Як сумясціць працу ў ВНУ і кіраванне дзяржавай?

Наколькі рэальна сумяшчаць выкладанне ў ВНУ і кіраванне дзяржавай? Амаль кожны чалавек скажа, што такі варыянт нагадвае фантастыку. Але ў кожнага правіла бываюць выключэнні. Першыя студэнты БДУ маглі пахваліцца тым, што лекцыі па палітэканоміі ў іх чытаў кіраўнік БССР Вільгельм Кнорын. Як стала магчымай такая сітуацыя? Пра гэта наш сённяшні аповед.

Хто яшчэ з’яўляўся настаўнікамі?
З кіраўнікоў Беларусі савецкага перыяду педагогамі па адукацыі было тры чалавекі. Пётр Машэраў, які закончыў Віцебскі педагагічны інстытут, выкладаў у 1939-1941 гг. матэматыку і фізіку ў Расонскай сярэдняй школе, а Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, выпускнік Гомельскага педагагічнага інстытута, з 1936 г. працаваў настаўнікам у школах Ельскага раёна, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны – настаўнікам, а потым дырэктарам школы ў Сталінградскай вобласці. Але педагагічная дзейнасць абодвух была параўнальна непрацяглай: пасля вайны Кісялёў і Машэраў перайшлі на камсамольска-партыйную працу, якая пазней прывяла абодвух да вышэйшай пасады ў рэспубліцы (Кісялёў змяніў Машэрава на пасадзе 1-га сакратара ЦК КПБ).

І толькі адзін кіраўнік Беларусі – Вільгельм Кнорын (1920-1922, 1927-1928) — ніколі не губляў сувязяў з адукацыйнай сістэмай, хоць у яго педагагічнай дзейнасці таксама былі перапынкі, абумоўленыя разнастайнымі абставінамі.

Кнорын, латыш па нацыянальнасці, таксама атрымаў педагагічную адукацыю: у 1910 годзе ён закончыў настаўніцкую семінарыю ў горадзе Валміера. У педагагічнай дзейнасці Кнорына можна вылучыць тры перыяды: латвійскі, беларускі і рускі.

Латвія
Пасля заканчэння семінарыі Кнорын атрымаў прызначэнне на пасаду другога настаўніка Страупскай прыхадской школы. Ён трапіў у вельмі маляўнічыя мясціны. Мястэка Страупе, праз якое зараз праходзіць шаша Валміера-Інкукалнс, вядомае адзінай у Латвіі пабудовай, у якой злучаны замак і царква. Па звестках, сабраных латвійскімі краязнаўцамі-аматарамі, замак замке Грос-Рооп быў пабудаваны ў 1263 г. (якраз тады, калі быў забіты адзіны кароль ВКЛ Міндоўг). Тады ж, або пазней, у ХІІІ ст. у яго паўднёвым крыле з’явілася царква. Магчыма, у другой палове ХІV ст. да комплекса была дабудавана масіўная замкавая вежа, каля ХV ст. яшчэ адна царква з’явілася ў паўночным крыле замка.

Пабудова шмат разоў разбуралася ў ХVІІ і ХVІІІ ст., а падчас паўстання 1905 г., незадоўга да з’яўлення Кнорына, амаль цалкам згарэла. Засталося невядома, хто гэта зрабіў: рэвалюцыянеры, ці сам уладальнік фон Розэн, які спадзяваўся на багатую страхоўку. У 1909 г. замак быў адноўлены: башня – у стылі барока, унутраныя памяшканні – у стылі класіцызму.


Замак Грос-Рооп

Грос-Рооп быў адзінай мясцовай славутасцю, таму малады настаўнік, відаць, неаднойчы блукаў у яго ваколіцах. Падыходзіў да драўлянай калакольні, пабудаванай у парку у 1744 г. Разглядаў герб Розэнаў, які ўпрыгожваў ўваход у замак, звяраў час па сонечнаму гадзінніку, умацаванаму ў сцэне царквы. А можа, проста разважаў пра зменлівы лёс, бо раней Страупе па значэнню быў трэцім горадам Лівоніі і ўваходзіў у Ганзейскі саюз.

