Чаму маўчыць салодкагалосая птушка?

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага адбылася новая прэм’ера – “Салодкагалосая птушка… з Чалавечым голасам” Тэнесі Уільямса і Жана Както.


У якасці рэжысёра новага спектакля быў запрошаны Аляксандр Карпаў-малодшы – асоба для Рускага тэатра не чужая. Ужо не адно дзесяцігоддзе ён актыўна працуе ў беларускім кінематографе, але ў ранейшыя сезоны ажыццявіў у НАДТ некалькі цікавых пастановак. Тэатралы майго пакалення, магчыма, знаёмыя з яго спектаклем “На залатым возеры”, які прысутнічаў у рэпертуары да апошняга часу. Вобразы Нормана і Этэль Тэер сталі для зорак тэатра Р. Янкоўскага і Б.Масумян аднымі з лепшых у сталым этапе іх творчасці.

Гэта давала спадзяванне, што А.Карпаў паўторыць колішні поспех. Ды толькі існавала адно “але”: спектакль быў “дацкім” – прымеркаваным да 25-годдзя творчай дзейнасці заслужанай артысткі Беларусі Ганны Маланкінай. Не будзе перабольшваннем сказаць, што з Рускім тэатрам звязаны лёс яе сям’і. Бацька актрысы, Уладзімір Маланкін, рэалізаваў сябе і як рэжысёр (працаваў у калектыве ў 1960-1970-я гады), і як педагог (у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце яго вучнямі былі Барыс Луцэнка і Валерый Раеўскі). Сама Ганна Маланкіна працуе ў тэатры з 1987 года і з таго часу ўвасобіла на сцэне больш за тры дзесяткі роляў.

Як вядома, адзінкі з айчынных выканаўцаў маюць уласны рэпертуар, якога яны заслугоўваюць. У выніку, калі надыходзіць круглая дата, становіцца відавочна – юбіляру няма чаго іграць! Г.Маланкіна тут не выключэнне: калі не лічыць галоўнай ролі ў “Ніначцы”, у яе рэпертуары налічваецца ўсяго пяць гераінь далёка не першага плану, які даюць вельмі прыблізнае ўяўленне пра сапраўдны патэнцыял артысткі.

Думаю, менавіта гэта акалічнасць абумовіла як выбар драматургічнай асновы для спектакля, так і працу над яго тэкстам. А.Карпаў выкарыстаў у пастаноўцы матэрыял двух п’ес. Пагаворым пра першую з іх. “Салодкагалосая птушка юнацтва” належыць амерыканцу Тэнесі Уільямсу. Згодна яе сюжэту, у горад Сэнт-Клаўнд прыязджае дзіўная пара: кінаактрыса Аляксандра дэль Лага, якая хаваецца пад імем прынцэса Касманаполіс (Г. Маланкіна), і мясцовы ўраджэнец Чанс Уэйн (Андрэй Крывецкі). Поспехі Прынцэсы засталіся ў мінулым, а вось Чанс толькі марыць пра сур’ёзную кінакар’еру. Прынцыпова, што апошні марыць дасягнуць поспеху дзеля каханай Хэвенлі Фінлі. Калісьці іх звязвалі моцныя пачуцці, але потым яе сваякі (у прыватнасці, бацька Бос Фінлі) паставілі крыж на адносінах. Адна з прычын – тое, што Чанс не змог рэалізаваць сябе…

Рэжысёр адмовіўся ад іншых сюжэтных ліній п’есы і пакінуў у цэнтры спектакля толькі ўзаемаадносіны Прынцэсы і Чанса, што істотна адбілася на іх вобразах. У п’есе героі маюць дастаткова ўмовы для самараскрыцця. У спектакле дыспазіцыя змянілася. Г.Маланкіна атрымлівае максімальную магчымасць рэалізавацца напоўніцу, чым скарысталася цалкам. Яе гераіня – сапраўдна кіназорка, чый характар літаральна пабудаваны на кантрастах. Яркая і самаўпэўненая, яна ў той жа час безабаронная перад рэакцыяй публікі і адначасова гатовая на ўсё, каб заслужыць яе прыхільнасць. Уражанне, што роллю Прынцэсы Г.Маланкіна імкнецца кампенсаваць усе несыграныя ролі.

А вось сітуацыя з Чансам крыху іншая. Удакладню, дзеянне “Салодкагалосай птушкі” адбываецца ў гасцінічным нумары, дзе спыніліся героі. Сцэнаграфія Веніяміна Маршака надзвычай традыцыйная: на заднім плане – сцяна пакоя, дзверы; шкло, за якім, відаць, хаваецца душавы пакой; шафа з вопраткай, шырмы, у цэнтры – ложак. Перад гледачамі замкнёная прастора, а роўная цагляная кладка наогул выклікае пачуццё нуды.

Поспехі Прынцэсы – у мінулым, яна можа вярнуць іх толькі сілай свайго ўяўлення, таму для яе інтэр’еры непрынцыповыя. Іншая справа Чанс. Так, ён тыповы прыклад няўдачніка. Але ў п’есе ён прадпрымае настойлівыя намаганні вярнуць Хэвенлі, і дзеля гэтага паўстае супраць патрыярхальнага ўклада правінцыяльнага гарадка. У творы Т. Уільямса ён праіграе, але, па вялікім рахунку, і не можа выйграць. Такая акалічнасць надае вобразу Чанса пэўны трагізм. У спектакле герой фактычна пазбаўлены ўзаемаадносін з мясцовымі жыхарамі. Таму герой А. Крывецкага падобны на міфічнага Антэя, адарванага ад зямлі і пазбаўленага сілы, і часам нагадвае спарынг-партнёра Прынцэсы, які мусіць прадэманстраваць яе перавагі сваёй пасрэднасцю. Менавіта таму, на жаль, не выпадае казаць пра паўнавартасны акцёрскі дуэт.

