Як працуе мудрамер?

У Новым драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Мудрамер” па аднайменнай п’есе Мікалая Матукоўскага.


Злева направа: вынаходнік Мурашка (І. Нікалаеў), міністр Вяршыла (С. Тоўсцікаў), сакратарка Мілашкіна (М. Кулікова).
Фота з сайта www.mk.by

Пастаноўкі спектакляў па творах айчыннай драматургіі апошнім часам з’яўляюцца дастаткова вострым пытаннем для беларускіх тэатраў. У творчым асяроддзі прынята наракаць на сціслы выбар п’ес і неактуальнасць твораў сённяшняму дню. Менавіта таму з драматургічнай спадчыны савецкага перыяду рэжысёраў у лепшым выпадку цікавяць імёны Андрэя Макаёнка і Аляксея Дударава. Між тым, новае прачытанне шэрагу творцаў яшчэ чакае свайго часу. Не ў апошнюю чаргу гэтыя словы датычаць Мікалая Матукоўскага.

Для беларускіх чытачоў ён вядомы ў двух іпастасях. Па-першае, як шматгадовы ўласны карэспандэнт газеты “Известия” у Беларусі. Дастаткова сказаць, што менавіта публікацыя Матукоўскага “1.100 дзён”, прысвечаная мінскаму падполлю, паспрыяла таму, што сталіца Беларусі атрымаў статус “горада-героя”. Па-другое, як драматург, аўтар больш як дзесятка п’ес. Сярод іх адметнае месца займае “Мудрамер”. Апублікаваны ў 1987 годзе, ён меў безумоўны поспех: спектаклі былі пастаўлены ў Купалаўскім тэатры і ва ўсіх абласных драматычных калектывах, паводле “Мудрамера” быў зняты фільм, а аўтар быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй.

Што прывабіла ў творы калектыў Новага драматычнага? Не ў апошнюю чаргу арыгінальны сюжэт. Вынаходнік-самавучка Мурашка (І. Нікалаеў) прыдумляе апарат дурамер (пазней атрымлівае іншую назву – мудрамер), які вызначае ступень чалавечай дурасці і, адпаведна, мудрасці. У спробах запусціць мудрамер у серыйную вытворчасць Мурашка трапляе на прыём да міністра Вяршылы (С. Тоўсцікаў) і яго намеснікаў Міралюбава (В. Глазкоў) і Папсуевай (Н. Капітонава). Пасля доўгіх спрэчах яны вырашаюць праверыць апарат на шараговых наведвальніках міністэрства…

Відавочна, што за чвэрць стагоддзя праблемы, закладзеныя ў творы, не страцілі сваёй актуальнасці. Узаемаадносіны творцы і ўлады, непрыманне наватарскіх ідэй (успомнім — “истина рождается как ересь и умирает как предрассудок”), жыццёвая агрэсіўнасць пасрэднасці – усе гэтыя аспекты “Мудрамера” ўспрымаюцца так, нібы гаворка ідзе пра наш час.

Згодна інтэрпрэтацыі рэжысёра Дзяніса Нупрэйчыка падзеі п’есы адбываюцца… у лазні, дзе кіраўнікі ўстановы праводзяць прыём у прасцінах і шлёпанцах. Таму асноўнай часткай сцэнаграфіі Яўгена Волкаў выступае драўляная мэбля, якая падчас дзеяння змяняе свой статус: з месца для масажа і рэлакса – у стол для дзелавых пасяджэнняў. Такое рашэнне з’яўляецца бліскучым сатырычным ходам, які, з аднаго боку, паказвае стаўленне некаторых чыноўнікаў да выканання сваіх абавязкаў, а, з другога боку, рэакцыю насельніцтва, якое ўспрымае такую сітуацыю як звычайную, будзённую рэч. Напрыклад, калі на прыём прыходзіць маці-гераіня Загуменная (Л. Баталава), трое чыноўнікаў працягваюць застольную размову і не звяртаюць на жанчыну асаблівай увагі.

З акцёрскіх работ асабліва ўдалымі атрымаліся вобразы чыноўнікаў. Н. Капітонава надае сваёй гераіні рысы відавочна сцервознай асобы. Міралюбаў у інтэрпрэтацыі В. Глазкова набыў фарсавыя адценні. Нарэшце, Вяршыла падаўся дастаткова аморфным чалавекам, цалкам пазбаўленым харызматычнасці. На маю думку, супрацоўнікі міністэрства выглядалі больш пераканаўча, чым галоўны герой. У параўнанні з імі І. Нікалаеў выглядаў сціплым гарадскім інтэлігентам, які не вельмі актыўна змагаўся за сваё адкрыццё. Хоць, можа, гэта з’яўлялася часткай рэжысёрскай задумы?