Ужо ў савецкія часы, з 1963 года, у замку размясцілася наркалагічная бальніца.

Кнорын працаваў у Страупе да 1913 г., жыў у маленькім пакойчыку ў самім будынку школы, харчаваўся ў загадчыка школы. Гэта быў надзвычай плённы час ў яго біяграфіі. Малады настаўнік адначасова займаўся выкладаннем, літаратурнай крытыкай і рэвалюцыйнай барацьбой.

Як педагог Кнорын займаўся з мясцовымі дзецьмі не толькі на занятках, але і пасля іх, калі мог нават прачытаць свае літаратурныя спробы. Быў створаны літаратурны гурток. Менавіта Вільгельм параіў сваім гадаванцам павіншаваць з юбілеем самага знакамітага латышскага паэта Яніса Райніса: даслаць яму ў Швейцарыю букет руж і ветку вярбы.

Што ж прымусіла Кнорына развітацца са Страупе і ў 1913 годзе пераехаць у сталіцу края? Яго актыўная дзейнасць выклікала незадавальненне патрыярхальных жыхароў Страупе, якія знаходзіліся ў баку ад рэвалюцыйных падзей. А імкненне настаўніка выхаваць дух “вальнадумства” у вучняў (пад што трапіў, у прыватнасці, згаданае вышэй віншаванне Райніса) нават прывяло да байкоту з боку часкі мясцовай вясковай інтэлігенцыі. Гэта магло прыцягнуць увагу ўладаў, таму Вільгельм згуляў на апярэджанне і папрасіў ў лісце інспектара гандлёвых школ, каб той дапамог яму перабрацца ў Рыгу дзеля працягу вучобы.

Новы, 1913/14 навучальны год Кнорын пачаў у Рызе, дзе настаўнічаў у гандлёвай школе таварыства выкладчыкаў (так званае “Вучылішча Одыня”), а па вечарах чытаў лекцыі на курсах рыжскага таварыства асветы і ўзаемадапамогі “Лібарэмус”, працай якога кіравала нелегальная арганізацыя Сацыял-дэмакратыя Латышскага краю.

А ў 1914 годзе з пачаткам першай сусветнай вайны Кнорына забралі ў армію, і ён надоўга адышоў ад педагагічнай сферы.

Беларусь
Другі, беларускі перыяд таксама быў храналагічна непрацяглым. Ён ахоплівае 1921-1922 і 1927-1928 гады і звязаны з адкрыццём восенню 1921 года Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Праца па адкрыцці БДУ ажыццяўлялася пры ўзаемадзеянні старой прафесуры і прадстаўнікоў новай улады. У сакавіку 1921 г. у Маскве пачало дзейнічаць Часовае праўленне БДУ, у якім прымаў удзел Уладзімір Пічэта. Паралельна ў Мінску адбывалася праца дзяржаўных структур. Дакументы захавалі падрабязнасці абмеркавання універсітэцкага пытання 8 лютага 1921 г. на пасяджэнні ЦБ КП(б)Б з удзелам В. Кнорына.

18 сакавіка з’явілася пастанова прэзідыума ЦВК аб адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якую падпісалі 7 чалавек (сярод іх і Кнорын як член прэзідыума). Меркавалася, што ў складзе новага вуза будзе пяць факультэтаў (рабочы, грамадскіх навук, медыцынскі, сельскагаспадарчы і фізіка-матэматычны). Дарэчы, у спецыяльную камісію па стварэнню рабфака увайшоў і В. Кнорын. Праўда з-за недахопу сродкаў пазней былі адкрытыя толькі тры факультэты: медыцынскі, грамадскіх навук і рабочы.

Урачыстае адкрыццё ўніверсітэта адбылося ў Мінскім дзяржаўным тэатры 11 ліпеня 1921 г. у гадавіну вызвалення сталіцы Беларусі ад польскіх войскаў. У 9 гадзін вечара пасля ўрачыстага выканання Інтэрнацыянала пасяджэнне адкрыў наркам асветы Усевалад Ігнатоўскі.


