Як жыве бібліятэчная Масква?

Самай буйной бібліятэчнай установай усёй постсавецкай прасторы, з’яўляецца Расійскай дзяржаўная бібліятэка. Якія асаблівасці працы ў яе фондах? Наколькі РДБ адрозніваецца ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі? Прапаную чытачам свае ўражанні.


Ад Румянцава – да Леніна
Патрыятычна настроеныя чытачы ведаюць, што ніводная падзея ў свеце не адбываецца без прамога ці ўскоснага ўплыву Беларусі ці беларусаў. У выпадку з заснаваннем Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі такая сувязь больш чым відавочная. Адным з уплывовых дзяржаўных дзеячоў Расіі пачатку ХІХ стагоддзя з’яўляўся Мікалай Румянцаў, міністр замежных спраў і старшыня Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі. Уладальнік Гомеля, мецэнат, арганізатар “Румянцаўскага гуртка”, ён сабраў вялікую калекцыі кніг, рукапісаў, этнаграфічных і гістарычных матэрыялаў. Пасля смерці Румянцава ў 1826 годзе, калецыя была перададзена дзяржаве. Праз год імператар Мікалай І падпісаў загад аб стварэнні ў Санкт-Пецярбургу Румянцаўскага музея, які неўзабаве стаў адкрыты для публікі. У 1861 годзе ўстанову перавялі ў Маскву і размясцілі ў знакамітым Доме Пашкова (цяпер там размяшчаюцца аддзел рукапісаў і нотна-музычны аддзел РДБ).

На аснове кніжнага фонду была створана бібліятэка, якую ў 1924-м перадалі толькі што створанай установе – Расійскай публічнай бібліятэцы імя Леніна (пазней Усесаюзная бібліятэка імя Леніна). Цікава, што творы жывапісу з “Румянцаўкі” разышліся па музеях і галерэях, у тым ліку трапілі ў знакамітую “Траццякоўку”. Неўзабаве для бібліятэкі ў стылі канструктывізм быў пабудаваны асноўны будынак, дзе працуюць чытачы. Не будзе перабольшваннем сказаць, што сярод іх былі ці не ўсе прадстаўнікі савецкай інтэлектуальнай эліты.

Але і пасля распаду СССР бібліятэка захоўвае сваё значэнне для незалежных рэспублік. Нічога дзіўнага тут няма: у спісе буйных сусветных бібліятэк РДБ займае чацвёртае месца (пасля Брытанскай бібліятэкі, Бібліятэкі кангрэса – у Вашынгтоне і Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі), а яе фонды налічваюць 42,7 млн адзінак захоўвання. Для параўнання, у нашай Нацыянальнай бібліятэкі – больш за 9 млн. Працуючы ў фондах апошняй над дысертацыяй па гісторыі, прысвечанай праблемам 1920-1930-х гадоў, я ў пэўны момант сутыкнуўся з цяжкасцю: шэраг выданняў у Мінску адсутнічаў. Таму магчымасць папрацаваць у РДБ стала шыкоўным падарункам, якім нельга было не скарыстацца.

Шукаем разетку!
Пачнем знаёмства з РДБ ад пачатку. Хутчэй за ўсё вы прыехалі да яе на адной з… чатырох ліній метро. Так-так, да бібліятэкі можна выйсці са станцый “Павялецкая”, “Арбацкая”, “Бібліятэка імя Леніна” і “Аляксандраўскі сад”, які ўтвараюць буйны перасадачны вузел. Уздымаемся па прыступках. Абавязкова ўсміхаемся фатографу, які шчоўкае “мыльніцай”, птушцы, што вылятае, і сям’і, якая здымаецца на фоне Дастаеўскага, чый помнік стаіць ля ўвахода (месцы ля помніка Пушкіну даўно занятыя). Запіс адбываецца ў другім пад’ездзе, суседнім з уваходным, першым. Сама працэдура дастаткова хуткая: запаўняем анкету, працягваем у акенца пашпарт, кажам для фота “Чыыыз!” (“Малады чалавек, якое чы-ы-ыз?! Гэта афіцыйны дакумент!”), чакаем некалькі хвілін — і ў вашых руках чытацкі білет, выдадзены на пяць гадоў.

Вяртаемся да галоўнага пад’езда. Адчыняем дастаткова цяжкія дзверы (моладзь моладзю, а ў інтэлігентных бабулек на іх часам проста не хапае моцы). Праходзім праз турнікет з дапамогай білета. У гардэробе пакідаем амаль усе рэчы, а ў абмен атрымліваем фірмовы пакет з эмблемай РБД.


