У Рускі тэатр вярнулася дама

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага адбылася прэм’ера спектакля “Загадкавы візіт” паводле п’есы Фрыдрыха Дзюрэнмата “Візіт старой дамы”.


Клара Цаханасьян (Бела Масумян).
Фота з сайта тэатра www.rustheatre.by

У творчасці нямецкамоўнага швейцарскага пісьменніка Ф. Дзюрэманта гэты твор адыграў надзвычай важную ролю. З аднаго боку, п’еса, упершыню пастаўленая ў Цюрыху ў 1956 годзе, прынесла аўтару як і фінансавы поспех, так і сусветнае прызнанне. Дастаткова сказаць, што за яе драматург быў ганараваны Мальераўскай прэміяй. А ўласную інтэрпрэтацыю “Візіта” неўзабаве ажыццявілі класікі сусветнага тэатра Пітэр Брук і Джордж Стэлер. З другога боку, як мяркуе літаратуразнаўца Ю.Архіпаў, “Візіт старой дамы” у найменшай ступені дзюрэнматаўская п’еса з усіх, якія ён напісаў. “Пачаць з таго, што яна хоць і “камічная”, але трагедыя, то бок напісана ў жанры, які камедыёграф Дзюрэнмат у сваіх тэарэтычных меркаваннях цалкам адвяргае. Дзеянне адбываецца ў сучаснай Швейцарыі, што таксама нязвыкла. П’еса дастаткова сухая, рацыянальная, у ёй мала смешнага, мала камічных вобразаў і сітуацый, у параўнанні з феерверкам дасціпнасці ў “Ромуле вялікім”, напрыклад, яна стварае ўражанне цалкам сур’ёзнай драмы. (…). І ўсё ж такі поспех “Візіта”, зразумела, не выпадковы”.

Адзін з сакрэтаў, безумоўна, хаваецца ў сюжэце. Згодна яму, у правінцыйны і жабрацкі Гюлен, горад сваёй маладосці, вяртаецца мульціміліянерка Клара Цаханасьян (Бела Масумян). У свой час яе каханы Альфрэд Іл (Аляксандр Суцкавер), кінуў дзяўчыну цяжарнай, каб ажаніцца з нявестай, што мела багаты пасаг. Клара была вымушана стаць прастытуткай, і з таго часу паклялася адпомсціць. Цяпер яна прапануе гараджанам мільярд даляраў у абмен на жыццё Іла…

П’еса Ф.Дзюрэнмата доўгі час была вядома на савецкай і постсавецкай прасторы дзякуючы некалькім перакладам, здзейсненым яшчэ ў канцы 1950 – 1960-я гады. Спецыяльна для “Загадкавага візіту” пастаноўшчык Барыс Луцэнка замовіў пераклад кінарэжысёру Уладзіміру Арлову. У выніку іх супрацоўніцтва драматургічны тэкст зазнаў істотныя змены і скарачэнні, што ўжо досыць нечакана для Рускага тэатра з яго кансерватыўным стаўленнем да аўтарскай драматургіі. Гаворка пра фінал яшчэ чакае нас наперадзе. Таму пакуль адзначу, што пастановачная група адмовілася ад шэрагу камічных, гратэскавых сцэнаў (напрыклад, сітуацыі, звязаныя з сёмым, восьмым і дзевятым супругамі Клары; людзьмі, што ўяўляюць дрэвы, кусты, жывёл). Вобраз галоўнай гераіні быў пазбаўлены асобных штрыхоў (напрыклад, у арыгінале ў Клары былі пратэзы замест левай нагі і правай рукі), дзякуючы чаму яна набыла больш чалавечых рысаў.

Калі разважаць пра рэжысёрскае прачынанне спектакля, варта нагадаць чытачам пра папярэднюю пастаноўку Б.Луцэнкі (“Эдып”), якая была ажыццёўлена на малой сцэне тэатра ў 2010 годзе. У аснове абодвух спектакляў ляжыць злачынства – выпадковае ці свядомае – здзейсненае галоўным героем у маладосці. Прычым і ў “Таемным візіце”, і ў антычнай гісторыі ім даводзіцца праз гады плаціць па рахункам. Прачытанне “Эдыпа” мела выразна хрысціянскі характар: у фінале цар Фіваў прасіў аб дараванні, і салісты хору з грукатам кідалі на зямлю камяні. Такім чынам праводзілася аналогія з учынкам Ісуса Хрыста, які пры спробе натоўпу закідаць камянямі Марыю Магдаліну прапанаваў здзейсніць гэты учынак тым, хто не грашыў сам. У выніку антычны хор успрымаўся і як хор нябесны, якія, згодна Божай волі, даруюць Эдыпу яго грахі пасля пакаяння.

У “Загадкавым візіце” Б. Луцэнка працягнуў і развіў гэту лінію. У адным з эпізодаў, калі героі ўзгадваюць сваю маладосць і здраду Іла, Клара цікавіцца ў галоўнага героя, што ён адчувае. Выслухвае адказ, а потым удакладняе, ці не жадае ён яшчэ што-небудзь дадаць. Гаворка відавочна ідзе пра пакаянне з боку Іла. Дзякуючы такому рэжысёрскаму ходу мільянерка губляе дэманічныя рысы і па-чалавечы дае шанец свайму былому каханаму. Але той ім не скарыстаўся.

