Страсці па Мележу: «Людзі на балоце» у Купалаўскім

Адной з самых яркіх тэатральных падзей сёлетняй вясны стала прэм’ера палескай хронікі “Людзі на балоце”, пастаўленай на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.


Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў не першы звярнуўся да класічнага твору беларускай літаратуры. Пастаноўка Барыса Эрына паводле аднайменнага рамана Івана Мележа ўжо ішла на купалаўскай сцэне ў 1960-1970-я гады, прычым спектакль карыстаўся вялікім поспехам сярод гледачоў. На ўспрыманне апошняй купалаўскай прэм’еры, безумоўна, паўплывала і кінадылогія Віктара Турава, знятая ў пачатку 1980-х па раманах Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” (як вядома, трэці твор, “Завеі, снежань”, застаўся няскончаным). Зрэшты, А.Гарцуеў не стаў паўтарацца і пайшоў сваім шляхам. Падчас уласнай інсцэніроўкі ён таксама выкарыстаў тэкст двух раманаў пісьменніка. Але акцэнт быў зроблены не на грамадска-палітычных падзеях, якія не заўсёды цікавыя сучаснаму гледачу, а на любоўным трохкутніку. У яго цэнтры знаходзіцца Ганна (Вікторыя Чаўлытка), якую кахаюць Васіль (Раман Падаляка) і Яўхім (Павел Харланчук). Іх узаемаадносіны адбываюцца на фоне адной з найбольш значных і, адначасова, трагічных падзей у гісторыі Беларусі: калектывізацыі, якая спрыяла стварэнню буйной прамысловасці, але адначасова парушыла ўвесь традыцыйны уклад у жыцці вёскі.

Адным з фактараў, які паўплываў на поспех спектакля, стала сапраўды ювелірная інсцэніроўка. Ужываю такі эпітэт без аніякай гіпербалы. Апошнім часам сярод беларускіх рэжысёраў (як драматычных, так і музычных) стала модна адмаўляцца ад паслуг драматургаў і здзяйсняць інсцэніроўку самім. Вынікі атрымліваюцца рознымі: ад бясспрэчных поспехаў да безумоўных правалаў. У “палескай хроніцы” інсцэніроўка А.Гарцуева атрымалася шыкоўнай. У тэксце няма штучных слоў, тупіковых эпізодаў, лішніх герояў. Сюжэтная нітка яднае эпізод з эпізодам. Дзеянне разгортваецца імкліва, але адначасова пакідае акцёрам магчымасць псіхалагічна раскрыць вобраз сваіх герояў. Адзначу, што ў творчай скарбонцы кожнага купалаўца (асабліва ў прадстаўнікоў старэйшага пакалення) хапае герояў традыцыйнага сялянскага рэпертуару. Таму існавала небяспека паўтораў або нават выканальніцкіх штампаў. На маю думку, выканаўцы абмінулі гэтую праблему і з бляскам вырашылі пастаўленую рэжысёрам задачу. Асобныя ролі (напрыклад, Куліна Алены Сідаравай) наогул успрымаюцца як маленькія шэдэўры. Купалаўцы здолелі паказаць іх жывымі людзьмі свайго часу.

Найбольшую цікавасць выклікала рэжысёрская інтэрпрэтацыя “Людзей на балоце”, паколькі аўтарская інсцэніроўка не магла не прывесці да змены прыярытэтаў у параўнанні з раманамі. Найбольш яна праявілася ў любоўным трохкутніку. Праз твор Мележа выразнай скразной ніткай праходзіла лінія ўзаемнага кахання паміж Васілём і Ганнай. Вобраз працалюбівага, але ціхмянага хлапца найбольш раскрываўся ў яго гаспадарскім стаўленні да зямлі, у мары валодаць уласным надзелам і апрацоўваць яго. Зямля з’яўлялася адной з прычын, чаму Васіль так і не наважыўся сысці з Ганнай пасля таго, як тая пакінула Яўхіма.

Нагадаю, у спектаклі А.Гарцуева падзеі калектывізацыі адышлі на другі план. Яны развіваюць сюжэт і ствараюць атмасферу эпохі, але не вызначала галоўную праблематыку пастаноўкі. Але эфект такой інтэрпрэтацыі атрымаўся нечаканы: пазбавіўшыся ад “зямельнага пытання” як магчымага грунту пастаноўкі, Гарцуеў, па сутнасці, выбіў з-пад ног Васіля аснову таго вобраза, які паўстаўваў у рамане. Абгрунтаванне паводзінаў хлопца шмат у чым знікла. У выніку яго адносіны з Ганнай пазбавіліся чароўнасці і магіі. У спектакле інтэлігентны і сціплы юнак не ўспрымаўся роўным па значнасці з дзяўчынай.

Менш за ўсё хацелася б папракаць у такой сітуацыі Рамана Падаляку. Адзін з лепшых беларускіх драматычных выканаўцаў, ён прымушае згадаць герояў Смактуноўскага, рэфлексіўных інтэлігентаў з вялізарнымі наіўнымі і вар’яцкімі вачыма. Але для такіх акцёраў трэба ствараць асобны рэпертуар. На жаль, апошнім часам у купалаўскім тэатры Р.Падаляку выкарыстоўваюць у якасці рамантычнага героя (“Translations”, “Не мой”), што не дазваляе напоўніцу выкарыстоўваць яго дыяпазон.

