Незалежная Рэспубліка Мроя: перазагрузка

Якім чынам чытачы даведваюцца пра з’яўленне новых беларускамоўных кніг? Як падказвае мой досвед, найбольш часта маюць месца тры сітуацыі: інфармацыйны матэрыял у інтэрнэце, рэцэнзія літаратурнага крытыка ў адным з выданняў, кніга, убачаная на паліцы кнігарні. У сітуацыі з выданнем Л.Вольскага сутыкнуўся з рэдкім выпадкам: расказваючы сваім знаёмым пра зборнік, прапанаваны для рэцэнзіі, чуў у адказ, што “Міларусь” ужо бачылі ў горадзе то ў аднаго, то ў другога чытача.


Зрэшты, у выпадку з Л.Вольскім нічога дзіўнага тут няма. Якраз наадварот, аўтар зборніка даўно стаў пазнавальнай асобай, нават брэндам, якому не патрабуецца дадатковы піяр. Унук драматурга, літаратуразнаўцы і краязнаўцы Віталя Вольскага, сын пісьменніка Артура Вольскага, Лявон атрымаў найбольшую вядомасць як беларускі музыка, заснавальнік і лідар гуртоў “Мроя”, “Незалежная Рэспубліка Мроя» («N.R.M.”), “Крамбамбуля”. Спыняцца на падрабязнасцях біяграфіі Л.Вольскага — азначае пісаць гісторыю айчыннай рок-музыкі.

Аднак творца праявіў сябе не толькі ў музычнай сферы. “Яшчэ з дзяцінства я ўвесь час нешта пісаў, – прызнаваўся Лявон. – Вершы апавяданні… Бо як можна было не пісаць, калі ў цябе бацькі – пісьменнікі, і ўвесь працэс праходзіць перад тваімі вачыма? Напачатку пісаў “для сябе”, потым паціху пачаў друкавацца. Паціху – бо неяк не планаваў для сябе літаратурнай кар’еры”. Тым не менш у 1990-я гады ў Вольскага выйшлі зборнікі паэзіі “Калідор” (1993) і “Фотаальбом” (1998). Мелі месца і пошукі ў галіне прозы. Іх вынікамі сталі трынаццаць апавяданняў і аповесць “Пакуль сабачка жывы”, што склалі празаічны зборнік “Міларусь”.

У прадмове да сваёй першай празаічнай кнігі Л.Вольскі адзначыў, што ўключаныя ў яго творы пісаліся на працягу “больш як дваццаці гадоў творчай працы”. Тым не менш, пры чытанні “Міларусі” складваецца ўражанне, што кніга напісана ў больш сціслы прамежак часу, дакладней у канцы 1980-х – 1990-я гады. Прычым ўражанне ад іх увасаблення дастаткова супярэчлівае. З аднаго боку, аўтар удала перадае атмасферу таго часу: адчуванне волі і недахоп грошай, адкрыццё Беларусі (кшталту святкавання Купалля) і паездкі “чалнаком” у Польшчу (аповесць “Пакуль сабачка жыве”), праявы савецкага мінулага (напрыклад, вобраз журналіста Сцяпана Пятровіча – апавяданне “Табе гамон”) і новых тэндэнцый у грамадскім жыцці: радыёстанцыя, у якой працуе Алесь (“Пакуль сабачка жыве”) трымаецца “тарашкевіцы”. Стыль прозы Лявона Вольскагаг нечакана лёгкі. У ім шмат гумару, дасціпных заўваг, іроніі, якія часам пераходзяць у рэчышча сатырычнага адлюстравання рэчаіснасці, неўрымслівая фантазія мяжуе з гіперрэалізмам. Дастаткова згадаць апавяданне, якое дало назву зборніку.

