Як Рафаэль трапіў у Мазыр?

Хто стаяў ля вытокаў адзінага ў Беларусі царкоўнага музея? Якія экспанаты захоўваюцца ў фондах? Дзякуючы размове з Васілём Чарвяковым, загадчыкам канцылярыі Тураўскай епархіі, паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні.


Ікона — копія твора Рафаэля Санці
Фота аўтара

Ініцыятарам стварэння музея стаў уладыка Стэфан. Вядома, што Тураўская эпархія была заснаваная ў 1005 годзе і з’яўляецца адной са старэйшых ва Усходняй Еўропе. За стагоддзі гады ў праваслаўных храмах накапілася шмат помнікаў. ХХ стагоддзе ўнесла ў гісторыка-культурную спадчыну Беларусі страшэнныя карэкціроўкі. Калі ў 1913 годзе на сучаснай тэрыторыі епархіі знаходзілася 140 храмаў, дык у 1987 годзе – толькі сем. Прычым толькі адзін з іх – Свята-Нікольскі храм у Петрыкаве – дзейнічаў увесь час без перапынкаў. Шэраг храмаў спынілі сваё існаванне, але царкоўныя рэчы з іх – ацалелі.

– З цягам часу рэчаў станавілася ўсё больш, – распавёў Васіль Чарвякоў. – Уладыка Стэфан прапанаваў стварыць музей, дзе можна было б захоўваць іх і дэманстраваць наведвальнікам. Збор і пошукі рэчаў з цэнтральнага Палесся (рэгіёна, які займае наша епархія) працягваліся на працягу трох гадоў. Нарэшце, у лістападзе 2008-га музей адкрыўся пры галоўным храме Тураўскай епархіі — саборы святога Міхаіла Архангела, які датуецца ХVІІ – ХVІІІ стагоддзямі.

Фонды музея налічваюць каля тысячы адзінак захоўвання. Але на дадзены момант наведвальнікі могуць убачыць толькі частку з іх. З аднаго боку, шэраг рэчаў рэстаўрыруюцца. З другога боку, памяшканне музея дастаткова невялікае. Зрэшты, кіраўніцтва епархіі спадзяецца неўзабаве павялічыць плошчу музея. Пакуль пытанне вырашаеца дзякуючы выстаўкам, якія перыядычна ладзяцца ў іншых установах горада (напрыклад, у краязнаўчым музее). Таксама экспазіцыя у розныя часы выстаўлялася ва ўсіх прыходах епархіі.

Якія экспанаты музея прэтэндуюць на статус унікальных? Магу прапанаваць чытачу некалькі варыянтаў. Па-першае, знакамітая Астрожская Біблія – першае завершанае выданне Бібліі на царкоўнаславянскай мове, апублікаванае ў 1581 годзе Іванам Фёдаравым пры падтрымцы князя Канстанціна Васіля Астрожскага. Да 1821 гадоў усе Бібліі, якія выдаваліся кірыліцай для славян, уяўлялі сабой перадрукоўкі Астрожскай Бібліі. З накладу ў 1000 – 1500 асобнікаў (дакладная лічба невядомая) да нашага часу дайшлі ад 260 да 350 з іх (захоўваюцца ў больш чым 9 краінах).

Па-другое, іконы народнага пісьма, якія стваралі таленавітыя сяляне і гараджане. Адным з цікавых экспанатаў з’яўляецца копія твора Рафаэля Санці, выкананая ў Лельчыцкім раёне. Па-трэцяе, еўхарыстычны набор (выкарыстоўваецца ў хрысціянскіх таінствах), што меўся у партызанскіх атрадах у часы Вялікай Айчыннай вайны.

Музей Тураўскай епархіі карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў. Дастаткова сказаць, што ў 2011 годзе толькі ў складзе арганізаваных груп музей наведалі 8,5 тысяч чалавек. Мажліва, у чытачоў узнікне жаданне далучыцца да іх?

Як Рафаэль трапіў у Мазыр?// Літаратура і мастацтва. 2012. 27 красавіка. № 17. С. 22.