У Музычным паставілі лепшы балет для дзяцей

У Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм’ера балета «Шчаўкунок» у харэаграфіі Васіля Вайнонена (сцэнічная рэдакцыя Уладзіміра Іванова).


Сцэна са спектакля.
Фота Анжалікі Грэковіч з сайта тэатра http://musicaltheatre.by

Шэдэўр Чайкоўскага — увогуле часты госць на сусветнай балетнай сцэне. Упершыню спектакль быў пастаўлены ў Марыінскім тэатры больш як стагоддзе таму, у 1892-м. Харэографам выступіў Леў Іванаў, лібрэтыстам — славуты Марыус Пеціпа, які скарыстаўся сюжэтам казкі Гофмана «Шчаўкунок і Мышыны кароль» (дакладней, яе пераказам, зробленым Аляксандрам Дзюма).

Твор Гофмана, калізіі якога разгортваюцца паралельна ў рэалістычнай і фантастычнай прасторах, і сапраўды геніяльная партытура аднаго з апошніх сачыненняў Чайкоўскага тояць у сабе пры бачнай прастаце вялікую мастацкую загадку. Таму невыпадкова да «Шчаўкунка» звярталіся ў розны час і ў розных краінах самыя значныя харэографы мінулага стагоддзя — Джордж Баланчын, Джон Наймаер, Ралан Пеці, Марыс Бежар…

На постсавецкай прасторы этапнымі дагэтуль лічацца версія харэографа Юрыя Грыгаровіча, ажыццёўленая ў маскоўскім Вялікім тэатры (галоўныя партыі танцавалі Кацярына Максімава і Уладзімір Васільеў), а таксама пастаноўка балетмайстра Валянціна Елізар’ева для нашай акадэмічнай трупы. Апошні спектакль, увасоблены яшчэ на пачатку 1980-х, зусім не страціў сваю мастацкую прывабнасць і карыстаецца нязменным попытам у замежных імпрэсарыа напярэдадні Раства. Амаль кожны Новы год трупа сустракае за межамі краіны і часцей за ўсё вязе на гастролі маляўнічы і сапраўды казачны «Шчаўкунок» са сцэнаграфіяй Яўгена Лысіка.

А папярэдняя харэаграфічная версія балета, якая зрабілася грунтам многіх наступных пастановак і рэдакцый, належала менавіта Васілю Вайнонену. Яна была здзейснена яшчэ ў даваенны час, у 1934-м, галоўныя партыі ў тым спектаклі выконвалі Галіна Уланава і Канстанцін Сяргееў. Сваю сцэнічную кар’еру Вайнонен пачынаў у Марыінскім (тады яшчэ Кіраўскім) тэатры як характарны танцоўшчык, але найбольшае прызнанне атрымаў як балетмайстар. У маскоўскім Вялікім тэатры і сёння ідзе ягоная версія балета «Полымя Парыжа».

У Беларусі ўвасабленне і пераасэнсаванне харэаграфіі Вайнонена звязана з імёнамі трох значных і знакавых творцаў. Першы з іх, Канстанцін Мулер, стаяў ля вытокаў айчыннага Тэатра оперы і балета. Да вайны з’яўляўся салістам і адначасова харэографам, а ў 1946—1960 гадах — галоўным балетмайстрам трупы. У Мінску ён паставіў усе тры балеты Чайкоўскага, прэм’ера ж «Шчаўкунка» адбылася ў 1956-м. У асноўных танцавальных сцэнах Мулер захаваў харэаграфію Льва Іванава, таксама скарыстаўся знаходкамі Вайнонена. А вось эпізоды-звязкі паставіў сам.

У 1996 годзе Ніна Дзьячэнка, тагачасны галоўны балетмайстар Тэатра музычнай камедыі, вярнулася да «Шчаўкунка» ў версіі Вайнонена, але зрабіла яго ўласную рэдакцыю. Паколькі спектакль рыхтаваўся да замежных гастроляў, па просьбе імпрэсарыа ён займеў назву «Зачараваны прынц».

Нарэшце, у якасці трэцяга адэпта спадчыны Вайнонена выступіў Уладзімір Іваноў, цяперашні галоўны балетмайстар Музычнага тэатра. Вяртанне да балета адбывалася ў два этапы. У студзені 2011-га быў адноўлены дывертысмент (фактычна 2-я дзея). А ў снежні 2011 года, бліжэй да Калядаў, тэатр запрасіў на паўнавартасную прэм’еру.