Купалаўскі тэатр. Менавіта ў яго будынку адбылося адкрыццё універсітета

Першым перад прысутнымі выступіў старшыня ўраду Аляксандр Чарвякоў, пасля – Ігнатоўскі. Потым прысутных ад імя Цэнтральнага бюро КП(б)Б вітаў Кнорын, які “асвяціў пытанне аб адкрыцці Беларускага універсітэта з партыйнага пункту гледжання”. З выступлення бачна, што разумеў Вільгельм Георгіевіч пад вышэйшай адукацыяй. “Перад Дзяржаўным універсітэтам, – казаў ён, – стаіць задача сабраць, як у прызме, усе дасягненні культуры і накіроўваць іх так, каб яны служылі справе рэвалюцыі, справе працоўнага класа, які дагэтуль быў на задворках жыцця і стаў гаспадаром жыцця. Гэта асноўная задача універсітэта. Перад намі мэта: выкаваць новую пралетарскую культуру і гэтай мэты мы павінны дасягнуць любым коштам, (…). У сваёй працы КПБ (Камуністычная партыя Беларусі — Д. М.) мае патрэбу ў падтрымцы шырокіх свядомых і кваліфікаваных пралетарскіх мас. Будаваць камунізм без будаўнікоў нельга. КПБ бярэ на сябе першую частку працы”.

Разам з прыёмам ва універсітэт студэнтаў неабходна было падабраць і выкладчыкаў, паколькі наладжанай сістэмы падрыхтоўкі сваіх, мясцовых кадраў яшчэ не было. Склад выкладчыкаў фарміраваўся як праз запрашэнне іх адусюль, дзе існавалі традыцыі універсітэцкай адукацыі, так і прыцягненне спецыялістаў, якія ўжо даўно звязалі свой лёс з Беларуссю. Першымі прафесарамі БДУ Дзяржаўны вучоны савет зацвердзіў больш як 16 чалавек, у тым ліку і В. Кнорына, які чытаў лекцыі па палітэканоміі (курсы “Эканамічная палітыка” і “Эканоміка пераходнага перыяду”).


Будынак гістарычнага факультэта БДУ. Менавіта тут пачаліся першыя ўніверсітэцкія заняткі

Прафесар С. Вольфсан, які ў той жа час выкладаў у БДУ філасофію і педагогіку, узгадваў, што аб Кнорыне, што “…мы ўгаварылі яго ўзяць чытанне курса па эканоміцы пераходнага перыяду… З выключнай акуратнасцю выконваў ён абавязкі выкладчыка…”. Усяго першы вучэбны год акрамя узгаданай вышэй прафесуры пачалі 49 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў, а таксама 1390 студэнтаў. Але лекцыі ў БДУ Кнорын чытаў толькі адзін навучальны год, паколькі ў маі 1922 года быў пераведзены на працу ў Маскву.

У знак удзячнасці “спецыяльная дэлегацыя прафесароў універсітэта па даручэнню праўлення склала “адрас у гонар выкладчыка Фона В. Кнорына” і ўручыла яму на ўрачыстам пасяджэнні, якое з гэтай нагоды прайшло ў ЦВК рэспублікі”. У другі раз В.Кнорын чытаў лекцыі ў БДУ у 1927/1928 навучальным годзе, калі працаваў у Беларусі першым сакратаром ЦК КП(б)Б.

Масква
Трэці перыяд у педагагічнай дзейнасці В.Кнорына звязаны з працай у Камуністычным Інтэрнацыянале (Камінтэрне) і ахоплівае, прыкладна, 1928-1935 гады. Па лініі гэтай арганізацыі Кнорын выкладаў у Міжнароднай ленінскай школе (МЛШ). Школа была створана ў 1926 годзе і першапачаткова стваралася як міжнародныя ленінскія курсы для падрыхтоўкі партработнікаў зарубежных кампартый пры Інстытуце Маркса-Энгельса-Леніна. Але хутка гэтыя курсы атрымалі сваю новую назву – МЛШ.

