«Translations» у Купалаўскім: схадзіць ці не?

28 лістапада гэтага года на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў Купалаўскі тэатр пакажа спектакль “Translations (Пераклады)”.


Афіша спектакля

Беларускамоўная публіка назвала яго прарывам і своеасаблівым вяртаннем «Тутэйшых». Крытыкі наракалі на запаволены тэмп спектакля і расцягнутасць дзеяння. Дык як: ісці ці не ісці? Прапаную свае ўражанні, якія, магчыма, дапамогуць гледачу зрабіць свой выбар.

Ірландскія матывы ўсё часцей уваходзяць у беларускае жыццё. Моладзь актыўна адзначае кельцкае свята Хэлоуін. Фільм “Вецер, які гайдае верас”, прысвечаны змаганню Ірландыі за незалежнасць, атрымаў у 2006 годзе прэмію на кінафестывале “Лістапад”. Нарэшце 23 снежня 2009 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля “Translations (Пераклады)” паводле п’есы Брайана Фрыла ў перакладзе М.Паўловіча (рэжысёр-пастаноўшчык Мікалай Пінігін, мастак-сцэнограф Пётр Окунеў, мастак па касцюмах Вольга Шаішмелашвілі, кампазітар Андрэй Зубрыч, балетмайстар Алена Козіч, навуковы кансультант Алесь Жлутка).

Для Мікалая Пінігіна, прызначанага на пачатку мінулага, 2009-га года мастацкім кіраўніком тэатра, пастаноўка стала першай на купалаўскай сцэне ў новай якасці. Першай, бо касавая “Вячэра з дурнем” з’яўляецца ўсё ж пераносам вядомай антрэпрызнай пастаноўкі. Выбар ірланскай п’есы выклікаў здзіўленне. Чым жа яна прывабіла Пінігіна, які ў апошнія гады ставіў на купалаўскай сцэне пераважна нацыянальную класіку (да “Тутэйшых” і “Ідыліі” дадаліся “Сымон-музыка” і “Пінская шляхта”)? Сам пастаноўшчык патлумачыў свой выбар значным падабенствам беларускіх і ірландскіх рэалій.

І сапраўды, дзеянне разгортваецца на фоне звычайнай сялянскай хаты (стацыянарныя дэкарацыі будуць заставацца нязменнымі амаль да фінала спектакля). Галоўныя героі – жыхары ірландскага мястэчка – актыўна ўжываюць у ежу бульбу, непакояцца пра магчымы неўраджай і з вясковай непасрэднасцю абмяркоўваюць асабістае жыццё сваіх суседзяў. Але ў іх традыцыйнае, патрыярхальнае жыццё ўмешваюцца знешнія абставіны: з мэтай стварэння тапаграфічнай карты ў край накіроўваюцца англійскія салдаты на чале з капітанам Лэнсі (Арцём Бародзіч) і лейтэнантам Ёландам (Раман Падаляка). Яны не ведаюць ні слова па-ірландску, тубыльцы – па-англійску, і сын мясцовага настаўніка Оуэн (Сяргей Чуб), які жыў у англамоўным асяроддзі, наймаецца да іх перакладчыкам. Ён яшчэ не ведае, што з дапамогай, на першы погляд, бяскрыўдных ператварэнняў англічане збіраюцца перайначыць на свой лад усе назвы, замяніць мову, свядомасць і, нарэшце, зрабіць з ірландцаў англічан.

Характэрна, што мясцовыя жыхары ў спектаклі размаўляюць па-беларуску, англічане – па-руску, што яшчэ больш ўзмацняе эфект уздзеяння на гледачоў і прымушае правесці паралелі з падзеямі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў у Беларусі, перыядам русіфікацыі з боку імператарскай Расіі, калі адбываецца дзеянне шэрагу пінігінскіх пастановак. Асобныя з іх, у прыватнасці “Тутэйшыя”, “Пінская шляхта” – таленавіта пастаўленыя, значныя ў гісторыі тэатра спектаклі – цяпер успрымаюцца не толькі як самастойныя творы, але і прыступкі, якія вялі рэжысёра да “Translations”. Пакуль што гэтая пастаноўка з’яўляецца, на мой погляд, вяршыняй творчасці Пінігіна як рэжысёра. А сваёй глыбінёй і філасофскім абагульненнем прэтэндуе на характарыстыку этапнага, лепшага спектакля Купалаўскага тэатра апошніх дваццаці гадоў. Лічба “20” тут невыпадковая: у 1989 годзе рэжысёр Барыс Эрын ажыццявіў легендарную пастаноўку “Памінальнай малітвы”, параўнанні якой з “Translations” непазбежныя.

