Што яднае Караткевіча і Запарожскую Сеч?

У біяграфіі Уладзіміра Караткевіча дагэтуль багата белых плямаў. Адна з іх, безумоўна, тычыцца украінскага перыяду яго жыцця. Вандроўка ў Кіеў, сустрэчы і інтэрв’ю са знаёмымі Уладзіміра Сямёнавіча сталі спробай калі не ліквідаць гэтую пляму, дык істотна зменшыць яе памеры.

Колькі словаў для тлумачэння
Падарожжа ў Кіеў стала збегам шэрагу абставін. Шукаючы звесткі пра муз Караткевіча, я напісаў ліст у Інстытут філалогіі Кіеўскага ўніверсітэта (колішні філфак). Было спадзяванне, што гэта ўстанова па прыкладзе некаторых факультэтаў нашага БДУ (напрыклад, журфака) выдавала поўныя спісы выпускнікоў. Гэта магло дапамагчы ў высвятленні прататыпаў пэўных твораў Караткевіча.

Праз пэўны час на электронную скрыню прыйшоў доўгачаканы ліст. Як высветлілася, зварот перадалі Надзеі Старавойтавай, супрацоўніцы Цэнтра беларускай мовы і культуры пры Інстытуце філалогіі, а таксама, па шчаслівым супадзенні, вялікай прыхільніцы творчасці Караткевіча. Выпускніца нашага філфаку, Надзея абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Беларуская перакладная аповесць эпохі Адраджэння: тэксталогія і стыль перакладу”, працавала ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. У 2010 годзе прайшла конкурс на вакансію выкладчыцы цэнтра і пераехала ва Украіну.

Як адказала мне Н. Старавойтава, выданне, якое мяне цікавіла, ва Украіне адсутнічае. Падчас ліставання высветлілася, што ў Кіеве дагэтуль жывуць людзі, якія асабіста ведалі Уладзіміра Сямёнавіча. У выніку ў мяне нарадзілася ідэя асабіста прыехаць ва Украіну і запісаць іх успаміны. Надзея Старавойтава ўзяла на сябе падрыхтоўчую працу: папярэдняе тэлефанаванне патэнцыйным аб’ектам нашае цікавасці, дасягненне дамоўленасці пра сустрэчу, яе правядзенне. За мной застаўся запіс выступленняў і іх апрацоўка. Наша ідэя была рэалізаваная ў выглядзе вечарыны ўспамінаў, што адбылася пры ўдзеле студэнтаў-беларусістаў у памяшканні Цэнтра беларускай мовы і культуры на пачатку вясны гэтага года. У той жа дзень адбыліся размовы па тэлефоне з некалькімі асобамі, якія не змаглі прыйсці на сустрэчу. Занатаваныя ўспаміны перад вамі.

“Ты мне як брат”
Рыгор Піўтарак, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, пазнаёміўся з Караткевічам… у Мінску.


Рыгор Піўтарак.
Фота з беларускай «Вікіпедыі»

У 1962 годзе маладога аспіранта, які закончыў першы год навучання з трох, накіравалі ў нашу сталіцу. Справа ў тым, што Піўтарак пісаў дысертацыю па беларусістыцы, таму было лагічным шукаць неабходныя матэрыялы ў коле даследчыкаў беларускай мовы. Вестка пра прыезд аспіранта-ўкраінца хутка пашырылася сярод беларускамоўнай інтэлігенцыі. Паколькі сфера ўжывання беларускай мовы з’яўлялася надзвычай вузкай, на Піўтарака, паводле яго слоў, прыходзілі і глядзелі як на дзіва ў заапарку, як на апошняга з магікан. Аднойчы ў інтэрнацкі пакой завітаў незнаёмы хлопец. Вельмі непасрэдны, ён адразу звярнуўся да Піўтарака на “ты”:
– Ты з Кіева?
– Так.
– А я Уладзімір Караткевіч. Як добра, што ты прыехаў з Кіева. Ты мне як брат.