З другога боку, інтэрпрэтацыя тагачаснай рэчаіснасці ў нечым абмежаваная. На маю думку, раскрыты далёка не ўсе вобразы герояў. Ва ўсіх творах Вольскага дзейнічаюць некалькі тыпажоў. Першы з іх моцны, самасвядомы, упэўнены ў сабе, паспяховы беларускамоўны мужчына, які, нібыта герой таннага баявіка, увесь час трапляе ў бойкі, але заўсёды (ці амаль заўсёды) застаецца жывы (Сяргей – “Сяргей і Сяржук”, капітан Чарскі – “Экспедыцыя”, Зміцер – “Новая кватэра Казімера”, Алесь – “Пакуль сабачка жыве”). Другі – кволы, самасвядомы, неўпэўнены ў сабе, непаспяховы беларускамоўны інтэлігент, які імкнецца пазбягаць любой бойкі, але перыядычна туды трапляе (Сяржук – “Сяргей і Сяржук”, безымянны герой “Экспедыцыі”, Званіцкі – “Камэта”, Казімер – “Новая кватэра Казімера”, Кастусь – “Міларусь”, Літаратар – “Уцёкі”, Ясь – “Пакуль сабачка жыве”). Трэці тыпаж – крохкая, самасвядомая, цягавітая, беларускамоўная дзяўчына/ жанчына, якая жыве з кволым, самасвядомым і г.д. інтэлігентам або сімпатызуе яму, у рэшце рэшт не вытрымлівае такога жыцця і часцей за ўсё сыходзіць ад яго (ці хоча сысці, але яе муж апярэджвае яе) (Марыля – “Экспедыцыя”, Яна – “Уцёкі”, “Насця” – “Мандарынка”, Воля і Яніна – “Пакуль сабачка жыве”). Чацвёрты тыпаж – моцны, несвядомы, упэўнены ў сабе, безымянны рускамоўны “качок”, які з’яўляецца героем таннага баявіка, увесь час правакуе ўсіх герояў у бойкі, але пакідае іх жывымі, бо тыя ж тыпажы павінны дзейнічаць у наступных творах (гл. большасць апавяданняў). Застаецца дадаць, што знешнасць ніводнага з герояў не апісваецца. І толькі асобныя з іх, кшталту Бэрнара (“Мандарынка”) неяк змяняюцца. Але нават ў гэтага героя проста назіраецца эвалюцыя з неўпэўнанага свядомага беларуса ва ўпэўненага свядомага беларуса. Амаль усе астатнія – масоўка.

Па-другое, у творах зашмат месца аддаецаа выкладанню палітычных поглядаў Л.Вольскага і яго стаўлення да рэчаіснасці. Некаторыя з іх увасоблены ў жартаўлівай форме, але большасць падаюцца ўсур’ёз. Што ж тут дрэннага, запытаецца чытач? На маю думку, мастацтва і палітыка з’яўляюцца абсалютна супрацьлеглымі паняццямі. Калі пісьменнік вагаецца “быць альбо не быць”, палітык упэўнены адказвае “быць” і нават падказвае як. Ці не збіраецца тады аўтар радкоў перашкаджаць Л.Вольскаму выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю? Але акрамя літаратуры для гэтага існуюць шэраг іншых магчымасцяў.

На маю думку, ідэальнымі ўмовамі для стварэнні вялікага твору з’яўляюцца дзве сітуацыі. Па-першае, аўтар ніяк ці амаль ніяк не праяўляе сваю палітычную пазіцыю ў творчасці. Напрыклад, Дантэ з’яўляўся прадстаўніком гвельфаў (прыхільнікаў Папы Рымскага), якія змагаліся з гібелінамі (прыхільнікамі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі). А Пётр Чайкоўскі – фанатычным манархістам (і гэта ў час контррэформ Аляксандра ІІІ, калі, паводле словаў Блока, “Победоносцев над Россией простёр совиные крыла”). Скажыце, наколькі прынцыпова падчас чытання “Боскай камедыі” і прагляда ў тэатры “Лебядзінага возера” ведаць пазіцыю іх аўтараў? Па-другое, аўтар праяўляе сваю пазіцыю, але робіць гэта на такім глыбокім мастацкім узроўні, што ў чытача не застаецца сумненняў у слушнасці поглядаў галоўных герояў. Напрыклад, хто пасля рамана Хэмінгуэя “Па кім звоніць звон” будзе падтрымліваць фашыстаў на чале з генералам Франка?

Да чаго ж прыводзіць падыход Л. Вольскага? Чытачу адразу навязваецца нейкая пазіцыя, якая падаецца як адзіная правільная і слушная. Пры гэтым на шматлікія супярэчнасці, складанасці чалавечага жыцця проста не звяртаецца ўвага. Напрыклад, Сяргей Пятровіч, галоўны герой апавядання “Табе гамон”, падтрымлівае афіцыйную палітыку, а яго сын – не. Але аўтар толькі канстатуе гэту акалічнасць, хоць непаразуменне ў сям’і магло стаць падставай для куды больш сур’ёзных развагаў.

