Ігар Сідорчык: кніганоша з Тэатра юнага гледача

Для аматараў мастацтва акцёр ТЮГа Ігар Сідорчык не мае патрэбу ў прадстаўленні. Граф Дарынкур у спектаклі “Маленькі лорд Фаўнтлярой”, Містар Пэндлтан у “Паліяне”, рэжысёр-пастаноўшчык казкі воўчага лесу “Па зялёных гурбах акіяна”, выканаўца шэрагу роляў на тэатральнай сцэне і ў кіно.


Фота з сайта тэатра

Але сённяшняя наша гаворка пра пра сюжэт “Кніжная лаўка”, які Ігар Яўгенавіч прадстаўляе гледачу ў фармаце перадачы “Наша раніца” на АНТ, і пра кнігі наогул.

– Ідэя стварыць сюжэт, прысвечаны кнігам нарадзілася некалькі гадоў таму ў тэлерэжысёра Сяргея Дужа, які працаваў на 8 канале. Ён і зрабіў пілотную версію. Паколькі я досыць даўно супрацоўнічаў з гэтым калектывам, мне прапанавалі быць вядучым. А потым сюжэтам зацікавіўся АНТ, у выніку чаго “Кніжная лаўка” была ўключана ў папулярную перадачу “Наша раніца”.

Што з сябе ўяўляе сюжэт?

– Ён выходзіць кожны тыдзень у сераду. Сама перадача працягваецца з 6 да 9 гадзін раніцы, і вось у гэты прамежак рэжысёр устаўляе наш невялікі сюжэт. Маёй задачай з’яўляецца паказ новых выданняў любога жанру Некалькі слоў пра новую кніжку, дзе яе можна набыць. Прычым, згодна фармату, для перадачы не патрабуецца крытычны аналіз. Хутчэй ацэнка згодна ўласнаму мастацкаму густу. У перспектыве мару пра перадачу, дзе б кнігі разглядаліся падрабязна, грунтоўна, так, як гэта робіцца ў Расіі. Але для гэтага патрабуецца іншы вядучы, хутчэй, прафесійны філолаг.

Як ажыццяўляецца адбор выданняў?

– Кнігі выбіраю сам. Заходжу ў крамы, выдавецтвы. Праглядаю кніжныя навінкі. Нейкага знешняга кантролю няма. Ёсць унутраны кантроль, свой уласны мастацкі густ. Часам бачыш новае імя, пралістываеш кнігу, а на старонках – нецэнзурныя выказванні. Такія выданні, зразумела, у перадачу не трапляюць. Хоць у іншых сітуацыях часам даводзіцца паказваць кнігі, якія не чытаю: фантастыку, фэнтазі. Але ж камусьці з чытачоў яны падабаюцца.

Які рэзананс ад перадачы? Ці прапаноўваюць Вам знаёмыя і незнаёмыя аўтары расказаць пра свае кнігі?

– Спецыяльна водгукі не адсочваю. Хоць часам прыемна даведвацца, што сюжэт паспрыяў продажу. Напрыклад, 27 асобнікаў кнігі знакамітага беларускага барда 1960-1970-х гадоў Арона Круппа, якія прадаваліся ў кніжнай лаўцы, што месціцца ў Акадэміі навук, былі раскуплены імгненна.

З аўтараў напрамую амаль ніхто не звяртаўся. Аднойчы званілі з Брэста, дзе выйшла кніга пра Белавежскую пушчу. А вось у мінулым годзе акцёр нашага тэатра і пісьменнік Анатоль Жук, ужо нябожчык, падарыў мне свой скандальны раман “Бульвар” пра жыццё багемы. Я яму сказаў, што кнігу абавязкова прадстаўлю, але хваліць не буду. Нават пасварыліся з ім крыху.

А як вы прыйшлі да неабходнасці прапаганды кнігі?

– Мне здаецца, выбару ў мяне не было. У спектаклі “Танга ўтраіх” рэжысёра Яўгена Валабоева, які паказваецца на сцэне КЗ “Мінск” і на пляцоўцы Дома літаратараў, выконваю ролю пісьменніка Абеля Знорка, Нобелеўскага лаўрэата (смяецца).

Патлумачу на сваім прыкладзе. У Санкт-Пецярбургу ў мяне ёсць родныя. Калі прыязджаю да іх, пачынаю запытваць: “Дзе былі?”, “Што бачылі?”. І высвятляецца, што і да Эрмітажа не дайшлі, і ў тэатр не патрапілі, хоць жывуць зусім недалёка. Здаецца, калі блізка, можна скарыстацца ў любы момант. А потым забываешся або адкладваеш да бясконцасці. Так і з кнігамі. Тэлебачанне закрывае жыццё ад людзей. Але спадзяюся, што пасля нашага сюжэта некаторыя людзі выходзяць з дому і ідуць у кнігарні.

