Якая фантастыка нам патрэбная?

Разважаючы з калегамі пра ўзровень дзяржаўных літаратурна-мастацкіх часопісаў, неаднаразова выказвалі думку, што апошнім часам на лідзіруючыя пазіцыі выйшаў “Нёман”. Уплывае на гэта стабільна высокі ўзровень празаічнай часткі часопіса. Але ў кожнага правіла, на жаль, бываюць выключэнні. Іх праявай стала фантастычная аповесць Генадзя Аўласенка “Переступив черту”, надрукаваная ў студзеньскім нумары.


Падзеі твора разгортваюцца вакол фантастычнага артэфакта: акуляраў, якія галоўная гераіня Вольга знаходзіць у вагоне электрычкі. Акуляры валодаюць выключнымі здольнасцямі. Надзеўшы іх, чалавек атрымлівае магчымасць бачыць сапраўднае аблічча кожнай асобы, яго сутнасць; прыналежнасць да “светлых” (паляўнічыя), “цёмных” (лемуры) або нейтральных сілаў (дыспечар, назіральнік); распазнаваць як энергію жыцця, так і хваробы. За акулярамі пачынаюць паляваць лемуры…

Адзначым імклівае разгортваванне сюжэта, лёгкасць аўтарскага стылю, багатую фантазію, здольнасць пісьменніка трымаць чытацкую ўвагу. Аднак у творы хапае спрэчных момантаў. Напрыклад, у пачатку аповесці Вольга — слабая істота, амаль безабаронная перад сапернікамі. Але дастаткова ёй пасядзець аголенай перад люстэркам у позе лотаса, як гераіня пераўтвараецца ў супергераіню, якая элегантна карыстаецца любой зброяй. Няўжо падобная медытацыя здольная замяніць праходжанне курсаў маладога байца?

Або іншы эпізод. Вольга выходзіць з тралейбуса і сустракае лемураў. Спрабуе дастаць акуляры, але тыя кажуць ёй, што так рабіць нельга, і прапаноўваюць бегчы. Ратуючыся ад ворагаў, Вольга убягае ў нейкі будынак, трапляе ў мужчынскую прыбіральню, праз люстэрка пераносіцца ў лес, а потым выбягае… на дарогу недалёка ад Уладзівастока. Пасля знаходжання на Усходзе яна праз люстэрка вяртаецца дадому. Наконт выбару горада ўсё зразумела: яшчэ некалькі дзесяткаў кіламетраў — і гераіня дабегла бы да Ціхага акіяна. А паводле прызнання самой Вольгі, плавала яна калісьці толькі ў басеіне. Але ці не прасцей было адразу скокнуць ва Уладзівасток, а не даць лемурам спаліць усю сібірскую тайгу? Расіянам і так хапае экалагічных праблем.

Зыходзячы з логікі аповесці, адзінай прычынай для ўсходняга падарожжа бачыцца сустрэча з безымянным мужчынам, які ратуе Вольгу ад лемураў а потым бавіць з ёй час на “шырокім двухспальным ложку”. Але тут нас чакае чарговая нестыкоўка. Дзяўчына упершыню сустракае героя ў электрычцы, дзе той чытае японскую кнігу, а ўжо потым на шашы ля Уладзівастока. Згодны, чаго толькі не зробіш дзеля кахання! Але ці варта переносіцца для сустрэчы так далёка?

Падчас чытання твор часам нагадваў фантастычны дэтэктыўны баявік, у якім героі героі б’юцца, бегаюць і кахаюцца, а вырашэнне ўсіх пытанняў і развязка адкладваецца да апошняй старонкі. Менавіта таму рытарычныя пытанні Вольгі ці яе бойфрэнда Стаса пра сэнс тых ці іншых падзей здаваліся бліскучым аўтарскім ходам з мэтай захавання інтрыгі. Тым большым расчараваннем стаў фінал.

На вялікі жаль, аўтар пакінуў большасць пытанняў без адказу. Напрыклад, дзяўчынка Леначка, якую вылячыла Вольга, яе выратавальніца і “жыхар Уладзівастока” сыходзяць у залюстроўе. Дзяўчынка адважылася на такі ўчынак, каб знайсці забітых бацькоў. Але чаму туды сыходзіць Вольга? Ніякіх падстаў для такога рашэння не праглядаецца. Застаецца толькі здагадвацца, якую ролю ў гісторыі адыгрываюць акуляры. Дзеля чаго на іх палююць лемуры? Навошта іх падкідваюць у электрычку? Цікава, хто пераступае мяжу? Вольга? Але ж ёй акуляры падкідвае назіральнік. Шэраг іншых пытанняў таксама застаюцца без адказу.

Зразумела, любы адвакат Г. Аўласенкі скажа, што мы маем справу з фантастыкай, адвольным канструяванняў падзей і характараў. Але праца ў такім жанры яшчэ не дае падставы адмаўляцца ад псіхалагічнай абгрунтаванасці ўчынкаў і ігнараваць законы логікі. На жаль, агульная сукупнасць спрэчных момантаў, частка з якіх прыведзена ў рэцэнзіі, не дазваляюць назваць твор аўтарскім поспехам.

Каму належаць акуляры?// Літаратура і мастацтва. 2012. 24 лютага. № 8. С. 23.