Як дажыць да прэм’еры?!

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбыўся першы паказ спектакля “Дажыць да прэм’еры” паводле аднайменнай п’есы Мікалая Рудкоўскага.


Фота Аляксандра Дзмітрыева
з сайта www.kimpress.by

Новая пастаноўка без перабольшвання выклікала цікавасць і нават ажыятаж. Калі звычайная публіка не магла не зацікавіцца жанрам спектакля (камедыя), дык у тэатралаў са стажам меліся свае прычыны. Сёлета ў калектыве ў трэці раз за яго гісторыю змянілася кіраўніцтва. Ранейшая пасада Валерыя Анісенкі, які цяпер узначальвае Нацыяльны акадэмічны тэатр імя Коласа ў Віцебску, была падзелена. Дырэктарскае крэсла заняў прэм’ер РТБД Ігар Сігоў. Мастацкім кіраўніком быў прызначаны рэжысёр Купалаўскага тэатра Аляксандр Гарцуеў (дарэчы, яго першы спектакль, “Чорны квадрат”, быў пастаўлены менавіта ў РТДБ, які тады называўся “Вольная сцэна”). У беларускім тэатральным асяродку, дастаткова кансерватыўным па сваёй сутнасці, такія змены адбываюцца нячаста. Менавіта таму першыя пастаноўкі новай каманды прыцягваюць надзвычайную ўвагу. Бадай, у душы кожнага тэатрала жыве спадзяванне, што новая каманда здолее вывесці айчынныя калектывы з крызісу ці размеранага існавання. Казаць пра тэатральную рэвалюцыю на падставе адной прэм’еры – няўдзячная і рызыкоўная справа. Аднак на маю думку, “Дажыць да прэм’еры” сведчыць, што РТБД можа выйсці на новы ўзровень.

У аснове любога паспяховага і глыбокага спектакля амаль заўсёды якасная п’еса, празаічны ці вершаваны тэкст. Выключэнні толькі падцвярджаюць правілы. На працягу свайго існавання РТБД заўсёды (у адпаведнасці з назвай) рабіў стаўку на айчынную драматургію, што не можа не выклікаць павагу. Але праблема ў тым, што далёка не ўсе яе прадстаўнікі адпавядаюць узроўню прафесійных сталічных калектываў. А вось аўтарам “Дажыць да прэм’еры” з’яўляецца Мікалай Рудкоўскі, адзін з лепшых айчынных драматургаў. У свой час менавіта РТБД (праз спектакль “Жанчыны Бергмана”) адкрыў яго для шырокай публікі.

Згодна з сюжэтам, у адным з тэатраў збіраюцца ставіць п’есу пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Спрабуючы ўвасобіць вобраз, актрыса Вера (Вераніка Буслаева) імкнецца зразумець логіку паводзінаў сваёй гераіні. Дзеля гэтага яна разам з сяброўкай і калегай па працы Кацяй (Вольга Скварцова-Кавальская) адмаўляецца ад салярыя і цырульніка, нават пад катаваннямі адмаўляецца казаць, дзе схаваныя яўрэйскія дзеці. Вера выцягвае на сябе з-пад агня “параненага”, мяняе стыльную вопратку мужа Лёшы (Аляксандр Марчанка), і сучасныя плацінавыя запінкі ад “Армані” на хлеб. Апошні яна і прапануе на вячэру 120 грам — Лёшу (працоўная норма), 75 грам — ёй самой (звычайная норма).

У пэўны момант можа падацца, што рэжысёр Павел Харланчук прапанаваў гледачам суперкасавы камедыйны фарс (смех у зале гучыць бесперапынна – як на спектаклях паводле п’ес Рэя Куні ці Марка Камалеці). Праз фарс гратэскна паказана як стэрэатыпнае ўспрыманне вайны (напрыклад, сцэна допыту, у якой дзейнічае жахлівы кат-немец і мужныя партызанкі), так і сямейныя супярэчнасці. Вобразы Лёшы і Веры ўвасабляюць сабой палярнае ўспрыманне жыцця і мастацтва. Ён існуе ў матэрыяльнай прасторы і шчыра не разумее, чаму дзеля бліжэйшай прэм’еры мусіць адмовіцца ад смачнай вячэры. Яна жыве ў духоўным свеце, у якім побыт знаходзіцца на другім плане. У адным характары дамінуюць прагматызм і меркантылізм, у іншым – рамантыка і непрактычнасць. Ідэальная пляцоўка для гумару!

