Мяняем «Жызэль»… на «Жызэль»!

Адной з сёлетніх прэм’ер Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь стаў балет «Жызэль, або Вілісы».


Сцэна са спектакля.
Фота з сайта тэатра www.belarusopera.by

Вызначальнай тэндэнцыяй у развіцці Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь заўсёды была арыентацыя на класічныя здабыткі мінулых вякоў. У апошнія сезоны адной з праяў такой мастацкай палітыкі зрабілася прэзентацыя Андрысам Ліепам, заснавальнікам праекта «Рускія сезоны ХХІ», сусветнай харэаграфіі пачатку мінулага веку. Прычым як у гастрольным варыянце, так і ў стацыянарных пастаноўках («Тамар», «Шахеразада»). У тым жа рэчышчы — аднаўленне класікі ХІХ стагоддзя, якую ажыццяўляе на беларускай сцэне вядомы расійскі танцоўшчык і харэограф Мікіта Далгушын. Яго супрацоўніцтва з тэатрам распачалося прэм’ерай «Сільфіды», паказанай летась. Працягам стала новая інтэрпрэтацыя «Жызэлі» Адольфа Адана, у Мінску яна пятая па ліку. Цяпер спектакль займеў першапачатковую назву — «Жызэль, або Вілісы».

Шэдэўр сусветнай харэаграфіі перыяду рамантызму, гэты балет быў упершыню пастаўлены Жанам Каралі і Жулем Перо ў Парыжы ў 40-я гады ХІХ стагоддзя. Выканаўцай галоўнай партыі ў тым спектаклі з’яўлялася знакамітая Карлота Грызі.

У аснове падзей першай, рэалістычнай, часткі балета — каханне графа Альберта (Ігар Аношка) да сялянкі Жызэлі (Вольга Гайко). Але Ганс (Ягор Азаркевіч), які сам прэтэндуе на сэрца і руку дзяўчыны, выкрывае арыстакратычнае паходжанне канкурэнта, заручанага з герцагіняй. Жызэль, узрушаная здрадай каханага, губляе розум, памірае і становіцца вілісай…

Як вядома, у аснове сюжэта — рамантычная і адначасова містычная легенда, запісаная нямецкім паэтам Генрыхам Гейнэ, паводле якой нявесты, што памерлі да свайго вяселля, ашуканыя каханымі, выходзяць ноччу з магіл, і гора сустрэчнаму, які трапіўся на іх шляху. Вілісы прымушаюць яго танцаваць да таго часу, пакуль падарожнік не падае на зямлю непрытомны. Легенда надзіва дакладна адпавядае сутнасці рамантычнага мастацтва з ягоным кантрастам паміж светам рэальным і фантастычным. І адначасова — сутнасці харэаграфічнага жанру.

Апошні раз на нашай сцэне «Жызэль» была ўзноўлена ў 1987 годзе знакамітай пецярбургскай балерынай Ірынай Калпаковай, спектакль знаходзіўся ў някепскім стане і да сённяшняй вясны прысутнічаў у рэпертуары. Зрэшты, з’яўленне новай версіі сёлета не несла якой-небудзь рызыкі для трупы. «Жызэль» — адзін з самых старых балетаў, у якім захаваўся першасны харэаграфічны тэкст. Таму пры класічным увасабленні «Жызэлі» большасць балетмайстраў грунтаваліся на версіі Каралі, Перо і Марыуса Пеціпа і ажыццяўлялі ў лепшым выпадку ўласную сцэнічную рэдакцыю.

Як сцвярджаў сам Далгушын, яго задача — зрабіць першасны харэаграфічны тэкст цікавым, жывым, насычаным эмоцыямі, зразумелым кожнаму: «Немагчыма сцвярджаць, што мы здолелі паўтарыць спектакль 1842 года, бо ён меў неаднаразовыя змены, аднак мы захавалі галоўнае — рамантычную структуру першакрыніцы».

Пры аналізе апошняй мінскай «Жызэлі» варта казаць найперш пра інтэрпрэтацыю салістамі вобразаў, пра пэўныя штрыхі, адценні, якія адрозніваюць новы спектакль ад папярэдняга. Выразнай і экспрэсіўнай у сваім танцы паўстае Вольга Гайко, выканаўца галоўнай партыі.

Сінхроннасць і пластычнае суладдзе па-ранейшаму ўласцівыя танцам віліс у другой частцы, што стварае ўражанне фантастычнасці дзеі (дарэчы, цяпер вілісы з’яўляюцца на сцэне ў белых накідках — гэта прымушае ўзгадаць доўгую фату як частку вясельнага ўбору і ўзмацняе драматызм іх вобразаў).

Найбольш відавочныя змены візуальныя — у сцэнаграфіі і касцюмах (мастак Вячаслаў Окунеў). Бледна-блакітны колер пераўтварыўся ў густа-сіні ў адзенні гераіні. Ярчэйшымі зрабіліся касцюмы кардэбалету, магчыма, гэта дало падставу музыказнаўцы Надзеі Бунцэвіч сказаць, што першая дзея зрабілася больш ідылічнай. Прэзентабельна стаў выглядаць дом галоўнай гераіні. А вось будынак, дзе Альберт хавае шпагу і шляхецкую вопратку, зведаў «капітальны рамонт».

На маю думку, вызначальнай рысай новай «Жызэлі» з’яўляецца фатальнасць трагічных падзей. Пра тое кажа шэраг акалічнасцей. Па-першае, раней любоўная ідылія разгортвалася на ўлонні прыроды, удалечыні ад прыдворнага свету. Цяпер замак, абрысы якога ўзнікаюць на маляўнічым задніку, нібыта сведчыць, што граф толькі часова здатны вызваліцца ад законаў свайго асяродка.


Сцэна са спектакля.
Фота з сайта тэатра www.belarusopera.by

Змену канцэпцыі пацвярджае і рашэнне вобраза Альберта. Выканаўцы партыі звычайна выбіраюць адну з дзвюх інтэрпрэтацый. Малады граф — або ахвяра выпадковага збегу абставінаў, або ігрок, які не разлічыў усіх наступстваў гульні. Герой Ігара Аношкі аказаўся надзвычай рамантычным, шчыра закаханым, у нечым крохкім юнаком. Таму складвалася ўражанне, што, нягледзячы на палкасць пачуццяў, ён не зможа абараніць Жызэль ад арыстакратычнага свету, якому належыць ад нараджэння. І нарэшце — фінал спектакля. У традыцыйнай версіі лібрэта Альберт застаецца жывым, але назаўжды страчвае Жызэль, бо ўлада віліс дзейнічае толькі ўначы. У версіі Далгушына юнак застаецца ляжаць нерухомым на зямлі. Застаецца толькі здагадвацца: ці ён знепрытомнеў, уражаны перажытым, ці рушыў услед за каханай у свет прывідаў.

Наогул спектакль прадэманстраваў добры тэхнічны ўзровень трупы і засведчыў яе здольнасць вырашаць яшчэ больш складаныя творчыя задачы, чым тыя, што пакуль ставяцца перад ёй.

Мяняем «Жызэль»… на «Жызэль» (пад псеўданімам Даніла Арцімовіч)// Мастацтва. 2012. № 6. С. 11