Перыядызацыя беларускай гістарычнай літаратуры

Беларуская гістарычная літаратура зведала часы росквіту і заняпаду. Для таго, каб акрэсліць яе сучасны стан, варта ўдакладніць, у які літаратурны перыяд мы жывем.

Аналіз канкрэтных літаратурных твораў падказвае, што ў беларускай гістарычнай літаратуры ХХ стагоддзя варта вылучыць некалькі перыядаў — дакараткевічаўскі (да канца 1950-х гадоў); караткевічаўскі (канец 1950-х – канец 1970-х гадоў ХХ ст.), своеасаблівае “залаты век”; і нарэшце паслякараткевічаўскі (з канца 1970-х).

Першаму этапу было ўласціва засваенне прасторы гістарычнай прозы, пошук сюжэтаў і формаў. Другі этап найбольш вядомы і прааналізаваны, наяўнасць яго вызначана агромністым укладам Уладзіміра Караткевіча ў развіццё гістарычнай літаратуры.

Акрамя агульнавядомых рыс гэтага перыяду я падкрэсліў бы наступную: Караткевіч у большай ступені арыентаваўся на “негістарычных герояў”. Гэты тэрмін, відаць, варта ўдакладніць. Справа ў тым, што ў творчасці класіка нашай гістарычнай літаратуры, як гэта ні парадаксальна, досыць слаба выяўлены рэальныя гістарычныя асобы. Галоўны герой яго твораў – чалавек, звесткі пра існаванне якога нельга знайсці ў крыніцах таго часу, як напрыклад, Гервасій Выліваха ў “Ладдзе роспачы”. (Адразу агаваруся, што выказаны мной тэзіс не тычыцца рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Справа ў тым, што час яго дзеяння – ХІХ стагоддзе, калі беларусы не мелі дзяржаўнасці). Калі ж дзеянне твора У.Караткевіча адбываецца ў часы ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, дык рэальных палітычных герояў у ім амаль няма. Нават у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” толькі коратка згадваецца, што дзеянне адбываецца ў часы Жыгімонта. І ўсё — болей чытачы з гэтым героем не сустракаюцца.

Вядома, на ўсё былі свае прычыны, бо ў часы існавання Савецкага Саюза галоўным героем і літаратуры, і гісторыі лічыўся народ ці яго прадстаўнікі. Пісьменнік, відаць, не хацеў ствараць сабе яшчэ адну праблему ва ўзаемаадносінах з уладай і не пачаў абвастраць сітуацыю. А можа, гэта была дакладны псіхалагічная разлік: спачатку пераканаць чытача, што багатая нацыянальная гісторыя ў беларусаў ёсць, а пра тое, што яна мае рэальных герояў, чытач можа здагадацца і сам…

Пасля смерці нашага класіка прайшло больш за два дзесяцігоддзі, і за гэты час пісьменніка, роўнага яму, беларуская гістарычная літаратура так і не вылучыла. Хоць, калі задумацца, у гэтым няма нічога дзіўнага. Класікі ж не заўсёды з’яўляюцца адзін за адным!

Але разам з тым на літаратурную авансцэну выйшла цэлая пляяда пісьменнікаў высокага ўзроўню і высокага майстэрства. Гэты працэс, запатрабаваны патрэбамі і абставінамі літаратурнага і грамадскага жыцця, прыйшоўся на другую палову 1980-х – першую палову 1990-х гадоў, калі з’явіўся шэраг твораў, які па часе ахопліваў падзеі ад глыбокай старажытнасці (часоў Полацкага княства) да сучаснасці (падзеі пачатку ХХ стагоддзя, утварэнне беларускай дзяржаўнасці). Менавіта тады з’явіліся творы Леаніда Дайнекі, Уладзіміра Арлова, Вольгі Іпатавай, Кастуся Тарасава, Вітаўта Чаропкі… РазнастайнаГенрыхсць жанраў, пісьменніцкіх манер, падыходаў у асвятленні гістарычных падзей і гістарычных герояў, велізарны грамадскі рэзананс, які мелі кнігі згаданых аўтараў – усё гэта пераконвае, што гэты перыяд варты таго, каб яго называлі “срэбраным стагоддзем” нашай гістарычнай прозы.

