Тактоўная правакацыя, або Ціхае архіўнае паляванне

З нагоды выхаду «Донжуанскага спісу» Караткевіча» на старонках «Літаратуры і мастацтва» выйшла інтэрв’ю. Гутарку са мной рабіла Алена Карп, літаратуразнаўца, перакладчыца, загадчык аддзела крытыкі ў газеце.


Алена Карп.
Фота з сайта www.budzma.org

Тактоўная правакацыя, або Ціхае архіўнае паляванне
Першая кніга – заўсёды падзея для аўтара. Кніга, прысвечаная вядомай, таленавітай і без перабольшвання пасіянарнай асобе, мае ўсе шанцы стаць падзеяй і для чытача. Тым больш, калі яна носіць такую ў пэўнай ступені правакацыйную назву, як “«Донжуанскі спіс» Караткевіча”. Аднак хочацца апярэдзіць магчымыя абвінавачванні на адрас дэбютнай кнігі Дзяніса Марціновіча (выдавецтва “Чатыры чвэрці”, серыя “Мінскія маладыя галасы”). У выданні, насуперак пэўнай эпатажнасці і камерцыйнасці назвы, – ані намёку на нейкія танныя сенсацыі. Наадварот, гэта ўдумлівае, карпатлівае і, безумоўна, займальнае даследаванне.

У артыкуле “Як стварыць літаратурную біяграфію?”, што змешчаны ў кнізе, ты гаворыш пра значнасць і неабходнасць гэтага жанру. І ўласная твая кніга выглядае досыць сур’ёзнай спробай, зачынам да магчымай поўнай біяграфіі У. Караткевіча. Але чаму ты абраў менавіта такі аспект, менавіта тэма кахання?

– Увогуле, гэтай тэмай я зацікавіўся вельмі даўно, калі яшчэ быў ліцэістам. Так атрымалася, што я прачытаў запар два творы Караткевіча: спярша аповесць “У снягах драмае вясна”, а потым раман “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да зямлі”). Заўважыў, што ў абодвух творах дзейнічаюць гераіні з аднолькавымі імёнамі (Алёнка), і самае цікавае, супадае шэраг дэталяў і сітуацый. Паколькі чалавек пісаў два разы пра адно і тое ж, у мяне ўзнікла здагадка: а раптам гэтыя падзеі адбываліся з Караткевічам у рэальным жыцці? Акрамя таго, мне наогул цікавыя прататыпы пэўных літаратурных герояў. Прачытаўшы нейкі твор, заўсёды імкнуся даведацца, што ж там было насамрэч.
Напрыклад, калі няшчасная гераіня памерла, а рэальны чалавек застаўся жывы (як у выпадку з прататыпам Ганны Карэнінай), гэта неяк суцяшае, робіцца не так крыўдна за герояў. У выніку мне захацелася даведацца, якія асобы стаялі за “Алёнкамі” Караткевіча, таму я пачаў разблытваць гэтую гісторыю. Вынікам пошукаў стаў мой першы артыкул “Паляванне на Алёнку”, надрукаваны ў часопісе “Маладосць” у верасні 2004 года.

Патрэба адказаць, ці існавала нейкая рэальная асоба, якая хавалася за імем Алёнка, была маім першым штуршком да даследавання. Потым гэтая тэма адышла на другі план. Другі штуршок я атрымаў у 2010 годзе, калі ўпершыню трапіў у Кіеў. Як вядома, Караткевіч вучыўся там ва ўніверсітэце. У выніку ў яго паэзіі, асабліва ў зборніку “Матчына душа”, прысутнічае вельмі шмат вобразаў гэтага горада, згадак пра пэўныя мясціны. Раней я ўспрымаў іх як пэўную абстракцыю. Але, пабачыўшы ўсё на ўласныя вочы, літаральна нахтніўся духам Кіева і вырашыў працягнуць сваё даследаванне.

Трэцім штуршком стала інтэрв’ю Ніны Молевай – прататыпа галоўнай гераіні рамана “Нельга забыць”, змешчанае гады два таму ў газеце “Комсомольская правда в Белоруссии”. Асобныя думкі Молевай выклікалі ў мяне пратэст. Па-першае, некаторыя факты пра Караткевіча, на маю думку, не адпавядалі рэчаіснасці. Па-другое, яна настойвала, што паміж імі былі толькі ўзаемаадносіны “настаўніца – вучань”. Канечне, інтэрв’ю – не споведзь, і ніхто не абавязаны казаць праўду. Але ж не трэба і хлусіць! Так да цікавасці дадалася яшчэ і мужчынская салідарнасць (смяецца).

У пошуках адказаў на пытанні пра Молеву і “Алёнку” я пайшоў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. З архіўных матэрыялаў, у прыватнасці, з лістоў Караткевіча да Юрыя Гальперына, пачалі ўсё больш шырока высвятляцца пэўныя абставіны біяграфіі пісьменніка. У выніку ўзнікла жаданне пашырыць межы свайго даследавання. Артыкулы пра Молеву і “Алёнку” былі змешчаныя на старонках “ЛіМа”. Спецыяльна для кнігі я дапісаў раздзелы пра іншых дзяўчат, якіх кахаў Караткевіч, каб атрымаўся цэласны, завершаны твор.

