Што чытаюць на Палессі?

Чаму аўдыторыя Мазырскай цэнтральнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна змянілася за апошнія пяць гадоў? Хто з айчынных пісьменнікаў найбольш папулярны сярод мазыран? Як супрацоўнікі ўстановы прапагандуюць беларускіх творцаў? Пра гэта наша размова з Вікторыяй Каральковай, намеснікам дырэктара раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы аддзела культуры Мазырскага райвыканкама.


Вікторыя Каралькова.
Фота з фондаў бібліятэкі

– Гісторыя нашай бібліятэкі налічвае ўжо больш за дзевяноста гадоў. У 1921-м, пасля вызвалення горада ад войскаў Станіслава Булак-Балаховіча ў горад вярнулася савецкая ўлада. Яе прадстаўнікі звярнуліся да насельніцтва з заклікам стварыць бібліятэку. Чытачы панеслі кнігі са сваіх хат. У выніку 1 снежня 1921 года гарадская бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць. Яе фонд у тыя часы налічваў крыху больш як 2 тысячы асобнікаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны усе фонды былі знішчаны. Цікава, што жыхары самі праявілі ініцыятыву па аднаўленню ўстановы і пасля вызвалення горада бібліятэка пачала работу па збору кніг сярод насельніцтва. 1 верасня 1946 года па рашэнню Палескага аблвыканкама (у 1938-1954 гадах Мазыр з’яўляўся цэнтрам Палескай вобласці) на базе гарадской бібліятэкі была адкрыта Палеская абласная бібліятэка. А ў 1949-м, калі святкавалася 150-годдзе з дня нараджэння А.С. Пушкіна, установе было нададзена яго імя.


Бібліятэка імя А.С. Пушкіна.
Фота аўтара

За апошні час найбольш істотная падзея ў нашай гісторыі датаваная лістападам 2007 года: Мазыр і Мазырскі раён былі аб’яднаныя ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, а цэнтральная бібліятэка імя А.С. Пушкіна стала галоўнай бібліятэчнай установай цэлага рэгіёна. У наш час на Мазыршчыне дзейнічаюць таксама 7 гарадскіх дарослых, 5 гарадскіх дзіцячых, 21 сельская бібліятэка-філіял і 10 бібліятэк-клубаў.

Апошнім часам у вашай галіне адбываецца працэс аптымізацыі. Як ён праяўляецца ў рэгіёне?

– З аднаго боку, аптымізацыя выклікана імкненнем упарадкавання сеткі публічных бібліятэк. З другога — да яе правядзення падштурхоўвае неабходнасць эканоміі фінансавых сродкаў. Пры аптымізацыі бібліятэкі ўзбуйняюцца, становяцца бібліятэкамі-клубамі. Пры адсутнасці — зачыняюцца. Зрэшты, апошні варыянт з’яўляецца для нас непажаданым. Таму ў апошні час на Мазыршчыне спыніла сваё існаванне толькі адна бібліятэка, бо ў тым населеным пункце пражывала 50 чалавек сталага ўзросту. Аднак яны ўвайшлі ў зону абслугоўвання іншай бібліятэкі.

Якія характэрныя рысы ўласцівыя Пушкінцы?

– На маю думку, варта спыніцца на такой асаблівасці, як структура ўстановы. Яна куды больш разгалінаваная, чым у большасці раённых бібліятэк: маюцца аддзелы абслугоўвання і інфармацыі; бібліятэчнага маркетынгу; камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонда. Першы з пералічаных аддзелаў падзяляецца на шэсць сектараў: абанемент, чытальная зала, краязнаўчы, прававой інфармацыі, мастацтваў, інфармацыі (былы даведачна-бібліяграфічны аддзел).


У інтэр’ерах бібліятэкі.
Фота аўтара

Акрамя таго, у 2009 годзе пры аддзеле адкрыўся сектар па абслугоўванню карыстальнікаў з парушэннямі зроку. Яго наведвае 41 чытач, якому мы прапануем больш за 2 тысяч экземпляраў агучанай літаратуры (усё, што выходзіць на айчынным прадпрыемстве “Гукатэкс”).

Наогул, на 1 студзеня 2012 года наш фонд налічваў каля 151 тысячы экземпляраў дакументаў. Акцэнт у камплектаванні зроблены на сацыяльна-значную літаратуру. У мінулым годзе наша сістэма заняла трэцяе месца ў краіне па аб’ёму камплектавання фондаў гэтай літаратурай. Шмат у фондзе белетрыстыкі ад беларускіх выдавецтваў, а таксама перыядычных выданняў.

Пяройдзем да характарыстыкі бібліятэчнай аўдыторыі.

– Калі кіравацца сухімі лічбамі, дык за мінулы год да нас завіталі больш за 12 тысяч чытачоў. Цікава, што яшчэ пяць гадоў таму 75 працэнтаў ад агульнай колькасці наведвальнікаў складалі старэйшыя школьнікі і студэнты. Але пашырэнне доступа да інтэрнету, магчымасці карыстання электроннымі сродкамі інфармацыі прывялі да таго, што адпаведная аўдыторыя зменшылася да 10 працэнтаў. Цяпер больш за 60 працэнтаў чытачоў складаюць прадстаўнікі сярэдняга ўзросту.

У выніку змяніліся прыярытэты асноўнай часткі аўдыторыі. Галоўны матыў, які цяпер прыводзіць чытачоў у бібліятэку – імкненне адысці ад жыццёвых праблем. Чытачы кажуць: “Мы стаміліся ад паўсядзённых клопатаў, узялі ў рукі кнігу і на нейкі час забыліся пра іх”. Адпаведна, найбольшым попытам карыстаецца забаўляльнае чытво: дамскія раманы, іранічныя дэтэктывы. Зусім мала цікавяцца класікай. Існуе пэўная катэгорыя людзей, якія стабільна чытаюць тоўстыя літаратурныя часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”. Але колькасць такіх чытачоў не такая вялікая, як хацелася б.

