«Выдавецтва Граўцова»: ад бізнес-літаратуры да падручнікаў

Наклад якога падручніка рэальна прадаць за тры тыдні? Як выдаўцы змагаюцца з пірацтвам? Пра гэта чытачам распавядае Святлана Кагадзеева, дырэктар “Выдавецтва Граўцова”.


Святлана Кагадзеева

– “Выдавецтва Граўцова” з’яўляецца адным з структурных падраздзяленняў медыяхолдынга “Агенцтва Уладзіміра Граўцова”. Рашэнне аб яго стварэнні было прынята Уладзімірам Маркавічам у 2005 годзе. Да гэтага я працавала начальнікам аддзела маркетынгу выдавецтва “Вышэйшая школа”. Першым крокам стала распрацоўка стратэгіі развіцця: бізнэс-плана, які быў прыняты ў студзені 2006-га. Тады ж і пачаўся пошук аўтараў, якія змаглі б хутка напісаць кнігу. Першым нашым аўтарам стаў Андрэй Каляда. Менавіта з яго кнігай “Маркетинг, который работает” у жніўні таго года мы выйшлі на рынак Беларусі.

На які сегмент кніжнага рынку зрабіла стаўку выдавецтва?

— Першапачаткова мы пачыналі з бізнэс-літаратуры. Былі заснаваныя тры серыі: “Бизнес от А до Я”, “Консультант бухгалтера” і “Консультант по правовым вопросам”. Нашы кнігі адрознівала ад іншых, якія ў той час знаходзіліся у кніжных крамах, тое, што яны напісаны мясцовымі аўтарамі, ўлічвалі мясцовыя рэаліі. Больш за тое, аўтары з’яўляліся не толькі тэарэтыкамі, але больш нават практыкамі, бо спярша самі рухаліся ў пэўнай сферы шляхам спробаў і памылак. Затое яны атрымалі добрыя вынікі і цяпер маглі зберагчы чытачоў ад памылак. Яшчэ адно адрозненне — гэта мова выкладання. Яна простая і даходлівая, каб кнігі лёгка чыталіся і засвойваліся. Нездарма ў сваёй працы кіруемся лозунгам “Проста – аб складаным”. Дарэчы, гэтую якасць адзначаюць у сваіх водгуках карыстальнікі інтэрнет-магазіна oz.by. Зразумела, там сустракаецца і крытыка, якую мы адсочваем і аналізуем. Каштоўнымі з’яўляюцца для нас і тыя станоўчыя водгукі, дзе тлумачыцца чым, у якой сітуацыі чытачам дапамагла кніга, распавядаюцца рэальныя жыццёвыя сітуацыі.

Але неўзабаве стала зразумела, што, нягледзячы кніжны рынак дзелавой літаратуры ў Беларусі не вельмі актыўны. Інакш кажучы, рынак не запатрабаваны так, як хацелася б. Зразумела, мы не адмовіліся ад найбольш запатрабаванай літаратуры. Напрыклад, кнігі Ганны Швец “Всё о бухучёте для начинающих” і Сяргея Шкірмана “Всё об упрощённой системе сналогообложения” вытрымліваюць ужо трэцяе выданне. А выданне Г. Швец дагэтуль з’яўляецца лідарам па продажах сярод літаратуры па аўдыту, бухуліку і падатках у інтэрнет-магазіне oz.by.

Але адначасова было прынята рашэнне ісці на іншыя рынкі. З 2008 года мы выпускаем навучальную літаратуру для вузаў (у асноўным з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь).

З якімі цяжкасцямі сутыкаецца “Выдавецтва Граўцова” у сваёй дзейнасці?

– Мяркую, шэраг праблем — агульны для ўсіх удзельнікаў кнігавыдавецкай дзейнасці. Цяпер наогул цяжкі час для кнігавыдання. Агульнай тэндэнцыяй з’яўлецца падзенне накладаў. На сітуацыю паўплывалі і мінулагоднія карэкцыі курса валюты. Як гэта адбілася на нашай дзейнасці? Паводле стандарту падручнікі павінны друкавацца на афсеце. Паколькі беларуская папяровая фабрыка ў Шклове выпускае газетную паперу, вымушаны арыентавацца на расійскіх пастаўшчыкоў. З-за агульнай фінансавай сітуацыі ўзраслі кошты на тыпаграфскія паслугі. У выніку кнігі сталі дарагімі.

