Бубен ці Бульбовіч?

“Тоўстыя” літаратурныя часопісы традыцыйна асацыіруюцца ў чытачоў з сур’ёзнай літаратурай, якая ў будучым прэтэндуе на статус класічнай. Адпаведна, аўдыторыя такіх выданняў, да якой часцей за ўсё належыць інтэлігенцыя, складваецца гадамі і не вельмі змяняецца з часам. Усцешна бачыць, што супрацоўнікі часопісаў імкнуцца пашырыць кола сваіх чытачоў. Праявай такой тэндэнцыі стала публікацыя ў красавіцкім нумары “Нёмана” кінааповесці Сяргея Трахімёнка “Феномен Бубна”.


Сяргей Трахімёнак.
Фота з сайта www.dakazan.ru

Жанр, выбраны аўтарам, нельга лічыць выпадковым. Вядомы пісьменнік-дэтэктыўшчык, С. Трахімёнак ужо паўтары дзесяцігоддзі плённа працуе як сцэнарыст кіно і відэафільмаў. Большасць з іх маюць відавочна дакументальны характар. У адрозненні ад іх, “Феномен Бубна” больш блізкі да мастацкага твору. Згодна сюжэту, галоўны герой Барыс Бульбовіч працуе вядучым праграмы на мінскім прыватным канале “Факел”. Ён апынуўся ў сталіцы тры гады таму, але зусім не памятае свайго мінулага. Дырэктар канала з дапамогай пэўных крыніц прыходзіць да высновы, што Барыс трапіў у Мінск з Брэста. Імкнучыся раскрыць таямніцу ў лёсе свайго падначаленага, ён прапануе Бульбовічу адправіцца ў горад над Бугам, спадзяючыся, што той узгадае знаёмыя мясціны…

Калі параўноўваць кінааповесць з архітэктурным будынкам, “Феномен Бубна”, несумненна, напісаны ў накірунку функцыяналізму, дзе форма вызначаецца функцыяй. Так, твору ўласцівыя рысы, якія праяўляюцца ў большасці дэтэктыўных творах: імклівае разгортваванне сюжэта, халаднавата-стрыманы мужчынскі стыль, здольнасць пісьменніка трымаць чытацкую ўвагу. Аднак паколькі кінааповесць напісана вельмі ўпэўненай, прафесійнай рукой, у ёй няма штучных і непатрэбных элементаў сюжэта, паводзіны герояў абгрунтаваныя, а кожная рэпліка толькі развівае дзеянне.

Пры шэрагу станоўчых рыс твор не пазбег двух спрэчных момантаў. У фінале машыну галоўнага героя і яго сяброў праследуюць двое мужчын, адзін з якіх мае з сабой армейскі гранатамёт “муха”:

“– Слушай, – сказал бывший начальник (службы бяспекі – Д. М.) мужику на заднем сиденьи, – а может, не надо. Петруха погиб, пусть они живут, ведь заказ некому проконтролировать.
– Заказ оплачен, – ответил мужик, – значит, я его выполню”
.

Праз пэўны час здзяйсняецца пакушэнне. Барыс “под шуршащий звук летящей к цели гранаты” выцягвае ўсіх з салона. Пасля выбуху машыны знішчана. Героі застаюцца жывымі і працягваюць сваё падарожжа. Наколькі верагодны такі “хэпі-энд”? Вядома, патэнцыйныя гледачы фільма будуць толькі ў захапленні. Але пры такіх аперацыях прафесіяналы заўсёды ўпэўніваюцца ў выніках сваёй працы, каб выключыць неспадзяванае выратаванне ахвяраў.

Падаецца спрэчнай і іншая сітуацыя. Бульбовіч цалкам забыўся пра сваё мінулае і страціў усе аператыўныя навыкі. Аператыўнік Міхаіл кажа яму ключавое слова, пасля якога ў свядомасці Барыса ўключаецца закадзіраваная праграма, і ён пераўтвараецца ў супер-героя Бубна. Кіруючыся праграмай, Бульбовіч перамагае сваіх канкурэнтаў. А вось потым становіцца незразумела, хто у кінааповесці дзейнічае далей: Бубен ці Бульбовіч. З аднаго боку, ён, кіруючыся логікай Бубна, збівае дырэктара і сваю жонку Аліну, якіх абвінавачвае ў здрадзе. З другога боку, праз пэўны час Барыс, які пераўвасобіўся ў Бульбовіча, ужо не здагадваецца, хто гэта зрабіў. Пасля галоўны герой, які нібыта зноў становіцца Бубнам, ужо разважае пра фонд у паўмільярда даляраў. Магчыма, у фільме, які можа быць зняты па кінааповесці, такія пераходы будуць абыграныя або праз спецэфекты, або праз асобу выканаўцы. Але ў часопіснай публікацыі такія пераходы не абгрунтаваныя, і таму выклікаюць непаразуменне.

Па вялікім рахунку, рысу пад “Феноменам Бубна” можна будзе падводзіць толькі пасля выхаду фільма на экран. Таму выніковую ацэнку працы С. Трахімёнка як сцэнарыста лепш адкласці. Але пры разглядзе уласна літаратурнага аспекта, з упэўненасцю канстатую: “Феноменам Бубна” пісьменнік падцвердзіў сваю прыналежнасць да беларускай дэтэктыўнай эліты.

Бубен ці Бульбовіч?// Літаратура і мастацтва. 2012. 25 мая. № 21. С. 7.

Твор С. Трахімёнка можна прачытаць і скачать тут. Таксама ён прадстаўлены на старонках часопіса «Нёман» (выбірайце № 4 за 2012 год).