Як вярнуць спадчыну Скарыны?

Учора споўнілася 495 гадоў з часу з’яўлення першай кнігі Францыска Скарыны. Між тым з 341 друкаванага ці рукапіснага асобніка скарынаўскіх выданняў у Беларусі знаходзіцца толькі 12. Як вярнуць астатнія на Радзіму?


Францыск Скарына.
Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё».
Прага. 1519

Сярод ураджэнцаў Полацка, якія праславілі свой родны горад на ўвесь свет, адным з самых славутых з’яўляецца Францыск Скарына. Як адбываецца вывучэнне яго спадчыны ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады? Калі айчынныя чытачы змогуць пазнаёміцца з усімі выданнямі нашага першадрукара? Пра гэта чытачам расказвае Галіна Кірэева, загадчык навукова-даследчыга аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

— Як вядома, у жніўні 2017 года спаўняецца 500 гадоў з часу з’яўлення першай беларускай кнігі “Псалтыра”, якую выдаў Ф. Скарына. Гэты юбілей як падзею сусветнага маштаба плануецца адначаць сусветнай грамадскасцю пры падтрымцы ЮНЕСКА. Між тым сітуацыя са спадчынай Скарыны, дакладней тым, яна прадстаўлена ў Беларусі, выглядае далёкай ад ідэальнай. У наш час выяўлена каля 341 друкаваны экзампляр і рукапісных кніг нашага першадрукара, які знаходзяцца за межамі краіны: у бібліятэках і музеях Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Расіі і Украіны. У Беларусі знаходзіцца толькі 12 (!) друкаваных і рукапісных кніг, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Неабходнасць іх прысутнасці ў беларускай прасторы з’яўляецца відавочнай. Калі не непасрэдна, дык ў электронным варыянце ці ў выглядзе факсіміле. Менавіта таму ў 2011 годзе супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі распрацавалі праект праграмы, разлічанай на 2011 – 2017 гады. Яе мэтай з’яўлялася старэнне навуковай бібліятэкі, якая адлюстроўвала ўсю спадчыну Скарыны, і далейшае факсімільнае выданне яго кніг. Гэта праграма стала асновай дваццаць пятага пункта Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады, якая прадугледжвала “Стварэнне электроннай бібліятэкі «Францыск Скарыны – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар»”.

У межах праграмы, каардынатарам якой выступае Міністэрства культуры Республики Беларусь, вылучаюцца тры этапы. Першы з іх (2011) з’яўляўся падрыхтоўчым і прадугледжваў падрыхтоўку плану па рэалізацыі праграмы, выяўленне, апісанне і характарыстыку асноўных бібліяграфічных прац; выяўленне апублікаваных тэкстаў. А таксама правядзенне перамоў на права капіравання дакументаў з бібліятэкамі і музеямі Вялікабрытаніі, Германіі, Украіны, Даніі, Літвы і Расіі наконт правоў капіравання дакументаў.

У якасці прыкладу непасрэднай працы можна спыніцца на сітуацыі з Украіны. Пасля перамоў з Міністэрствам культуры і турызму Украіны навукоўцы прыйшлі да высновы: неабходна супрацоўнічаць з кожнай установай паасобку. Таму наладзілі кантакт з Адэскай нацыянальнай навуковай бібліятэкай імя Горкага, дзе захоўваюцца сем выданняў Скарыны; Харкаўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкай імя Караленка, дзе маецца рукапісная копія, складзеная па выданню “Апостал”; Нацыянальнай бібліятэкай Украіны імя В.І. Вярнадскага, у фондах якой ёсць факсімільнае выданне скарынаўскай “Бібліі”.

Наогул, ва ўзаемадачыненнях з кожнай краінай сітуацыя розная. Там, дзе атрымліваецца (напрыклад, ва Украіне), мы імкнемся ажыццявіць раўназначны абмен: мяняем копію на копію. Дзе не атрымліваецца (напрыклад, у Расіі), спрабуем дамовіцца іншымі шляхамі. Гаворка хутчэй ідзе або пра платныя, або, калі паміж установамі заключаны дамовы пра супрацоўніцтва, пра бясплатныя паслугі.

Асноўным элементам другога этапу (2011–2016) з’яўляецца стварэнне электроннай бібліятэкі. Яе мэта – інтэграваць электронныя версіі ўсіх выяўленых экземпляраў і рукапісных спісаў XVI–ХХІ стагоддзяў, факсіміле і крытычныя выданні твораў Скарыны, даследчую і навукова-энцыклапедычную літаратуру пра яго (манаграфіі, артыкулы, даведнікі, бібліяграфія). Усе крыніцы павінны узнаўляцца з максімальнай паўнатой (асноўны тэкст, ілюстрацыйны шэраг, службовыя старонкі) з захаваннем арфаграфіі і пунктуацыі крыніц.

Сістэма будзе падтрымліваць гіпертэкставыя і гіпермедыйныя сувязі. Таму карыстальнікі электроннай бібліятэкі змогуць ажыццяўляць пошук, выкарыстоўваючы кірылічны або лацінскі алфавіт, камбініраваны пошук, сартыроўка яго вынікаў, экспарт інфармацыі.

Трэці, завяршальны этап (2016-2017), прадугледжвае факсімільнае выданне кніг Ф. Скарыны. Працу над праектам плануецца завяршыць да юбілею выдання першай беларускай і ўсходнеславянскай кнігі, які будзе ўрачыста адзначацца ў Нацыянальнай бібліятэцы і ва ўсёй Рэспубліцы, а таксама за яе межамі ў 2017 годзе. Калі ўсе пункты праграмы будуць рэалізаваныя, можна будзе з упэўненасцю сказаць, што Скарына цалкам вярнуўся ў беларускую культурную прастору.

Скарына вяртаецца// Літаратура і мастацтва. 2012. 25 мая. № 21. С. 21.