Адыход на другі план вобраза Васіля прывяла да выхаду на авансцэну іншага прэтэндэнта на сэрца Ганны – Яўхіма. Скажу больш, фактычна спектакль уяўляе сабой гісторыю кахання і нянавісці гэтых герояў. Зрэшты, на тое ёсць свае прычыны, якія можна патлумачыць праз асобу Паўла Харланчука. Яго акцёрскія дасягненні прымушаюць згадаць асобу Алега Янкоўскага. Як і славутаму расійскаму акцёру, Харланчук здольны пераўвасабляцца ў якога заўгодна героя, быць пераканаўчым і, галоўнае, розным у кожным вобразе (лёгка яўляю, як Харланчук мог бы пераканаўча сыграць Васіля). Калі ў персанажах Падалякі дамінуе і прываблівае інтэлект, дык у героях Харланчука – харызма і энергетыка. Таму і не дзіўна, што на працягу амаль усяго спектакля (акрамя некалькі жорсткіх сцэн: гвалту на Хадоськай, вяселля і эпізоду смерці дачкі Ганны) менавіта Яўхім успрымаецца як чалавек, варты галоўнай гераіні.

Але пры такой інтэрпрэтацыі мы сутыкаемся яшчэ з адной супярэчнасцю. У рамане Васіль і Яўхім з’яўляюцца антыподамі і па сваім маёмасным стане. Першы паходзіць з небагатай сям’і, другі з’яўляецца “кулаком”. У савецкія часы ацэнка Яўхіма і яго сям’і была дастаткова прамалінейнай і адназначна адмоўнай. Таму сімпатыі чытачоў рамана, гледачоў ранейшага купалаўскага спектакля і фільма В.Турава былі адназначна на баку Васіля.

Ракурс, выбраны А.Гарцуевым, карэнным чынам змяніў сітуацыю. Як вядома, бальшавікі прыйшлі да ўлады, паабяцаўшы «фабрыкі – рабочым, а зямлю – сялянам». Калі першы лозунг застаўся ў тэорыі, дык у сельскай гаспадарцы новая ўлада пайшла насустрач насельніцтву. На пачатку 1920-х гадоў жыхары вёсак атрымалі магчымасць узяць столькі зямлі, колькі маглі апрацоўваць сваімі сіламі. Найбольш працалюбівыя беларускія сяляне, у тым ліку стары Глушак (Генадзь Аўсяннікаў) і яго сын Яўхім, змаглі штодзённай працай выбіцца ў “сярэднякі”. Паколькі беларуская нацыя ў той час з’яўлялася сялянскай, менавіта з гэтай праслойкай звязваліся надзеі ў яе развіцці. Што датычыцца Васіля, дык у рамане яго сям’я мае неўрадлівую зямлю. Гэтая акалічнасць, а таксама ранняя смерць бацькі героя прыводзяць да таго, што Дзятлікі належаць да беднякоў.

У пастаноўцы акцэнты змяняюцца. На першы план выходзіць асобы галоўных герояў і іх паводзіны. Згодна інтэрпрэтацыі А.Гарцуева, Ганна, чый вобраз — дзякуючы сваёй глыбіні і шматзначнасці – можа ўспрымацца як увасабленне складанай і пакутнай лёсу Беларусі, не можа быць шчаслівай ні з Васілём, ні з Яўхімам. Першы не можа прапанаваць ёй нічога. Нездарма ў фінале спектакля ён толькі разгублена менціць касу і не робіць ніводнага кроку, каб вярнуць дзяўчыну. Што датычць ўзаемаадносін паміж Ганнай і Яўхімам, дык паміж героямі няма будучыні. У тым ліку з-за гістарычнай асуджанасці “сярэднякоў”: большасць з іх у недалёкай перспектыве чакае раскулачванне. Так А.Гарцуеў праектуе лірычную лінію на грамадска-палітычныя падзеі таго часу і паказвае трагедыю нацыі.

Упэўнены, той-сёй з крытыкаў выкажа прэтэнзіі да А.Гарцуева, які не стаў шукаць новых форм у мастацтве і абмежаваўся традыцыйнай рэжысурай, што была надзіва актуальнай напрыканцы савецкай эпохі. У абарону А.Гарцуева магу сказаць наступнае. Як вядома, тэатральнае мастацтва адлюстроўвае і ўвасабляе канкрэтную эпоху. У гэтай сувязі паказальнай з’яўляецца яго эвалюцыя. Сваю рэжысёрскую кар’еру ён пачынаў як пастаноўшчык мадэрнісцкіх спектакляў (напрыклад, “Крывавая Мэры” ў Купалаўскім). Але паступова звярнуўся да традыцыйнага псіхалагічнага тэатра.

Што стала прычынай? Натуральная змена каштоўнасцяў, што адбываецца з узростам? Расчараванне ў ідэалах творчай маладосці? На маю думку, Гарцуеў на інтуітыўным узроўні адчуў, якія спектаклі запатрабаваны шырокай беларускай публікай (а не вузкім асяроддзем крытыкаў, да якіх належыць і аўтар гэтых радкоў). Не сакрэт, што беларускае тэатральнае мастацтва вярнулася на новым вітку развіцця ў 1980-я гады. Большасць айчынных рэжысёраў існуюць выключна ў беларускай сістэме каардынат. Апошнія спектаклі А.Гарцуева з’яўляюцца аднымі з лепшых узораў гэтай сістэмы.

Страсці па Мележу// Настаўніцкая газета. 2012. 5 мая. № 53. С. 11