Працяг «Каласоў пад сярпом тваім»-2

Выкладваю другую частку свайго артыкула пра мажлівае існаванне працягу «Каласоў пад сярпом тваім».

Наступнай, ужо трэцяй па ліку часткай, можна лічыць раздзел “Студзеньскім цёмным світаннем”. Ён быў апублікаваны ў “ЛіМе” 1 лютага 1963 года. Заўважым яшчэ да таго, як Караткевіч закончыў апублікаваны кавалак “Каласоў…” – да 18 мая 1964 года. Значыць, ужо тады ва ўяўленні пісьменніка існаваў план таго, як будуць разгортвацца далейшыя падзеі і, магчыма, былі напісаны некаторыя фрагменты тэксту. Інакш ён на публікацыю гэтага раздзела ніколі б не пайшоў. Дзеянне раздзела адбываецца 27 студзеня 1964 года. У той дзень Кастусь прысутнічае на пакаранні смерцю Франса Раўбіча – швагера Алеся Загорскага.

Такім чынам, паводле слоў У.Караткевіча, працяг рамана існаваў. Ад яго застаўся самы пачатак – першыя два раздзелы і аповесць “Зброя”, а таксама адзін раздзел ужо пра канец паўстання – “Студзеньскім цёмным світаннем”. Пакуль што ўсё сыходзіцца. Нават публікацыю “Зброі” можна растлумачыць: пісьменнік вырашыў надрукаваць хоць частку рамана, праверыць, як адрэагуюць на яго чытачы. Знікненне рукапісу летам 1982 года (калі яно было) канчаткова пахавала надзею ўбачыць працяг надрукаваным.

…Вы памятаеце запіс “дагэтуль напісаны былі раздзелы аб Маскве і…”. Вернемся да “некаторых другіх”. Трох кавалкаў працяга для нас мала. Не хапае яшчэ нейкага ўрыўка, напрыклад, той жа канцоўкі рамана, якая б яскрава засведчыла пра намер Караткевіча закончыць твор. І не толькі пра намер, але і пра тое, што гэты намер быў здзейснены.

Якой жа бачыў канцоўку сам Караткевіч? На абмеркаванні рамана ў Саюзе пісьменнікаў 22 лютага 1967 года ён сказаў наступнае: “(…). Перад канцом, калі Алесь Загорскі і Корчак ідуць праз пікет пасля замаху на Аляксандра ІІ, іх збіваюць на граніцы, калі яны хочуць перайсці яе. Мне гэты канец падабаецца”. Ледзь не тую ж самую канцоўку можна ўбачыць і ў чарнавіках пісьменніка: “Сял. варта. Б’юць. Апошн. позіркам і як вішн. сонца… Серабрыстыя аблокі. Канец.”

Такой канцоўкі ні ў якім вядомым нам творы У.Караткевіча. Твор можа заканчвацца і эпілогам. На першы погляд, не падыходзіць і гэта, бо падзеі 1866 г. (магчымы фінал працытаваны) пісьменнік як раз і назваў “Эпілог? Агонія?”.

Згадаем ўсё напісанае У.Караткевічам, што звязана з паўстаннем 1863 года. Гэта шэраг вершаў, драмы “Кастусь Каліноўскі і “Калыска чатырох чараўніц”. А ў прозе гэта пралог да рамана “Леаніды не вернуцца да зямлі”, апавяданні “Паляшук”, “Сіняя-сіняя…”. У пралозе “Леанідаў…” і апавяданні “Паляшук” дзейнічаюць зусім іншыя героі, чым у “Каласах…”. А вось апавяданне “Сіняя-сіняя…” патрабуе нашага дэтальнага разгляду.

Яно незвычайнае ўжо з самага пачатку. Тут дзейнічае наш стары знаёмы: Пятрок Ясюкевіч. Упершыню мы сустрэліся ім яшчэ на старонках “Каласоў…”. Памятаеце? “Ясюкевіч гожы, як дзяўчынка…(…) Вочы ў Ясюкевіча не ўмелі хлусіць. Як бы ён ні сваволіў, яны былі простыя і сумленныя, гэтыя вочы”. Цяпер “былы беларус, былы гімназіст Віленскай гімназіі (там жа вучыўся Алесь Загорскі. – Дз.М.), былы студэнт, былы паўстанец, былы вандроўнік, былы ўдзельнік геаграфічнай экспедыцыі Каміла дэ Брысака. Былы чалавек. Бо тут ляжаў жывы труп”. Мы сустракаемся з Ясюкевічам у пустыні Сахара, дзе ён разам з маленькай дачкой мясцовага шэйха памірае ад смагі.