Наколькі важным у такой датклівай і далікатнай тэме быў для цябе этычны аспект? І ці адчуваў ты пэўныя маральныя абмежаванні, пішучы пра жывых удзельнікаў тых падзей, калі яны самі катэгарычна адмаўляюцца ад свайго месца ў “донжуанскім спісе”? Тут я маю на ўвазе Ніну Молеву.

– Што датычыцца Молевай, то тут сітуацыя вельмі дзіўная і адначасова цікавая. У мяне складваецца ўражанне, што Ніна Міхайлаўна вядзе нейкую своеасаблівую жаночую гульню: з аднаго боку, я тут, маўляў, ні пры чым, але, з другога боку, даследуйце. Напрыклад, яна дазволіла даследчыку Анатолю Вераб’ю, літаратуразнаўцу, укладальніку зборніка “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы”, працаваць з яе фондам у Цэнтральным маскоўскім
архіве – музее асабістых збораў і змясціць у кнізе лісты Караткевіча да яе. Але ў гэтых лістах тэма кахання гучыць адкрытым тэкстам. Больш за тое, сітуацыі, пра якія ў іх распавядаецца, цалкам супадаюць з падзеямі ў рамане “Нельга забыць”, што пацвярджае аўтабіяграфічнасць твора. Калі Н. Молева так рашуча адмаўляла свае асабістыя стасункі з Караткевічам, навошта было даваць дазвол на знаёмства з лістамі?

Што да этычнага аспекту… Упэўнены, што абавязкова знойдуцца пурытане, якія абвінавацяць мяне ва ўмяшанні ў асабістае жыццё аўтара, у спробе пабудаваць сенсацыю, нейкіх асабістых амбіцыях. Але ўся мая кніга засноўваецца менавіта на дакументальных, архіўных матэрыялах, там няма нейкіх мастацкіх фантазій. Акрамя таго, шэраг матэрыялаў, што былі выкарыстаныя пры даследаванні, ужо надрукаваныя. Перапіска паміж Брылём і Караткевічам выходзіла ў зборніку “Шляхам гадоў”; фрагменты ліставання з Гальперыным друкаваліся ў “Нёмане” яшчэ ў 1990-я гады; успаміны украінскага пісьменніка Мікалая Амельчанкі пра Навэлу і Натэлу, гераінь “донжуанскага спісу”, друкаваліся ў часопісе “Полымя”; у тым жа выданні можна знайсці ўспаміны Валянціны Паповай (Чакалавай). Калі выйдзе збор твораў Караткевіча, туды будзе ўключана ўсё яго ліставанне з Гальперыным. То бок, значная колькасць фактаў не з’яўляюцца таямніцай і знаходзіцца ці неўзабаве будзе знаходзіцца ў адкрытым доступе.

У даследаванні вылучаюцца пэўныя гіпотэзы, і гэта абсалютна навуковы падыход. Іншыя навукоўцы могуць іх абвергнуць. Зразумела, існуе нейкая мяжа, але мне здаецца, што ў кнізе няма двухсэнсоўных момантаў, непатрэбных падрабязнасцяў. Здаецца, этычную лінію я вытрымаў.

Гісторыя Молевай вельмі яркая, запамінальная і падрабязная, тады як пра “Нонку”, Навэлу, Натэлу вядома няшмат. Ці плануеш ты працягваць даследаванне, ці кропка ўжо пастаўленая?

– Калі шчыра, я, канечне, кропку ставіць не хачу. У кнізе атрымалася прасачыць амаль усю біяграфію Караткевіча. Аднак ёсць белая пляма: гэта 1963 – 1967 гады. Пра гэты перыяд ходзяць толькі чуткі, але я не хацеў на іх абапірацца. Напрыклад, з Молевай сітуацыя была дастаткова спрыяльная. Па-першае, жартам кажучы, Ніна Міхайлаўна сама паклапацілася пра даследчыкаў, перадаўшы ў архіў згаданыя лісты. Па-другое, ёй прысвечаны цэлы раман. Дзякуючы гэтаму я ўжо першапачаткова меў пэўны матэрыл. А вось што датычыцца іншых гераінь “Спіса”, пра якіх мала інфармацыі, трэба працягваць пошукі. Вясной гэтага года я ездзіў у Кіеў у спадзяванні знайсці нешта новае. Але высветлілася, што хтосьці памёр, хтосьці мала што памятае. З пошукам асобы, якая хаваецца за ініцыяламі С. М., яшчэ адной гераіні “Спісу”, па вялікім рахунку, усё элементарна: едзеш у Кіеў, атрымліваеш дазвол, глядзіш архіўныя спісы выпускнікоў кіеўскіх ВНУ сярэдзіны 1950-х гадоў, суадносіш іх з ініцыяламі.

