Рэлакс ад Крапівы

Тэатр-студыя кінаакцёра прадставіў новы спектакль — “Хто смяецца апошнім” па аднайменнай п’есе Кандрата Крапівы.


Сцэна са спектакля.
Фота з сайта www.kimpress.by

Новыя спектаклі ў гэтым калектыве – нячастыя госці (апошняя прэм’ера – містычны дэтэктыў “Сродак Макропуласа” Карла Чапека – адбылася ў кастрычніку 2011 года). Але калі асновай пастаноўкі становіцца п’еса айчыннага драматурга, – гэта з’ява для сталічных сцэн яшчэ больш рэдкая. Па вялікім рахунку, большасць нацыянальных спектакляў “забяспечваецца” ўсяго двума калектывамі: Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі (дзе яны складаюць амаль увесь рэпертуар – каля двух дзесяткаў) і тэатрам імя Янкі Купалы (10 пастановак). На ганаровым трэцім месцы знаходзіцца Новы драматычны. Ва ўсіх астатніх калектывах нацыянальны рэпертуар абмяжоўваецца двума-трыма назвамі.

Нельга сказаць, што кіраўнікі труп не прыкладаюць ніякіх намаганняў дзеля паляпшэння сітуацыі. Напрыклад, Тэатр оперы і балета адкрывае новы сезон операй “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага. Музычны абвясціў конкурс на стварэнне беларускамоўных мюзікла і музычнай камедыі. Пастаноўка п’есы Кандрата Крапівы ў Тэатры-студыі кінаакцёра цалкам адпавядае гэтай тэндэнцыі.

Як вядома яшчэ са школьных хрэстаматый, дзеянне п’есы і спектакля “Хто смяецца апошнім” адбываецца ў навукова-даследчым інстытуце, дырэктарам якога пастаўлены псеўдавучоны Гарлахвацкі (Аляксандр Кашпераў). Жадаючы зрабіць навуковую кар’еру, ён прымушае навукоўца Тулягу (Анатоль Цярпіцкі) пісаць яму працу. Адначасова дырэктар з дапамогай падхаліма і інтрыгана Зёлкіна (Дзмітрый Пусцільнік) прыкладае ўсе намаганні, каб дыскрэдытаваць сапраўдную навуковую зорку – Чарнавуса (Уладзімір Мішчанчук)…

Фантастычны поспех, які ў свой час зведала п’еса Кандрата Крапівы, наўрад ці тлумачыцца толькі ўзроўнем драматургічнага матэрыялу. Па вялікім рахунку, усе героі дакладна падзяляюцца на станоўчых і адмоўных, таму ў чытача і гледача наогул адсутнічаюць ілюзіі на гэты конт. На маю думку, прычына хаваецца ў іншым. П’еса была напісана ў 1939 годзе (восенню таго ж года пастаўлена ў Купалаўскім тэатры), калі толькі-толькі прайшоў пік сталінскіх рэпрэсій. Партыя не адмовілася ад сваёй палітыкі, але публічна асудзіла некаторыя “перагібы”, дапушчаныя карнымі органамі. А новы наркам бяспекі Берыя нават выпусціў асобных зняволеных, арыштаваных пры яго папярэдніку Яжову.

І вось у гэты час з’яўляўся спектакль, дзе па прычыне плётак добрасумленнага чалавека здымалі з працы, адмаўлялі друкаваць яго кнігу і ледзь не выключалі яго дачку з універсітэта. То бок, на сцэне было адлюстравана тое, што адбывалася за сценамі тэатра. З той толькі розніцай, што за агучаныя на вуліцы рэплікі п’есы ці спробы яе параўнанняў з рэчаіснасцю можна было атрымаць адпаведны тэрмін.

Як патлумачыць пастаноўку спектакля? Цудам? Або праявай, карыстаючыся тэрмінам М.Бахціна, “сярэднявечнага карнавалу” і, адпаведна, народнай смехавой культуры? Ці яшчэ адным аргументам на карысць “мудрасці і справядлівасці савецкай улады” (палітычна дасведчаны аўтар цытаваў у спектакле партыйную пастанову, надрукаваную ў “Праўдзе”)? Але ў любым выпадку, п’еса стала класікай айчыннай драматургіі, а Крапіва – афіцыйна прызнаным творцам.

Новая пастаноўка “Хто смяецца апошнім” пакінула супярэчлівыя вынікі. Спектакль парадаваў некалькімі, без перабольшавання, шыкоўнымі акцёрскімі работамі. Самая вялікая ўдача – роля Чарнавуса. Уладзімір Мішчанчук малюе свайго героя дарэвалюцыйным інтэлігентам старой школы, сапраўдным фанатам навукі. Відавочна, ён сочыць за сваім знешнім відам (абутак начышчаны да ззяння), але грошы відавочна ідуць на кнігі, пра што сведчыць зашмальцаваны партфель і стары касцюм. Глыбокім атрымаўся вобраз Тулягі. У творчай скарбонцы А.Цярпіцкага ўжо быў прадстаўлены тып рэфлексійнага інтэлігента (Крайнеў у спектаклі “Механічны чалавек”). Але там яго герой-пісьменнік яшчэ мае пэўныя надзеі на справядлівасць. Тут герой А.Цярпіцкага выглядае палахлівым, “забітым” часам і асяроддзем. Туляга становіцца сімвалам інтэлігенцыі, якая ў глыбіні душы ненавідзіць праявы сталіншчыны і адначасова вымушана публічна ўхваляць яе. Нарэшце, Д.Пусцільнік з бляскам выканаў ролю Зёлкіна. Гэты герой мае звычкі і пластыку хітрага ката. Інтрыган, даносчык і адначасова плут, ён з’яўляецца не толькі катам, але і ахвярай часу. У іншыя часы герой Д.Пусцільніка мог займацца хіба дробным пляткарствам. А ў часы рэпрэсій яго чалавечыя хібы трапляюць на ўрадлівую глебу.

