У літаратурным жыцці Беларусі здарылася сенсацыя: у лютаўскім нумары часопіса «Маладосць» выйшаў пераклад на беларускую мову ўрыўка з аповесці індыйскага пісьменніка Анкура Дахія «20 Аnd Still а Virgin?!!?» («Яшчэ цнатлівы ў 20?!!?»).
Індыйскаму пісьменніку сёлета споўнілася 24 гады. Ён працуе ў старэйшым выдавецтве краіны General Book Depot, спрабуе сябе ў якасці мадэлі і пісьменніка. У 2009 годзе выйшаў яго дэбютны раман «20 Аnd Still а Virgin?!!?. За два гады разышлося тры яго наклады. А нядаўна аўтар падрыхтаваў другое выданне кнігі (час дзеяння рамана быў зменены з цяперашняга на мінулы).
Напэўна, гэта кніга заставалася б невядомая беларускаму чытачу, калі б не мінулагодняя Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш.
Там з Анкурам, які прадстаўляў выдавецтвы gbd books і Pigeon Books, пазнаёмілася Марына Весялуха, мая калега па працы ў «Літаратуры і мастацтва». Яна зацікавілася творам і ўзялася перакласці яго на беларускую мову. Невялікі ўрывак ужо друкаваўся на старонках «ЛіМа». Больш вялікі змешчаны ў «Маладосці». У перспектыве павінна быць перакладзена ўся кніга.
Якое гэта мае значэнне? Надзвычай істотнае! Так, пераклады з іншых моў выходзяць на беларускай з пэўнай перыядычнасцю. Але часцей за ўсё яны належаць да дзвюх катэгорый. Па-першае, класічная літаратура мінулага. Па-другое, сучасная элітарная літаратура, выданне якой фінансуецца пэўнымі краінамі (напрыклад, чэшскае, казахскае або нейкае іншае пасольствы выдаткоўваюць грошы на выданне сваіх творцаў і г.д.).
На жаль, у абодвух выпадках гэтыя выданні застаюцца творамі для эліты. Выданне кніг першай катэгорыі ажыццяўляецца хутчэй на перспектыву. Бо пакуль што пераважная большасць насельніцтва выбірае рускамоўны варыянт пэўнага англа- ці нямецкамоўнага рамана. А выданні другой катэгорыі далёка не заўсёды цікавяць масавага чытата.
На маю думку, адзіным выйсцем з’яўляецца добра распрацаваная стратэгія, якая паспяхова рэалізуецца ва Украіне. Мясцовыя перакладчыкі перакладаюць сусветныя бестселеры на паўгады раней за маскоўскіх калег. Таму шэрагу рускамоўных украінцаў нічога не застаецца, як чытаць па-украінску
Упэўнены, пры належным піяры і раскрутцы аповесць Анкура Дахія магла б выклікаць цікавасць моладзі. Адзін загаловак чаго варты! Але кансерватараў магу адразу расчараваць: ніякай пошласці ў творы няма. Затое вельмі цікава адлюстроўваецца светаўспрыманне маладых індусаў і іх узаемаадносіны з супрацьлеглым полам. Акрамя таго чытачы даведаюцца, якія часопісы мясцовыя школьнікі трымаюць пад партай на ўроку матэматыкі, што прымушае іх прагульваць урокі і чым закончылася спроба герояў паглядзець стужку для дарослых з інтымнымі сцэнамі.
Для тых людзей, якія зусім не цікавяцца такімі пытаннямі, дадам апошні аргумент: дзякуючы аповесці вы можаце пазнаёміцца з сучаснай індыйскай літаратурай. Бо асабіста я чытаў толькі ўрыўкі ў «Махабхараты» і «Рамаямы», а таксама асобныя творы Рабіндраната Тагора. А вы?
Прыемнага чытання!
bielaruski varyjant: ty jašče prezident u 2012 hodzie?)
Сёння нават больш актуальны рускі варыянт: пра Пуціна