Хто ўплываў ў вашым жыцці на выбар кніг?

– Мастацкі густ прывіваецца бацькамі, настаўнікамі ў школе і ва універсітэце. Не разумею цынізм маладых людзей, якія думаюць, што старыя наўрад ці могуць расказаць нешта цікавае. Часам нават шкадую, як мала ўзяў у людзей, з якімі сустрэўся ў жыцці, разуменне літаратуры, мастацтва, мінулага. Цудоўна памятаю сваіх выкладчыкаў. У школьныя гады гэта былі настаўніца рускай літаратуры Нэлі Лур’е і кіраўнік тэатра юнацкай творчасці Валерый Мароз. Сярод выкладчыкаў тэатральнага інстытута адразу ўзгадваю прафесара Аркадзя Скіра, які выкладаў у нас заходнюю літаратуру. Ён працаваў у некалькіх навучальных установах і часам ён мог пераблытаць аўдыторыю. Таму пачынаў чытаць нам лекцыю па-французску, нібыта перад ім сядзелі студэнты інстытута замежных моў. Потым разумеў сваю памылку, выбачаўся і пачынаў з таго месца, адкуль пачаў лекцыю. Выкладчыка сцэнічнага маўлення Іллю Кургана, уладальніка ўнікальнай бібліятэкі. Веру Рэдліх, якая праводзіла заняткі па майстэрству акцёра. Яна была вучаніцай Станіслаўскага, асабіста ведала лепшых пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя і расказвала пра сустрэчы з імі.

Аднойчы, неўзабаве пасля паступлення ў тэатральны інстытут, наш педагог, артыст Купалаўскага тэатра Аўгуст Мілаванаў папрасіў падрыхтаваць урыўкі з твораў. Калі ўбачыў аўтараў, папрасіў дастаць аркушы паперы, асадкі і пачаў дыктаваць спіс таго, што мы павінны былі прачытаць.

Што да таго часу ўжо было прачытана? Якімі выданнямі цікавіцеся зараз?

– Шмат чытаць пачаў яшчэ ў школе. З таго часу збіраю кнігі, таму ў мяне дома назапасілася вялікая бібліятэка. У 4-5 класах перажыў захапленне светам прыроды. Марыў звязаць жыццё з прафесіяй ветэрынара, дрэсіроўшчыка, таму прачытаў усе кнігі пра жывёл у школьнай бібіліятэцы Любімымі пісьменнікамі былі Джэк Лондан і Эрнэст Сетон-Томпсан, аўтар шматлікіх кніг пра жывёл. Захапляўся прыгодніцкім творамі, кшталту “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра. Пасля стаў больш ўвагі надаваць класіцы – Дзікенсу, Пушкіну, апавяданням Чэхава. Галоўнае, трэба выхоўваць мастацкі густ, каб чалавек у адпаведным узросце мог зразумець думкі аўтараў.

Шмат знаёмлюся з драматычнымі творамі, шукаю ў іх нешта новае для тэатра. Апошнія кнігі – проза пецярбургскага празаіка Алены Чыжовай і Міхаіла Шышкіна. Зараз набыў для сябе кнігу літаратуразнаўцы і крытыка Андрэя Сіняўскага.

Мой калега па АНТ, вядомы тэлевядучы Аляксандр Аверкаў называе мяне “кнігалюбам” і “кнігазнаўцам”. А на самой справе я – кніганоша, бо заўсёды цягаю з сабой на тэлебачанне партфель з цяжкімі сумкамі (смяецца). Калі ж сур’ёзна… Памятаеце знакамітых “Кніганошаў” Караткевіча? Галоўны герой апавядання, стары Корч, кажа пра кнігі: “Сын мог чытаць… А мяне не ўмудрыў пан бог… Але я іх люблю”. Так і я. Калі бяру кнігу ўзнікае рабалепства перад выдумкай чалавека. Павага да людзей, якія знайшлі мужнасць, жаданне, волю пачаць пісаць. Ніякі інтэрнэт не здолее замяніць кнігу. Гэта бяздонны акіян, у якім можна плаваць да бясконцасці, і ніколі не дасягнуць дна.

Гутарыў Дзяніс Марціновіч
Кніганоша з тэатра юнага гледача// Кніжны свет. 2010. 5 лістапада. Выпуск 20. С. 1.