Людзі не на балоце. Чым жыве Палескі тэатр?

Пінск – горад з даўнімі тэатральнымі традыцыямі. У свой час у сталіцы Палесся працаваў прафесійны драматычны тэатр, пераведзены ў 1954 годзе ў Магілёў. Пазней у горадзе дзейнічала аматарская трупа. У 1959-м яна атрымала статус народнага тэатра, а ў 1992 была пераўтворана ў тэатр-студыю “Дыяген”. У 2006 годзе створанага на яе аснове быў створаны Палескі драматычны тэатр. Пра сітуацыю ў калектыве і далейшыя планы чытачам блога расказвае Алена Гаўрыловіч, в.а. дырэктара – мастацкага кіраўніка.


Палескі тэатр.
Выгляд з перакрыжавання вуліц Каржа і Веры Харужай

Жанчына-рэжысёр – з’ява для Беларусі рэдкая. Жанчына на чале тэатра наогул выключэнне. Як вы ўзначалілі калектыў?

– У свой час мне трапіўся артыкул Вітаўтаса Грыгалюнаса, які шчыра прызнаваўся, што не разумее, як жанчыны могуць з’яўляцца рэжысёрамі (смяецца). Але ў апошні час сітуацыя змяняецца. Можа, адчуваюцца праявы эмансіпацыі і жанчыны становяцца больш моцнымі за мужчын (смяецца)? Наогул, спярша я была актрысай тэатра, потым закончыла аддзяленне рэжысуры мінскага Інстытута культуры, працавала пастаноўшчыкам у Івана Базана, які сумяшчаў пасады дырэктара-мастацкага кіраўніка тэатра. Але ў мінулым годзе ён цяжка захварэў. Мяне запрасілі ў Пінскі гарвыканкам і прапанавалі часова яго замяніць. Але на пасадзе дырэктара я сябе не ўяўляла. Дадатковая адказнасць магла толькі перашкодзіць творчасці, таму адмовілася. Тады мне прапанавалі заняць гэтыя пасады ўсяго на тры месяца, пакуль не знойдзецца больш годная кандыдатура.


Палескі тэатр.
Выгляд з вуліцы Каржа

Але абставіны склаліся так, што прыйшлося затрымацца амаль што на цэлы год.Трэба было добра папрацаваць, кааб палепшыць фінансавыя паказчыкі. Палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база. У 2011-м ўпершыню выехалі на фестываль “Белая вежа” са спектаклем “Гаральд і Мод”. Прычым вынікова: Вольга Шэндэр (Мод) атрымала спецыяльны прыз за “Высокае выканальніцкае майстэрства”.

Ахарактарызуйце, калі ласка, уласны калектыў і вынікі яго працы.

– Ён невялікі: усяго 18 акцёраў. Большасць з іх вочна скончылі Магілёўскі каледж мастацтваў і завочна сталічную Акадэмію мастацтваў. Праблема ў правінцыйнасці горада. Завабіць сюды акцёра з вышэйшай адукацыяй, атрыманай вочна, дастаткова складана. Таму даводзіцца шукаць мясцовыя таленты. У мінулым годзе мы адкрылі пры Палескім тэатры студыю. Як заўсёды, напачатку прыйшло шмат людзей (студэнты, працоўная моладзь), але мы пакінулі чалавек шэсць. Наш рэжысёр Павел Марыніч паставіў для іх спектакль “Як бабкі-ёжкі казку ратавалі”. Наўмысна не акцэнтавалі ўвагу, што на сцэне выступаюць аматары. Але большасць гледачоў не ўбачыла асаблівай розніцы. У перспектыве плануем ажыццявіць новы набор.