Іншая справа, у якой ступені адрозніваюцца паміж сабой героі? На працягу дзеяння п’есы і спектакля Прынцэса неаднаразова вяртаецца да свайго апошняга фільма. Гераіня тлумачыць, што, пачуўшы смех публікі, яна збегла на пачатку стужкі і дагэтуль не ведае пра яе рэакцыю. Зрэшты, гледачы атрымліваюць магчымасць скласці ўласнае меркаванне як пра мастацкі ўзровень фільма, так і асобу актрысы Аляксандры дэль Лага.

А.Карпаў выкарыстоўвае ў якасці сцэнарыя для кінастужкі… тэкст другой п’есы, заяўленай на афішы: “Чалавечы голас” француза Жан Както. Невялікая па памеру, усяго 13 кніжных старонак, яна ўяўляе сабой маналог па тэлефоне жанчыны, якая апошні раз размаўляе са сваім каханым. Па баках сцэны з’яўляецца здымачная група, гучыць каманда “Матор!”. – і Аляксандра дэль Лага іграе перад камерай прапанаваны тэкст.

Уключэнне п’есы “Чалавечы голас” у твор Т.Уільямса наўрад ці можна лічыць выпадковым. Хутчэй наадварот, яна мусіць расставіць у спектаклі ўсе акцэнты. Але ў рэжысёрскай канцэпцыі пастаноўкі ёсць, на маю думку, пэўныя хібы. Аляксандру турбуе пытанне: які ўзровень меў той фільм, дзе яна выконвала галоўную ролю? Адказ на пытанне дае кінафрагмент, падзелены на тры часткі. Першая (маналог гераіні) прамаўляецца на камеру, другая ўяўляе сабой яе сон, трэцюю частку (зноў маналог) гераіня рэпеціруе сама з сабой. Апошні маналог, які прамаўляе гераіня Г.Маланкінай, аказваецца наскрозь фальшывым, у чым яна адразу сама і прызнаецца. Магчыма, перад намі рэпетыцыйны працэс і пошукі дакладнай інтанацыі? Бо новы варыянт гучыць зусім інакш.

Асаблівае ўнутранае пярэчанне выклікае сцэна сну гераіні, у якой дзейнічае нейкі клоўн, які чамусьці размахвае сякерай і займаецца літаральнай расчлянёнкай актрысы. Інакш як цыркам-шапіто гэта не назавеш! Але падкрэслю, што ўсе згаданыя падзеі здымаюцца на камеру. Дык няўжо такі фільм мог сабраць неверагодныя лічбы пракату? Наадварот, ён мог прывесці да правалу і хутчэй сведчыць пра слабы ўзровень выканальніцы, лепшыя гады якой засталіся ў мінулым.

Можа, быць такой і была рэжысёрская задума: паказаць біяграфію двух пасрэднасцяў, якія не выклікаюць спачування? У такім выпадку назву, акрамя банальнага спалучэння двух п’ес, можна патлумачыць наступным чынам: салодкагалосая птушка засталася ў маладосці герояў, калі яе голас гучаў напоўніцу, а цяпер яна маўчыць. Але арыгінальны драматургічны матэрыял быў куды больш цікавы! Тэкст Т.Уільямса прымушаў шкадаваць Чанса, яго свядомая адмова з’ехаць з Прынцэсай, што не магла не прывесці да трагедыі і забойства героя, выглядала як пазіцыя. У спектакле Чанс, які толькі і ўмее, што танцаваць пад магнітафон, адціскацца ад падлогі, а таксама эфектна расхінаць халат (як яго выканаўцу, А. Крывецкага, навучылі ў адной з папярэдніх прэм’ер тэатра, “Інтымнай камедыі”), выклікае толькі пагарду. Нездарма ў “Салодкагалосай птушцы…” яго нават не прыходзяць забіваць: каму ён наогул патрэбен?

Але такое тлумачэнне чамусьці ніяк не стасуецца з фіналам: Аляксандра дэль Лага выходзіць да публікі пры святле сафітаў (як высвятляецца, фільм меў рэкордныя зборы). Але такая версія не можа выклікаць нічога, акрамя здзіўлення. Даказваць адваротнае (поспех стужкі) – значыць, шчыра лічыць, што ў Галівуда “паехаў дах”, чаго мы пакуль не назіраем. Можа, спектакль быў пародыяй на амерыканскую кінаіндустрыю? Ці быў створаны спецыяльна для апошняга фрагмента, калі на вялікім экране над сцэнай узнікаюць фотаздымкі Ганны Маланкінай і ўрыўкі са спектакляў з яе ўдзелам?

Калі падсумаваць усё сказанае, мастацкі вынік “Салодкагалосай птушкі” аказаўся дастаткова спрэчным, а рэалізацыя задумы рэжысёра – далёкай ад ідэалу. На маю думку, Г. Маланкіна заслугоўвае для свайго беніфісу пастаноўкі больш высокага ўзроўню. Пэўная станоўчая роля “Соладкагалосай птушкі” бачыцца ў тым, што Рускі тэатр адмовіўся ад уласнага прынцыпу і запрасіў для пастаноўкі асобу звонку. На маю думку, будучыня НДАТ імя М. Горкага – ў гарманічным спалучэнні спектакляў як штатных, так і няштатных рэжысёраў. Мяркую, павінна атрымацца!

Чаму маўчыць салодкагалосая птушка?// Настаўніцкая газета. — 2012. — 17 лістапада. — № 140. — С. 22.
Фота з сайта тэатра www.rustheatre.by