Зала каталога

Пасля гардэроба – другая мяжа ўмацаванняў у асобе супрацоўнікаў РДБ (на першай, ля турнікета, стаялі паліцэйскія; другая мяжа бачна ўнізе на мінулым фотаздымку). Кожны чытач атрымлівае спецыяльны кантрольны лісток, на якім піша прозвішча і свой нумар. Акрамя таго, уверсе можа паставіцца штампік пра наяўнасць ноўтбука. (Вось гэта разумны ход – прынамсі, не маючы ўласнага міні-камп’ютара, з чужым ніхто не выйдзе). Кантрольны лісток неабходна неабходна пакідаць падчас працы ва усіх спецыялізаваных залах. А вось калі працуеш у “сваім” і атрымліваеш кнігі, супрацоўнікі ставяць на лістку лічбу, якая адпавядае колькасці выданняў. Калі здаеш – лічба закрэсліваецца, а на версе ставіцца штампік. Потым, пры выхадзе з бібліятэкі кантрольны лісток аддаецца паліцэйскаму.

Пры запісе чытач адразу адносіцца да аднаго з чытальных залаў. Першая – навуковая, для дактароў навук, прафесараў і акадэмікаў. Другая – для “цехнароў”. Трэцяя – для гуманітарыяў. Калі ў нашай Нацыяналцы залы больш кампактныя, а ад таго камерныя, у РДБ асобныя з іх здаюцца велізарнымі. На кожным стале – месца, паліцы для кніг, лямпа. Аднак у зале для гуманітарыяў быў адзін істотны недахоп, які перакрываў усе яго перавагі. Там чамусьці адсутнічалі разеткі для ноўтбукаў (прычым у іншых залах яны былі), таму на падзарадку даводзілася накіроўвацца ў каталог. Сёлета трэцюю залу акрылі на рамонт. Спадзяюся, пасля яго навукова-тэхнічны прагрэс усё ж такі дабярэцца туды.


Трэцяя зала

Раздрукуем чужую дысертацыю?
Але не будзем забягаць наперад. Перш,чым атрымаць кнігі, неабходна іх замовіць. На маю думку, гэтая сітуацыя выглядае ў Мінску куды лепш, чым у Маскве. Прызнацца, даўно забыўся, калі карыстаўся ў НББ карткавым каталогам. Звычайна усё неабходнае заказваецца праз яго камп’ютарны аналаг. Цяжкасць маскоўскай працы ў існаванні… двух электронных каталогаў! Адзін – традыцыйны. Чытач выбірае праз камп’ютар ў зале электроннага каталога неабходнае выданне, заказвае яго і праз пэўны час атрымлівае (зноў-такі, у нас усё зручней: камп’ютары ўсюды). Падчас працы на другім, які бачны праз экран спецыяльнага аўтамата, можна раздрукаваць толькі патрабаванне на заказ, якое потым неабходна аднесці да адпаведнага стала.

Але існуе некалькі цяжкасцяў. Перш за ўсё, абодва каталогі часткова дублююць адзін аднаго, але пры гэтым не ўключаюць у сябе шэраг матэрыялаў. Але больш істотнае, што ніхто з кансультантаў так і не змог патлумачыць мне, па якім прынцыпе тыя ці іншыя фонды трапляюць у адзін каталог, а па якім – у другі. Прычым з вуснаў адной з супрацоўніц прагучала цудоўная фраза: “А тут амаль ніхто гэтага не разумее”. Заставалася змірыцца і прыстасоўвацца да прапанаваных умоў.

Свае асаблівасці існуюць пры працы з дысертацыямі. Падчас навучання ва ўніверсітэце даводзілася браць у дэканаце спецыяльную паперу, у якой змяшчалася просьба: дазволіць працаваць у зале дысертацый НББ. У РДБ усё куды больш прасцей. Доступ у залу адкрыты ўсім чытачам. Пэўная цяжкасць заключаецца ў тым, што яна (знаходзіцца не ў сталіцы Расіі, а ў падмаскоўных Хімках. (Там, дарэчы, размяшчаецца і як зала газет, і літаратура на іншых мовах. Кошт дастаўкі аднаго асобніка ў асноўны будынак – 50 рублёў). Але выйсце дастаткова простае: у галоўным корпусе існуе пакой электроннай бібліятэкі, у якой прадстаўлены доступ да ўсіх аўтарэфератаў і большасці дысертацый, што абаранялі ў Расіі з 1990-х гадоў (каб трапіць туды, аўтар ці арганізацыя, дзе ён абараняўся, павінны заключыць з РДБ дамову). Прычым карыстальнік мае права раздрукаваць пэўную частку працы (не больш за 15% ад агульнага памеру).

У сталовую – з “авоськай”
Але згадзіцеся, што доўга сядзець над кнігай шкодна. Нездарма кажуць, што коні ад працы дохнуць, а людзі лечацца. Самы час адпачыць! Паколькі РДБ будавалася куды раней, чым Нацыяльнальная бібліятэка, у ёй няма трэнажорнай залы і зусім не праводзяцца экскурсіі для цікаўных карэнных масквічоў, што прыехалі з Каўказа ці Поўначы. Таму нічога не застаецца, як спускацца на першы паверх – у сталовую.

