Мазыр… як музейны “востраў”

Адной з адметнасцяў Берліна з’яўляецца музейны востраў, уключаны ў спіс ЮНЕСКА. Але манаполія немцаў была парушана ў Мазыры. Канцэнтрацыя ў цэнтры горада шэрагу адпаведных устаноў, што ўваходзяць у Аб’яднаны краязнаўчы музей аддзела культуры Мазырскага райвыканкама, дазваляюць казаць пра існаванне своеасаблівага музейнага “вострава” ў сталіцы паўночнага Палесся. З ім мы пазнаёмімся дзякуючы старшаму навуковаму супрацоўніку ўстановы Віталіне Сайфутдзінавай.


Частка Мазырскага замка

Гісторыя музейнай справы на Мазыршчыне багатая на пераўтварэнні і рэагранізацыі. Музей, заснаваны ў 1948 годзе, першапачаткова меў абласны статус, паколькі горад пэўны час з’яўляўся цэнтрам Палескай вобласці. У 1954-м ён набыў статус гарадской краязнаўчай установы. Доўгі час музей размяшчаўся ў будынку на вуліцы Ленінскай, але пасля будаўніцтва на гэтым месцы кінатэатра страціў свае плошчы. Таму пэўны час супрацоўнікі былі вымушаны займацца толькі захаваннем калекцый. Музейная справа ў рэгіёне атрымала новы імпульс у 1990-я гады, калі ў адрамантаваным будынку на Гары Камунараў адкрылася новая экспазіцыя краязнаўчага музея. Паколькі колькасць структурных адзінак, якія вялі даследаванні ў сваім накірунку, з часам павялічвалася, у 2000 годзе установа атрымала назву Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей (цяпер Аб’яднаны краязнаўчы музей аддзела культуры Мазырскага райвыканкама).

Большасць яго частак знаходзяцца побач адна ад адной, у цэнтры горада. Па-першае, гэта ўласна краязнаўчы музей (на Гары Камунараў, 8), дзе маюцца аддзелы прыроды, археалогіі і баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў. Па-другое, музей народнай культуры Мазыршчыны “Палеская веда” (адкрыўся ў 1999 годзе), што знаходзіцца побач, на Камсамольскай, 15. Яго экспазіцыя — вынік працы навукоўцаў у этнаграфічным накірунку. Асноўная мэта экспазіцыі – паказаць сістэму ведаў чалавека пра свет, светабачанне людзей, якія жылі на мазырскім Палессі.

Па-трэцяе, выставачная зала (вуліца Савецкая, 132), што знаходзіцца ў адным будынку з мазырскай кнігарняй “Светач”. У зале прэзентуецца творчасць мастакоў горада і рэгіёна. Чацвёрты структурны элемент музея – музей-майстэрня мастака-кераміста Мікалая Пушкара (вуліца Якуба Коласа, 1а). Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з творчасцю майстра, а таксама ўбачыць ва ўсіх падрабянасцях працэс стварэння керамичнага вырабу. Пятая частка Аб’яднага музея знаходзіцца ў вёсцы Раманаўка за Мазыром. Гэта музей партызанскай славы.

Думаю, галоўным музейным унікатам Аб’яднанага краязнаўчага музея можна лічыць шосты элемент агульнай структуры: дэкаратыўна аформлены гістарычны цэнтр горада «Мазырскі замак» (Гара Камунараў, 8). Як вядома, амаль усе беларускія замкі, якія дайшлі да нашых дзён, знаходзяцца на захадзе Беларусі. На Палессі яны наогул адсутнічаюць. Між тым, гісторыя Мазыра сведчыць пра існаванне там умацаванняў. Замак, які ўпершыню ўзгадваецца ў летапісы ў 1519 годзе, вытрымаў набегі татараў, мяцеж князя Міхаіла Глінскага, напады ворагаў ВКЛ. Але ў 1649-м, па загаду віленскага ваяводы Януша Радзівіла Мазырскі замак быў спалены (за удзел жыхароў горада ў паўстанні Хмяльніцкага) і больш не выкарыстоўваўся ў якасці абарончага збудавання.


Двор замка

Ідэя яго аднаўлення лунала яшчэ з другой паловы мінулага стагоддзя, але была рэалізаваная толькі ў пачатку 2000-х гадоў. З-за шэрагу прычын было вырашана абмежавацца стварэннем дэкаратыўнага замка – пакуль што адзінага ў Беларусі. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў 2005 годзе і было прымеркаванае да 850-годдзя горада.

Замак размешчаны на тым жа месцы, дзе калісьці знаходзіліся гістарычныя збудаванні: на гары Камунараў, што глядзіць на цэнтральную Савецкую вуліцу, плошчу Леніна і Прыпяць. Замак уключае ў сябе драўляную крапасную сцяну і тры вежы, якія называюцца “Збройная”, “Паляўнічая” і “Адміністрацыйная”.


Пастраляем з гарматаў?

Істотна, што замак выкарыстоўваецца як музейны і турыстычны аб’ект. Падчас гарадскіх святаў тут абавязкова праводзяцца мерапрыемствы. Запрашаюцца рыцарскія клубы, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй. Госці могуць пагуляць у шахматы, вышынёй у 35-40 см або пастраляць з сапраўднага лука. Вялікай папулярнасцю карыстаецца музейнае мерапрыемства “Сустрэча маладых”. Князь і княгіня сустракаюць жаніха і нявесту, якія выконваюць разнастайныя заданні і праходзяць этапы, дзякуючы чаму знаёміцца з усёй тэрыторыяй музея.

Акрамя таго, у замку ў перыяд навагодніх святаў ўжо некалькі гадоў размяшчаецца рэзідэнцыя палескага Дзеда Мароза. Кожны Новы год музейныя супрацоўнікі ствараюць іншы сцэнарый. Пра папулярнасць свята сведчыць той факт, што яго прыязджаюць хлопцы і дзяўчаты з усёй Гомельскай вобласці, а прадстаўленні паўтараюцца па пяць разоў у дзень.

Мазыр… як музейны «востраў»// Літаратура і мастацтва. 2012. 29 чэрвеня. № 26. С. 22.
Апублікавана з невялікімі скарачэннямі.
Усе фота аўтара