Газеце «Літаратура і мастацтва» — 80 гадоў!

Заўтра ў газеты «Літаратура і мастацтва» юбілей. 80 гадоў таму, 26 лютага 1932 года выйшаў першы нумар выдання. І на старонках газеты, і ў іншых выданнях яшчэ неаднаразова будзе напісана пра ролю «ЛіМа» у развіцці і прапаганды беларускай культуры. Мне б хацелася крыху расказаць пра яе ролю ў маім жыцці.


Па-першае, з газетай звязана біяграфія маіх сваякоў. Бацька працаваў у «ЛіМе» дваццаць дзевяць з паловай гадоў: з 1972 да 2001 года і ў 2007-м. Маці прыйшла ў газету пасля заканчэння ўніверсітэта і працавала там з 1981 да 1991-га. Менавіта ў рэдакцыі яны пазнаёміліся.

Па-другое, у лістападзе далёкага 2000 года ў «ЛіМе» з’явілася адна з маіх першых публікацыі. Гэта быў невялікі артыкул «Не ў ладах з беларускай гісторыяй», які ўяўляў сабой рэцэнзію на кнігу Андрэя Вянкова і Сяргея Дзеркача “Великие полководцы и их битвы”. Памятаю, мяне вельмі абурыў раздзел, прысвечаны Грунвальдскай бітве. Там было змешчана столькі памылак, што я не вытрымаў і пайшоў пісаць адмоўную рэцэнзію. Тады ніякіх камп’ютараў не было, таму пісаў ад рукі, а потым ці сам, ці хтосьці са сваякоў набіраў на друкаванай машынцы. Цікава, што ў рэдакцыі не паверылі, што матэрыял напісаў васьмікласнік (я тады толькі паступіў у ліцэй). Давялося прапанаваць ім прынесці рукапіс. Для аб’ектыўнасці, той матэрыял з вышыні часу выглядае ў нечым наіўным. Хоць ад тых ацэнак я не адмаўляюся.

Па-трэцяе, пасля заканчэння магістратуры ў ліпені 2010 года я сам трапіў на працу ў «ЛіМ». Дагэтуль у газеце я ніколі не працаваў. Але нечакана для сябе, а магчыма, і для некаторых калег, уцягнуўся ў рэдакцыйны рытм. За гэты напісана багата рэцэнзій, матэрыялаў, інфармацый. Зрэшты, лепшыя з іх рэгулярна змяшчаюцца на блогу.

Таму не будзе перабольшваннем сказаць, што газета істотна паўплывала на мой лёс.

З днём народзінаў, «ЛіМ»!