Рэканструяваць Крашэўскага?

У рамках ІІ міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання”, якую арганізавалі Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага і ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, адбылося пасяджэнне міжнароднага савета праекта “Віртуальная рэканструкцыя спадчыны Ю. Крашэўскага”.


Юзаф Крашэўскі

Каманда з трох краін
Імя славутага пісьменніка Юзафа Крашэўскага, бадай, не патрабуе прадстаўлення. Дазволю сабе толькі нагадаць, што яго пісьменнік трапіў у “Кнігу рэкордаў Гінеса” за сваю “пладавітасць”, а гістарычныя раманы творцы дагэтуль карыстаюцца нязменнай папулярнасцю сярод чытачоў. Але спецыялісты, якія займаюцца вывучэннем спадчыны Крашэўскага, кажуць пра шэраг “белых плямаў” і невырашаных праблемаў. Вядома, што любую, нават самую складаную працу прасцей рабіць разам.
Таму Брэсцкая абласная бібліятэка выступіла з ініцыятывай віртуальна рэканструіраваць спадчыну Крашэўскага (па пракладу спадчыны Сапегаў; адпаведны праект быў рэалізаваны раней).

Асоба Ю. Крашэўскага аб’яднала краіны, якія ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Беларусь у пасяджэнні круглага стала прадставілі старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Счасны, які вёў пасяджэнне; дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі Тамара Данілюк; яе намесніца па навуковай працы Ала Мяснянкіна; галоўны рэдактар рэдакцыі перыядычных выданняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Кірухіна; загадчыца кафедрай тэорыі і гісторыі рускай літаратуры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Пушкіна Таццяна Сенькевіч; загадчыца кафедры класічнай і сучаснай замежнай філалогіі ў той жа ўстанове Алена Ківака і начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення культуры Рыгор Бысюк (цяпер займае пасаду дырэктара мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»). Украіна – дырэктарам Ровенскай дзяржаўнай бібліятэкі Валянцінай Ярашук, Польшча – кіраўніком аддзела староства ў Бяла-Падлясцы Марыянай Туміловіч і прадстаўніком кіраўніцтва Бяла-Падляскі Мажэнай Андрэюк.

Ад агульнай структуры – да практыкі
Як падкрэсліў У. Счасны, сёлета яго арганізацыя заявіла 10 праектаў, у тым ліку, і “Віртуальную рэканструкцыю спадчыны Крашэўскага”. Структура апошняга праекта, які будзе складацца з двух дыскаў, выглядае наступным чынам. Першы дыск павінен уключыць усю літаратурную спадчыну пісьменніка на чатырох мовах (беларуская, руская, украінская і польская), ілюстрацыйныя матэрыялы і музычныя сачыненні Крашэўскага, якія прадаставіць польскі бок. Другі дыск мусіць складацца з бібліяграфіі пісьменніка і навуковых даследаванняў пра яго.

Пасля ўступнага слова гаворка перайшла да больш практычных пытанняў. Паводле інфармацыі Алы Мяснянкінай, Брэсцкая абласная бібліятэкі стварыла спіс з 1,5 тысяч бібліяграфічных запісаў (на польскай, беларускай і рускай мовах). З іх 500 з’яўляюцца непасрэдна творамі Крашэўскага, астатнія – літаратурай, напісанай пра яго. Асноўны масіў інфармацыі знаходзіцца ў бібліяграфічным указальніку польскай літаратуры “Новы Корбут”, які змяшчае ўсю літаратуру пра творцу, што выйшла да 1964 года. Далей даводзіцца шукаць самім. Ала Міхайлаўна асобна спынілася на характарыстыцы беларускамоўнай часткі, якая пакуль з’яўляецца дастаткова сціплай: усяго каля 200 запісаў, з іх каля 15 дысертацый.

Т. Сянькевіч звярнула ўвагу прысутных, што, нягледзячы на багатую літаратуру, дагэтуль адсутнічае сістэмная навуковая праца пра Крашэўскага. Шэраг яго твораў не даследаваныя. У гэтай сувязі прагучала прапанова напісаць не лакальны артыкул пра пісьменніка, а манаграфію, якая адкрыла бы другі дыск. У брэсцкіх навукоўцаў ужо ёсць пэўныя артыкулы, публікацыі. Але са спадчыны пісьменніка добра даследаваны толькі яго раманы. На думку Т. Сянкевіч, неабходна больш падрабязна вывучаць публіцыстыку і краязнаўчыя матэрыялы, напісаныя Крашэўскім, літаратуразнаўчыя працы пра творцу.

А. Ківака паведаміла, што на канец лістапада ў Брэсцкім ўніверсітэце імя Пушкіна запланавана міжнародная канферэнцыя, прысвечаная Крашэўскаму. Была выказана ідэя запрасіць да ўдзелу ў ёй даследчыкаў з Германіі (у гэтай краіне пісьменнік жыў падчас знаходжання ў эміграцыі).

Пэўную дыскусію выклікала пытанне моў, на якіх павінен быць створаны праект. З аднаго боку, з Крашэўскім могуць знаёміцца ў арыгінале чытачы з большасці еўрапейскіх краін: Англіі, Францыі, Германіі і г.д. Але ў такім выпадку, “віртуальная рэканструкцыя” можа атрымацца бязмежнай. З другога боку, прагучала меркаванне звузіць праект толькі да моў краін-удзельніц (беларускай, рускай, украінскай і польскай). Менавіта яно атрымала падтрымку большасці ўдзельнікаў сустрэчы.

Падчас пасяджэння была разгледжана і ступень удзела ў праекце Нацыянальнай бібліятэкі. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што найбольшы плён прынясе выкарыстанне тэхнічнай базы гэтай установы.

Якая сітуацыя ў суседзяў?
М. Туміловіч і М. Андрэюк расказалі ўздзельнікам міжнароднага савета пра мерапрыемствы з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Крашэўскага, якія адбываюцца ў Польшчы і, у прыватнасці ў Бяла-Падлясцы, дзе знаходзіцца радавы маёнтак Крашэўскіх. Паводле іх інфармацыі, дзяржава выдзяліла вялікія грошы на рамонт будынка, шляхоў, парка, што знаходзіцца вакол маёнтка.

У сваім выступленні В. Ярашук падкрэсліла, што ва Украіне праект будзе мець рэзананс. Супрацоўнікі Ровенскай бібліятэкі праглядзелі летапіс кніг, часопісы, газеты. Усяго знойдзена каля 700 пазіцый. Кіраўніцтва звярталася па дапамогу ў іншыя бібліятэкі, музеі. Асаблівае спадзяванне на плённае супрацоўніцтва ўскладаецца з музеям Крашэўскага, які дзейнічае ў сяле Гарадзецкае Ровенскай вобласці. Акрамя таго, атрымана згода перакладчыкаў, што ўвасаблялі творы пісьменніка па-украінску, выкарыстаць вынікі іх працы.

На перспектыву
Падводзячы вынікі міжнароднага савета, удзельнікі дамовіліся пра дату наступнага пасяджэння, якое мусіць адбыцца ў канцы лета – пачатку восені гэтага года. Да наступнай сустрэчы ўдзельнікі праекта павінны стварыць вопіс усіх выданняў, якія маюцца ў іх фондах. Брэсцкая бібліятэка мусіць вызначыць структуру праекта. На думку У. Счаснага, справа павінна атрымацца, бо, як кажуць, і салома сухая, і іскра ёсць.

Рэканструяваць Крашэўскага?// Літаратура і мастацтва. 2012. 27 ліпеня. № 30. С. 20.