Часам складвалася ўражанне, што менавіта там знаходзіцца сапраўдны цэнтр бібліятэчнага жыцця (у канцы жніўня, падчас вакацый, там часам было больш людзей, чым у залах). Сталовая складаецца з двюх частак. Першая ўяўляе сабой буфет. Другая – уласна сталовую з дастаткова таннымі коштамі: абед можа каштаваць 150-170 рублёў, што для дарагой Масквы не вельмі вялікая сума.

Адзіны недахоп у працы сталовай – ранняе заканчэнне працы: 18:00. Прычым за паўгадзіны да гэтага можна разлічваць хіба толькі на вегетарыянскі абед. Наогул, што да рэжыму працы, НББ апярэджвае РДБ. Калі ў Мінску можна працаваць і на выходных, дые нядзеля ў Маскве – законны выхадны. Зрэшты, гэта яшчэ не самая горшая сітуацыя. Напрыклад, Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі адкрыты для наведвальнікаў ўсяго толькі тры разы на тыдзень, ды і тое не поўны дзень.

Дарэчы, ледзь не забыўся расказаць пра самае галоўнае правіла сталовай. Нават калі вы ў захапленні ад працы шэф-повара РДБ і жадаеце забраць прысмакі з сабой, будзьце асяцрожнымі! Справа ў тым, што пакет не любіць вострых куглоў (нават звычайных папак). Таму некалькі разоў здараліся сітуацыі, калі ён пачынаў рвацца проста на вачах. Які кантраст з НББ, дзе чытачам прапануюць трывалую сумку на плячо! (Тут пакет даводзіцца трымаць у руках). Але самае крыўднае, што пакет цалкам празрысты. Пра сябе я называю яго “авоськай”: усе рэчы у ім – як на далоні. Таму калі вы яшчэ не перадумалі, хавайце ежу ад калег па залі, каб не адрываць іх ад працы.


Галоўная лесвіца. Калі чалавек, што спускаецца па ёй, паверне налева, ён трапіць у электронны каталог. Калі направа — у сталовую. А калі рушыць проста — наперадзе выхад

Як знайсці нірвану?
Зрэшты, праца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ўяўляе сабой не толькі знаёмства з кнігамі, дысертацыямі, часопісамі. Магчыма, чытачы-матэрыялі іранічна ўсміхнуцца, прачытаўшы мае словы. Але я ўпэўнены, што кожны будынак па-свойму жывы. Ён канцэнтруе ў сябе атмасферу навакольнага асяроддзя і шчодра дзеліцца са сваімі жыхарамі і гасцямі. Не ведаю, што адчуваюць у сценах РБД матэматыкі, фізікі і хімікі. Але для гуманітарыяў (асабліва для гісторыкаў, тым больш для даследчыкаў савецкага перыяду) гэта сапраўдная нірвана. У чым яна праяўляецца?

У ідэале навукоўцы, якія даследуюць мінулае, павінны “перанесціся” у той час і разважаць яго катэгорыямі. Інакш кажучы, даследуючы дзейнасць дзеячоў “нашаніваўскага адраджэння”, трэба ўсялякім чынам імкнуцца зразумець іх логіку і думкі, улічваючы грамадка-палітычнае і эканамічнае жыццё пачатку ХХ стагоддзя, а не ажыццяўляць на тую эпоху сучасную праекцыю.

Атмасфера двух даваенных дзесяцігоддзяў літаральна жыве ў бібліятэцы. На першы погляд, яна звязана толькі са сталінскім ампірам. Але варта завітаць на трэці паверх у залу афіцыйных і нарматыўных актаў, вокны якога выходзяць на вуліцу Махавую, як адчуванне зменіцца. Проста насупраць вас – Крэмль, дзе вырашаліся лёсы ўсёй краіны. Далей праглядаецца знакаміты “Дом на набережной”, у якім жыла фактычна ўся даваенная эліта, што спрыяла рэпрэсіям, а потым стала іх ахвярай. А праз раку ад апошняга – Храм Хрыста Збавіцеля, узарваны ў тыя часы людзьмі, якія жылі ў Доме і працавалі ў Крамлі. Як вядома, аднаўленне Храма адбылося ўжо пасля распада СССР.

Праца ў бібліятэцы пакідае фантастычнае адчуванне уласнай прысутнасці ў прасторы і часе, якімі займаешся. Магчыма, гэта і ёсць адна з неабходных умоў для рэалізацыі ўласнага даследавання. Вы лічыце, што гэта перабольшванне? Сустрэнемся ў калідорах РДБ!

Мінск – Масква – Мінск

У лабірынтах РДБ// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 28 верасня. — № 39. — С. 21.
Фотаздымкі з сайтаў www.fresher.ru, otdihinfo.ru, www.abunda.ru.