Слова пра Кастуся Тарасава

Сёлета знакамітаму беларускаму гістарычнаму пісьменніку Кастусю Тарасаву споўнілася б 70 гадоў.

Глыбіня створаных ім раманаў і аповесцяў, а таксама тая акалічнасць, што яго творы па-ранейшаму не атрымалі належнага аналізу, прымушае нас зноў звярнуцца да асэнсавання феномена іх аўтара.

Месца Тарасава ў беларускай літаратуры можа быць патлумачана толькі праз зварот да двух плыняў інтэрпрэтацыі мінулага, якія трывала замацаваліся ў гістарычнай прозе.

Пачатак першай з іх звязаны з культавай постацю Уладзіміра Караткевіча. Думаецца, што Уладзімір Сямёнавіч разглядаў мінулае не як класічны гістарычны пісьменнік, а хутчэй як пісьменнік-фантаст, чый позірк быў скіраваны не ў будучыню, а ў гісторыю. На чым грунтаваўся такі падыход?

Падчас з’яўлення ў літаратуры Караткевіча беларуская гістарычная прастора заставалася некранутай і мала каму вядомай. Таму пісьменнік прыдумаў міф, прыгожую легенду пра наш край, на прасторах якога дзейнічалі негістарычныя асобы, народжаныя яго фантазіяй. У той час аб’ектыўнага разумення ў грамадства гісторыі не было наогул. Таму ўвод у якасці станоўчага героя кіраўніка аднаго з дзяржаўных утварэнняў (Полацкага княства, ВКЛ ці Рэчы Паспалітай) мог аўтаматычна адштурхнуць ад беларускай ідэі чытача, выхаванага на думцы, што Полацк з’яўляўся часткай Старажытнарускай дзяржавы, а два наступныя дзяржавы былі, адпаведна, літоўскай і польскай. У якасці альтэрнатывы пісьменнік прапагандаваў вуснамі сваіх герояў любоў да роднай зямлі без прывязкі да дзяржаўных утварэнняў. Заклік, на які адазвалася цэлае пакаленне, прывёў да асэнсавання сябе і адначасова, да неабходнасці канкрэтыкі і суровай гістарычнай праўды. У такіх умовах у літаратуру прыйшоў Кастусь Тарасаў.

Выпускнік хімічнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута, Тарасаў быў досыць далёкі ад гуманітарнага асяроддзя. Ён змяніў шмат прафесій, але да творчай, журналісцкай працы звярнуўся позна, калі размяняў ужо трэці дзесятак. Друкавацца як пісьменнік пачаў яшчэ пазней: толькі ў 1976 годзе, калі яму споўнілася 36 гадоў, у “Нёмане” выйшла аповесць “Следственный эксперимент”. Але ўжо праз чытары гады з’явіўся яго славуты раман “День рассеяния”. Менавіта гэты твор, які стаў адной з візітных картак пісьменніка і пазней быў выдадзены пад назвай “Пагоня на Грунвальд”, заклаў прынцыпы гістарычнага пісьменства другой плыні.

Тарасаў істотна змяніў ракурс і форму назірання за мінулым. Творы Караткевіча па сваёй эпічнасці і абагуленасці нагадвалі верталётныя фотаздымкі. У адрозненне ад свайго папярэдніка Тарасаў спусціўся на зямлю, пераўтварыўся з летапісца сівой даўніны, які апісваў падзеі з вышыні некалькіх стагоддзяў, у непасрэднага відавочцу. Таму ў “Пагоне на Грунвальд” гісторыя была паказана на шырокім фоне: ліцвіны і палякі, крыжакі і татары; бітвы і сямейнае жыццё; панарамнае апісанне Грунвальдскай бітвы.

Іншым стаў пісьменніцкі падыход. У Караткевіча гісторыю рухалі народныя масы на чале са сваімі павадырамі. У Тарасава логіка падзей абумоўлівалася палітыкай эліты грамадства і дзеяннямі простых людзей, якія рэалізоўвалі заканамернасці гісторыі праз выпадковасці. Так, герой “Пагоні на Грунвальд” Андрэй Ільініч арыштоўваў князя Свідрыгайлу, удзельнічаў у вандроўцы Вітаўта да імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і спрыяў перамозе над крыжакамі.

Як ужо адзначалася, перад пакаленнем Тарасава стала праблема выбару, ідэнтыфікацыі беларускай нацыі, а неўзабаве і маладой дзяржавы з ранейшымі дзяржаўнымі ўтварэннямі на тэрыторыі Беларусі. Лагічны выбар быў зроблены на карысць Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага, гісторыя якіх стала тэмай большасці тарасаўскіх твораў.