У ёй абучаліся актывісты нацыянальных кампартый, якія мелі вопыт практычнай рэвалюцыйнай барацьбы, але не атрымалі сістэматычнай адукацыі. Школа падзялялася на некалькі сектараў па моўнаму прынцыпу. Найбольш значным па колькасці слухачоў і ўзроўню іх падрыхтоўкі быў нямецкі сектар, дзе займаліся прадстаўнікі Германіі, Аўстрыі, Скандынаўскіх краін і нават Люксембурга. Значнасць гэтага сектара патлумачыць дастаткова лёгка, паколькі Камуністычная партыя Германіі нездарма лічылася адной з самых моцных у Заходняй Еўропе.

Разам з іншымі знакамітымі дзеячамі бальшавіцкай партыі (напрыклад, Мікалаем Бухарыным) там выкладаў і В. Кнорын, паколькі адказваў за гэты напрамак у Камінтэрне, дзе ўзначальваў Сярэднееўрапейскі Лендэрсакратарыят (Трэба меркаваць, гэта не зусім дакладны пераклад слова “Länder” з нямецкай мовы, у якой яно абазначае “краіны” (множны лік ад слова das Land – “краіна”). Таму пад Лендэрсакратарыятам трэба разумець сакратарыят, які займаўся праблемамі пэўных краін). МЛШ ўзначальвалася рэктарам, але апошні кіраваў працай школы разам з праўленнем, у якое Кнорын уваходзіў разам з знакамітымі дзеячамі Камінтэрна таго часу Восіпам Пятніцкім, Вільгельмам Пікам, Ван Мінам, Пальміра Тальяці, Серафімай Гопнер.

Побач з агульнаадукацыйнымі прадметамі ў школе вывучаліся гісторыя нацыянальных кампартый (прадстаўнікі кожнай нацыі вывучалі дзейнасць сваёй кампартыі) і партыі бальшавікоў, гісторыю сусветнага працоўнага і камуністычнага руху, заняткі па ваеннай справе, канспірацыі, спецтактыцы і партыйнаму будаўніцтву. Характэрна, што спецыяльна створаная Паліткамісія, якая правярала дзейнасць школы ў 1932 годзе, прызнала яе дзейнасць па шэрагу прадметаў незадавальняючай.

Міжнародную ленінскую школу, якая праіснавала да 1938 года, закончылі шэраг слухачоў, і сярод іх можна назваць цэлую групу будучых кіраўнікоў ГДР: гэта яе кіраўнік Эрых Хонекер, міністр абароны Хайнц Гофман, міністр дзяржбяспекі Эрых Мільке і іншыя. Напрыклад, Хонекер вучыўся ў школе якраз тады, калі ў ёй выкладаў Кнорын, бо членам Камуністычнай партыі Германіі ён стаў толькі ў 1929 годзе, а ў 1933 годзе быў пасаджаны фашыстамі ў турму, дзе знаходзіўся да падзення палітычнага рэжыму апошніх. Таму гэтых дзеячаў, хоць і ў дастаткова ўмоўнай ступені, бо мы не ведаем ступені ўздзеяння на іх В.Кнорына, можна назваць яго вучнямі.

У 1932-1935 гадах Вільгельм Кнорын з’яўляўся дырэктарам гісторыка-партыйнага Інстытута чырвонай прафесуры, які рыхтаваў супрацоўнікаў для навукова-даследчых устаноў і партыйных органаў. Першы Інстытут чырвонай прафесуры быў адкрыты ў Маскве ў 1921 годзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 11 лютага таго ж года, падпісанага У. Леніным. Першапачаткова Інстытут падзяляўся на аддзяленні (з 1922 г. – эканамічнае, гістарычнае і філасофскае). У 1930 годзе Інстытут чырвонай прафесуры быў падзелены на інстытуты гісторыі, гісторыка-партыйны, эканамічны, філасофскі, прыродазнаўства.