Жанр абодвух – эпічная драма, заснаваная на ўмяшанні жорсткага, бязлітаснага знешняга асяроддзя ў гарманічны і ўпарадкаваны свет герояў абодвух спектакляў. Дзеянне ў іх (асабліва ў першай частцы) адбываецца больш павольна, у нечым нагадваючы літаратурныя раманы-эпапеі. Але такі ход дазваляе лепш перадаць няспешнасць і, адначасова, хуткаплыннасць чалавечага жыцця.

“Памінальная малітва”, выпісаная яркімі, сакавітымі мазкамі, адлюстроўвае каларыт яўрэйскага жыцця, яго цесныя ўзаемаадносіны з рускімі, часам камічныя, а калі-некалі і драматычныя. Спектакль больш прывязаны да канкрэтнага часу (пачатак ХХ стагоддзя) і гістарычных рэалій (супярэчнасці ва ўзаемаадносінах народаў Расійскай імперыі, нацыянальная палітыка ўладаў). У адрозненне ад “Памінальнай малітвы” пастаноўка М.Пінігіна больш абагульненая, па-за часавая, па-свойму стылёва вытрыманая. Рэжысёр “Translations” уздымае погляд гледачоў на рэчаіснасць да сапраўды касмічных вышыняў, уздымае пытанні існавання нацыі і мовы, але пры гэтым віртуозна пераходзіць ад камічнага да трагічнага, ад высокіх разваг пра філасофскія пытанні да асабістых узаемаадносінаў паміж персанажамі.

Асабістых сімпатый паміж героямі “Translations” шмат: каснаязыкая Сара (Ганна Хітрык) закаханая ў кульгавага настаўніка Мануса (Аляксандр Казела), які імкнецца ўзяць шлюб з прыгажуняй Мейрэ (Святлана Зелянкоўская). Жартаўнік Доўлці (Мікалай Зуй) з сімпатыяй глядзіць на сваю сяброўку Брыджыт (Кацярына Яворская). Але ў цэнтры безумоўна знаходзіцца сюжэтная лінія лейтэнанта Ёланда і Мейрэ, тады як астатнія акрэсленыя дастаткова пункцірна.

Узаемаадносіны герояў Р.Падаляка і С.Зелянкоўскай не проста лірычныя старонкі ў драме сівой даўніны. Каханне англійскага афіцэра і ірландскай дзяўчыны, якія не разумеюць адзін аднаго, ведаюць толькі асобныя словы і размаўляюць на мове любові, сімвалізуе магчымасць ўзаемаразумення паміж народамі, не звязанага з прымусам і барацьбой. Выразна паказаная М.Пінігіным альтэрнатыва, якая, бадай, была немагчымая для сацыяльнай завостранасці “Тутэйшых”, лепш за ўсё тлумачыць, што рэжысёр перарос свой мінулы спектакль.

Але каханне Ёланда і Мейрэ асуджана. Яно нікому непатрэбнае, лішняе ў сітуацыі агульнай варажнечы, і толькі правакуе англічан на гвалтоўныя дзеянні. Разбурэнне ваярамі хаты ўспрымаецца як знікненне традыцыйнага свету маленькай ірландскай вёскі, як сусветны апакаліпсіс. Так, гучаць словы Доўлці аб пачатку барацьбы. Але прамаўляюцца яны не напрыканцы спектакля, што дадавала б пэўнага аптымізму, а перад фінальнай сцэнай, што прымушае шукаць ў ёй дадатковы сэнс.

З далейшых падзеі гісторыі вядома, што Ірландыя ў рэшце рэшт дасягнула незалежнасці. Але так гістарычна склалася, што большасць яе насельніцтва цяпер размаўляе па-англійску. І толькі частка інтэлігенцыі захоўвае сувязь з мовай продкаў (нездарма самі “Translations” перакладзены з англійскай, а не з ірландскай мовы). Дык што хаваецца за фіналам? Можа, гістарычна абгрунтаваны песімізм М.Пінігіна? А магчыма, усведамленне таго, што як бы ні закончылася барацьба, хто б ні стаў пераможцам, старой, любай беларускаму сэрцу Ірландыі, цэнтра культуры, захавальніцы антычных і хрысціянскіх традыцый, больш не будзе ніколі.

