Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я – дастаткова маладая установа. Яго адкрыццё адбылося 28 снежня 1998 года, з таго часу ён уваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Але зварот да гісторыі будынка па полацкай вуліцы Войкава, дзе размяшчаецца музей, а таксама экспанатаў установы сведчыць пра іх глыбокую сувязь са старажытнасцю.
Паводле звестак мясцовых краязнаўцаў, на цяперашняй тэрыторыі музея ў 1850-я гады быў пабудаваны будынак, у якім размяшчалася гарадская багадзельня. У 1902-м на пляцоўцы з’явіўся дом з мураваным цокалем, дзе знаходзілася пякарня, і драўляным першым паверхам, дзе жыў гаспадар. Свой сучасны выгляд дом набыў пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўным элементам музейнай экспазіцыі з’яўляецца “сусветнае дрэва”, што адлюстроўвае міфалалагічную мадэль светабудовы. Як вядома, старажытны чалавек лічыў, што карані гэтага “дрэва” спускаюцца ў апраметную, крона дасягае нябёсаў, а ствол і галіны фарміруюць зямную прастору. У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я “Дрэва” пачынае “расці” на першым паверсе, а цалкам раскрываецца перад наведвальнікамі ўжо на другім.
Матэрыялы, прадстаўленыя ў першай зале, прысвечаны вырошчванню і апрацоўцы льну ў 19 – пачатку 20 стагоддзяў на падставе этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў Паазер’я (Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Докшыцкі Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі і Шаркаўшчынскі раёны). Значэнне гэтай культуры ў жыцці беларусаў надзвычай істотнае. Нездарма казалі: “Калі хлеб – усяму галава, дык лён – усяму душа”.
Экзспазіцыя выразна падзяляецца на пары года, падчас якіх адбывалася пэўная праца. Вясной жыхары вёсак сеялі лён. Цікава, што, згодна народным прыкметам, рабіць гэта можна было толькі ў пятніцу і суботу. Панядзелак лічыўся для пасеву льну няшчасным днём. Сеяць у аўторак – будзе дрэнны ўсход, у сераду – дрэннае валакно, а чацвер наогул з’яўляўся “чарвівым днём”. Сяляне імкнуліся сеяць на поўню. А калі выпраўляліся ў поле, дык ішлі самай доўгай дарогай, каб лён быў доўгі.
Льняное поля надзялася надзвычайнымі ўласцівасцямі. Лічылася, што туды трэба класці спаць дзяцей, бо ні нячысцік, ні дрэнны чалавек не змогуць зрабіць нічога благога. Бліжэй да восені ўбіралі лён, пазней – пераўтваралі валакністую расліну ў рэч, прадмет культуры. Цяжкі працэс апрацоўкі льну знайшоў адлюстраванне ў легендзе. Згодна ёй, нячысцік праследаваў дзяўчыну, якая схавалася ў пуні з ільном. Праследавальнік запатрабаваў выдаць яе. Лён згадзіўся, але паставіў сваю ўмову: выслухаць яго пакуты (як яго рвуць, мочаць, б’юць, трэплюць і г.д.). Расказ працягваўся ўсю ноч, пасля чаго нячысцік проста забыўся пра дзяўчыну. Менавіта такой апрацоўкай льну займаліся ў восеньскі перыяд, каб у выніку атрымаць ільняную нітачку. А ўжо зімой вясковыя дзяўчаты і жанчыны ткалі з ільну абрусы, рушнікі, кашулі…
У экспазіцыі другой залы, што размяшчаецца на другім паверсе, прадстаўлены віды і тэхналогіі ткацтва. Вядома, што яшчэ ў канцы ХІХ ст. гаспадарка беларуса мела пераважна натуральны характар (усе прадметы быту, неабходныя для жыцця, вырабляліся ў хатніх умовах: посуд, мэбля, адзенне і г. д.). Важнае месца ў экспазіцыі другой залы займаюць кросны – станок для ткацтва. Праца на кроснах са старажытных часоў была выключна жаночым заняткам.
Складаная ткацкая тэхналогія заўсёды спалучалася з высокім мастацкім майстэрствам. Больш таго, ступень гэтага майстэрства ў ткацкай справе залежала ад ступені тэхналагічнай складанасці. Ткалася на кроснах усё, што было неабходна ў гаспадарцы: ручнікі, посцілкі, абрусы, палавікі і г.д. А таксама тканіна, з якой шылі вопратку. Адзенне фарміравалася на працягу стагоддзяў. Беларускі нацыянальны касцюм набыў завершанасць у ХІV- ХVІ стст., калі cклаліся яго асноўныя рысы: строгасць, адзінства кампазіцыі, перавага белага колеру, спалучэнне яго з чырвоным у арнаменце.
Зімовы жаночы (камянецкі) і мужчынскі (турава-мазырскі) строі
Асаблівы ўзлёт фаназіі і майстэрства можна ўбачыць у жаночым касцюме. Мастацтва народных ткачых, іх фантазія і густ, умельства простымі сродкамі дабіцца дэкаратыўнасці, прыгажосці, ярчэй за ўсё выявіліся ў вырабе ручнікоў. У экспазіцыі прадстаўлены паазерскія бранныя ручнікі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. пад агульнай назвай «полацкія ручнікі», узораў якіх захавалася няшмат.
Трэцяя зала музея больш падрабязна знаёміць з ручнікамі Паазер’я, а таксама іх выкарыстаннем у традыцыйнай сямейнай абрадавасці беларусаў. Тут жа можна пабачыць мастацкую рэканструкцыю Лепельскіх народных строяў, зробленых славутым мастацтвазнаўцам Міхасём Раманюком. Як вядома, ён вывучаў некалькі гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Заходняе Палессе, Усходняе Палессе, Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне, цэнтральную Беларусь.
Належнае месца ў музейнай экспазіцыі займаюць выстаўкі. Зімой у памяшканні ўстановы экспанаваліся “Газавыя лямпы і ліхтары”. У ноч музеяў адкрылася выстаўка “Як вілася свадзебка хмелем каля двара…”, у рамках якой будуць прадстаўлены вясельныя і святочныя касцюмы з Лепельскага дома рамёстваў “Скарбонка” (Паазер’е, Заходняе і Усходняе Палессе, Панямонне, Падняпроўе).
Акрамя таго, у музеі праводзяцца вясельныя абрады “Як зліліся дзве рэчанькі…”, фальклорныя святы і музейныя мерапрыемствы, якія суправаджаюцца спевамі і гульнямі. Сёлета адбыліся ўжо тры з іх: Каляды (“Ехала Каляда з Полацка”), Мясаедная Вясельніца (тэатралізаваная рэпрыза з удзелам супрацоўнікаў музея, фальклорнага гурта “Варган” з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і тэатральнай студыі “Крышталь”, у якой займаюцца школьнікі 6-7 класаў Наваполацкай школы № 14), Гуканне вясны (супрацоўнікі музея, гурт “Варган”). На чарзе – Купалле.
Лён – усяму душа// Літаратура і мастацтва. 2012. 25 мая. № 21. С. 24.
Усе фота — аўтара