Спадзяюся, што на кінгу будзе пэўная рэакцыя, як чытачоў, так і прафесійных даследчыкаў Караткевіча. Хтосьці можа выказаць пэўныя заўвагі, хтосьці, магчыма, назаве новае імя для “Спіса”. Усё ж такі Караткевіч – рамантык, таму разглядаць яго творчасць без уплыву на яе жанчын мы не можам. Спадзяюся, калі-небудзь з’явіцца такая паўнавартасная біяграфія Караткевіча, як, напрыклад, кніга А. Лойкі “Янка Купала” ў серыі “ЖЗЛ”. І маё даследаванне дапаможа разгадаць “белыя плямы” ў біяграфіі Караткевіча.

Ва ўжо згаданым артыкуле “Як стварыць літаратурную біяграфію?” ты папярэджваеш пра цяжкасці, з якімі непазбежна звязаная такая праца. А з якімі праблемамі сутыкнуўся ты?

– Па-першае, гэта абсалютная нераспрацаванасць тэмы. Прыемнае выключэнне – Адам Мальдзіс, які сябраваў з Караткевічам і ў сваёй кнізе “Жыцце і ўзнясенне Уладізміра Караткевіча” падрабязна пісаў пра яго жонку. Паколькі гэты аспект вельмі добра распрацаваны, нарыс пра Валянціну Браніславаўну я давёў да пачатку 1970-х гадоў. Але наогул тэма з’яўляецца абсалютнай terra incognita. Між тым, калі адной і той жа праблемай займаюцца некалькі чалавек, яны могуць падказаць: у цябе тут памылка, тут ты недакладны. Была, напрыклад, такая сітуацыя: у 2010-м я вярнуўся да свайго артыкула “Паляванне на Алёнку” і высветліў, што некаторыя тэзісы былі спрэчнымі і патрабуюць перагляду. Але за гэты час ніхто з даследчыкаў не звярнуў на іх увагу. Або не пацікавіўся, або проста не заўважыў. Таму трэба, каб праблемай займалася некалькі чалавек, а то атрымліваецца, што я “сам с собою веду беседу”, сам з сабою спрачаюся.

Па-другое, пытанні фінансавага кшталту. Што датычыцца чачэнскай паэтэсы Раісы Ахматавай, я напісаў ліст у Чачню з пытаннем, ці застаўся яе архіў. Мне адказалі, што, на вялікі жаль, ён цалкам знік падчас Першай чачэнскай вайны. Відавочна, што ў бліжэйшы час наведваць Чачню няма патрэбы. Але на будучыню варта мець на ўвазе, што там маглі выходзіць пэўныя даследаванні, якія б дапамаглі нам зразумець адносіны Р. Ахматавай з Караткевічам. А вось камандзіроўкі ў Кіеў і ў Маскву з’яўляюцца проста жыццёва неабходнымі. Дзякуй Богу, сёння ўсе прызналі, што Караткевіч – класік беларускай літаратуры. Таму праца па стварэнні яго біяграфіі павінна быць часткай дзяржаўнай праграмы, а не справай фанатаў-адзіночак. Пакуль такое даследаванне застаецца прыватнай справай, то яна і развіваецца ў меру тых магчымасцей, якія мае адзін чалавек.

Кідкая назва, загалоўкі артыкулаў, стыль, абраная тэма, непасрэдна змест кнігі сведчаць пра тое, што ты скіраваны менавіта на папулярызацыю беларускай літаратуры. Ці мог бы ты акрэсліць і патлумачыць сваю пазіцыю?

– Зразумела, ідэальнай сітуацыі не бывае, і чым больш кніг, тым лепш. Але, на маю думку, навуковыя выданні пра беларускую літаратуру апошнім часам з’яўляюцца ў дастатковай колькасці. А вось навукова-папулярных кніг катастрафічны не хапае. Таму мая пазіцыя абсалютна свядомая. Па-першае, неабходна неяк закрыць амбразуру ў навукова-папулярным кірунку. А па-другое, скажам шчыра: навука – з’ява самадастатковая. Таму яна будзе існаваць незалежна ад шэрагу знешніх фактараў. Заўсёды знойдзецца кола даследчыкаў, якім цікавая іх праца. А вось цікавасць да беларушчыны, роднай мовы і культуры можа змяншацца праз пэўныя неспрыяльныя абставіны. Менавіта таму трэба займацца папулярызацыяй – прыцягненнем да нацыяльнай ідэі новых людзей.

Заўсёды сыходжу з таго, што мае артыкулы пра беларускую літаратуру, павінныя быць напісаны так, каб іх мог прачытаць чалавек гуманітарнага складу. Ён не абавязаны мець філалагічную адукацыю, нейкія навуковыя ступені, ён проста мусіць быць не “тэхнаром”, а гуманітарыем. Нейкія звышпатрабаванні проста звужаюць аўдыторыю. Наогул, Караткевіч сапраўды аб’ядноўвае нацыю, бо ім цікавяцца незалежна ад мовы і інтарэсаў. Таму спадзяюся, што мая кніга будзе запатрабаваная шырокай аўдыторыяй.

Карп А. Тактоўная правакацыя, або Ціхае архіўнае паляванне// Літаратура і мастацтва. 2012. 8 чэрвеня. № 23. С. 20.