Вернемся ў СССР?

Сакавіцкі нумар “Маладосці” прапанаваў чытачам часопісны варыянт твора Вольгі Куртаніч “СССР”, пазначаны аўтарам як “антыдзея без дзеючых асобаў”.


Па сваёй жанравай форме антыдзею цалкам можна аднесці да “плыні свядомасці”, якая, як піша даследчыца Е. Лявонава, адметная “абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю прычынна-выніковых сувязяў, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адзін аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці”.

На маю думку, антыдзея цалкам адпавядае прыведзеным рысам. Вальжына, ад імя якой вядуцца разважанні, з’яўляецца прадстаўніком апошняга пакалення, выхаванага ў сацыялістычныя часы. “У нашых венах, – сцвярджае лірычная гераіня, – цячэ сапраўдная чырвоная кроў з цельцамі, пазначанымі пячаткай з сярпом і молатам”. Праз плынь уласнай свядомасці Вальжына імкнецца пакінуць для нашчадкаў сваё разуменне савецкай цывілізацыі. Бо можа здарыцца сітуацыя, “калі наш час будзе запісаны пяском тысячагоддзяў”. Але “нейкаму выпадковаму шукальніку патрапіць на вока старонка з гэтай кнігі (калі іншыя рэчы яшчэ не будуць знойдзены), з чаго ён, стаўшы вялікім навукоўцам, які здолеў расшыфраваць незнаёмыя нікому на зямлі пісьмёны, зробіць выснову, што існавала такая цывілізацыя – СССР”.

Часопісны варыянт любога твора з’яўляецца для крытыка прыхаванай пасткай. Цяжка сказаць, наколькі купюры, зробленыя аўтарам ці рэдакцыяй, паўплывалі на першапачатковую мастацкую задуму. Ці не схаваныя ў першапачатковай версіі адказы на ўсе крытычныя заўвагі? Але з-за адсутнасці поўнага тэксту іншых варыянтаў прааналізуем прапанаваную нам версію.

Наогул, з пункту гледжання мастацкай задумы зварот да “плыні свядомасці” з’яўляецца дастаткова смелым крокам. Нездарма Е. Лявонава адзначала, што рысы гэтага накірунку, які атрымаў найбольшае пашырэнне ў заходняй літаратуры, сустракаюцца ў айчынным прыгожым пісьменстве толькі ў ранніх раманах К. Чорнага. Што да сучасных пісьменнікаў, дык пераважная большасць з іх арыентуецца на стварэннне прозы ў рэчышчы псіхалагічнага рэалізму або задавальняецца адлюстраваннем бытавых падзей уласнага жыцця.

Як ужо адзначалася, у В. Куртаніч такі прыём, як плынь свядомасці, выглядае арганічна і дарэчы. Але якую задуму ставіла перад сабой пісьменніца? І наколькі яна была рэалізаваная? Калі я правільна зразумеў аўтарскі намер, творца паспрабавала вобразнымі сродкамі адлюстраваць савецкую Атлантыду, што сышла ў небыццё, і свой лёс, звязаны з ёй. Каб праверыць, ці паспяхова рэалізаваная задума твора, прапаную ход, які выкарыстала сама пісьменніца (прыведзеная вышэй цытата пра “пясок тысячагоддзяў”). Давайце ўявім, што мы амаль нічога не ведаем пра савецкую цывілізацыю і паспрабуем атрымаць яўленне пра яе менавіта з твораў В. Куртаніч.

У цэлым аўтар паспяхова рэалізавала сваю ідэю. Праз разважанні сваёй гераіні яна перадала найбольш тыповыя рысы, уласцівыя для развіцця савецкага грамадства (абагаўленне постаці Леніна, стандартызаванасць асобы, дамінаванне псіхалогіі статка і дэфіцыт тавараў). Цікавымі падаюцца варыянты расшыфроўкі абрэвіятуры СССР (напрыклад, Стэрэатып Свяшчэннай Сентыментальнасці — Рабалебства, Спектакль: Сумесь Сатыры і Райскага падману).

Гаворка пра прыведзеныя рысы вядзецца праз светаўспрыманне галоўнай гераіні. Зразумела, такі ракурс непазбежна прадугледжвае асабістыя моманты з біяграфіі Вальжыны. Але, на маю думку, некаторыя з іх абцяжарваюць твор, не спрыяюць рэалізацыі асноўнай ідэі і могуць быць зразумелыя толькі вельмі вузкай аўдыторыі. Напрыклад, аматары літаратуры здагадаюцца, што пад Алегам-Схімнікам, што сышоў у Жыровіцкі манастыр, хаваецца паэт Зніч. Тэатралы будуць спрачацца з кім суаднесці асобу маладога драматурга, што “ідзе па галовах”. Прыхільнікі паэзіі В. Куртаніч пазнаюць апісанне яе творчага вечара. Але ці зразумее нешта больш шырокая публіка?

Наогул, прыведзеныя заўвагі кардынальным чынам не ўплывацюь на ацэнку твора. Арыгінальны, нестандартна напісаны, ён, безумоўна, будзе найперш цікавы інтэлектуальнай аўдыторыі.

Вернемся ў СССР?// Літаратура і мастацтва. 2012. 4 мая. № 18. С. 5.

P.S. Дарэчы, з нядаўняга часу ў інтэрнет выкладваюцца pdf-версіі літаратурных часопісаў. Вы можаце пазнаёміцца з «Полымем», «Маладосцю» і «Нёманам».