“Берасцейскія кнігазборы”: канферэнцыя ў Брэсце

Адной з найбольш значных падзей гэтага года ў айчынным бібліятэчным свеце стала ІІ міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання”, якая прайшла ў горадзе над Бугам дзякуючы Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага і ўпраўленню культуры Брэсцкага аблвыканкама.


Адкуль выток, адкуль натхненне?
Першая па ліку канферэнцыя, якая мела гэткую ж назву, што і сёлета (“Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання”) прайшла ў Брэсце ў кастрычніку 2008 года. Па выніках яе працы ў 2010-м выйшаў зборнік матэрыялаў. Наступным крокам у справе вывучэння кнігазнаўства рэгіёна стала стварэнне пад эгідай Нацыянальнага камітэта па справах ЮНЕСКА электроннага рэсурса “Кнігазбор рода Сапег” (Мінск, 2011), да з’яўлення якога спрычыніліся Расійская нацыянальная бібліятэка (Санкт-Пецярбург) і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Вызначэнне далейшых напрамкаў навуковай і практычнай дзейнасці ў галіне кнігазнаўства паспрыяла арганізацыі другіх па ліку “Кнігазбораў”.

Сёлета форум атрымаўся надзвычай прадстаўнічым. Калі кіравацца сухой статыстыкай, у “Кнігазборах” прынялі ўдзел 60 навукоўцаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы і Казахстана. Удзельнікі “Кнігазбораў” пачалі з’язджацца ў горад над Бугам 31 мая. У той жа дзень у Музее “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, што з’яўляецца філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, адбылося адкрыццё выстаўкі каліграфіі Генадзя Мацура “Рукатворы”. Вядомы беларускі дызайнер і каліграф, ён аформіў шэраг выданняў, у тым ліку зборнік дакладаў з першых “Кнігазбораў” і “Гісторыю беларускай кнігі” (гаворка пра апошнюю чакае чытачоў ніжэй). Але галоўныя падзеі з удзелам навукоўцаў адбыліся на наступны дзень.

Прывітанні… і падарункі
Адной з беларускіх традыцый з’яўляюцца прывітанні ад імя высокіх дзяржаўных асобаў у адрас удзельнікаў палітычных, эканамічных і культурных мерапрыемтваў, што сведчыць пра ўвагу да іх дзяржавы. “Берасцейскія кнігазборы” не сталі выключэннем. Ад імя Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта гасцей Берасцейшчыны, што сабраліся 1 чэрвеня на пленарнае пасяджэнне, павітаў Леанід Цупрык, намеснік старшыні аблвыканкама, ад імя Генеральнага консульства Расійскай Федарацыі ў Брэсце – консул-саветнік Юрый Бачкароў, да імя Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА – яе старшыня Уладзімір Шчасны. У сваёй прамове Уладзімір Рыгоравіч падрабязна ахарактарызаваў дзейнасць сваёй арганізацыі ў бібліятэчнай сферы.

Даклад Рамана Матульскага меў назву “Книгопечатание и библиотечное дело в Западных регионах Беларуси в 1921 – 1939 гг.”. На думку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі краіны, у асвятленні гэтай тэмы дамінуюць дзве крайнасці: уяўленні, што польскія ўлады нічога не рабілі для мясцовага насельніцтва, і адваротная сітуацыя – меркаванні, што яны рабілі ўсё для росквіту краю. Але дагэтуль тэма, заяўленая ў даклад, застаецца белай плямай, а звесткі – прыблізныя. Напрыклад, па звестках польскіх даследчыкаў у другой Рэчы Паспалітай у той час існавала каля 566 выдавецтваў, якія распаўсюджвалі сваю прадукцыю ў тым ліку на нашай тэрыторыі. У Заходняй Беларусі за два дзесяцігоддзі выйшла да 500 кніг на беларускай мове. Тыя ж цяжкасці сустракаюцца ў дачыненні да бібліятэк. У другой Рэчы Паспалітай іх дзейнічала каля 4 тысяч, з іх у Беларусі прыкладна 1,5 тысяч. Р. Матульскі заклікаў бібліятэкараў Берасцейшчыны вывучаць гісторыю сваіх устаноў, паколькі, на яго думку, гісторыю могуць пісаць толькі тыя, каму яна належыць.