Інтэр’ер тэатра

Рэпертуар нашага тэатра дастаткова традыцыйны. З беларускіх аўтараў ідуць В.Дунін-Марцінкевіч (“Пінская шляхта”), Г.Марчук (“Кветкі правінцыі”) і А.Курэйчык (“Асцярожна, жанчыны”), з заходніх творцаў – А.Касон (“Дзікун”), Р.Куні (“Ён, яна, акно і пакойнік”), К.Хігінс (“Гаральд і Мод”) і “Эквус” П. Шэфера. Руская класіка прадстаўлена А.Астроўскім (“Навальніца”), сучасныя рускія драматургі – імёнамі У.Жарабцова (“Палёты паветранага змея”), М.Каляды (“Старая зайчыха”), Л. Разумоўскай (“Я так хачу дадому”, “Ваша сястра і палонніца”) і В.Сігарова (“Гіпнацізёр”). Багаты і дзіцячы рэпертуар. На спектаклях пераважае моладзь (студэнцкая, рабочая), інтэлігенцыя, прыдпрымальнікі, людзі сталага веку. Запаўняльнасць нашай залы, што налічвае 110 чалавек, добрая. Праўда, часам нас падводзяць арганізацыі. Яны выкупляюць квіткі, раздаюць іх сваім супрацоўнікам, а тыя незаўсёды даходзяць да тэатра.

Якія далейшыя планы ў Палескага тэатра?

– Наогул, за сезон мы імкнемся парадаваць гледачоў двума новымі спектаклямі для дарослых і двума-трыма – дзя дзяцей. Сёлета 9 чэрвеня рэжысёр Павел Марыніч паставіў “Раскіданае гняздо” па аднайменнай драме Янкі Купалы. Прыемна, што цяпер у нашым рэпертуары ёсць і беларускамоўны спектакль. У бліжэйшых планах дзве мае пастаноўкі: “Ладзя роспачы” паводле аднайменнага твора Караткевіча (прэм’ера запланавана на восень) і “Пікавая дама” Пушкіна (бліжэй да зімы).


Частка глядзельнай залы

На якія дасягненні айчыннага тэатра за апошні час вы арыентуецеся ў сваіх творчых пошуках?

– Падчас свайго навучання ў Мінску імкнулася не прапускаць ніводнай прэм’еры. Цяпер атрымліваецца глядзець пастаноўкі, якія паказваюцца або падчас гастроляў, або на фестывалях. Апошнім часам у Пінск наведваліся Купалаўскі тэатр з “Вечарам”, “Пінскай шляхтай”, “Каханнем ў стылі барока” і “Памінальнай малітвай”, Брэсцкі тэатр, нядаўна прыязджаў калектыў з украінскага Мукачова. Звычайна такія спектаклі ідуць пры поўным аншлагу ў Гарадскім доме культуры, які налічвае 700 месцаў. З убачанага найбольш уразіла “Памінальная малітва”. Так, гэта досыць даўні спектакль, але ён ні кроплі не састарэў. Цікава, што ў свой час бачыла інтэрпрэтацыю твора Шолам-Алейхема ў маскоўскім “Ленкоме”. Дык у параўнанні з ім пастаноўка Купалаўскага выглядала больш ярка і маштабна.

Са спектакляў, убачаных на фестывалях, найбольшае ўражанне пакінулі “Не мой” і “Драй швэстэрн”. Яны цалкам розныя: класічны псіхалагічны рэалізм і еўрапейскі авангард. Наогул, я падтрымліваю эксперымент, але каб ён узрос на нашай зямлі, а не быў штучна перанесены з-за мяжы. Напрыклад, і ў “Драй швэстэрн”, і ў “Смерці Тарэлкіна” рэжысёры выкарыстоўваюць пратывагаз. Але ўбачанае некалькі разоў ужо становіцца штампам. Пасля Першай нацыянальнай прэміі дасягнула папярэднюю дамоўленасць з Аляксандрам Гарцуевым: калі з’явіцца магчымасць, запросім яго на пастаноўку.

Наогул, мы цудоўна адчуваем, што апошнім часам варымся ў сваім саку. Ёсць жаданне трапіць у свет і паказаць сябе. Але ўсведамляем, што для гэтага трэба ставіць арыгінальную эсперыментальную пастаноўку з разлікам на фестываль, што, магчыма, не заўсёды суадносіцца з запытамі нашай сталай аўдыторыі. Адным з такіх спектакляў з’яўляецца “Эквус” англійскага драматурга Пітэра Шэфера, сёлета пастаўлены Міхаілам Мухароўскім, выпускніком аддзялення рэжысуры сталічнага Універсітэта культуры. Над вырашэннем гэтай супярэчнасці мы і будзем працаваць у бліжэйшы час.

Гутарыў Дзяніс Марціновіч.
Усе фота аўтара