Акрамя таго, існуе яшчэ адна акалічнасць. Каб далей пазбегнуць абвінавачвання ў празмернай катэгарычнасці, працытую выказванне Сяргея Дубаўца, прысвечанае праблемам ужывання “тарашкевіцы”: “Трэба прызнаць, што мы, ініцыятары “тарашкевіцы”, за мінулыя 20 гадоў так і не здолелі стварыць уласнага адзінага руху. Наадварот, сёння мы ператварыліся ў секту, бо абралі для існавання паралельны свет. (…). Калі ў часы перабудовы мы на агульнанацыянальным узроўні патрабавалі вярнуць традыцыйную назву сталіцы — “Менск” і іншых гарадоў, дык сёння нам дастаткова таго, што мы так пішам у сваіх асяродках, тым часам ва ўсебеларускай дыскусіі гэтае пытанне ўжо даўно не стаіць”. А цяпер спраецыруем гэтую думку на літаратуру. Празмерная палітызацыя твораў аўтаматычна адштурхоўвае ад іх усіх, хто не падзяляе пазіцыю аўтара. Між тым, беларускамоўная літаратура як раз павінна аб’ядноўваць беларускамоўны сегмент грамадства.

Па-трэцяе, абмежаванасць інтэрпрэтацыі рэчасінасці праявілася, на маю думку, ў дамінаванні бытапісальніцтва мінулага. Для больш разгорнутага тлумачэння гэтай думкі будзе вельмі дарэчы прыгадаць выказванне Андрэя Федарэнкі пра Янку Брыля. У адным з інтэрв’ю маладзейшы пісьменнік сказаў наступнае: “Я ніколі не разглядаў Брыля як рэаліста ў поўным сэнсе гэтага слова. У ягоных карацельках цалкам адсутнічаў вымысел. Гэта не ёсць сапраўдны рэалізм. Ён пісаў тое, што бачыў. Я ведаю, што мая думка будзе разыходзіцца з агульнапрынятай, але я не лічыў яго пісьменнікам у чыстым выглядзе. Брыль не ўмеў выдумляць, а пісьменнік у вялікай ступені – гэта выдумшчык. Брыль быў бытапісальнікам. Ён вёў дзённік жыцця, друкаваў яго, не перапрацоўваючы. І дзякуючы гэтаму ён пражыў такі доўгі век. Брыль правільна размяркоўваў жыццё, ён ніколі не перапрацоўваўся. Гляджу ў акно, пішу, што бачу, друкую гэта, нармальна пачуваюся – вось як пісаў Брыль”. (Дадам ад сябе, што мініяцюры, які Брыль пачаў пісаць з сэрэдзіны 1960-х гадоў, складалі частку яго творчасці і толькі ў часам і ўзростам аўтара пачалі дамінаваць. Але гаворка ў дадзенай рэцэнзіі ўсё ж такі пра іншае).

На маю думку, працытаванае выказванне надзвычай добра тлумачыць філасофію пісьменніцкай творчасці Лявона Вольскага. Уключаныя ў “Міларусь” творы надзвычай адпавядаюць адзін аднаму, таму мы можам казаць пра стылёвае адзінства зборніка. Але тэрмін у два дзесяцігоддзі з’яўляецца дастаткова доўгай дыстанцыяй, падчас якой некаторыя пісьменнікі неаднойчы паспявалі змяніць творчую манеру ці ўласны светапогляд.

Цалкам магчыма, што Л.Вольскі ствараў частку сваіх твораў (ці большасць з іх) менавіта ў 1990-я гады, бо на старонках зборніка перададзены менавіта той час.

Калі б апавяданні былі надрукаваныя ў тое дзесяцігоддзе, аўтар атрымаў бы заслужаныя кампліменты ў назіральнасці. Але цяпер, з вышыні дзесяці – дваццацігадовай дыстанцыі гэтага ужо недастаткова. Уявіце, што вы прыйшлі ў бібліятэку і папрасілі кнігу, якая адлюстроўвае эпоху канца 1920-х гадоў. і вось замест “Людзі на балоце” Івана Мележа вам прынеслі газетную падшыўку за той час.

Прыкладна тое ж назіраецца і пры чытанні зборніка “Міларусь”. Згаджуся, асобным чытачам, равеснікам Л.Вольскага, чыя маладосць супала з 1990-мі гадамі, будзе надзвычай цікава перанесціся ў той час. Але і для больш сталага, і для больш маладога пакалення, і наогул, для будучых чытачоў неабходна менавіта перасэнсавання таго дзесяцігоддзя. Згаджуся, яно прысутнічае ў асобных творах. Напрыклад, у апавяданні “Затапленне” галоўны герой Віталь разам з дзяўчынай і хатнімі жывёламі пакідае горад на “велізарным кодабе ад нейкага магутнага грузавога аўтамабіля”, які амаль цалкам затоплены вадой. Чым не паралель з біблейскім Ноем?