Некаторыя моманты ў спектаклі падаліся спрэчнымі. Каб наблізіць спектакль да сучаснасці, героі спектакля карыстаюцца мабільнікамі і згадваюць пра інтэрнэт. Цалкам слушная ідэя! Але тады асобныя рэплікі гучаць дысанансам, бо адлюстроўваюць некаторыя рэаліі, якія мала што кажуць сучаснаму гледачу. Напрыклад, героі ўспамінаюць пра народны кантроль, продаж тавараў за валюту на захад. А Папсуева запытваецца ў Мурашкі, у чыіх перакладах ён чытаў замежную літаратуру. Мяркую, што можна зрабіць літаральна некалькі купюр, якія не зменяць аўтарскую задуму. Але дэталі, уласцівыя савецкаму ладу жыцця, знікнуць з тэксту п’есы.

Хацелася, каб стваральнікі спектакля праяўлялі большую ўважлівасць. У арыгінале п’есы сваякі прыязджаюць да Загуменай падчас святкавання Кастрычніцкай рэвалюцыі. У спектакле гучыць словазлучэнне “кастрычніцкія святы”. Але ж такія ў Беларусі адсутнічаюць! Або тая ж Загуменная сцвярджае, што ў яе “на кніжцы” ляжаць сем тысяч рублёў – вялікія па савецкім часе грошы. У спектаклі яны пераўтварыліся ў “семсот тысяч”. Можа, варта змяніць іх хоць бы на сем мільёнаў?

На маю думку, не зусім апраўдана акрэслена лінія сакратаркі Мілашкінай (М. Кулікова). У адной са сцэн яна сцвярджае, што кахае жанатага мужчыну, у другой ледзь не кідаецца на шыю Вяршылу. Болей гэта лінія ў спектакле не праглядаецца, таму яе мэтазгоднасць (нягледзячы на наяўнасць у самой п’есе) выклікае пытанні. Не зусім зразумела, што хацеў адлюстраваць мастак на задніку сцэны. Фактычна, апошні ўяўляе сабой звычайнае аздабленне пакоя (светлыя лініі на цёмным фоне) і не выконвае ніякіх мастацкіх задач.

Дастаткова спрэчным выглядае музычнае афармленне спектакля. У “Мудрамеры” выкарыстоўваюцца фрагментамі музыкі Грыга да драмы “Пер Гюнт”, кампазіцыя да фільма “Рэквіем па мары”, а таксама ўрыўкі з мультфільма “Рататуй”. Згодны, у апошнім моманце камічны эфект забяспечаны. Але ці не прасцей запрасіць да супрацоўніцтва айчынных кампазітараў, чым шукаць рашэнне на паверхні?

Але самым крыўдным момантам з’яўляецца пераклад твора. Як вядома, спектаклі ў Новым тэатры ідуць на дзвюх дзяржаўных мовах, прычым творы айчынных драматургаў (А. Макаёнка, Г. Марчука) па-беларуску. Хочацца спадзявацца, што рускамоўны “Мудрамер” стане выключэннем, а не традыцыяй.

Аднак фінал спектакля пакідае моцнае ўражанне. Вяршыла, які спярша падтрымаў Мурашку, прыносіць яму навіну пра 50-гадовую паўзу для апрабацыі апарата, што не пакідае ніякіх шансаў для вынаходніка. Міністр з’яўляецца разам са сваімі падначаленымі ў строгіх дзелавых касцюмах. Так рэжысёр выразна дае зразумець, што надзея на пераўтварэнне Вяршылы (пра што сведчыць як яго падтрымка вынаходніцтва, так і цёплая размова з маці, якую ён доўга не бачыў) адсутнічае. У нефармальнай атмасферы лазні ён яшчэ можа дазволіць нейкія вольнасці. Але ў сваім кабінеце імгненна вяртаецца да свайго сапраўднага аблічча.

Наогул ўсцешна, што Новы драматычны тэатр звярнуўся да творчасці Мікалая Матукоўскага. Можна не сумнявацца, што, нягледзячы на прыведзеныя заўвагі, “Мудрамер” зажыве сваім сцэнічным жыццём і будзе мець поспех у гледачоў.

Мудрамер вяртаецца!// Настаўніцкая газета. 2012. 7 красавіка. № 42. С. 15.