Разам з тым беларуская гістарычная літаратура сутыкнулася з пэўнымі складанасцямі. У шэрагу краін, дзе айчынная гісторыя не з’яўляецца вялікай таямніцай і не выклікае спрэчак, гістарычныя раманы – сродак папулярызацыі гісторыі, яны — своеасаблівы ўрок паўтарэння, аднаўлення і адначасова паведамлення новай інфармацыі. Гэта нагадвае першыя ўрокі ў школе пасля летніх канікул, калі з элементарным паўтарэннем вучням незаўважна даецца і новы матэрыял.

У Беларусі сітуацыя зусім іншая. Ігнараванне багатай айчыннай гісторыі ў рэшце рэшт прывяло да яе дзе поўнага, а дзе частковага няведання. Таму беларускія гістарычныя раманы згаданага перыяду – гэта не толькі абавязковыя дынамічны сюжэт і імклівыя падзеі, гэта і фарміраванне канцэпцыі нацыянальнай гісторыі. Праблема, якая узнікла на папярэднім этапе, у творчасці У.Караткевіча, была паспяхова і па-майстэрску вырашана. Героямі беларусікх гістарычных раманаў зрабіліся Міндоўг і Гедымін, Альгерд і Вітаўт. (Дарэчы, справа стварэння цэлай серыі раманаў пра князёў і каралёў, якія кіравалі краем, ажыццяўляецца не толькі ў нас. Напрыклад, нашы ўсходнія суседзі паспяхова ажыццяўляюць выдавецкія праекты “Рурыкавічы – дынастыя ў раманах” і “Раманавы – дынастыя ў раманах”).

Разважаючы пра гістарычную прозу “сярэбранага стагоддзя”, неабходна згадаць чалавека, які і спрычыніўся да інтэнсіўнага развіцця беларускай гістарычнай літаратуры на тым этапе. Гэта Мікола Ермаловіч.

Прафесійныя гісторыкі заўсёды ставіліся да ягоных прац з пэўнай доляй перасцярогі. Ягоныя кнігі сапраўды не заўсёды нагадваюць класічныя навуковыя працы. У кнігах Ермаловіча эмоцыі часам бяруць верх над логікай. Але для літаратуры ён зрабіў выключную, вялікую справу. Для прыкладу варта згадаць пытанне ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. У навуковых спрэчка і дыскусіях важнае месца займае пытанне аб месцы знаходжання летапіснай Літвы. Як вядома, існуе тры канцэпцыі:
1. летапісная Літва знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Літвы;
2. летапісная Літва знаходзілася на паўднёвым усходзе Літвы і паўночным захадзе Беларусі;
3. летапісная Літва знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Беларускія пісьменнікі, якія пісалі на гэтую тэму (Леанід Дайнека ў рамане “Жалезныя жалуды”; Вольга Іпатава ў рамане “Залатая жрыца Ашвінаў”; Генрых Далідовіч ў рамане “Кліч роднага звона”) падтрымалі апошнюю версію. На першы погляд, высвятляць гістарычную правату – справа гісторыкаў.

Але, калі паглядзець шырэй, пісьменнікі не маглі застацца ўбаку. Падумайце, як цікава атрымліваецца! Калі мы цалкам прымаем трэцюю версію, дык гісторыю ВКЛ не прыйдзецца дзяліць паміж некалькімі народамі. Менавіта тады беларусам належыць самы вялікі і смачны “кавалак” у пірагу гістарычнай спадчыны. Ну, і ўсім астатнім нешта абавязкова застанецца! Таму Міколу Ермаловіча разам з Уладзімірам Караткевічам хочацца назваць папярэднікамі згаданага пакалення пісьменнікаў, своеасаблівымі “предтечами” – калі выкарыстаць гэтае старое, але ёмістае рускае слова.

