Будні літаратуры: жнівеньскі нумар «Полымя»

Кожны з трох літаратурна-мастацкіх часопісаў, што асвятляюцца ў аглядах, мае ўласнае аблічча і прадстаўляе сабой своеасаблівы псіхалагічны тып. “Полымя”, чыё 90-годдзе будзе адзначацца ў снежні, адметнае сваёй грунтоўнасцю, узважанасцю і няспешнасцю сталага выдання. Апошнія рысы напоўніцу праявіліся на старонках жнівеньскага нумара.

Часопіс адкрываецца “жыццёвінкамі” Васіля Ткачова, якія маюць назву “Мы”. На лёсы розных людзей і іх гісторыі аўтар часцей за ўсё глядзіць збоку (акрамя мініяцюры пра аднакласніцу). Ён дэманструе сваю назіральнасць і жыццёвы досвед, але не выказвае ўласную пазіцыю. Напрыклад, у адным з абразкоў да Пятроўны прыязджаюць унукі з Сахаліна. А яна, не маючы магчымасці іх пракарміць, збягае ў бальніцу. Як трактаваць яе ўчынак, вырашаць чытачу. Зрэшты, асобныя “жыццёвінкі” варта было б, на маю думку, “раскруціць” да аб’ёмаў апавядання ці аповесці.

Апавяданне Юліі Зарэцкай “Свет не без добрых людзей” з’яўляецца часткай цыкла “Дунілавіцкія былі”, у якім гаворка ідзе пра жыццё вёскі Дунілавічы на Пастаўшчыне, радзімы аўтара. Дзеянне твора разгортваецца падчас Вялікай Айчыннай вайны, у цэнтры ўвагі – генацыд яўрэйскага насельніцтва. Але падзел герояў на адназначна станоўчых і выключна адмоўных, а таксама пэўная схематычнасць у адлюстраванні падзей можа ўздзейнічаць хутчэй на аўдыторыю, малазнаёмую з лепшымі ўзорамі ваеннай прозы. Зрэшты, не буду выключаць верагоднасці, што пісьменніца ставіла перад сабой задачу дакументальнай фіксацыі жыцця пад акупацыяй, якое яна ўвасобіла ў мастацкім жанры.

Давер часопіса да маштабных, эпічных жанраў праяўляецца ў публікацыі буйных твораў. Рэдакцыя працягвае знаёміць чытачоў з раманам Уладзіміра Гніламёдава “Ліхалецце”, а таксама з “Сонцам над галавой” Уладзіміра Ліпскага (друкуюцца лісты аўтара да ўнука).

З нізкі Алега Салтука найбольшае ўражанне пакінуў верш “Сон”, у якім убачыліся ясенінскія матывы. Калі рускі паэт рытарычна пытаўся: “Жизнь моя, иль ты приснилась мне?”, беларускі творца працягвае: “Сон аднойчы прысніўся вясёлы // У самоце начное маёй: // Ці то лебедзі, ці то анёлы // У сінечы плылі над зямлёй. Не магу я пра сон той забыцца: // Нада мной – белакрылая раць…// Мне здаецца: жыццё толькі сніцца. // Дзе яно, трэба ў неба спытаць”.

Паэтычная падборка В. Гардзея “Легенды” фактычна знаходзіцца на памежжы лірыкі і эпасу, творы могуць быць аднесеныя да балад на легендарным матэрыяле. Сюжэты іх раскрываюцца ў назвах: “Скуль узяўся бусел”, “Адкуль пайшлі ваўкі” і “Адкуль пайшлі Смалявічы”. Падчас чытання вершаў узнікае адчуванне абсалютнай натуральнасці падзей і раскрываемых творцам вобразаў. Застаецца толькі захапляцца шчодрай фантазіяй аўтара і багаццем яго паэтычнай скарбонкі.

Грунтоўнымі, акадэмічнымі атрымаліся літаратуразнаўчыя артыкулы Тамары Нуждзіной і Пятро Маляўкі. А вось праца Зінаіды Драздовай “Літаратура патрэбна чалавеку заўсёды” (другая частка агляду айчыннай прозы за мінулы год) выклікала непаразуменне. З аднаго боку, шчыра парадавала высокая ацэнка твораў А. Брава, У. Сцяпана, А. Федарэнкі і іншых таленавітых пісьменнікаў. З другога боку, станоўчыя водгукі атрымалі фактычна ўсе (!) разглядаемыя творы. Нельга не ўсцешыцца такому шчыраму пазітыўнаму настрою аўтара. Але ў мяне не могуць не ўзнікнуць сумненні. І як у крытыка, які рэцэнзаваў шэраг публікацый і не знайшоў там цудаў. І як у рэалістычна настроенага чытача, які разумее, што сітуацыі, калі ўсе творы напісаныя добра, проста не існуе.

Думаю, вялікую цікавасць у чытачоў выкліча пераклад паэмы Міхаіла Лермантава “Ліцвінка”, здзейснены Уладзімірам Скарынкіным. З аднаго боку, сюжэт звязаны з беларускай гісторыяй (дзеянне адбываецца каля мяжы ВКЛ і Маскоўскага княства). З другога, на нашай мове гучыць класіка, знаёміцца з якой – сапраўдная эстэтычная асалода!

Што патрэбна чалавеку?// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 28 верасня. — № 39. — С. 7.

P.S. З PDF-версіяй часопіса можна азнаёміцца на яго сайце.