У далейшым Караткевіч і Піўтарак бачыліся, але не шмат. На аспіранта звалілася шмат працы: у прыватнасці, акрамя напісання дысертацыі давялося здаваць іспыты па беларускай мове. Уладзімір неаднаразова запрашаў свайго знаёмага ў падарожжы. Але Піўтарак толькі аднойчы скарыстаўся такой магчымасцю. У 1963 годзе разам з Сяргеем Панізнікам, Паўлам Кавалёвым, Антанінай Лысенка і некаторымі супрацоўнікамі Інстытутаў літаратуры і мовы яны наведалі купалаўскую Вязынку. Пасля вяртання Піўтарака ў Кіеў яны кантактавалі праз лісты (на жаль, паводле слоў Рыгора Пятровіча, іх не захавалася), перыядычна бачыліся на канферэнцыях у Мінску.

Піўтарак згадваў пра Караткевіча як пра высокаадукаванага, талерантнага, вельмі тэмпераментнага чалавека, які лёгка запальваўся ў спрэчках. Сябры казалі яму, што Уладзімір мог размаўляць па-ўкраінску. Праўда сам Рыгор Пятровіч сваёй роднай мовы з яго вуснаў не чуў. Зрэшты, магчыма, не жадаў рабіць памылкі. Цікава, што Караткевіч прапаноўваў Піўтараку перакласці на ўкраінскую мову “Каласы пад сярпом тваім”. Але ва ўкраінскага даследчыка тады былі пэўныя праблемы з савецкімі кампетэнтнымі органамі, таму гэтая ідэя не ажыццявілася.

Прадаўжальнік традыцый казацтва
Украінскі пісьменнік Пётр Засэнка паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта ў 1954 годзе (акурат тады, калі Караткевіч яго закончыў). Пазнаёміліся яны на пасяджэннях студэнцкай літаратурнай студыі “СІЧ” (пра назву гл. далей), якую ўзначальваў аспірант Юрый Муштэтык. Аўтарытэт кіраўніка трымаўся на той акалічнасці, што ў студэнцкі гады той напісаў і выдаў гістарычны раман (у далейшым Ю. Муштэтык стаў адным з самых вядомых украінскіх творцаў, у 2009 годзе яму было прысвоена званне Герой Украіны). Пасяджэнні адбываліся адзін раз на два тыдні. Паводле слоў Засэнка, Уладзімір наведваў пасяджэнні ўжо пасля заканчэння навучання. Цікава расшыфроўвалася назва студыі. Зразумела, гаворка ішла пра часы казацкай вольнасці і запарожскую сеч (па-ўкраінску – “січ”). Але каб кіраўніцтва ўніверсітэта не магло высунуць абвінавачванні ў нацыяналізме, афіцыйна “СІЧ” расшыфроўвалася як “Студыя імя Чумака” (так клікалі камсамольскага паэта, забітага дзянікінцамі ў Кіеве падчас Грамадзянскай вайны). У пачатку 1960-х гадоў Засэнка яшчэ адзін раз бачыўся з Караткевічам: сутыкнуўся з ім на бульвары Шаўчэнка, калі Уладзімір прыязджаў у Кіеў.

У далейшым украінскі пісьменнік працаваў у выдавецтве “Моладзь”, што існалава пры ЦК камсамола Украіны. Па яго ініцыятыве пачала выдавацца анталогія маладой паэзіі савецкіх рэспублік. Сімвалічна, што першы том быў прысвечаны Беларусі. І адкрываўся ён вершамі Караткевіча.

Узгадваюць перакладчыкі
Алэна Лук’янчук, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела газетных фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя Вярнадскага, паступіла на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта на год раней за Караткевіча (хоць закончыла яго толькі ў 1960 годзе). Іх знаёмству паспрыяла тая акалічнасць, што другакурсніца Алэна жыла ў адным пакоі з пяцікурсніцай Адай, стрыечнай сястрой Уладзіміра. Караткевіч перыядычна заходзіў да іх у госці, чытаў на памяць вершы Купалы і Коласа. У наступным годзе Алэна пераехала ў іншы інтэрнат (з вуліцы Асветы на Уладзімірскую), таму яны бачыліся толькі ва ўніверсітэцкіх калідорах).