Час ішоў, і паступова накірунак развіцця беларукай гістарычнай літаратуры пачаў змяняцца. Па-першае, рэчаіснасць ужо не патрабавала ад літаратараў стварэння канцэпцыі айчыннай гісторыі, як я пісаў вышэй. За больш чым за дзесяцігоддзе (з пачатку 1990-х) з’явілася цэлае пакаленне маладых гісторыкаў, былі напісаныя шматтомныя навуковыя даследванні. Па-другое, раманаў пра вялікіх князёў не магла быць велізарня колькасць. Адной з прычынай гэтага я назваў бы наступную: раманы, якія пішуцца дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці, наўрад ці будуць прысвечаныя крызісным часам. Лепшымі героямі будуць крыху ідэалізаваныя валадары, у час кіравання якіх Беларусь зведала ці росквіт, ці ўздым. А такіх, на жаль, няшмат…

А, па-трэцяе, неяк незаўважна змянілася літаратурнае пакаленне. Сённяшні час у гістарычнай літаратуры – гэта, магчыма, своеасаблівая “восень патрыярхаў”. У кожнага з пісьменнікаў былі свае прычыны адыйсці ад гістарычнага напрамку. Леанід Дайнека заняўся бізнесам, Вітаўт Чаропка больш увагі стаў надаваць непасрэдна гісторыі, Уладзімір Арлоў застаўся ў літаратуры, але цяпер піша на сучасныя тэмы. У творчасці апошняга цяпер зусім іншы перыяд. Калісьці яго называлі другім Караткевічам, але Арлоў вырашыў застацца Арловым. З вышыні сённяшняга дня невядома, што было лепш, але, на маю думку, лепшыя мастацкія творы Арлова напісаны як раз на тым, раннім этапе яго творчасці.

Увогуле літаратура не павінна развівацца ў накірунку, вызначаным папярэднікамі. Таму зусім лагічна, што на небасхіле гістарычнай літаратуры з’явіліся новыя імёны і новыя зоркі. Яны не падобныя на папярэднія. Новым літаратурным пакаленнем гістарычных пісьменнікаў створаны раманы і аповесці, дзеянне якіх адбываецца ў наш час, сюжэтныя лініі – тады і цяпер — пераплятаююца або ідуць паралельна (так званы паралельны раман), а пратапыпамі герояў не абавязкова з’яўляюцца канкрэтныя гістарычныя асобы. Інакш кажучы, гэта раманы і аповесці крыху іншай канструкцыі, іншай будовы і паэтыкі. Зразумела, яны – выяўленне індывідуальнасці пісьменнікаў, але і адначасова адлюстраванне патрабаванняў часу. На маю думку, са з’яўленнем твораў Людмілы Рублеўскай, Алеся Наварыча, шэрагу маладзейшых творцаў беларуская гістарычная літаратуру ўступіла ў новы, чацвёрты перыяд свайго развіцця, які распачаўся ў сярэдзіне 1990-х гадоў мінулага стагоддя.

Сюжэтна-структурныя змяненні твораў пісьменнікаў апошняй генерацыі можна лічыць адным з чарговых доказаў цыклічнасці развіцця літаратуры. У некаторай ступені, лічыць вяртаннем да караткевічаўскага этапа ў нашай гістарычнай літаратуры, калі прыгодніцкі накірунак стаў пераважаць над уласна гістарычным (дамінаванне прыгодніцкага пачатку лічу асноўнай адметнасцю чацвёртага этапа).

Запіс з’яўляецца часткай наступнага артыкула: У пошуку беларускага Дзюма. Роздум пра айчынную гістарычную літаратуру// Маладосць. 2005. № 8. С. 144-147.

P.S. З часу публікацыі артыкула з’явіліся новыя творы Л. Дайнекі і Л. Рублеўскай, у кнізе Андрэя Федарэнкі «Нічые «была апублікавана яго аднайменная аповесць, заявіў сябе як гістарычны пісьменнік Алег Ждан, паспрабавала свае сілы ў гістарычнай прозе Надзея Статкевіч.

Развіццё гістарычнай прозы працягваецца!