Выбар зроблены. Надалей Б.Луцэнка асобнымі штрыхамі падводзіць гледачоў да думкі пра наканавасць падзей і наяўнасць у гісторыі асобы, што накіроўвае падзеі ў пэўнае рэчышча. Спярша здаецца, у такой ролі выступае Клара. Менавіта яна з’яўляецца сімвалам помсты, асуджае Іла на пакуты, а таксама падштурхоўвае жыхароў горада да дзеяння. Напрыклад, па радыё паведамляецца пра магчымасць браць тавары ў крэдыт (у арыгінале п’есы жыхары горада прыходзяць да гэтай думкі самі): паколькі гюленцы не маюць магчымасці плаціць за крэдыт, гэта прымушае думаць пра забойства.

Задачы, пастаўленай перад рэжысёрам, адпавядае і сцэнаграфія Веніаміна Маршака. У першых сцэнах здаецца, што яна ўяўляе сабой тунэль, праз які, не спыняючыся, імчаць цягнікі. Потым ён пераўтвараецца ў цэнтральную вуліцу горада, па баках якой размешчаны дамы. Але пазней становяцца відавочнымі і іншыя прыхаваныя сэнсы сцэнаграфіі. Часам яна ўяўляе сабой вузкі калідор з тупіком, у які заганяюць Іла, а той не можа адтуль вырвацца. У асобных эпізодах спектакля сцэнаграфія ўвасабляе сабой варонку, куды зацягвае галоўнага героя. Магчыма, яна падобная на колы пекла, які праходзіць Іл. Прызнаюся, даўно не бачыў у Рускім тэатры працу мастака-пастаноўшчыка, выкананую на такім узроўні. У трансфармацыі сцэнаграфіі істотную ролю адыгрывае святло. На жаль, на гэты аспект у калектыве часам не звяртаюць належнай ўвагі.

Калі ўвага акцэнтуецца на злавеснай ролі мільянеркі, гэта з’яўляецца дастаткова традыцыйным прачытанне п’есы Ф.Дзюрэнмата. Але Б. Луцэнка прапануе гледачам сваю версію ўзаемаадносін Клары і Іла, які, прайшоўшы ўсе колы пекла, разумее сваю віну і просіць аб дараванні. Хацелася б адзначыць глыбокае прачытанне Аляксандрам Суцкаверам вобраза. Артыст пераканаўча паказаў эвалюцыю героя. Самазадаволены лавачнік, які ганарыцца ўвагай да сваёй асобы з боку кіраўнікоў горада, паступова пераўтвараецца ў звера, загнанага паляўнічымі. Але ў выніку асэнсавання сваёй вінаватасці яго адчай змяняецца алімпійскім спакоем стоіка, асуджанага на пакаранне.

Згодна версіі рэжысёра, Цэханасьян прапануе жыхарам грошы, але не ставіць умовы забойства, адначасова дае выбар: пакінуць Іла ў жывых ці не. Нягледзячы на тое, што ў кананічным перакладзе такі фрагмент адсутнічае, яго з’яўленне падаецца апраўданым. Дзякуючы такому павароту сюжэта спектакль выходзіць на больш высокі ўзровень філасофскага абгульнення. Атрымліваецца, пытанне пра жыццё грэшніка, які пакаяўся, павінны вырашаць яшчэ большыя грэшнікі, які ніяк не абаранілі Клару ў гады яе маладосці і дагэтуль ўпэўненыя ў правільнасці свайго ўчынку. Адначасова рэжысёр уздымае праблему ўзаемаадносін чалавека і натоўпа, пытанні масавай свядомасці і стаднага інстынкту, што істотна ўзабагачае спектакль.

Адным з нешматлікіх фрагментаў “Загадкавага візіту”, які выклікаў непаразуменне або нават пратэст, стала фінальная сцэна. У ёй гераіня Б. Масумян прамаўляе высокі і аж занадта пафасны маналог пра вечнае пачуццё і будучае яднанне на востраве вечнага кахання. Інтэрпрэтацыя ўзаемаадносін Клары і Іла – як нянавісці праз каханне, безумоўна, мае права на існаванне. Але на маю думку, яна ніяк не суадносіцца з агульным рашэннем спектакля і крыху зніжае агульны ўзровень пастаноўкі. Акрамя таго, у адной з апошніх прэм’ер Рускага тэатра, спектаклі “Леў зімой”, Б.Масумян ужо даводзілася іграць гераіню, якая сваёй логікай паводзінаў нагадвае мільянерку (у абедзьвух праз гады раптам прачынаецца каханне). У выніку ўзнікае эфект паўтарэння, што крыху спрашчае вобраз Клары.

Аналізуючы “Загадкавы візіт” у кантэксце творчасці Луцэнка, нельга не адзначыць яшчэ адзін момант. Постаць рэжысёра, народнага артыста Беларусі, успрымаецца маладым пакаленнем як асоба гістарычная і легендарная. Але прызнаюся, калі глядзеў спектаклі Луцэнкі, што ідуць у яго калектыве на вялікай сцэне (“Ніначка”, “Свабодны шлюб”, “Распутнік”, “Мачаха”), не знікала здзіўленне, выкліканае пэўнай неадпаведнасцю паміж былымі дасягненнямі рэжысёра і ўзроўнем яго апошніх пастановак. Доўгі час толькі драма “Перад захадам сонца”, а таксама дзве пастаноўкі на малой сцэне (“Пайшоў муж ад жонкі” і “Эдып”) падцвярджалі ранейшае прызнанне пастаноўшчыка.

Значэнне “Загадкавага візіту” ў тым, што, няглядзячы на асобныя спрэчныя моманты, спектакль нарэшце вяртае гледачам сапраўднага Луцэнку. І адначасова паказвае, якім быў і якім можа быць Рускі тэатр.

Навошта вяртаецца дама?// Настаўніцкая газета. 2012. 14 ліпеня. № 83. С. 24.