Рассакрэчаны «Донжуанскі спіс» Караткевіча

У серыі «Мінскія маладыя галасы», якую заснавала Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Чатыры чвэрці», выйшла мая першая кніга — «Донжуанскі спіс» Караткевіча».


Агульнавядома, што большая частка твораў сусветнай літаратуры ствараліся мужчынамі. Прызнанне творчых здольнасцяў жанчын (Жорж Санд, Шарлота Брантэ, Маргарэт Мітчэл і іншых) з’яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам. Але прыхільнікі літаратурнага “патрыярхату” забываюцца, што ўсе лепшыя “мужчынскія” творы былі напісаны пра жанчын і дзеля жанчын. Іх партрэты і вобразы, узаемнае каханне ці халодная абыякавасць натхнялі пісьменнікаў на стварэнне шэдэўраў.

Так, славутых муз мінулых вякоў даўно няма на свеце. А каханыя шэрагу вядомых творцаў ХХ стагоддзя набліжаюцца да восені свайго жыцця. Але пісьменнікі зрабілі ім самы лепшы падарунак: пакінулі для нашчадкаў іх прыгажосць, радасць і ўсмешкі. А таксама ўзялі за сабой у вечнасць гераінь, прататыпамі якіх сталі музы. Цяпер наша задача – пакінуць у чытацкай памяці іх сапраўдныя імёны і жыццёвыя лёсы.

Шукаць муз Караткевіча, якія сталі прататыпамі для гераінь яго твораў, я пачаў яшчэ ў 2004 годзе, калі вучыўся ў 11 класе ліцэя БДУ. Менавіта тады быў напісаны артыкул «Паляванне на Алёнку», змешчаны ў вераснёўскім нумары часопіса «Маладосць» за 2004 год.

З таго часу цікавасць да біяграфіі пісьменніка, яго творага і асабістага жыцця не знікала. Дадатковы імпульс яна набыла летам 2010 года. Вяртаючыся з Крыма, цэлы дзень вандраваў па Кіеве. Дняпро, Сафійскі сабор, падземныя хады Кіева-Пячорскай лаўры, прыступкі тэатра Франко і экстэр’еры Дома хімер – гэты вобразы неаднаразова сустракаліся ў творчасці паэта. Але толькі ў Кіеве яны ажылі і сталі зразумелымі для мяне. Вярнуўшыся са сталіцы Украіны, я вырашыў завяршыць колішняе даследаванне і расказаць пра вельмі прыгожую і трагічную гісторыю кахання, звязаную з Кіевам. Але, як часта бывае, падчас пошукаў храналагічныя межы даследавання пашырыліся і ахапілі амаль усю біяграфію Караткевіча.

Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая, асноўная, мае той жа загаловак, што і выданне — «»Донжуанскі спіс» Караткевіча». Яна расказвае пра 10 жанчын, якіх кахаў пісьменнік. Гэта “Нонка”, Кацярына, “Алёнка”, С. М., Раіса, Ніна, Навэла, Натэла, Валянціна і Валянціна. Значная частка кнігі была напісана спецыяльна для кнігі. Асобныя раздзелы, якія друкаваліся на старонках штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Маладосць”, былі дапоўненыя новымі фактамі і знаходкамі.

Па-сутнасці, у мяне атрымалася прасачыць усю біяграфію Караткевіча (за выключэннем некалькіх гадоў, інфармацыя пра іх знаходзіцца на ўзроўні чутак). Дарэчы, сярод 10 імёнаў хаваюцца імёны дзвюх паэтэс, якія ў сваіх краінах лічацца ледзь не класікамі.

Другі раздзел, які мае назву «Калі прыйдзе беларускі Андрэ Маруа», складаюць некалькі артыкулаў. Гэта палемічныя нататкі, прысвечаныя стварэнню літаратурных біяграфій; «рэцэпты» для стварэння гістарычнай прозы; разважанні пра існаванне працягу культавага рамана “Каласы пад сярпом тваім”.

Дзе і як можна набыць кнігу? У «Чатыры чвэрці» яна каштуе 40 тысяч (у кнігарнях да гэтай сумы будзе дададзена нацэнка). Сайт выдавецтва, дзе, дарэчы, таксама ёсць інфармацыя пра кнігу, прапануе набыць «»Донжуанскі спіс» Караткевіча» у іх. Там змешчана інфармацыя пра безнаяўны разлік. Але, як сказалі мне супрацоўнікі, можна набыць «Донжуанскі спіс» Караткевіча» і за наяўныя грошы.

Заставайцеся з Караткевічам!