Алена Іванова, дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты, прапанавала слухачам выступленне на тэма “Брестский регион в зеркале государственной библиографии и статистики печати”. Паводле яе меркавання, бібліяграфія з’яляецца люстэркам, якое адлюстроўвае культуру, палітыку і інтэлект нацыі. Аналізуючы мінулую пяцігодку (2007-2011), А. Іванова канстатавала, што адбылося станаўленне сучаснай выдавецкай сістэмы, якая на 80% складаецца з камерцыйных устаноў. Аднак у бліжэйшы час у гэтай сферы могуць адбыцца змены. У прыватнасці, падрыхтаваны праекты законаў “Аб выдавецкай справе” і аб падтрымцы нацыянальнага кнігавыдання. Дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты звярнула ўвагу на супадзенні і адрозненні ў выдавецкай справе паміж Брэсцкай вобласцю і ўсёй Беларуссю. Напрыклад, за апошнія пяць гадоў па краіне адбывалася змяншэнне колькасці кніг. А вось на Берасцейшчыне наадварот, назіралася іх павелічэнне. А вось што датычыцца накладаў, у абодвух выпадках мела месца іх падзенне. Зрэшты, на думку А. Івановай, карэктна казаць пра інфляцыю назваў, калі колькасць назваў празмерна перавышае наклады.

Тэма выступлення Мікалая Нікалаева, загадчыка аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, была пазначана як “Род Сапегаў як фенамен беларускай культуры”. Зварот да праблематыкі тлумачыўся як праблемным полем канферэнцыі, так і імкннем некаторых прадстаўнікоў айчыннай інтэлектуальнай эліты аспрэчыць прыналежнасць Сапегаў да беларускай гісторыі. Для гэтага аратар свядома адмовіўся ад акадэмічнай манеры выкладання і прапанаваў слухачам гісторыю пра чараўніцтва, якая адбылася ў 1624 годзе ў Слоніме. Яе сюжэт, варты клавіятуры лепшых айчынных дэтэктыўшчыкаў, у чарговы раз пацвердзіў непарыўную сувязь паміж славутым магнацкім родам і Беларуссю.

У адрозненне ад свайго калегі, Кшыштаф Мігань, прафесар Інстытута навуковай інфармацыі і бібліятэказнаўства Вроцлаўскага ўніверсітэта, захаваў у сваім дакладзе “Региональное книговедение – типология и исследовательские программы” вернасць акадэмічнай манеры.

Выступленне Анатоля Гладышчука, загадчык кафедры фізікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, пачалося сімвалічна. Кожны з членаў прэзідыума атрымаў у падарунак галінку дрэва, паколькі менавіта ад бераста (віда вяза), магчыма, пайшла назва горада. Выступленне “9 приоритетов Берестья ХVI–ХVII вв.” было прысвечана адметнасцям горада: замку, ратушы, аптэцы… А. Гладышчук распавёў прысутным, як ён, выкарыстоўваючы, метады сваёй навукі, высветліў месцазнаходжанне асобных аб’ектаў.

Эфектнай кропка у пленарным пасяджэнні стала выступленне Кацярыны Шчарбаковай, дацэнта кафедры грамадска-гуманітарных дысцыплін Маскоўскай школы эканомікі МДУ. Даследчыца падарыла Брэсцкай абласной бібліятэцы копію плана Белавежскай пушчы 1858 года з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея горада Масквы.

Вяртаемся ў бібліятэчную гісторыю
Пасля абедзеннага перапынку ў рамках канферэнцыі адбыліся прэзентацыі дзвюх кніг: Рамана Матульскага “Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси” (частка 1) (Мн., 2011) і Мікалая Нікалаева “Гісторыя беларускай кнігі” (том 2) Мн., 2011). Заўважу, што ў ролі вядучага мерапрыемства бліскуча выступіў брэсцкі гісторык Аляксандр Вабішчэвіч, загадчык кафедрай славянскіх народаў Брэсцкага ўніверсітэта імя А. Пушкіна.

