У крузе першым: Янка Купала на cцэне РТБД

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Янка Купала: Кругі раю”, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.


Пастаноўка, прысвечаная пэўнаму юбілею, заўсёды з’яўляецца дастаткова рызыкоўнай справай. У такіх выпадках рэжысёры часта кіруюцца не ўласнай творчай задумай, а неабходнасцю зрабіць планавую справаздачу перад грамадскасцю. Менавіта на гэту акалічнасць звярнуў увагу мастацкі кіраўнік РТБД Валерый Анісенка, выступаючы перад грамадскім праглядам спектакля. Паводле яго словаў, ён загадзя папрасіў рэжысёра Святлану Навуменка падумаць над магчымасцю пастаноўкі спектакля пра Янку Купалу і прысвяціць новы твор не юбілею, а тэатру.

У якой ступені была ажыццёўлена гэта задума? З аднаго боку, у спектакле сапраўды няма казённасці, празмернай пафаснасці. Янка Купала ў выкананні Дзяніса Паршына паўстае жывым чалавекам, вялікім творцам, а не іконай з падручніка па беларускай літаратуры ці помнікам, што сышоў з пастаменту. З другога боку, “Кругі раю” пакінулі дастаткова шмат пытанняў.

Галоўнае з іх можна сфармуляваць наступным чынам: якую задачу ставілі перад сабой стваральнікі спектакля? Пры адказе на такое пытанне крытыкі і гледачы часцей за ўсё адштурхоўваюцца ад першапачатковага драматургічнага матэрыялу і яго рэжысёрскай інтэрпрэтацыі. Аўтарам тэкста ў “Кругах раю” выступіла сама рэжысёр, у якой адсутнічаў пэўны сур’ёзны вопыт у гэтай сферы. Менавіта таму ў мяне склалася суб’ектыўнае ўражанне, што С.Навуменка не здолела выбудаваць моцны каркас пастаноўкі і вызначыць для сябе прыярытэты.

Праілюструю гэту думку на прыкладзе першых сцэн са спектакля. Дзеянне разгортваецца ў наступнай паслядоўнасці: нараджэнне Янкі, прэтэнзіі бацькі Купалы на шляхецтва, гульні Янкі са сваімі сябрамі, якія чаргуюцца з чытаннем галоўным героем верша “Прарок”, дыялог з прадстаўніком улады (Аляксандр Марчанка) па пытаннях выдання газеты “Наша ніва”, размова маці, вяселле з Жонкай (Вераніка Буслаева). Такім чынам, менш чым за паўгадзіны стваральнікі спектакля адольваюць перыяд больш чым чвэрць стагоддзя (з 1882 года да Першай сусветнай вайны).

Узнікае пытанне, каму адрасавана гэтыя эпізоды? Калі школьнікам, дык усё зразумела. Інсцэнізацыя асобных фактаў з біяграфіі песняра запомніцца куды прасцей, чым радкі з падручніка. Але ўпэўнены, што астатніх гледачоў збянтэжыць відавочная перарванасць падзей, нематазгоднасць пастаронкавага перагортавання біяграфіі Купалы. А таксама тая акалічнасць, што частка з названых сцэн відавочна паўтарае спектакль “Сны аб Беларусі”, што калісьці ішоў на сцэне Купалаўскага тэатра.

Згаджуся, у дыялогу бацькі і чыноўніка можна знайсці праяву супярэчнасцяў паміж народам і ўладай. Надалей гэта лінія будзе неаднаразова з’яўляцца ў спектакле. Тым больш, што А.Марчанка пазней пераўвасобіцца ў ролю супрацоўніка НКУС. Але тут, зноў-такі, бачу дзве супярэчнасці. Па-першае, такі апошні ход не з’яўляецца ніякім ноў-хаў: дагэтуль яго выкарыстаў М. Пінігін у спектакле “Тутэйшыя”. Па-другое, узаемадзеянне паміж канкрэтнай асобай і ўладай можа стаць асновай, каркасам спектакля. Але тады незразумела, навошта ўключаць у спектакль шэраг эпізодаў?

Напрыклад, сцэна допытаў паэта перыядычна перарываецца сцэнамі з паэмы “Бандароўна”, дзе галоўную гераіню выконвае… В. Буслаева (дарэчы, тая ж дваістасць функцый уласціва і Віктару Багушэвічу, які спачатку іграе ролю бацькі Янкі Купалы, а потым ксяндза).

