Чаму я не стаў мастаком?

Калі вы думаеце, што я з самага дзяцінства марыў стаць мастаком, вы глыбока памыляецеся. Як і ўсе нармальныя хлопцы, спадзяваўся стаць касманаўтам ці кіроўцам. Але пакрысе гэтыя інтарэсы адышлі на другі план. Яшчэ да школы ў мяне з’явілася новае захапленне: пачаў маляваць. Калісьці я ўзгадваў гэтую гісторыю. Цяпер распавяду яе больш падрабязна.

Сваякі думалі, што мае захапленне сур’ёзнае, бо я маляваў увесь час. Таму мяне адвялі не ў звычайную сярэднестатыстычную школу па месцы жыхарства, і не ў школу ля самага дома, дзе быў клас з беларускай мовай навучання. А ў мастацкі клас сярэдняй школы № 7 (цяпер – школа мастацтваў). Пры паступленні патрабавала здаць нешта кшталту міні-іспыту, але паглядзеўшы на дзіцячыя малюнкі, мяне прынялі адразу.

Першыя два гады ў нас выкладала Лілія Віктараўна, настаўніца ад Бога, таму ад навучання атрымлівае адно задавальненне. Але пазней яна сышла ў іншую установу, а замест яе прыйшла Людміла Сяргееўна. Магчыма, нядрэнны мастак, яна не ўмела вучыць, і сваімі дужа рашучымі педагагічнымі метадамі хутка адбіла ў мяне ўсю ахвоту займацца маляваннем.

У нас пачаліся перыядычныя канфлікты. Напрыклад, я прыносіў настаўніцы малюнак. Яна казала, што намалявана дрэнна. Але не тлумачыла, што і як трэба змяніць. Частка аднакласнікаў хадзілі на дабраахвотна-прымусовыя індывідуальныя заняткі. Але мяне туды зусім не цягнула. Тым больш часам іх ставілі на выходныя.

Па інерцыі я крыху маляваў да 7 класа ўключна, пакуль вучыўся ў школе. Некаторыя спробы таго часу дагэтуль вісяць на сценах кватэры. Але з тых гадоў, здаецца, ні разу не карыстаўся пэнзлем і фарбамі.

Зрэшты, буду шчырым: калі б у мяне меліся нейкія звышдадзеныя або прысутнічала фантастычнае жаданне ствараць маляваць, ніякія настаўнік не змог бы адбіць ахвоту. Хутчэй за ўсё, тое захапленне было нетрывалым.

Зрэшты, сваю станоўчую ролю мастацкі клас адыграў. Па-першае, у якасці профільных прадметаў нам выкладалі гісторыю мастацтва, жывапіс, малюнак і кампазіцыю. Хто тады ведаў, што праз гады буду пісаць пра тэатр? :)

А, па-другое, дзякуючы Людміле Сяргееўне (дакладней, насуперак ёй) я зацікавіўся гісторыяй. Аднойчы ў другім ці трэцім класе ўбачыў у кніжным шапіку кнігу Яўгена Тарле «Напалеон». Праглынуў яе на адным дыханні… Зрэшты, гэта ўжо іншая гісторыя.