Сваім даследаваннем Р. Матульскі пачаў займацца ў той час, калі зканчвалася будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Паводле прызнання дырэктара ўстановы, яму хацелася адысці ад бетону і зноў вярнуцца да навукі. Спярша даследчык імкнуўся даследаваць мадэль сучаснай бібліятэчнай сістэмы. Але неўзабаве прыйшоў да высновы, што працу неаходна пачаць з гісторыі. Спярша Р. Матульскі планаваў прысвяціць ёй невялікую главу. Але паступова яна вырасла ў раздел, а потым у кнігу. Кніга пісалася для замежнай аўдыторыі, каб за мяжой усвядомілі нашу багатую кніжную спадчыну. Цікава, што падчас напісання кнігі Р. Матульскі склаў спіс нераспрацаваных пытанняў. Атрымаўся спіс з 500 тэм, якія даследчык распаўсюдзіў па вышэйшых навучальных установах. На думку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, пытанні могуць стаць арыентырам для будучых дыпломных, магістарскіх прац, дысертацыйных даследаванняў.

Мікалай Нікалаеў прызнаўся, што першы том “Гісторыі беларускай кнігі” фактычна быў напісаны з-за Вацлава Ластоўскага. Як вядома, апошні адносіў да беларускай кніжнай спадчыны толькі кірылічныя выданні. М. Нікалаеў імкнуўся пашырыць гэтыя межы. Паводле яго словаў, з праектам ён прыйшоў у выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Але супрацоўнікі ўстановы сказалі, што сівая даўніна будзе цікава вельмі вузкаму сегменту чытачоў. М. Нікалаеў узяў паўзу і патэлефанаваў Ларысе Доўнар, вядомаму айчыннаму кнігазнаўцу, дацэнту Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Прапанова гучала наступным чынам: ажыццявіць праект “Гісторыя беларускай кнігі”, якія б ахопліваў перыяд ад даўніны да сучаснасці. У працэсе напісання высветлілася, што некаторыя аспекты абсалютна нераспрацаваныя. Таму суаўтары звярнуліся да Рамана Матульскага, вядомага знаўцы бібліятэчнай гісторыі.

Першы том, які напісаў сам М. Нікалаеў, быў прысвечаны кніжнай культуры ВКЛ. Другі, створаны рэдакцыйным калектывам, – беларускай кніжнай культуры ад часу ўваходжання Беларсі ў склад Расійскай імперыі да нашых дзён. Ужо ў працэсе напісання даследчыкі зразумелі, што ХІХ стагоддзю павінен быць прысвечаны асобны том. Але цягнік ужо пайшоў. Таму, паводле словаў М. Нікалаева, атрымалася так, як атрымалася.

Ролю двух даследчыкаў у айчыннай навуцы найлепш акрэсліў літаратуразнаўца Генадзь Праневіч з Брэсцкага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. На яго думку, Р. Матульскі з’яўляецца акадэмічным вучоным са стылем менеджэра, які ўмее сказаць складанае проста, не страціўшы галоўнае. А М. Нікалаеў быў ахарактарызаваны як сур’ёзны вучоны, але адначасова і рамантык. На маю думку, лепш і не скажаш.

Ад Крашэўскага да Сапегаў
Далейшая праца адбывалася ў некалькіх накірунках. Перш за ўсё, працавалі тры секцыі: “Кніжная спадчына Беларусі”, “Кніга і кніжная справа на Берасцейшчыне у ХІХ – ХХ ст.” і “Выданні Берасцейшчыны ХVІ – ХVІІІ ст.”. Адначасова ў рамках “Кнігазбораў” праходзіла пасяджэнне міжнароднага савета праекта “Віртуальная рэканструкцыя спадчыны Ю. Крашэўскага”, матэрыялы якога будуць прадстаўлены ў бліжэйшым выпуску “Бібліятэчнага сшытка” (рубрыка «ЛіМа» — Д. М.).