Тое, што Ясюкевіч – гэта той Ясюкевіч, якома мы ведалі раней, не выклікае пярэчанняў: і ўзгадка пра Віленскую гімназію, і ўзгадка пра тое, што яго дражнілі дзяўчынкай. Ёсць тут яшчэ адно супадзенне, праўда ўскоснае: Ясюкевічу ў час дзеяння апавядання пяцьдзесят два гады, дзеянне адбываецца ў 1880 годзе. Няхітрая арыфметыка, і высвятляецца, што Пятрок Ясюкевіч нарадзіўся у 1828 годзе. Ці равеснік ён Алеся Загорскага? Алесь быў у гасцях у цёткі Тацяны Галіцкай у 1850 годзе, бо, паводле яе слоў, “дваццаць год назад” стрыечны брат яе мужа, Багдан, “звязаўся з мяцежнікамі”. Гаворка тут несумненна ідзе пра Багдана Чорнага Войну і пра паўстанне 1830 — 1831 гадоў. Праз год пасля паездкі ў госці (1852 год) Алесь з’ехаў вучыцца ў Віленскую гімназію. Тады, як піша аўтар, ён быў “трынаццацігадовым хлопцам”. Адымаем ад 1852 года 13 гадоў і атрымоўваем год нараджэння Алеся: 1839-ы. Амаль як і ў Петрака. Розніца складае адно дзесяцігоддзе. Падаецца, што гэта зроблена аўтарам наўмысна, каб не даць магчымасціі параўнаць апавяданне і раман.

Згадаем і наступны ўрывак з апавядання “Сіняя-сіняя…”: “…Іх прыціснулі тады да Доўгай кручы. І гарматы раўлі, вырываючы мяса, вырываючы людзей, сеючы змрок. А людзі сыпаліся са стромы, падалі ў ваду Дняпра, у сіне-зялёнае прадонне, імклівае і халоднае, аж казытала ў жываце”. Гэта сведчыць не толькі пра тое, што дзеянне адбывалася ў Прыдняпроўі. Гэтага занадта мала. Вы памятаеце нараду ў Яраша Раўбіча ў “Каласах…”? Як раз там і прамільгнула гэтая ж геаграфічная назва: “Я павінен паклапаціцца аб умацаваннях Доўгай Кручы, Гарадзішча, Чырвонай Гары, Спароўскіх вышынь, Луцкіх гарбоў і гэтак далей”. Значыць, на Доўгай кручы і адбывалася бітва. Магчыма, ў ёй удзельнічалі і Ясюкевіч, і Раўбіч.

Найвялікшае здзіўленне выклікаюць літаральна некалькі сказаў з таго ж “Сіняга-сіняга…”: “Загінуў Мацкявічус, загінуў Пацябня, Кастуся Каліноўскага павесілі, Загорскі бадзяецца невядома дзе і, можа, загінуў, маёр Кавецкі расстраляў паўстанца Волгіна”. Паўстанец Волгін – гэта Сашка Волгін з той самай Віленскай гімназіі, дзе вучыліся Пятрок Ясюкевіч і Алесь Загорскі. Добра, хай наконт Волгіна супадзенне выпадковае. Але што робіць у апавяданні “Сіняя-сіняя…” Загорскі?!

Так, у літаратуры вядомы прыклады, калі аўтар перасяляе сваіх герояў у розныя творы. Уладзімір Караткевіч таксама зрэдчас паўтараў знаёмыя прозвішчы: то тут, то там ў яго сустракаюцца то Грынкевічы (з “Леанідаў…”), то Ракутовічы (з “Сівой легенды”). Але выпадак з Алесем Загорскім асаблівы. Гэта АЛЕСЬ ЗАГОРСКІ! Герой, напэўна, самага любімага чытачамі рамана Уладзіміра Караткевіча. І ці варта было згадваць пра яго без асаблівых падстаў?..

Знарок нагадаем час напісання апавядання “Сіняя-сіняя…”. Пісьменнік закончыў яго 14 лютага 1964 года. Памятаеце, я абяцаў вярнуцца да “некаторых другіх” раздзелаў, якія мы пакінулі без разгляду, а падрабязна абмеркавалі “раздзелы аб Маскве”? Мне здаецца, што гэта апавяданне — і ёсць тыя раздзелы – “некаторыя другія”! Яны падыходзяць і па часу напісання, і па некаторых прыкметах, пра якія я казаў вышэй. Такім чынам можна зрабіць выснову, што апавяданнее “Сіняя-сіняя…” – эпілог рамана “Каласы пад сярпом тваім”.

Чаму ж тады ў самым канцы рамана мы развітваемся менавіта з Петраком, а не з Алесем? Пасярод пустыні змагаўся за жыццё “былы чалавек. Бо тут ляжаў жывы труп”. І хіба можна дапусціць каб гэтым трупам быў Алесь?! Гэта быў бы занадта вялікі здзек з чытачоў.

Зноў звернемся да інтэрв’ю Уладзіміра Караткевіча Адаму Мальдзісу. Там прагучала наступнае пытанне: “Некалькі слоў аб тым, што будзе ў апошніх двюх кнігах. Які фінал рамана?” Паслухаем яго адказ, пазбаўлены канкрэтыкі, але ад гэтага не менш важкі: “Крах усіх спадзяванняў, усіх ілюзій і – нават у гэтых абставінах – чалавечая нязломнасць! Паўстанне пацярпела паражэнне, але мужнасць – засталася. А значыць, засталося і спадзяванне, што чалавек, свабода і народ – выжывуць! Найбольш поўна гэтая думка праведзена на прыкладзе Алеся Загорскага”.