Рэжысёрскае прачытанне п’есы выклікае пытанні. Пастаноўшчык Алег Кірэеў пайшоў па шляху найменшага супраціўлення. Згодна яго задуме, падзеі “Хто смяецца апошнім” актуальныя заўсёды. Таму дзеянне мае пазачасавы характар. Калі ў першай частцы падзеі відавочна разгортваюцца ў 1930-я гады, дык у другой акцёры носяць партрэт Брэжнева, сакратар партарганізацыі Левановіч размаўляе па мабільніку, а сакратарка Зіна працуе за ноўтбукам.

У межах гэтай канцэпцыі супярэчлівыя ўражанні пакінула праца Дзмітрыя Мохава. Як сцэнограф, ён вырашыў спектакль праз вобраз замочнай шчыліны, які становіцца сімвалам плётак. А вось праца Мохава як мастака па касцюмах здзівіла. У якой ступені адпавядае стылістыцы сталінскай эпохі доўгая спадніца Зіначкі, разрэз якой даходзіць амаль да таліі? Калі стваральнікі спектакля ставілі мэту прадэманстраваць знешнія дадзеныя Вольгі Сізовай, тады задача дасягнута. Але ў пастаноўцы занятыя і іншыя, не менш прыгожыя актрысы. Чаму Левановіч у другой дзеі апрануты ў джынсы? Навуковае асяроддзе нават у постсавецкія часы заставалася вернымі акадэмічнаму стылю. Нарэшце, хто здагадаўся абуць Гарлахвацкага ў валёнкі белага колеру? Сапраўды, стыль “мілітары” быў неад’емнай рысай сталінскіх часоў. Але ж за вокнамі не зіма! (Інакш Зіначка бясспрэчна можа прастудзіцца).

Але асноўнай супярэчнасцю пастаноўкі сталі, на маю думку, суадносіны паміж мінулым і сучасным . Галоўны рухавік дзеяння ў п’есе – страх перад сістэмай, магчымым арыштам і зняволеннем, а таксама пакараннем за тое, што вораг застаўся не выкрытым. Агульная атмасфера эпохі прымушае Тулягу працаваць “навуковым неграм”. Наступства усеагульнай падазронасці – звальненне Чарнавуса з універсітэта без аніякіх доказаў віны. У першай частцы такая логіка працуе, таму паводзіны герояў выглядаюць больш пераканаўчымі. У другой, калі пастаноўшчык пераносіць дзеянне ў сучаснасць, яна знікае, бо ў цяперашняй эпосе дзейнічаюць іншыя законы. Калі кіравацца імі, Туляга можа лёгка перайсці ў іншы інстытут, Чарнавус перадаць сваю кнігу ў іншае выдавецтва, а яго маладая калега Вера наогул напісаць ліст маскоўскаму прафесару па e-mail, а не ехаць за ім асабіста ў сталіцу Расіі.

Кожны спектакль цудоўна адлюстроўвае агульны стан калектыву, у якім пастаўлены. Але парадокс: у мінулым дзесяцігоддзі, калі “Беларусьфільм” выпускаў уласную прадукцыю не так актыўна, тэатр мог пахваліцца куды больш высокімі мастацкімі вынікамі, чым цяпер. Апошнім часам акцёры тэатра часта занятыя ў нашых і расійскіх серыялах. І ствараецца ўражанне, што асобныя спектаклі ўспрымаюцца як трэніроўка, рэлаксацыя перад больш сур’ёзнымі выступленнямі. А паколькі адпачываць лепш у добрым настроі, Тэатр-студыя кінаакцёра зрабіла стаўку на камедыі як жанр і забаўляльнасць як яе агульны настрой.

Кожны можа вызначыць уласнае стаўленне да такога падыходу. Напрыклад, асабіста мяне бянтэжыла празмерная лёгкасць спектакля нават у драматычныя моманты. Уявіце сабе: Зёлкін кажа, што Чарнавус – вораг, а музыка Валерыя Воранава стварае ўражанне прыстунасці на велікасвецкім балі. Але “vox populi vox Dei”, а глядач галасуе за Тэатр-кінаакцёра нагамі.

Сапраўдныя тэатралы могуць быць расчараваныя пастаноўкай. Але чытачоў, якія не ведаюць п’есу Крапівы, жадаюць пазнаёміць з ёй сваіх дзяцей, унукаў ці вучняў, а адначасова добра правесці час, можна запрасіць на спектакль…

Рэлакс ад Крапівы// Настаўніцкая газета. — 2012. — 30 жніўня. — № 105. — С. 16.