Па-рознаму можна інтэрпрэтаваць вобраз “кватэры Казіміра” у аднайменным апавяданні. Згодна сюжэту, сябры Казіміра працуюць над афармленнем і рамонтам кватэры свайго сябра. Святкаванне так зацягваецца, што яны губляюць адчуванне часу і рэальнасці. А ў выніку галоўны герой не можа трапіць у сваё жыллё, бо падчас яго адсутнасці месца ўжо заняла нейкай фірма. Здавалася б, цудоўны вобраз беларускага Адраджэння, “прафуканага” за высокімі размовамі. Згодна сюжэту, сябры Казіміра чамусьці трапляюць у нейкі “велізарны спічасты будынак”. Па чарзе заходзяць за дзверы і больш адтуль не вяртаюцца. Магчыма, Л.Вольскі зашыфраваў такім чынам сімвал эміграцыі? А павароты ў лёсах герояў з’яўляюцца пункцірамі іх будучага жыцця? Напрыклад, Алесь трапляе на вайну, Францішак і Хрысціна – у краіну кахання, Зміцер – у Бруклін. Але шэраг дэталяў і вобразаў апавядання ніяк не патлумачаны і не даведзены да лагічнага завяршэння.

Напрыклад, будучыня закаханай пары і новага “амерыканца” акрэслена, а вось Алеся – не. У яго рукі без нейкіх тлумачэнняў трапляе аўтамат, ён пачынае страляць па мішэнях, падбівае з аўтамата самалёт… Але потым на героя рушыць танк. Алесь вымушаны ад яго ратавацца, пасля чаго сюжэтная нітка абрываецца, і што здарыцца з героям так і не вядома. Або іншы прыклад. У сітуацыі са Зміцерам чытачу паведамлюяць, што ў яго ёсць прыгажуня-жонка і “двухпавярховы маёнтак”. Калі ён паспеў узяць шлюб? Астатнія героі тым часам толькі разважаюць пра свае перспектывы.

Такім чынам, перасэнсаванне эпохі 1990-х гадоў прадстаўлена ў дастаткова сціплай форме. У “Міларусі” пераважаюць бытавыя гісторыі пра “свядомых” і “несвядомых”, беларускамоўных і рускамоўных, імкненне эміграваць або застацца на радзіме і г.д.

Якім чынам патлумачыць такі мастацкі вынік? Мяркую, будзе дарэчы звярнуцца да музычнай біяграфіі творцы. На маю думку, сакрэт папулярнасці любога гурта (і “N.R.M.” тут не выключэнне) звязаны з тым, што яго выканаўцы здолелі ўвасобіць у сваіх песнях час і перадаць думкі пэўнага пакалення. Слова ў спалучэнні з музыкай мае надзвычай глыбокі эфект. Але яно патрабуе імгненнай рэакцыі слухачоў і не прадугледжвае пераасэнсаванне тэкстаў на працягу дзесяцігоддзяў. Вынікі творчых пошукаў Лявона і яго аднадумцаў па “N.R.M.” карысталіся надзвычайнай папулярнасцю ў 1990-я гады і дасягнулі найвялікшага ўздыму на рубяжы стагоддзяў. Але потым, як заўсёды бывае, прыйшла іншая эпоха са сваімі героямі і ўласнай сістэмай каштоўнасцяў, і папулярнасць спевакоў пакрысе пайшла на спад. Нічога дзіўнага тут няма, бо большасць творцаў не могуць паспець за імклівым і хуткаплынным часам і часцей за ўсё застаюцца ў эпохе, якая прынесла ім найбольшае прызнанне.

Зборнік “Міларусь” стаў для Л.Вольскага працягам яго ранейшай кар’еры, толькі ўвасобленай у іншым жанры. На маю думку, найбольшая каштоўнасць прозы гэтага аўтара заключаецца ў тым, што ён здолеў увасобіць у сваіх тэкстах атмасферу няпэўнасці, разгубленасці грамадства, якое ў 1990-я гады не вызначыла шляхі свайго далейшага развіцця. Таму, калі ў пэўнай катэгорыі чытачоў і занудлівых крытыкаў яшчэ ўзнікнуць пэўныя пытанні, адданыя фанаты “N.R.M.” і прадстаўнікі “дзеці перабудовы” атрымаюць ад кнігі сапраўднае задавальненне.

Незалежная Рэспубліка Мроя// Дзеяслоў. 2012. № 1 (56). С. 309-313.