Зрэшты, патэнцыял п’есы “Дажыць да прэм’еры” куды больш значны. Наступныя ўзроўні прачытання пакрысе раскрываюцца падчас спектакля. Сцэнаграфія Андрэя Меранкова абвяргае першапачатковае ўспрыманне пастаноўкі як простай і зразумелай. Яе сцэнічны мінімалізм – тры шэрагі салдацкіх шынялёў – выклікае безліч асацыяцый. Перш за ўсё, гэта падказка, што героі знаходзяцца ў прасторы вайны. На шынялях няма ўзнагарод, ніводны з іх не вылучаецца сярод іншых. Шынялі безыменныя, мы не ведаем іх уладальнікаў. Яны прадаюцца ў краме: адпаведна, тыя маральныя каштоўнасці, якія абаранялі байцы, выстаўленыя ў сучасным свеце на продаж. Нарэшце, шынялі можна ўспрымаць як сімвал Беларусі, што як сярод нашых суайчыннікаў, так і замежнікаў асацыіруецца з партызанамі і партызанскай барацьбой.

На маю думку, ключавой у пастаноўцы становіцца фраза Веры аб тым, што пра вайну ёй “неабходна зразумець ужо нават не як актрысе”, а “як чалавеку, сучаснаму чалавеку, жанчыне, грамадзянцы, на чыёй радзіме была вайна”. Спярша яе ўчынкі камусьці могуць успрымацца як капрызы ці выбрыкі. Але стваральнікі спектакля паступова падводзяць нас да думкі: паводзіны Веры тлумачацца як яе імкненнем пераасэнсаваць ўласнае жыццё і задумацца пра яго сэнс, так і пратэстам супраць уласнага асяроддзя, што жыве па законах матэрыяльнага свету. Адпаведна, змяняецца логіка і матывіроўка ва ўчынках герояў.

Першапачаткова Вера і Лёша знаходзяцца на розных палюсах. Прычым і Каця, і Інструктар (Максім Брагінец), і Жанчына (Бэла Шпінер) або выразна не выяўляюць сваю пазіцыю, або знаходзяцца на баку мужа. Адпаведна, адным з лейтматываў спектакля становіцца своеасаблівае “перацягванне” каната, праз якое Вера імкнецца “дастукацца” да сэрцаў людзей і патлумачыць ім сваю пазіцыю. Асабліва змены праўляюцца ў гераіні В. Скварцовай-Кавальскай. Вобраз Каці эвалюцыянуе ад пуставатай прыгажуні-лялькі на шпільках, здатнай іграць, бадай, толькі ў “папсовых” тэатральных пастаноўках да аднадумцы Веры. У сваю чаргу іх мужнасць пры допыце змяняе Інструктара, які не можа ўвасабляць эсэсаўца, бо яго дзядуля ваяваў. Здаецца, у фінале нешта пачынае разумець і Жанчына – камічны сімвал мяшчанска-бытавога ўспрымання жыцця. Найбольш складанай і прынцыповай для Веры становіцца барацьба за Лёшу. У іх супрацьстаянні, што з’яўляецца цэнтральным у пастаноўцы, пераплятаецца ўсё: трагізм і камізм, сур’ёзнасць і фарс…

Не будзе перабольшваннем сказаць, што “Дажыць да прэм’еры” з’яўляецца бясспрэчным поспехам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і адной з галоўных падзей тэатральнага года.

Як дажыць да прэм’еры?!// Настаўніцкая газета.— 2012. — 11 кастрычніка. — № 124. — С. 11.