Як перамагчы графаманію?

У чэрвеньскім нумары часопіса “Маладосць” маю ўвагу прыцягнула апавяданне Жанны Капусты “Вы яшчэ не чыталі…”.


Жанна Капуста

Згадзіцеся, праца ў розных жанрах з’яўляецца дастаткова звыклай з’явай у літаратурным асяроддзі. Але Ж. Капуста больш вядома чытачам як востры крытык. Наважыцца пасля крытычных рэцэнзій на публікацыю ўласных творчых спроб — дастаткова вялікая рызыка. Такія публікацыі разглядаюцца ўсімі былымі “ахвярамі” пад павелічальным шклом.

Але Жанна Капуста добра пажартавала з пакрыўджаных творцаў. Больш за тое, яна, відавочна, не ставіла перад сабой тытанічных, глыбокіх мастацкіх задачаў і фактычна працягнула сваю крытычную лінію… у празаічным жанры.

Галоўная гераіня апавядання — малады крытык Ніна Жарновіч, якая працуе ў рэдакцыі газеты “Літаратурная сталіца”. Згодна сюжэту, яна атрымлівае заданне: зрабіць тэрміновы матэрыял пра паэта Яраслава Паніна, уганараванага прэміяй У.Дубоўкі. Ніна даўно захапляецца асобай творца і яго вершамі, але нават не ўяўляе, які сюрпрыз чакае яе падчас знаёмства…

Як і любы мастацкі твор, апавяданне Ж. Капусты можна разглядаць у некалькіх ракурсах. Перш за ўсё, яно з’яўляецца класічным выкрыццём графаманства і графаманаў. Адметна, што стылістыцы твора амаль няма трагічна-абуральных матываў. Наадварот, належнае месца ў ім займае гумар, гратэск. Як пафасна гучаць некаторыя пісьменніцкія рэплікі! “Нядаўна я скончыў друкаваць у “Маладзіку” сваё дзённікавыя запісы”, – кажа ў прысутнасці Ніны пісьменнік Малажай. “Дык вось яна рабіла агляд самых значных публікацый “Маладзіка” за год, а мой дзённік – ні слова ні паўслова. А гэта ж досвед цэлага пакалення! Гэта ж адбіццё эпохі! Мы ж для вас, маладых робім, а ў адказ – ні пашаны, ні ўдзячнасці…”.

Як камічна выглядае параўнанне дзвюх сітуацый! Спярша Панін крычыць Ніне, што яе начальнік Сцяпан Юр’евіч “сам пісаць не ўмее і іншым не дае”, і “проста мне зайздросціць”. А потым пры сустрэчы з ім галоўным рэдактарам сцвярджае супрацьлеглае: “Чытаў вашыя апошнія апавяданні ў “Маладзіку”. (…). Гэта ж проста нейкі цуд – такое глыбокае разуменне жыцця, такое тонкае пранікненне ў жаночую псіхалогію!”.

Удалым ходам з’яўляецца пабудова твора, пры якім ўзаемаадносіны Ніны з графаманамі паўтараюцца. Напрыклад, пісьменнік Галёкаў атакуе Ніну па тэлефоне, а Блавацкі – у інтэрнеце, Панін і яшчэ адзін творца, Жардзецкі, пускаюць ёй пыл у вочы пры асабістай сустрэчы, а ўжо потым выяўляюць сваю сутнасць. Пры такой канцэпцыі рэчаіснасць інтэрпрэтуецца як бясконцы літаратурны лабірынт, кожны калідор у якім з’яўляецца тупіковым. Ж. Капуста падводзіць чытачоў да думкі, што надалей іх чакаюць яшчэ большыя “адкрыцці”, пра што сведчыць і назва апавядання.

Не сакрэт, што ледзь не ўсе ўдзельнікі літаратурнага працэсу з вялікай цікавасцю адсочваюць падрабязнасці калялітаратурнага жыцця. Для такіх людзей апавяданне Ж. Капусты з’яўляецца сапраўдным кландайкам. А шэраг чытачоў захоча разгадаць асобаў, якія сталі прататыпамі тых ці іншых пісьменнікаў.

Але адначасова тут хаваюцца і падводныя камяні. Шэраговыя чытачы застануцца далёкімі ад высвятлення адносін паміж пісьменнікамі і крытыкамі. Аднак ўпэўнены: калі Ж. Капуста імкнецца выплюхнуць з айчыннай літаратурнай “ваннай” брудную ваду графаманіі, трэба быць асцярожным, каб разам з ёй не страціць і таленавітых “дзяцей”-творцаў.

Зразумела, графаманія – невынішчальная з’ява. Было б наіўна спадзявацца на тое, што яе атрымаецца перамагчы адным апавяданнем. Але тая акалічнасць, што яе існаванне ўспрымаецца не з трагічнай сур’ёзнасцю, а з іроніяй і камізмам, сведчыць, што ў айчынным прыгожым пісьменстве яшчэ не ўсё страчана.

Як перамагчы графаманію?// Літаратура і мастацтва. 2012. 27 ліпеня. № 30. С. 7.