Будынак Страснога манастыра.
Тут у 1921 годзе пачаліся першыя заняткі Інстытута чырвонай прафесуры

У 1931 годзе склалася наступная структура Інстытута, якая існавала і ў часы, калі яго ўзначальваў Кнорын. Інстытут быў зліты з іншымі навукова-даследчымі інстытутамі Камуністычнай акадэміі, у выніку чаго былі створаны самастойныя інстытуты: аграрны, сусветнай гаспадаркі і сусветнай палітыкі, філасофіі, гістарычны, савецкага будаўніцтва і права, тэхнікі і прыродазнаўства, літаратуры і падрыхтоўкі кадраў. Тэрмін навучання на асноўным аддзяленні Інстытута чырвонай прафесуры складаў тры гады. Інстытут з’яўляўся прэстыжнай для таго часу ўстановай. Дастаткова сказаць, што на яе аснове ў 1946 годзе была створана Акадэмія грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (потым пры КПСС), якая паспяхова існавала да знікнення СССР.

У Інстытуце В.Кнорын вёў актыўную навукова-педагагічную дзейнасць. Ён узначальваў кафедру (на жаль, яе назва не ўдакладняецца), удзельнічаў у навуковых дыскусіях і канферэнцыях у Інстытуце чырвонай прафесуры і іншых інстытутах, чытаў для студэнтаў лекцыі па курсу гісторыі партыі і праводзіў семінарскія заняткі. Як узгадваў доктар гістарычных навук А.Крымаў, які вучыўся ў той час у Інстытуце чырвонай прафесуры, “на семінарах у нас заўсёды было шмат людзей: прысутнічалі слухачы з іншых аддзяленняў, з іншых інстытутаў і нават асобныя таварышы з ВККІ (Выканаўчага камітэта камуністычнага Інтэрнацыянала – Д. М.). Вельмі шмат давалі слухачам заключныя словы Вільгельма Георгіевіча пасля заняткаў на семінары. Гэтыя выступленні былі багатымі крыніцамі ведаў, якія нельга было атрымаць ні з літаратуры, ні ў большасці лектараў”. Нягледзячы на пэўную ідэалізацыю дзейнасці Кнорына, ёсць усе падставы давяраць дадзенай інфармацыі, паколькі Кнорын па ўзроўню адукацыі насамрэч выдзяляўся сярод партыйных работнікаў таго часу.

Плён працы Кнорына праявіўся ў выпускніках інстытута, яго вучнях. З ІКП выйшла значная частка сталінскай эліты, сама ўзгадка пра якіх выклікала ў СССР наменклатурнае трымценне. Напрыклад, Міхаіл Суслаў шмат гадоў з’яўляўся сакратаром ЦК па ідэалогіі (1947-1982) і членам Палітбюро (1952-1953, 1955-1982) і ўвайшоў у гісторыю як шэры кардынал, ідеолаг брэжнеўскіх часоў. Барыс Панамароў шмат гадоў з’яўляўся сакратаром ЦК (1961-1986) і кандыдатам в члены Палітбюро (1971-1986). Яшчэ адным з вучняў Кнорына па Гісторыка-партыйным інстытуце быў Я. Калнберзін, першы сакратар ЦК КП Латвіі (1940-1959).

Заключэнне
На вялікі жаль, у гістарычных дакументах амаль не захавалася непасрэдных успамінаў вучняў Кнорына, якія б сведчылі пра яго манеру выкладання ці педагагічныя здольнасці. Адно можна сказаць пэўна: і ў педагогіцы, і ў кіраўніцтве краінай Кнорын прыкладваў усе намаганні для пабудовы камунізму і насаджэнню савецкага ладу жыцця ва ўсім СССР. Што з гэтага атрымалася, кожны зробіць для сябе высновы сам.

Часткова матэрыял апублікаваны: “Педагагічная паэма” Кнорына// Беларуская думка. 2007. № 8. – С.87-89.

Для зручнасці пры чытанні з тэкста прыбраны спасылкі.