Сучасная літаратура. Валерый Гапееў

Апошнім часам Валерый Гапееў з’яўляецца адным з нешматлікіх творцаў, якія мэтанакіравана апрацоўваюць амаль пустую дзялянку падлеткавай літаратуры. Яго ўспрыняцце як пісьменніка для адпаведнай узроставай катэгорыі кардынальна змяніў “Аўтобус” (пераклад з беларускай мовы Ірыны Качатковай), што выйшаў на старонках ліпеньскага нумара часопіса “Нёман”.

Сюжэт твора, пазначанага аўтарам як “амаль быль” (фактычна, гэта апавяданне), грунтуецца на здарэнні, што адбылося з пасажырамі міжгародняга аўтобуса. Падчас рэйса ў яго трапляе маланка. Хутка героі заўважаюць, што ўжо некалькі разоў праязджаюць адзін і той жа ўчастак. Хлопец з ноўтбукам тлумачыць сваім сябрам па няшчасці, што “последний удар грома пришёлся на линию передач, возникло мощное электромагнитное поле, и мы попали в воронку пространства-времени, которая как раз образовалась. И вертимся в ней”. А неўзабаве жанчына-доктар тлумачыць людзям, што “удар молнии убил нас всех. (…). Вот вам и ад и рай – вот такие они. Мы – в мире мёртвых. И нам бесконечно ехать. И везти бесконечно свои мечты, мысли, свою боль, свои разочарования, свои надежды. (…). Мы здесь – вечные. И вечными будут те чувства, с которыми мы сели в автобус”.

На маю думку, высокі ўзровень апавядання абумовілі папярэднія творы аўтара. Па вялікім рахунку, мадэль дзіцячай і падлеткавай літаратуры можна патлумачыць праз словазлучэнне “складанае праз простае”. Аўтары ставяць перад юнымі чытачамі складаныя пытанні, падказваюць выйсце з жыццёвых супярэчнасцяў, рыхтуюць іх да дарослага жыцця, але робяць гэта так, каб у чытачоў не ўзнікла непаразумення. “Аўтобус” — глыбока філасофскі твор. Між тым сапраўдныя мысляры якраз і тлумачаць праблемы праз простыя вобразы і словы.

Так, “Аўтобус” сапраўды рэч простая. Але гэта падманлівая прастата! Усе элементы апавядання знаходзяцца на сваіх месцах, адсутнічае лішняе і штучнае. Пачатак дастаткова традыцыйны. Аўтар прадстаўляе ўсіх пасажыраў аўтобуса, малюючы іх вобразы лёгкімі штрыхамі. Прычым робіць гэта дастаткова пераканаўча: у чытачоў не застаецца сумнення ў тым, што жанчына з 20 тысячамі даляраў – недобрасумленная прадпрымальніца, муж, што знаходзіцца пад абцасам у жонкі, ніколі не скажа слова насуперак ёй і г.д. Па вялікім рахунку, перад намі партрэт сучаснага грамадства з яго супярэчнасцямі і праблемамі.

Сітуацыя змяняецца пасля інфармацыі доктара. Высвятляецца, што “прадпрымальніца” сабрала грошы на аперацыю для дачкі, а муж змог рэалізаваць сябе па-за кантролем жонкі… Такі ход, несумненная ўдача аўтара. З аднаго боку, В. Гапееў даказвае нашую павярхоўнасць ва ўспрыманні людзей. З другога боку, паказвае, што на шчырасць і учынак героі здольныя ў экстрэмальных умовах, падчас якіх раскрываюцца цалкам.

Надзвычай глыбокай і шматзначнай атрымалася ў “Аўтобусе” заключная частка. Выратаванне трох пасажыраў (пісьменніка Антося, жанчыны-“прадпрымальніцы” і хлопчыка-інваліда, які стаў хадзіць) невыпадковае. На першы погляд, жывымі застаюцца тыя героі, якія гатовыя змагацца за сваё жыццё. Не ведаючы, што іх чакае, яны свядома пераходзяць у іншую рэальнасць. Такім чынам, аспрэчваецца наканаванасць, падкрэсліваецца роля чалавека – гаспадара свайго лёсу. Але рашучасць герояў – хутчэй знешняя праява іх паводзінаў. На маю думку, выратаванне ў першую чаргу звязана з неабходнасцю жыць. Прычым нават не дзеля сябе, а для іншых. Твор Антося, напісаны для душы, патрэбны сапраўдным чытачам. Камерцыйны – сям’і. Толькі жанчына ведае пароль для рахунку з грашыма. Нарэшце, акрамя хлопчыка, у яго бабулі, што знаходзіцца ў тым жа аўтобусе, амаль нікога не засталося. Нездарма ўсе астатнія героі або гатовыя змірыцца з уласным становішчам, або кажуць, што пражылі сваё.

Дык навошта В. Гапееў закідвае сваіх герояў у іншую прастору? Каб знайсці сябе, разабрацца ва ўласным жыцці. Нарэшце, проста пачаць жыць.

Галоўнай вартасцю ці любога апавядання можна лічыць здольнасць аўтара паказаць праз мікрасвет сваіх герояў макракосмас. У В. Гапеева гэта бліскуча атрымалася. Чакаем працягу і твораў такога ж узроўню.

Макракосмас — праз мікрасвет// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 7 верасня. — № 36. — С. 7.

Апавяданне можна прачытаць у pdf-версіі часопіса (выбірайце № 7 за 2012 год)