У аснове сюжэта — гісторыя дзяўчынкі Машы (Міку Сузукі), якая атрымлівае ад бацькі (Віталь Краснаглазаў) у якасці навагодняга падарунка тры лялькі — Мышку, Балерыну і Шчаўкунка. Ноччу ў пакоі з’яўляюцца мышы на чале са сваім Каралём (Сяргей Глух), і толькі Прынц-шчаўкунок (Дзмітрый Лазовік) здольны абараніць дзяўчынку…

Чым можна патлумачыць такі часты зварот да харэаграфіі Вайнонена ў Беларусі? У выпадку з Канстанцінам Мулерам адказ просты: іншых версій на савецкай балетнай прасторы амаль не існавала. Рашэнне Ніны Дзьячэнка можа вынікаць з нежадання капіраваць рэпертуар «калег-канкурэнтаў» з Нацыянальнага балета.

А вось у апошняй сітуацыі ўсё дастаткова неадназначна. Адно з тлумачэнняў — на паверхні. Балетная трупа Музычнага тэатра відавочна імкнецца вярнуцца на ўзровень 1990-х гадоў, калі цалкам харэаграфічных назваў на афішы было шмат, танцавальны калектыў квітнеў і імкліва развіваўся. Паколькі былы поспех звязаны з пэўнымі пастаноўкамі, прасцей абапірацца на іх. Тым больш што ў тэатры дагэтуль працуюць сталыя салісты, якія могуць дапамагчы моладзі ў засваенні знаёмых ім партый.

Іншая прычына прыхавана ва ўзроўні харэаграфіі. Па вялікім рахунку, кожны балетмайстар выбірае для пастаноўкі тую версію спектакля, якая адпавядае ўзроўню ягонай трупы. У свой час я бачыў пастаноўкі як Елізар’ева, так і Грыгаровіча. У абодвух выпадках пластычная партытура была складанай тэхнічна, з віртуознымі па, падтрымкамі і г.д. (прычым мінская версія ў гэтым плане значна пераўзыходзіла маскоўскую).

Харэаграфія Вайнонена выглядае на іх фоне больш сціпла. Ведаю досыць няпростую сітуацыю ў балетнай трупе Музычнага тэатра (лепшых выхаванцаў харэаграфічнай вучэльні забірае Нацыянальны тэатр оперы і балета, дый яны самі з радасцю туды выпраўляюцца, бо на ягонай афішы болей балетных назваў, часцей ладзяцца гастролі; у дадатак нешматлікасць харэаграфічнай трупы Музычнага тэатра правакуе сітуацыі, калі сыходзіць, напрыклад, вядучая балетная пара, і шэраг спектакляў кіраўніцтва вымушана проста здымаць з рэпертуару), таму, думаю, што менавіта прастата харэаграфіі стала вызначальнай у выбары версіі.

Да якіх мастацкіх вынікаў прыйшлі стваральнікі «Шчаўкунка»? Перад прэм’ерай у галоўнага балетмайстра Уладзіміра Іванова запыталіся: «Гэты спектакль перш за ўсё для дзіцячай аўдыторыі?» — «Не. Ці можна назваць музыку Чайкоўскага дзіцячай?» — парыраваў ён. Што датычыцца музыкі, дык спецыяльна для прэм’еры харэограф разам з Алегам Лесуном, музычным кіраўніком і дырыжорам пастаноўкі, праглядзелі шэраг спектакляў «Шчаўкунок», увасобленых у Марыінскім тэатры, Ковент-Гардэне і іншых калектывах. У выніку аднавілі купюры, калісьці зробленыя для «Зачараванага прынца», таму дарослыя гледачы маглі слухаць «поўнага» Чайкоўскага. Але каму ж у рэшце рэшт адрасаваны спектакль? Па словах стваральнікаў — шырокай аўдыторыі. А што атрымалася ў рэальнасці?

Елізар’еў вырашыў свой балет як філасофскую казку, якая магла ісці ў якасці як вечаровага, так і ранішняга спектакля. Пастаноўка Грыгаровіча з’яўлялася рамантычнай гісторыяй кахання, што больш адпавядала густам дарослых і моладзі. Нарэшце, сатырычна-мадэрнісцкая версія «Шчаўкунка», ажыццёўленая харэографам Раду Паклітару ў трупе «Кіеў-мадэрн-балет» і паказаная не так даўно ў Мінску, наогул не прадугледжвала наяўнасці дзіцячай аўдыторыі.