У наступны дзень, 2 чэрвеня, геаграфія канферэнцыі істотна пашырылася. Спярша ўдзельнікі “Берасцейскіх кнігазбораў” завіталі ў Івацэвіцкі раён, дзе наведалі музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне, а таксама аглядзелі Косаўскі палац. А потым пераехалі ў Ружаны, дзе адбылася экскурсія па самому мястэчку і Ружанскаму палацу. Калі сцісла перадаць свае ўражанні, у іх будзе дамінаваць стрыманы аптымізм. З аднаго боку, сітуацыя з’яўляецца куды больш аптымістычна, чым яна выглядае з Мінска. Больш за тое, бачна імкненне мясцовай улады зрабіць усё магчымае для аднаўлення будынкаў мінулага. Але, з другога боку, відавочна, што сапраўдная праца толькі пачалася. І нас чакае доўгая дарога да ідэальнай сітуацыі, пры якой мы ўбачым цалкам адэрэстаўраваныя аб’екты і развітую турыстычную інфраструктуру вакол іх,

У той жа дзень у Ружанах адбылася праца секцыі “Кнігі і бібліятэкі роду Сапегаў”, падчас якой свае даклады прадставілі даслечыкі з Польшчы, Расіі і Літвы. Напрыклад, Станіслаў Мірскі, гісторык-аспірант з Валгарада выявіў у архіве лісты Яна Паўла Сапегі да Ілдэдзмітрыя ІІ, што дазволіла па-новаму інтэрпрэтаваць некаторыя падзеі расійскай Смуты пачатку ХVІІ стагоддзя. А дацэнт Вільнюскага ўніверсітэта Альма Бразюнене пазнаёміла прысутных з новымі знаходкамі, якія датычацца ружанскай бібліятэкі Сапегаў. Нягледзячы на тое, што ў 2010 годзе выйшаў каталог калекцыі Віленскага ўніверсітэта, даследчыца знайшла яшчэ 8 (!) выданняў у бібліятэках Усходняй Еўропы. У вныіку агульная колькасць павялічылася з 289 да 297.

Падвядзем вынікі?
Другія “Берасцейскія кнігазборы” завяршыліся. Неўзабаве даследчыкі і чытачы, што цікавяцца кніжнай справай, змогуць пазнаёміцца са зборнікам, куды ўвойдуць даклады і паведамленні. У перспектыве Брэсцкая абласная бібліятэка збіраецца арганізаваць, наступныя, трэці па ліку “Кнігазборы”.

У чым бачыцца значэнне канферэнцыі? Як малады даследчык, які мае пэўны досвед у гэтай галіне, прызнаюся чытачам па сакрэту: далёка не ўсе навуковыя мерапрыемствы, што праходзяць па ўсім свеце (і Беларусь не можа быць выключэннем), маюць адпаведны ўзровень. Час ад часу даводзіцца сутыкацца і з псеўданавуковымі дакладамі, і з пустымі размовамі, і з сітуацыяй, калі навукоўцы выступаюць з адным і тым жа дакладам у чарговы раз або зноў знаёмяць прысутных са сваімі дысертацыйнымі даследаваннямі.

У гэтай сувязі хацелася б нагадаць чытачам пра тэорыю “малых спраў”. Яе апалагеты настойваюць, што кожны павінен сумленна рабіць сваю працу. Такія “маленькіх” справы калі-небудзь аб’яднаюцца і стануць дамінаваць у грамадстве. Відавочна, што па ўзроўню ўдзельнікаў, навізне даследаванняў, актуальнасці праблематыкі і нават па арганізацыі канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы” дадуць фору шэрагу іншым мерапрыемствам. На маю думку, калі ў іншых гарадах будуць працаваць так, як гэта робіцца ў горадзе над Бугам, сітуацыя ў айчыннай кніжнай справе і кнігазнаўстве прыкметна зменіцца да лепшага.

“Кнігазборы” сустрэліся ў Брэсце// Літаратура і мастацтва. 2012. 15 чэрвеня. № 24. С. 21.