Літаратуразнаўства і донжуанства

Якая цікавая рэч — жыццё! Яшчэ ліцэістам з цікавасцю чытаў дзве кнігі Аксаны Бязлепкінай: зборнік прозы «Ляўша на тэнісным корце» і даследаванне пра таварыства «Тутэйшыя». Праз дзесяць гадоў завочна (праз Кантакт :) ) пазнаёміўся з аўтарам. Вельмі ўдзячны Аксане, якая змясціла ў газеце «Звязда» на «Донжуанскі спіс» рэцэнзію, якую вы можаце прачытаць далей.


Аксана Бязлепкіна.
Фота з сайта www.journ.bsu.by

Літаратуразнаўства і донжуанства

Дзяніс Марціновіч. «Донжуанскі спіс» Караткевіча. Літаратуразнаўчыя даследаванні і артыкулы. «Четыре четверти», 2012.

Многія класікі беларускай літаратуры — забранзавелыя постаці, якія ў масавай свядомасці асацыююцца нават не з уласнымі творамі і іх значэннем, а з «цяжкай доляй беларускага народа» і іншымі трывалымі стэрэатыпамі. Пісьменнік можа стаць класікам, калі ў пэўны момант яго творчасць адыграла важную ролю ў жыцці народа. І гэтая роля з цягам часу пазбаўляецца канкрэтыкі і набывае безаблічную ўсеабдымнасць.

Вытлумачэнне гэтым працэсам знаходзіцца простае: культура, адчуваючы небяспеку, спрабуе закансервавацца, стварыць беззаганныя фігуры, бездакорныя аўтарытэты, апірышчы, да якіх можна апеляваць для самазахавання. Гэтая «кананізацыя» адначасова і рэакцыя на пагрозу, і пагроза сама па сабе. Старэйшае пакаленне заспела большасць нашых класікаў жывымі і прыклала ўсе намаганні для стварэння «ікон». Маладое пакаленне атрымала толькі «іконы», пра што сведчаць сацыялагічныя і журналісцкія апытанні, досвед выкладчыцкай працы.

Ідэальнае — заўсёды мёртвае, а жывое — недасканалае, цяжка вытлумачальнае і заблытанае, яно выпадае з класіфікацый, парушае правілы. І сама цікаўнасць да «донжуанскага спіса» Уладзіміра Караткевіча робіць гэтага прадстаўніка літаратурнага пантэона звычайным чалавекам. Перад Дзянісам Марціновічам стаяла складаная задача: па-першае, правесці даследаванне і, па-другое, зрабіць гэта максімальна тактоўна.

Зварот да гэтай тэмы — яшчэ адно сведчанне жыцця літаратуры. Але ці гатова тая частка грамадства, якая адчайна бароніць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, да такога бачання класіка?

У кнізе няма ні бульваршчыны, ні жаўцізны, гэта напраўду літаратуразнаўчае даследаванне асабістага жыцця пісьменніка, з багатай факталагічнай базай, з апеляцыяй да цытат з лістоў і твораў, з загадкамі і гіпотэзамі, з дэтэктыўнымі паваротамі сюжэта (напрыклад, версія пра сапраўдныя абставіны знаёмства Уладзіміра Караткевіча з будучай жонкай Валянцінай).

Дзяніс Марціновіч склаў спіс з дзесяці каханых жанчын У. Караткевіча: ад некаторых з іх засталіся толькі ініцыялы, хтосьці ананімна ўвайшоў у гісторыю пад імем літаратурнай гераіні, некаторыя былі платанічнымі каханымі, а хтосьці нават прымаў гасцей Караткевіча, загарнуўшыся ў коўдру. Апавяданне пра гэта вуснамі самога пісьменніка і яго сяброў міжволі пазбавіла кнігу магчымай скандальнасці.

Для беларускай сітуацыі гэта вельмі прадуманая пазіцыя: Дзяніс Марціновіч нібыта выступіў медыумам, які выбраў
і супаставіў цытаты з ліставанняў і мастацкіх твораў, які знайшоў пераканаўчую сувязь асабістага жыцця класіка і яго творчасці, які сам шукаў тых людзей, што маглі стаць крыніцай інфармацыі пра жанчын класіка. І калі чытач бачыць Караткевіча разгубленым, няўпэўненым ці, наадварот, самаўпэўненым, расчараваным або здратаваным неўзаемнасцю, то, нягледзячы на нечаканасць вобразу, тэкст выглядае карэктным у дачыненні да пісьменніка. Гэта сам Караткевіч у ліставанні падкрэсліваў непрыгожасць амаль кожнай сваёй жанчыны, гэта сам Караткевіч прызнаваўся, што не ведае, ці яшчэ жывое ў ім колішняе каханне.

У другім раздзеле Дзяніс Марціновіч шукаў і знайшоў працяг рамана «Каласы пад сярпом тваім» у іншых творах Уладзіміра Караткевіча («Зброя», «Сіняя-сіняя»). Шэраг артыкулаў датычыць неабходнасці стварэння літаратурных біяграфій і пераможных вобразаў літаратурных герояў. Аўтар наракае на злоўжыванне ва ўспамінах схемы «я і пісьменнік», на адсутнасць падрабязнай факталогіі пісьменніцкіх біяграфій і прыхоўванне інфармацыі пра сімпатыі і антыпатыі ў беларускім літаратурным працэсе.

Ды і гаворка пра героя таксама наспела: у нас трагічная гісторыя, але падкрэсліванне ахвярнасці — адштурхоўвае, бо чалавеку (асабліва падлетку) уласціва жаданне належаць да паспяховай супольнасці, і нашу гісторыю можна і варта падаваць гераічным чынам. Калі працягнуць логіку Дзяніса Марціновіча, то выснова атрымліваецца парадаксальна-выратавальная: трэба сабраць усе факты і на іх базе стварыць новую міфалогію. Каб жыць!

Бязлепкіна А. Літаратуразнаўства і донжуанства// Звязда. 2012. 6 чэрвеня. № 106. С. 6.

P.S. Арыгінал змешчаны на сайце «Звязды». Акрамя таго, на блогу Аксаны Бязлепкінай можна пачытаць невялікае абмеркаванне.