Іншай істотнай праблемай з’яўляецца пірацтва. Мы рэгулярна знаходзім на розных сайтах электронныя версіі нашых кніг, якія прапаноўваюць скачаць за грошы. Прычым на такіх рэсурсах звычайна размяшчаецца наступная інфармацыя: “калі праваўладальнікі нязгодныя, кніга будзе прыбраная з доступу”. Зразумела, мы адсочваем інфармацыю і пішам адпаведныя лісты. Кнігі нібыта знікаюць. Але дзе гарантыя, што праз некалькі тыдняў яны не з’явяцца на іншым сайце?

Назавіце выданні, якія варта лічыць візітнай карткай выдавецтва.

– Некалькі выданняў вылучыць складана. У сваёй працы мы кіруемся паняццем “культура выдання”, які ўключае шэраг узаемазвязаных элементаў: кантэнт, знешні выгляд, унутраны дызайн, паліграфічнае выкананне. На маю думку, усе кнігі нашага выдавецтва адпавядаюць яму.

Зрэшты, калі звярнуць увагу на такі паказчык, як запатрабаванасць чытачоў, можна вылучыць пэўныя выданні. Напрыклад, першай навучальнай кнігай для студэнтау-медыкаў, выдадзенай “Выдавецтвам Грэўцова”, стала “Пропедевтика внутренних заболеваний”. Наклад у адну тысячу разышоўся за тры тыдні. А 2-тысячны наклад дапаможніка “Беларуская мова. Эканамічная лексіка” мы прадалі за два месяцы. Цяпер у продажы ўжо трэцяе выданне гэтага дапаможніка. Максімальным для нас 5-тысячным накладам выдадзена кніга “Тренинг-конспект курсанта автошколы”, якая была адобрана ДАІ. Лічу кнігу ўнікальнай з метадалагічнага пункту гледжання. Як вядома, наведвальнікам аўташкол даводзіцца завучваць шмат інфармацыі. Правілы дарожнага руху пададзены ў нашай кнізе ў табліцах і схемах, што палягчае засваенне матэрыялу.

Хацелася б адзначыць, што нашыя кнігі актыўна прадстаўлены на рынку Расійскай Федэрацыі, дзе карыстаюцца попытам. Напраклад, зусім нядаўна былі званкі з Іркуцка і Хабараўска. Дарэчы, прадаўцы кніг у Казахстане і Украіне выбіраюць тавар таксама у Маскве. Таму не выключаю, што прадукцыя выдавецтва распаўсюджваецца і у гэтых дзяржавах.

Якімі навінкамі неўзабаве парадуе сваіх чытачоў “Выдавецтва Граўцова”?

– У нашых планах – шэраг выданняў. Распавяду чытачам пра адно з іх. Яшчэ ў мінулым годзе пачалося ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. Мы выпусцілі “Справочник для поступающих в учреждения профессионально-технического образования Республики Беларусь”. Зразумела, выданні такога кшталту выходзілі у іншых выдавецтвах і раней. Але бывала, што некаторая інфармацыя ў іх не адпавядала рэчаіснасці, з-за чаго неаднаразова гучалі скаргі. Нашае выданне ўпершыню ў Беларусі мае грыф РIПА. Гэта адзінае афіцыйнае выданне даведніка ў нашай краіне. Фактычна, маем інфармацыю з першых вуснаў. Цяпер здалі ў друкарню чарговы зборнік для абітурыентаў, што будуць паступаць ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыi сёлета. У бліжэйшы час убачыць свет першы i адзіны у рэспублiцы афіцыйны «Справочник для поступающих в учреждения среднего специального образования Республики Беларусь”, таксама с грыфам РIПА.

Ад бізнэс-літаратуры – да падручнікаў// Літаратура і мастацтва. 2012. 30 сакавіка. № 13. С. 9.