прымаць напавер такую інфармацыю праблематычна: Аліна ўсё ж такі не савецкая калгасніца, што працуе за працадні і спіць без задніх ног. Але гумар, калі ён тут маецца, не вельмі дарэчы. У папярэднім абзацы інтанацыі абсалютна сур’ёзныя – атрымліваецца дысбаланс, які, дарэчы, крыху адчуваецца і ў некалькіх іншых сітуацыях.

У адным з эпізодаў Дзіма запытваецца ў Аліны: “Чаму ты ніколі не даеш людзям права выбару? Усе мусяць рабіць тое, што ты ад іх хочаш!”. Пэўная праблема ў тым, што такога выбару не пакідае чытачам і аўтар. “Чамадан” атрымаўся дастаткова эгацэнтрычным творам, дзе ўсе падзеі адбываюцца вакол галоўнай гераіні. Так, вобраз Аліны атрымаўся надзвычай жывым і кантрасным. Але амаль усе астатнія героі выступаюць у якасці яе масоўкі, а іх вобразы прапісаны літаральна некалькімі штрыхамі.

А ўвогуле ўражанне ад аповесці аказалася прыемным. “Чамадан з кракадзілавай скуры” адметны тым, што мэты, якія ставіла перад сабой пісьменніца перад напісаннем, амаль цалкам супалі з канчатковым вынікам.

Дзе схавалі чамадан?// Літаратура і мастацтва. 2012. 26 кастрычніка