Прызнаюся шчыра: наўрад ці дарослага гледача Музычнага тэатра зацікавіць барацьба кволага Прынца з гіганцкім Каралём мышэй — яны зусім не выглядаюць годнымі і роўнымі сапернікамі. Інтэрпрэтацыя шэрагу фрагментаў у 1-й дзеі вырашаецца праз традыцыі драмбалета (уласцівага эпосе 1930-х гадоў), а ён патрабуе здольнасці быць выразным у сродках не толькі ўласна танца, але і драматычнай ігры. Немудрагелістыя па сваім малюнку танцы лялек з розных краін, прадстаўленыя ў 2-й дзеі. Падчас апошняй на пляцоўцы відавочна не хапае іншых жыхароў казачнай краіны, якія б стваралі эфект запоўненай прасторы ці хоць бы занялі пустыя крэслы. Акрамя таго, у некаторыя моманты Маша і Прынц сыходзяць са сцэны. Таму атрымліваецца, што лялькі танцуюць самі для сябе.

Але калі разглядаць новы «Шчаўкунок» як спектакль, зроблены найперш для дзяцей, дык ракурс успрымання істотна змяняецца. Наогул, цяпер у Мінску ідуць усяго два дзіцячыя балеты: «Чыпаліна», пастаўлены больш як 35 гадоў таму расійскім харэографам Генрыхам Маёравым, і «Беласнежка і сем гномаў», увасобленая нашмат пазней, у 2002-м, балетмайстрам Наталляй Фурман. У якасці харэаграфічных ранішнікаў, такіх неабходных дашкольнікам і малодшым школьнікам, выкарыстоўваюцца таксама «Шчаўкунок» і «Лебядзінае возера» (усе чатыры пастаноўкі — на сцэне Тэатра оперы і балета). Паназіраўшы за рэакцыяй дзяцей на «Шчаўкунка» ў Музычным, магу з упэўненасцю сцвярджаць: гэты спектакль найбольш адпавядае густам юнай аўдыторыі.

Больш за тое! Менавіта з яго наведвання варта пачынаць знаёмства дзіцяці з балетам.

Як вядома, гэты від мастацтва з’яўляецца куды больш умоўным, чым лялечны ці драматычны тэатр. «Шчаўкунок» відавочна выйграе ў параўнанні з «Чыпаліна» і «Беласнежкай». Сюжэт просты, лінейны, не мае адгалінаванняў. Многія фрагменты выдатна факусіруюць на сабе ўвагу і адначасова ствараюць эфект цудаў. З узмахам рукі запальваецца ёлка. Калі гадзіннік адбівае час, птушка, што знаходзіцца на яго вяршыні, махае крылцамі. Хапае ў пастаноўцы і камічных момантаў, якія звязаныя з мышкамі (свайго Караля яны звозяць са сцэны на інваліднай калясцы і г.д.). З іншых знаходак Іванова варта назваць эфект пераўвасаблення ўсіх трох лялек: спярша яны трапляюць да Машы маленькімі, падчас дзеяння незаўважна замяняюцца на «дарослых» салістаў, а потым «вяртаюцца» да ранейшага стану.

Неабходна адзначыць маляўнічую, сапраўды чароўную сцэнаграфію «Шчаўкунка», зробленую мастачкай Любоўю Сідзельнікавай, — у 1-й дзеі за акном пакоя Машы відаць абрысы горада, 2-я дзея разгортваецца ў казачным заснежаным лесе.

Усе знаходкі балетмайстра, сцэнографа і салістаў непасрэдна ўспрымаюцца дзіцячай аўдыторыяй, спрыяюць яе ўвазе да балета, а таму павялічваюць мастацкі эфект спектакля. Музычны тэатр здолеў стварыць цудоўную пастаноўку для дзятвы. Яна не прэтэндуе на вялікія адкрыцці, але паступова выхоўвае маленькіх гледачоў, каб яны назаўжды палюбілі хвалюючы, фантастычны свет харэаграфічных вобразаў.

Адэпты спадчыны Вайнонена// Мастацтва. 2012. № 2. С. 16-17.