Творчасць якіх беларускамоўных пісьменнікаў цікавіць наведвальнікаў?

– Сярод беларускамоўных творцаў найбольшую ўвагу выклікаюць асобы, чый лёс звязаны з Мазыршчынай (ці нарадзіліся тут, ці працавалі): Андрэй Федарэнка, Іван Капыловіч, Анатоль Бароўскі, Святлана Алексіевіч (некаторы час працавала настаўніцай на Мазыршчыне), Уладзімір Ліпскі (Аўцюкі, пра якія ён піша, знаходзяцца ў суседнім Калінкавіцкім раёне), Васіль Ткачоў (курыруе мазыркіх пісьменнікаў ад Саюза пісьменнікаў Беларусі), мясцовыя літаратары Аляксандр Каляда і Васіль Андрыеўскі. Чытачам заўсёды цікава пазнаваць у творах знаёмыя мясціны.

Што датычыць малодшай аўдыторыі, дык супрацоўнікі дзіцячых бібліятэк скардзяцца на адсутнасць новай цікавай літаратуры для сярэдняга школьнага ўзросту. Гэта частка карыстальнікаў сыходзіць або на вуліцу, або за камп’ютар. Адным з прыемных выключэнняў з’яўляюцца кнігі Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер” і “Афганская шкатулка”. Яны карыстаюцца вялікім попытам, прычым інфармацыя пра іх перадаецца дзецьмі па ланцужку. Упэўнена, што новыя творы пісьменніка, адрасаваныя гэтай аўдыторыі будуць мець такі ж поспех.

Наогул, класікай больш цікавяцца навучэнцы, якія праходзяць пэўныя творы па праграме. Дарэчы, у файе нашай установы арганізавана выстава, на якой прадстаўлены творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Чытачы падыходзяць, цікавяцца, але, на жаль, на абанеменце ўсё роўна імі амаль не цікавяцца.

А якая сітуацыя з рускамоўнымі творцамі?

– Вялікай папулярнасцю карыстаюцца раманы Наталлі Батраковай. Пра яе “Территорию души” мы даведаліся ад нашага дырэктара Галіны Напрэенкі, якая прывезла яго з Мінска пасля чарговай нарады ў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, парэкамендавала супрацоўнікам, а тыя ўжо чытачам. У фондах знаходзіцца два асобніка кнігі “Территория души”, зачытаныя літаральна да дзірак. Другі раман пісьменніцы “Площадь согласия”, чытачы чакалі з нецярпеннем. А чарга жадаючых прачытаць трэці раман “Миг бесконечности”, пачала фарміравацца яшчэ да атрымання яго ў фонды бібліятэкі. Раман Тамары Лісіцкай “Тихий центр” мы пачалі рэкамендаваць як аўтара, падобную на Батракову. Нажаль другі яе раман “Идиотки” у фондах бібліятэкі ёсць толькі ў агучаным варыянце. Істотна, што абедзьве пісьменніцы не штампуюць творы, а пакутліва “нараджаюць” іх на працягу некалькі гадоў.

Асобна хацелася б адзначыць пэўную цікавасць да краязнаўчай літаратуры як на беларускай, так і на рускай мовах. На вялікі жаль, літаратары пра Мазыр недастаткова. Найвялікшым попытам карыстаюцца кнігі двух аўтараў: Аляксандра Бабра, які вывучае гісторыю горада, а таксама Міхаіл Копача, які даследаваў мінулае раёна. З мэтай яшчэ больш зацікавіць аўдыторыю і прыцягнуць увагу падрастаючага пакалення да гісторыі, культуры роднага края і творчасці мясцовых пісьменнікаў і паэтаў на працягу 15 год бібліятэка працуе па праграме “Зямля мазырская – жамчужына стагодзяў”. Традыцыйна кожны год праходзіць дэкада краязнаўчай літаратуры.

– Апошні прыклад паказвае, што бібліятэкі прыкладваюць усе намаганні для папулярызацыі кніг. А якія практычныя вынікі такіх акцый?

– Прывяду вам канкрэтны прыклад. Мы супрацоўнічаем з аддзяленнем дзённага знаходжання маладых інвалідаў. У лютым для іх прайшло мерапрыемства з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пасля заканчэння мерапрыемства чытачы масава накіраваліся на абанемент і прасілі творы менавіта гэтых пісьменнікаў. Заўважу, што некаторыя чытачы стабільна наведваюць мерапрыемствы нейкага пэўнага бібліятэкара, ідуць да яго за парадамі. Хоць нічога дзіўнага тут няма. Любая бібліятэка пачынаецца з бібліятэкараў. Наогул, у нашай установе няма выпадковых людзей. Усе, каму нашая праца нецікавая, сыходзяць дастаткова хутка. А вось тыя, каму яна блізкая, працуюць ўсё сваё свядомае жыццё. Напрыклад, Марыя Каваленка кіравала нашай установай больш за трыццаць гадоў. Ужо 15 гадоў дырэктарам з’яўляецца Галіна Напрэенка. Менавіта ў іх мы, маладыя бібліятэкары, пачыналі спасцігаць прамудрасці бібліятэчнай справы. Зрэшты, пра гісторыю бібліятэкі можна пісаць даследаванні, якія, упэўнена, калі-небудзь з’явяцца.

Што чытаюць на Палессі?// Літаратура і мастацтва. 2012. 20 красавіка. № 16. С. 22.