Паводле слоў Лук’янчук, у далейшым яны страцілі сувязі. Наступная сустрэча, якая, зрэшты, мела завочны характар, адбылася ў 1970-я гады. Алэна зайшла ў кнігарню і ўбачыла кнігу Караткевіча “Блакіт і золата дня”. Адзначу, што гэтае выданне з’яўлялася першай празаічнай кнігай Каракевіча і выйшла ў 1961 годзе. Або яно трапіла ва Украіну праз гады, або пані Лук’янчук памыліся ў часе. Алэна пераклала гэту кнігу для выдавецтва “Моладзь”. Цяжкасцяў з разуменнем ў яе не ўзнікла, бо беларуская мова падалася ёй падобная да палескай гаворкі. Паколькі патрабавалася аўтабіграфія аўтара, яна знайшла адрас Караткевіча і напісала яму. У 1972 годзе Лук’янчук разам з Карлам Скрыпчанкам пераклала яшчэ адну кнігу Уладзіміра, “Чазенію”, куды ўвайшлі аднайменная аповесць і апавяданні.

Дмытро Чэрэднычэнка працаваў у выдавецтве “Моладзь”, калі з’явілася ідэя выдаваць узгаданую вышэй анталогію беларускай паэзіі. Яе выданне ажыццяўлялася з вялікімі цяжкасцямі. Калі быў падрыхтаваны набор, у выдавецтва патэлефанавалі з рэспубліканскага ЦК камсамола і загадалі прыбраць паэзію Алеся Разанава. Зрэшты, у рэшце рэшт том усё ж такі пабачыў свет без скарачэнняў. Пасля выхаду кнігі ў Кіеў прыехаў Караткевіч. Разам з Чэрэднычэнка і іншымі знаёмымі ён ішоў па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, пазнаў дом, дзе жыў. Падчас таго падарожжа здарылася цікавая сітуацыя: творцы ўбачылі каштан, пачалі агучваць вобразы, што прыходзілі ў іх уяўленне, і адразу папярэджваць іншых, што версія кожнага занятая і выкарыстоўваць яе ў сваіх творах нельга.


Дмытро Чэрэднычэнка.
Фота з сайта www.poetryclub.com.ua

У далейшым сустрэчы Чэрэднычэнка з Картакевічам былі не такія частыя. Адна з іх адбылася падчас сумеснага адпачынку ў Доме творчасці, што размяшчаўся ў Піцундзе.

Паэтэса і перакладчыца Тамара Каламіець, якая паступіла на філфак Кіеўскага ўніверсітэта ў 1952 годзе, убачыла Караткевіча яшчэ студэнтам. Яна запомніла яго хударлявым, з дзіцячым абліччам і выразнымі вачыма. Але тое, што ён піша вершы даведалася ўжо пасля заканчэння вну, калі працавала ў часопісе “Дняпро”. Ёй даручылі перакладаць верш “Заяц варыць піва”, які спадабаўся ўплывам фалькрору і народнымі матывамі. Цяпер Тамара Каламіець падрыхтавала анталогію беларускай паэзіі, куды ўключыла каля 90 твораў, напісаных найлепшымі беларускімі паэтамі ў ХХ стагоддзі. Засталася самая “дробязь”: знайсці грошы на выданне.

Дзе жыў Караткевіч у Кіеве?
Сумеснымі намаганнямі атрымалася высветліць некалькі надзвычай каштоўных дэталяў. Па-першае, удакладніць кіеўскую геаграфію Караткевіча. Дом, у якім жыў Уладзімір у 1944 годзе адразу пасля вызвалення Кіева (час дзеяння аповесці “Лісце каштанаў”) знаходзіўся там, дзе і ў творы: на цяперашняй вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 52 (былыя назвы Фундуклееўская і Леніна). Цяпер у моцна перабудаваным доме знаходзіцца офіс кампаніі “Люфтганза”.


