У дзяржаўным літаратурным музее Янкі Купалы прайшлі чарговыя чытанні, прысвечаныя асобе класіка беларускай літаратуры. Адметнасцю канферэнцыі стала супадзенне адразу трох юбілеяў. Першы з іх відавочны: 130-годдзе з дня нараджэння творцы. Другі звязаны з чытаннямі, якія, дзесятыя па ліку, сёлета маюць назву “Янка Купала. Дыялог з ХХІ стагоддзем”.
Аднак калі пашукаць вытокі навуковых канферэнцый, прысвечаных асобе Купалы, у далёкай мінуўшчыне, высветліцца: аматары і даследчыкі творчасці песняра могуць смела адзначаць трэці юбілей! Бо першым мерапрыемствам, што прайшло у такім фармаце, можна лічыць вечар, прысвечаны саракагоддзю з дня нараджэння паэта. Ён адбыўся ў БДУ 19 сакавіка 1922 года – 90 гадоў таму! З дакладамі выступалі літаратуразнаўцы Аляксандр Вазнясенскі і Міхаіл Піятуховіч, філосаф і сацыёлаг Саламон Кацэнбоген.
Сёлетнія чытанні адкрыла дырэктар установы Алена Ляшковіч. Яна звярнула ўвагу прысутных на пераемнасць мерапрыемства з папярэднімі канферэнцыямі. Цікава, што ў мінулыя гады тэматыка была акрэслена больш вузка: напрыклад, “Янка Купала і «Наша ніва»”, “Янка Купала – публіцыст”, “Янка Купала і Адам Міцкевіч”. А вось сёлета праблематыка была прыкметна пашырылася.
Намеснік Міністра культура Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Стружэцкі падкрэсліў незвычайнасць сёлетняга года, падчас якога адбываюцца святкаванні юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пры гэтым канферэнцыя адбываецца ў нефармальнай атмасферы з удзелам грамадскасці. Тадэвуш Іванавіч запрасіў усіх прысутных прыняць удзел у святкаваннях, што адбудуцца 7 ліпеня ў Вязынцы.
Доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша павітаў прысутных ад імя Міжнароднага фонду Янкі Купалы, які дзейнічае з 1996 года. На яго думку, беларусы заўсёды імкнуліся дарасці да Купалы, як украінцы – да Шаўчэнкі, а рускія – да Пушкіна. Таму колькі не праводзіць канферэнцый, цалкам раскрыць феномен Купалы немагчыма, хоць трэба да гэтага імкнуцца.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мар’ян Серватка, які вывучае беларускую мову і добра ведае творчасць Купалы, у сваім выступленні правёў паралелі паміж беларускім і славацкім народамі, якія прайшлі праз шмат выправанняў. Сп. Серватка адзначыў парадокс, пры якім у пачатку ХХІ стагоддзя два народы так мала ведаюць адзін пра аднаго. Зрэшты, пасольства вітае і падтрымлівае ўсе намаганні, накіраваныя на пераадоленні гтэай прыкрай недарэчнасці. Напрыклад, днямі пабачыць свет кніга літаратуразнаўцы Мікалая Труса “Янка Купала ў Славакіі”. А на філалагічным факультэце БДУ адкрыўся кабінет славацкай філалогіі.
У выступленні паэта Рамана Лубкіўскага, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны, дамінавала філасофскае перасаасэнсаванне лёсаў Беларусі і Украіны, значэнне для абодвух народаў творчасці нашага класіка, яго сувязяў з украінскай зямлёй. Упэўнены, шэраг даследчыкаў зацікавіліся інфармацыяй сп. Лубкіўскага пра публікацыю 1997 года. Тады ва украінскай перыёдыцы з’явіўся ліст Я. Купалы да Міхаіла Грушэўскага, напісаны ў 1914-м. У ім паэт запрашаў гісторыка да сябе на пірагі. Чым закончылася размова двух нацыяльных геніяў, яшчэ павінны высветліць гісторыкі.
Адной з сенсацый канферэнцыі стала выступленне Уладзіміра Адамушкі, дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Ён перадаў у падарунак музею копіі 34 раней невядомых дакументаў, якія датычацца біяграфіі Купалы і знаходзяцца ў Маскве: у Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі і Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Сярод іх ліставанне нашага класіка з пісьменнікам Фёдарам Янчуком, гісторыкам і грамадскім дзеячом Фёдарам Туруком, паэтам і перакладчыкам Іванам Белавусавым, дарчыя надпісы паэту Мікалаю Ісакоўскаму і шэраг іншых матэрыялаў, якія дазволяць даследчыкам даведацца новыя акалічнасці ў біяграфіі класіка.
Зоя Падліпская, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”, прадставіла гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі сваё выданне, якому сёлета спаўняецца чвэрць стагоддзя. Асаблівая ўвага была звернута на сёлетні чэрвеньскі нумар, які атрымаўся тэматычным. Усе матэрыялы прысвечаны асобе і творчасці Янкі Купалы. Наогул, за гады выдання “Роднага слова” на яго старонках былі надрукаваныя каля сямідзесяці вершаў песняра.
Дырэктар музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч пазнаёміла прысутных з новымі паступленнямі ў фонды музея. Яшчэ ў студзені гэтага года ва ўстанову завітала дачка вядомага савецкага пісьменніка-марыніста Аляксея Новікава-Прыбоя. Высветлілася, што ў яе захоўваецца архіў бацькі. На просьбу пашукаць у ім “беларускія сляды” яна адказала згодай. А праз тры месяцы ў Мінск прыйшла бандэроль. У ёй знаходзіліся дзве кнігі Янкі Купалы і яго партрэт з дарчымі надпісамі Новікаву-Прыбою. Прычым цёплыя пажаданні песняра свайму калегу па пісьменніцкаму цэху дагэтуль з’яўляліся невядомымі для навукоўцаў.
Праца канферэнцыі працягнулася на пленарным пасяджэнні, якім кіраваў В. Рагойша, а таксама на трох секцыях “Творчая спадчына Янкі Купалы ў гісторыка-літаратурным і культурным кантэксце канца ХХ – пачатку ХХІ стст.” (старшыня Ірына Багдановіч), “Ушанаванне памяці песняра музейнымі сродкамі” (старшыня Наталля Стрыбульская) і “Купала і сучаснасць: новыя аспекты вывучэння спадчыны паэта” (старшыня Яўген Гарадніцкі).
Асаблівасцю сёлетніх купалаўскіх чытанняў стала вандроўка іх удзельнікаў у Вязынку. Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы была праведзена мадэрнізацыя літаратурна-дакументальнай часткі экспазіцыі (мастак Г. Чысты), што прысвечана нараджэнню чалавека і нараджэнню паэта і ахоплівае перыяд з 1882 па 1904 гады. А ў сенцах і пакоі, дзе ў 1881–1883 гады жыла сям’я Луцэвічаў, быў узноўлены тагачасны інтэр’ер.
Тры юбілеі Купалы// Літаратура і мастацтва. 2012. 22 чэрвеня. № 25. С. 1.