“Translations” адзначаны шэрагам рэжысёрскіх знаходак, сярод якіх асабліва варта адзначыць эфект дажджу ў 2-ой дзеі (па шыбіне хаты манатонна ліліся кроплі вады), а таксама лірычную сцэну з удзелам лейтэнанта Ёланда і Мейрэ, калі герой Р.Падалякі закрывае сябе і сваю каханую перагорнутай лодкай. А вось выкарыстанне ў спектаклі акцёрскага патэнцыялу Ганны Хітрык (Сара) і Віктара Манаева, які выканаў ролю ірландскага інтэлектуала-дзівака Джымі Джэка, што свабодна цытуе лацінамоўных аўтараў на мове арыгіналу, крыху засмуцілі. Не, іх героі ідэальна ўпісаліся як у ірландскае асяроддзе, так і ў акцёрскі ансамбль, але падалося, што абедзве зоркі Купалаўскага тэатра (асабліва Г.Хітрык) у гэтых ролях толькі тыражыруюць ранейшыя творчыя здабыткі, не дадаючы на іх нечага новага.

Паспяховую пастаноўку п’есы Б.Фрыла нельга разглядаць як адзінкавую з’яву. Апошнія прэм’еры – спрэчнае, але безумоўна яркае “Вяселле”, моцныя “Пінская шляхта”, “Хам” і “Translations” – вывелі калектыў на новы ўзровень развіцця.

Дзяніс Марціновіч Пінігін – forever// Настаўніцкая газета. 2010. 14 студзеня. № 3. С. 8.
Апублікавана са скарачэннямі

«Translations» у Купалаўскім: схадзіць ці не?: 5 комментариев

  1. Дадам яшчэ адзін штрых. “Translations” — спектакль вельмі нацыянальны. Найбольш ён спадабаецца тым, каго хвалююць закранутыя на сцэне праблемы. А вось у гледачоў, досыць абыякавых да пытання развіцця беларускай мовы і культуры,узнікаюць пэўныя нараканні. Таму выбірайце. Мне спадабалася!

  2. А дзе квiткi можна набыць. Падкажыце, калi ласка.

  3. Крот, квіткі можна купіць, напрыклад, у падземным пераходзе на станцыі метро плошча Я.Коласа

  4. Добры дзень.
    Вельмі спадабаўся ваш артыкул, Дзяніс.
    Рада за Вас. Буду сачыць за Вашымі публікацыямі.:)
    Але ведаеце, мне чамусьці бліжэй за ўсіх быў персанаж Оўэна — можа таму, што, на мой погляд, часам праз веданне замежнай мовы лепей разумееш сваю, і цікавасць да свайго абуджаецца тады, калі нейкі час пажывеш у іншых рэаліях, напрыклад, у іншай краіне, сярод зусім не падобных на цябе людзей.
    І пераклад — гэта не заўседы дрэнна. Менавіта Оўэн, памятаеце, старанна вывучаў гісторыю, раскапваў старыя легенды пра назвы некаторых месцаў — а іншыя ведалі тыя легенды? І бяда, мабыць, найгоршая была ў тым, што мясцовыя людзі не заўседы цікавіліся тым сваім, што было наўкол іх, а не тое, што да іх прыйшлі англічане.
    Можа, менавіта таму «тубыльцы» былі паказаны ў школе, дзе вывучалі класічныя, па-свойму прыгожыя, але наўрад ці камусьці патрэбныя мовы..
    Спектакль мне таксама вельмі спадабаўся, і найбольш за тое, што, прымусіў задумацца над многімі пытаннямі.
    Думаю, адказы найперш трэба шукаць у сабе, а не ў знешніх абставінах.
    Я ўвогуле вельмі люблю Купалаўскі тэатр:)) вельми рада, што там есць такія якасныя спектаклі:)

  5. Дзякуй, Paulinka!
    А Вам, Крот, магу параіць наступныя «кропкі»: каса ў падземным пераходзе ля «Макдональдса», у метро «Кастрычніцкая», у метро «Пушкінская», на праспекце Назалежнасці насупраць Галоўпаштамта, па праспекце паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа. Здаецца, дзесьці яшчэ ёсць па ліні метро (ці то «Партызанская» ці то «Аўтазавадская»).

Комментарии запрещены.