Дом па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 52.
Фота з сайта www.photoshare.ru

Філалагічны факультэт у часы навучання там Караткевіча размяшчаўся ў галоўным будынку Кіеўскага ўніверсітэта (так званым, чырвоным корпусе) – вуліца Уладзімірская, 60.


«Чырвоны корпус».
Фота аўтара

Чытальная зала знаходзілася ў суседнім доме (жоўтым корпусе) – вуліца Кладзімірская, 58. Дарэчы, толькі цяпер робіцца зразумелай фраза з успамінаў Музы Сняжко, аднакурсніцы Караткевіча, пра тое, што Уладзімір часам не хадзіў на пары, а сядзеў у бібліятэцы. Лагічна: калі паміж будынкамі была адлегласць у дзве хвіліны пешшу, можна было без цяжкасцяў сысці на адну пару ў чытальную залу.


«Жоўты корпус».
Фота аўтара

Інтэрнат, дзе жыў Караткевіч, знаходзіўся па адрасе вуліца Асветы, 6 (размешчана ў паўднёва-заходняй частцы горада, за чыгуначным вакзалам). Цяпер у будынку знаходзіцца Інстытут гістарычнай адукацыі Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Драгаманава.

Па-другое, з пэўнасцю назваць прататыпа аднаго з твораў Караткевіча. Адным з герояў аповесці “Лісце каштанаў” з’яўляўся Карла Скрыпчанка, які ў далейшым пераклаў багата твораў пісьменніка на ўкраінскую мову і, па выказванні некаторых гасцей вечарыны, па-сутнасці манапалізаваў яго творчасць у сваіх руках (пераклаў “Лісце каштанаў”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, сумесна з іншымі – “Чазенію”, “Зямлю пад белымі крыламі”). Для аб’ектыўнасці прызнаюся, што такая думка прыходзіла да мяне і раней. Але ў творы герой па імені Карл з’яўляўся немцам. Таму ў будучым будзе неабходна высветліць, пад імем якога героя выступаў у аповесці Скрыпчанка.

Колькі словаў на развітанне
Здавалася б, вынікі падарожжа можна лічыць нядрэннымі. Але, шчыра прызнацца, мяне не пакідае засмучэнне: успаміны пра Караткевіча трэба было пачынаць запісваць пасля яго смерці, у другой палове 1980-х гадоў, ці хаця б у 1990-я, калі ўкраінскія сябры і знаёмыя Уладзіміра Сямёнавіча былі жывыя, здаровыя і поўныя сіл. Фактычна ці не адзіным вядомым мне адваротным прыкладам сталіся ўзгадкі аднакурснікаў пісьменніка Музы Сняжко і Фларыяна Няўважнага, рупліва занатаваныя Галінай Шаблінскай.

Шукаючы сёлета інфармацыю пра Караткевіча, мы неаднойчы сутыкаліся з сітуацыяй, калі нам рэкамендавалі пэўных асобаў, што добра ведалі і сябравалі з нашым класікам. Але неўзабаве высвятлялася, што адзін памёр, другі слаба памятае падзеі мінулага, трэці дрэнна сябе адчувае і не мае магчымасць ані сустрэцца, ані пагутарыць па тэлефоне. Узнікае адчуванне таго, што мы непапраўна спазніліся. Хочацца верыць, што не цалкам. Таму буду спадзявацца, што ў гэтага даследавання будзе свой працяг.

Мінск – Кіеў – Мінск

Караткевіч і Украіна: новыя знаходкі// Літаратура і мастацтва. 2012. 11 мая. № 19. С. 20.
(апублікавана з невялікімі скарачэннямі)