Калі шчыра, не вельмі разумею рэжысёрскую логіку. Магчыма, такія сцэны з’яўляюцца плёнам фантазіі паэта? Але няўжо атмасфера допытаў дазваляла так лёгка забывацца пра падзеі рэальнасці? Можа, Бандароўна з’яўляецца alter ego Купалы? Але тады лагічна было пашукаць каго-небудзь з мужчынскіх персанажаў. Можа, рэжысёр праводзіць паралелі паміж лёсам гераіні і самога творцы? Але ж Бандароўна якраз не пайшла на кампраміс з Князем.

Яшчэ адным героем купалаўскай творчасці, які набывае на сцэне другое жыццё, становіцца Мікіта Зносак з “Тутэйшых”. Але яго вобраз з’яўляецца толькі грубай калькай з героя, увасобленага ў Купалаўскім тэатры Віктарам Манаевым. Выклікае пытанні і сцэнаграфія Юрыя Саламонава – паганскі ідал. Яго прысутнасць у сцэнах з “Бандароўны” яшчэ больш-менш зразумелая. А вось якую ролю адыгравае ідал падчас вяселля па каталіцкім абрадзе, застаецца таямніцай.

Выклікае пытанні і фінал спектакля. Рэжысёр акцэнтуе ўвагу на рэальнай гістарычнай сітуацыі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў акупаваным Мінску з’явілася вуліца Луцкевіча. У Маскве палічылі, што яна названа ў гонар Янкі Купалы (але, як вядома, яго сапраўднае прозвішча было Луцэвіч), таму пісьменніку давялося апраўдвацца і тлумачыць памылку. Згодна са спектаклем, Купала адмаўляецца падпісваць ліст пратэсту, пасля чаго яго скідваюць з лесвіцы ў гасцініцы “Масква”. Так, гэты эпізод нібыта адпавядае агульнай задуме спектакля. Але тады смерць Купалы становіцца не вынікам яго духоўнай нязгоды са сталінскай сістэмы, а праявай уседазволенасці НКУС.

Згаджуся, у “Кругах раю” прысутнічаюць цікавыя рэжысёрскія знаходкі. Напрыклад, перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі вобразна перададзена праз велізарны чырвоны сцяг, які займае ўсю сцэну і падзяляе Янку Купалу і яго жонку. Метафарычна і надзвычай глыбока пераасэнсоўваецца лёс Беларусі, падзеленай пасля Рыжскай мірнай дамовы: сімвалам краіны становіцца жняя, згвалтаваная салдатамі. Але разам з тым спектаклю відавочна не хапіла цэласнасці. С.Навуменка паспрабавала ахапіць неабдымнае: грамадскае і сямейнае жыццё паэта, яго дзяцінства і сталасць, трагізм і гумар, рысы драматычнага спектакля, чытанне вершаў і выкананне песняў. У выніку гледачы пабачылі на сцэне лебедзя, рака і шчупака, якія банальна распаўзліся ў розныя бакі.

Вельмі не хацеў бы, каб калектыў РТБД і яго прыхільнікі ўспрынялі гэту рэцэнзію як праяву баявых дзенняў супраць іх. Прызнаюся шчыра: калі б такі спектакль з’явіўся на пляцоўцы менш вядомага калектыву, на гэта можна было б закрыць вочы. Але на працягу сваёй папярэдняй дзейнасці РТБД дасягнуў значных мастацкіх поспехаў. Пастаноўкі такіх спектакляў, як “Жанчыны Бергмана”, “Адвечная песня”, “Чарнобыльская малітва” сталі этапнымі ў развіцці айчыннага тэатральнага мастацтва. Таму надзвычай балюча і прыкра бачыць, як у апошнія гады пакрысе зніжаецца планка патрабаванняў. Застаецца спадзявацца, што прэм’ера новага спектакля “Ліфт”, якая адбудзецца ў РТБД 25 сакавіка гэтага года, прынясе захопленыя, цалкам станоўчыя ўражанні, дыяметральныя супрацьлеглыя па ацэнках і настроях гэтым радкам.

У крузе першым// Настаўніцкая газета. 2012. 3 сакавіка. № 28. С. 12.