Хто трапіў на калінкавіцкі Парнас?

Ад чаго залежыць успрыняцце літаратуры? Адказ на гэтае пытанне наўпрост залежыць ад геаграфіі Беларусі. Згадзіцеся, на сталічных аматараў прыгожага пісьменства ўплываюць шэраг праяў літаратурнага і калялітаратурнага жыцця: наяўнасць профільных выданняў і навучальных ўстаноў, шматлікія прэзентацыі, вечарыны, сустрэчы, а таксама самі пісьменнікі, большасць з якіх жыве менавіта ў Мінску. А вось як успрымаецца беларуская літаратура з раённага цэнтра? Што чытаюць мясцовыя жыхары? З Валянцінай Кіпер, дырэктарам Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні.


Валянціна Кіпер

Для большасці беларусаў Калінкавічы звычайна цесна звязаныя з суседнім Мазыром. Сапраўды, адлегласць паміж двума гарадамі складае ўсяго толькі 14 км. Нездарма пісьменнік Андрэй Федарэнка, які ў свой час вучыўся ў горадзе над Прыпяццю і працаваў у Калінкавічах, пісаў, што для тых, хто ведае абодва гарады, розніцы паміж імі няма.

Для 38-тысячнага раённага цэнтра бібліятэка, што існуе з 1924 года, з’яўляецца галоўным культурным цэнтрам. Часткова на сітуацыю ўплывае адсутнасць «канкурэнцыі»: асобная кнігарня ў Калінкавічах адсутнічае. Паліцы з выданнямі займаюць толькі палову плошчы аднаго з магазінаў. Зрэшты, існуе і іншы фактар. Моладзь скіравалася ў віртуальны свет, а ў бібліятэках пачала дамінаваць аўдыторыя пасля 50 гадоў. Заўважу, што частка з іх наўрад ці пажадае авалодваць камп’ютарнымі тэхналогіямі. Таму менавіта гэта катэгорыя чытачоў у бліжэйшы час будзе вызначаць “твар” бібліятэкі і ўплываць на запатрабаванасць той ці іншай літаратуры.

Сегмент чытачоў (дарэчы, за мінулы год 4,9 тысяч чытачоў наведалі бібліятэку больш за 26 тысяч разоў) можна падзяліць на дзве няроўныя катэгорыі. Да першай, якая складае не больш за 10 працэнтаў, можна аднесці людзей, якім не патрабуецца парада супрацоўнікаў установы. Яны звычайна добра ведаюць, што жадаюць заказаць. Да другой катэгорыі — чытачы, якім трэба парада. Большасць не мае часу для уласнага выбару, у іншых няма жадання шукаць.

Адпаведна, кожная катэгорыя мае сваю ўпадабанае кола аўтараў і твораў. Каго можна аднесці да першай групы? Навучэнцаў, які заказваюць праграмныя творы, што вывучаюцца па курсу літаратуры. Пенсіянераў, якія дастаткова актыўна чытаюць творы па-беларуску (на апошнюю акалічнасць уплывае той факт, што яны закончылі беларускія класы ці школы, таму добра ведаюць мову). А таксама мясцовых творцаў іх прыхільнікаў ды проста аматараў добрай кнігі.

З 2009 года на базе бібліятэкі дзейнічае клуб аматараў паэзіі “Бумеранг”, які ўзначальвае мясцовая настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Крупіна. Пасяджэнні звычайна праходзяць раз у два месяца. Актыў складаюць 12-13 чалавек, на кожнай сустрэчы да іх далучаюцца іншыя наведвальнікі. Звычайна ўдзельнікі “Бумеранга” абмяркоўваюць творчасць каго-небудзь з калег, а потым чытаюць свае новыя творы. Больш даўнюю гісторыю мае літаратурна-музычная гасціная, якая існуе ў сценах бібліятэкі з 1987 года. Дзякуючы яе жыхары Калінкавіч сталі ўдзельнікамі сустрэч з Віктарам Карамазавым, Уладзімірам Ліпскім, Соф’яй Шах, Сяргеем Трахімёнкам, Юрыем Татарынавым.

Чытачы другой катэгорыі просяць творы, блізкія ім, цікавяцца жыццёвымі сюжэтамі, аддаюць перавагу дэтэктывам і жаночым раманам. Зрэшты, памыляецца той, хто зусім не звязвае з такой аўдыторыяй сваіх надзей на пашырэнне ўплыву “сур’ёзнай літаратуры”. Супрацоўнікі бібліятэкі ўпэўненыя, што галоўная рэклама любых кніг – жывая гутарка, якая часам адыгрывае больш істотную ролю, чым аб’явы на дошцы інфармацыі і ў мясцовым друку.

Якімі кнігамі сучасных айчынных творцаў цікавяцца ў калінкавіцкай бібліятэцы? Тут найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца раманы Наталлі Батраковай (“Территория души”, “Площадь согласия”, “Миг бесконечности”), лірыка Міхася Башлакова; цыкл раманаў Андрэя Вароніна, што ствараўся шэрагам беларускіх літаратараў; “Предание о Нальшанах. Довмонт” Паўла Гацілава, “Паміж кубкам і вуснамі” Казіміра Камейшы, “Одиночество в раю” Сяргея Клімковіча, “Сіняе лета” Леаніда Левановіча, “Идиотки” Тамары Лісіцкай; “Хто мы? Адкуль мы?”, “Златавуст з Турава” і “Серенада под сенью столетий” Алеся Марціновіча; “Танцевальный марафон” Віктара Праўдзіна, “Афганскае эха” Рыгора Сакалоўскага, “Дзве зары” Алега Салтука, “Княгиня Менжинская” Юрыя Татарынава і “Нічые” Андрэя Федарэнкі.

Магчыма, у будучым на ажыўленне цікавасці да літаратуры паўплывае буккросінг. Але пакуль чытачы бібліятэкі ставяцца да такой з’явы насцярожана. Шэраг наведвальнікаў, пагартаўшы выданні, вяртаюць іх у абанемент. Таму са 190 кніг, што знаходзяцца ў адкрытым доступе для буккросінга, сваіх часовых гаспадароў пакуль атрымалі толькі 30. Зрэшты, падарожжа літаратуры па Калінкавічах ужо пачалося і абавязкова будзе мець свой працяг.

Хто трапіў на калінкавіцкі Парнас?// Літаратура і мастацтва. 2012. 4 мая. № 18. С. 22.