Чаму хвалюецца чужое сэрца?

Празаічная частка майскага нумара “Полымя” прадстаўлена імёнамі Яўгена Хвалея, Алеся Дзятлава, Івана Капыловіча і Янкі Сіпакова. Але маю ўвагу прыцягнула апавяданне Раісы Баравіковай “Радасці і пакуты чужога сэрца”.


Раіса Баравікова.
Фота з сайта www.old7days.belta.by

Зварот да творчасці пісьменніцы меў сваю прычыну. Не будзе перабольшваннем сказаць, што удзельнікі літаратурнага працэсу дастаткова часта знаходзяцца ў палоне стэрэатыпаў. Апошнім часам Р. Баравікова плённа працуе ў празаічным жанры (напрыклад, апавяданні “Ты, я і Валодзя”, “Метэарытнае жалеза”, “Гэтыя кветкі не смяюцца” і іншыя). Але шэраг чытачоў па-ранейшаму ўспрымаюць творцу хутчэй як паэтэсу, што адлюстроўвае уяўленні пра папярэдні перыяд яе біяграфіі.

На першы погляд, апавяданне з’яўляецца дастаткова тыповым для празаічнага этапу ў творчасці Р. Баравіковай. У творах, напісаных у гэтым жанры, часцей за ўсё дзейнічае сталая жанчына, якую аўтар прадстаўляе цалкам: імя, імя па бацьку (Надзея Паўлаўна, Вольга Пятроўна, Вера Мікалаеўна). У яе ёсць муж, дзеці, наладжаны быт і матэрыяльны дабрабыт (лецішча, машына). Здаецца, нішто не перашкаджае сямейнаму шчасцю ці яго бачнасці, але нейкае здарэнне прымушае гераінюпаглядець на сваё жыццё нібы збоку. Бадай, да таго ж тыпажу належыць і Таццяна Адамаўна, галоўная дзейная асоба апавядання.

Але асобныя рысы, уласцівыя “Радасцям і пакутам чужога сэрца”, дазваляюць казаць пра наватарства ў творы. Як вядома, апошнім часам, Р. Баравікова плённа працуе ў жанры фантастыкі для дзяцей. У выніку ў апавяданні натуральна аб’ядноўваюцца дзве плыні: фантастычная і рэалістычная. Першая праяўляецца ў завязцы сюжэта: Таццяна Адамаўна, сустракае ў тралейбусе невядомага мужчыну і не можа патлумачыць каханне, што ўспыхвае ў яе душы. Між тым галоўнай гераіне нядаўна зрабілі перасадку сэрца. Яна прыходзіць да высновы, што незнаёмая жанчына, якая міжволі выратавала ёй жыццё, аддаўшы сваё сэрца, калісьці кахала невядомага з тралейбуса.

Аднак такі нечаканы аўтарскі ход не становіцца аўтарскім карт-бланшам для бязмежнай плыні фантазіі. Наадварот, Р. Баравікова псіхалагічна дакладна і пераканаўча перадае адчуванне, настрой, думкі Таццяны Адамаўны, што праяўляецца нават у дробных дэталях. Напрыклад, пасля таго, як гераіня ўпершыню ўбачыла незнаёмага мужчыну (потым высветліла, што яго клічуць Павел Антонавіч), яна не змагла спаць у абдымках мужа: “Ноччу Таццяна Адамаўна ўспуджана прачнулася ад таго, што нешта душыла яе, ціснула моцна-моцна на шыю, на плечы… Цьфу ты, гэта ж Валодзева (мужа – Д. М.) рука! І яна асцярожна выслізнула з-пад яе… Дзіўна, столькі гадоў гэтая дужая рука так утульна сагравала яе, а тут раптам стала такой цяжкой!… Яна нават адсунулася далей ад Валодзі, быццам ён таіў у сабе нейкую небяспеку”. Або Таццяна Адамаўна праз гады звяртаецца да кнігі Стэндаля “Аб каханні”, набытай у пачатку 1990-х гдадоў. З аднаго боку, тут дакладна перадаецца атмасфера часу, калі шэрагу сем’яў, што мусілі выжываць, было не да літаратуры. З другога, разгубленасць гераіні, якая саромеецца падзяліцца з кімсьці сваім пачуццем і шукае адказы ў кнігах.

На карысць апавядання іграе і тая акалічнасць, што пісьменніца не навязвае чытачам свайго меркавання і прапануе ім самім расставіць усе кропкі над “і”. Спрабуючы разгадаць таямніцу, Таццяна Адамаўна накіроўваецца да прафесара Пятроўскага з просьбай назваць імя асобы, з чыім сэрцам яна жыве. Яго адказ, а таксама інфармацыя, атрыманая у бабулькі ля пад’езда, нібыта сведчаць, што гаворка ідзе пра памерлую жонку Паўла Антонавіча. Калі так, яна кахала яго, бо сэрца не можа памыліцца. Але гаворка з мужчынам, якая працягваецца менш за хвіліну, прыносіць цалкам супрацьлеглую інфармацыю. Калі кахання паміж супругамі не было, чаму ж тады так “то ўсудзіцца, то запячэ, застогне, расхвалюецца” сэрца, што цяпер належыць Таццяне Адамаўне? Наогул, ці варты Павел Антонавіч такіх пачуццяў? Кожны з чытачоў бліскучага апавядання Р. Баравівіковай можа адказаць на гэтыя пытанні самастойна.

Чаму хвалюецца чужое сэрца// Літаратура і мастацтва. 2012. 29 чэрвеня. № 26. С. 7.