На дзіва багатую празаічную частку лютаўскага нумара часопіса “Полымя” можна ўмоўна падзяліць на тры катэгорыі.
Першую з іх склалі значныя па памеры творы, чыё прадстаўленне чытачам расцягваецца на некалькі нумароў (завяршэнне аповесці Уладзіміра Ліпскага “Ідзі і радуйся. Лісты да ўнука”, пачатак другой часткі кнігі Янкі Сіпакова “Мая бібліятэка”). Другую – дакументальная аповесць Юліяна Высоцкага “Двое з пякельнага бамбардзіроўшчыка”. Трэцюю – невялікія апавяданні: “Акварыум” Алеся Макоўскага, “Свая філасофія вайны” Уладзіміра Мароза і “Салдацкая зорачка” Аркадзя Жураўлёва. Ахарактарызую больш падрабязна творы з апошняй катэгорыі.
Апавяданне У. Мароза мае, на маю думку, больш дакументальны, чым мастацкі характар (пра што сведчыць падзагаловак “З аповеду жыцця майго роду”). Аўтар згадвае ў творы сваіх сваякоў (дзядулю, дзядзьку і бацьку). Таленавіты сцэнарыст і дакументальны рэжысёр, ён здолеў літаральна некалькі штрыхамі перадаць вобраз чалавека і яго характар. Напрыклад, дзядуля аўтара, Канстанцін Антонавіч, які служыў у артылерыі, быў перакананы: застаўся жывым таму, што нікога не забіў. Калі ж унук запытаўся ў яго: “Але ж тыя снарады, якімі вы стралялі, зусім натуральна маглі забіваць?”, той адказаў: “А што там было, куды ляцеў снарад – я не бачыў і не ведаю. У чалавека я не страляў”. “Што скажаш на такія словы? – разважае аўтар. – Застаецца толькі згадаць новазапаветнае: “Вера твая выратавала цябе” І яшчэ раз на жывым прыкладзе ўпэўніцца ў глыбіннай сутнасці гэтых слоў”.
Несумненна, самым кранальным з трох твораў з’яўляецца “Салдацкая зорачка”. Згодна сюжэту, над лініяй фронту раздаецца плач дзіцяці. Байцы ведаюць, што часам фашысты наўмысна запісваюць гукі, правакуючы “нашых”, але наважваюцца рызыкнуць. У выніку галоўны герой Андрэй Галавенчык ратуе хлопчыка, якога мучылі фашысты. Разам з тым А. Жураўлёў, на жаль, не здолеў дадаць нечага новага да адлюстравання баявых дзеянняў ці пераасэнсавання псіхалогіі чалавека на вайне.
Падзеі апавядання А. Макоўскага разгортваюцца адразу ў двух часавых прасторах. У пачатку і фінале галоўны герой, 50-гадовы халасцяк Андрэй Акуліч, выпівае і закусвае сам з сабой у пакоі інтэрната. У сярэдзіне настальгія пераносіць яго ў гады маладосці, у той час, калі Андрэй засяляецца ў пакой да трох мужчын (“дрэннага” Казіка і “добрых” Івана і Алега). Імкнучыся аздобіць пакой, станоўчыя героі купляюць акварыум з рыбкамі. Але пакрыўджаны на іх Казік налівае ў ваду віна, і рыбы гінуць. Неўзабаве здзяйсняецца акт справядлівасці: дзякуючы моцы Івана «рыбканенавіснік» назаўсёды пакідае пакой…
Нават калі ўявіць, што твор адрасаваны прыхільнікам “Грынпісу” ва ўзросце, “Акварыум” выклікае шэраг пытанняў. Пры аналізе апавядання адразу кідаецца ў вочы схематычнасць характараў герояў. Незразумела, якую ролю выконваюць эпізоды пра бабульку і дзядзьку Сцяпана, што дзяжураць на ўваходзе. Яны маюць відавочна ўстаўны характар і не ўплываюць на развіццё сюжэта. Незразумелая і прычына галоўнага канфлікту. Згодна з сюжэтам, станоўчыя героі вырашаюць пажартаваць і ад імя аднавяскоўцаў пішуць Казіку ліст, абвінавачваючы яго ў сквапнасці і хітрасці. Але мяркую, што супярэчнасць паміж героямі можна было б паказаць іначай, напрыклад, як глыбокі канфлікт паміж людзьмі з рознай сістэмай каштоўнасцяў. А знішчэнне рыбак падаецца банальнай бытавой помстай пакрыўджанага чалавека.
Яшчэ адно пытанне выклікае структура апавядання. “Акварыум” мае падзагаловак “Згадкі старога халасцяка”. Пры такім ракурсе абсалютна лагічным выглядала б пэўная рамантычная гісторыя з часоў маладосці, з-за якой галоўны герой так і не пачуў «свой» марш Мендэльсона. Але Зіна, адзіная прэтэндэнтка на сэрца Андрэя, згадваецца ўсяго ў двух эпізодах. У першым ён вырашае запрасіць яе на сустрэчу, у другім тэлефануе і высвятляе, што яна выходзіць замуж. Тады ж якая сувязь паміж халасцяцкім жыццём і гісторыяй з рыбкамі? Няўжо пакуль герой купляў акварыўм, дзяўчына паспела ўзяць шлюб?
Дзяўчына ці рыбкі?// Літаратура і мастацтва. 2012. 30 сакавіка.