Але самым галоўным у творчасці Тарасава стаў іншы, у параўнанні з Караткевічам агульны настрой. У “Пагоне на Грунвальд” Кастусь Тарасаў адпраўляе на смерць двух галоўных герояў, якія раней вярнуліся жывымі з Грунвальдскай бітвы. Прычым, Юрыя забіваюць у Чэхіі, а Андрэя Ільініча – у час міжусобнай барацьбы ў ВКЛ. Атрымліваецца, што ў той момант яны абаранялі не родную зямлю, а сталі разменнымі пешкамі ў чужой гульні.

Цікава, што той жа гістарычны перыяд апісвае Генрых Сянкевіч у сваіх “Крыжаках”. Але яго героі Мацько і Збышка дажылі да глыбокай старасці. А Збышка дачакаўся той шчаслівай хвіліны, калі адбылося канчатковае падпарадкаванне Тэўтонскага ордэна Польшчы.

Што ж атрымліваецца? Пасля прачытання “Крыжакоў” чытач мог убачыць, што змаганне з крыжакамі вялося не дарма, і Польшча атрымала доўгачаканы выхад да мора. А вось “Пагоня на Грунвальд” нібыта у чарговы раз адлюстроўвала трагічнае светаўспрыманне як беларускіх пісьменнікаў, так і ментальнасць народа.

Але Сянкевіч, як, дарэчы, і Караткевіч, з’яўляўся абуджальнікам нацыі. Таму раманы абодвух пісьменнікаў пры ўсёй трагічнасці апісваемых падзей не маглі не прапагандаваць нацыяльнальную ідэю праз аптымізм галоўных герояў – носьбітаў гэтай ідэі. Тарасаў несумненна пайшоў далей. Ён зразумеў ці, хутчэй, наважыўся паказаць, што гісторыя трагічна сама па сабе, што ў ёй далёка не заўсёды бываюць пераможцы. Перафразіруючы Л. Галубовіча, можна сфармуляваць прынцып Тарасава знакамітымі радкамі: “Ты — боль, гісторыя. Ты — быль.// Твае суровыя законы// He для забаў, не для гульбы — // А пошук ісціны да скону”.

Абодва пісьменніка заклалі дзве традыцыі асэнсавання мінулага. Класічным прыхільнікам караткевічаўскага падыходу з’яўляецца Людміла Рублеўская (“Золата забытых магіл”, “Пярсцёнак апошняга імператара”). Тарасаўскага – Вітаўта Чаропкі (“Храм без бога”), Алеся Наварыча (“Літоўскі воўк”) і Андрэч Федарэнкі (“Нічые”). Паколькі беларускае грамадства знаходзіць, так бы мовіць, у палоне караткевічаўскага падыходу, гэтыя творы выклікалі пэўныя пярэчанні сярод чытачоў. А вось Леанід Дайнека і некаторыя яго калегі выкарысталі прынцыпы абедзвюх традыцый, што і прадвызначыла іх найбольшую папулярнасць сярод аматараў гісторыі.

Творы Кастуся Тарасава сталі адной з вяршыняў беларускай гістарычнай прозы, а яго асоба абумовіла развіццё гэтага жанру на дзесяцігоддзі.

Дзяніс Марціновіч “Ты — боль, гісторыя. Ты — быль”// Літаратура і мастацтва. 2010. 5 лістапада. № 44. С. 13.

Слова пра Кастуся Тарасава: 2 комментария

  1. Вось яшчэ адно падцвярджэнне тэзісу аб тым, што Гісторыя-гэта не навука, а хутчэй пэўная сфера ведаў, у дадзеным выпадку аб мінулым. Напрыклад, Кастусь Тарасаў, першапачаткова зусім не звязаны з гуманітарнымі навукамі, змог стаць выдатным, няхай і пісьменнікам, але ўсё ж такі гістарычным. Таму, чым болей праходзіць часу з моманту заканчэння вучобы на гіст.факу, тым усё большым прыхільнікам тэзісу аб ненавуковасці гісторыі я станаўлюся.
    Але самае галоўнае заключаецца ў тым, што значная частка насельніцтва нашай краіны мала цікавіцца сваёй гісторыяй, няхай сабе і ў форме гістарычнай білетрыстыкі.

  2. Усё лагічна: калі Тарасаў закончыў бы гістфак, яго ўзялі ў аспірантуру. А так выбара не заставалася:)
    Калі сур’ёзна, гістарычная адукацыя вельмі часта адбівае творчую фантазію. Ды і навуковае мысленне не стасуецца з мастацкім. Таму амаль ніхто з выпускнікоў гэтай установы не стаў пісьменнікам.

Комментарии запрещены.