Гэтыя словы не аднойчы ўзгадваліся, калі я перачытваў апавяданне “Сіняя-сіняя…”. Пятрок Ясюкевіч па сутнасці адмаўляецца ад Радзімы. Не, ён усё роўна любіць яе. Але ўжо не так, як раней. Ён адмаўляецца ад змагання за яе свабоду, адмаўляецца ад магчымага вяртання да яе: “Не, вяртання не будзе. Вялікая Афрыка забрала яго ў палон. У шэрым цараванні смерці, між пірамідаў, між вялікім Хеопсам і вялікім Хефрэнам ён падумаў аднойчы аб радзіме і аб яе лёсе – і гэта быў пачатак канца.

Маленькая краіна, уся пісаная гісторыя якой налічвала восемсот год, з якіх трыста сама не ведала, хто яна такая. Вартыя жалю спробы нешта зрабіць, некуды кінуцца. Спробы дзеяння, падобныя на валтузню верабейкі ў векніках. Лухта і марнасць марнасцей!

Ну і што? Ну, нават каб і адолелі чыгунную сілу? Каб адступіўся цар? Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл. І мізерная, нязначная думка чалавека побач са сфінскам, побач з ноччу і цішынёй, побач з вялікім цараваннем магіл”.

Настрой героя пачынае паволі змяняцца падчас размовы з дачкой мясцовага шэйха. Спачатку Пятрок адказвае, нібы сцяўшы зубы: “Яму не хацелася гаварыць пра так званую “сваю зямлю”, але так дзяўчынка лепей забывала пра смагу. І таму ён гаварыў, нібы каменьчыкі ў глотцы варочаў.
— Зялёная. А калі глядзець з узгоркаў, то нават сіняя.
— Сіняя? – захоплена спытала яна. – Сіняя-сіняя?
— Сіняя-сіняя, — сказаў ён”
.
Чароўнае сугучча слоў “сіняя-сіняя”, сказанае пра родную зямлю, будзе гучаць рэфрэнам, будзе паўтарацца ўсё часцей і часцей.

А потым здараецца цуд: “І тут гэтыя словы нібы нешта адпусцілі ў ім. Нібы прарвалася нешта даўняе, даўкае, гнятучае. І ён заплакаў. Бязгучна. Толькі слёзы каціліся па шчоках. — Раскажы, — ціха папрасіла яна.

І ён расказваў. І паступова знікала вымушаная беднасць мовы, знікаў некуды семнаццацігадовы душны праклён, знікала чыгунная туга. Ён расказваў, і перад абмытымі вачыма, далёкае, жывое, уставала тое, што ён тысячу разоў бачыў і адначасова нібы пазнаваў першы раз.
Крыжы на ростанях, вёскі ў барвяных каралях арабін, чырвоная шыпшына ля дарог, начлежныя коні ў тумане. Балоты, імшары, балоты. Мястэчкі сярод сініх лясоў, мосцікі над начнымі ручаінамі.
Сінія-сінія-сінія паплавы. (…)

Недзе там, за пустыняй, за морам, была другая зямля. І ён не мог без яе. Яе не было тут, але яна была.

З атлусцелымі панамі, з бяздушнымі ўладарамі душ, з хлуснёй, са спаласаванымі мужыкамі, з апляванай, забароненай мовай.

Але яшчэ і з паплавамі, і з сінімі вербалозамі на берагах рэк. Няхай няшчасная, няхай забітая і абылганая, але свая, найлепшая на свеце, сіняя, чыстая, як першае каханне, да якога не прыліпае ніякі бруд, як бы ён ні цягнуўся.

Джаміля думала, што ён з’явіўся з казкі… Гэта праўда… І трэба ратаваць казку, пакуль яна казка, а не пустыня. Трэба біцца за яе нават з самім д’яблам і памерці на яе зялёных лугах, прыгажэйшых за ўсё на зямлі.

Вяртанне. Толькі вяртанне. Няхай там нікога няма. Камусьці трэба пачаць”.

Гэтыя словы адныя з апошніх у апавяданні “Сіняя-сіняя…”. І адначасова як эпілог рамана “Каласы пад сярпом тваім”.

Апошнія радкі твора (а цяпер мы можам казаць пра гэта больш упэўнена) сцвярджаюць, што “за градою дзюн пачулася чыстае плясканне мазолістых вярблюджых ног”. І гэта дае нам надзею на тое, што вяртанне і Петрака, і, можа быць, самога Алеся Загорскага стане рэальнасцю.

Дзяніс Марціновіч Працяг “Каласоў…” – міф ці рэальнасць? Роздум пра існаванне працягу рамана Уладзіміра Караткевіча// “Роднае слова”. 2005. Верасень. №9. С. 96-98.

Працяг. Пачатак у папярэднім запісу.

Працяг «Каласоў пад сярпом тваім»-2: 2 комментария

  1. Пачынае сохнуть памяць па роднай мове,але калi чытаеш гэтыя вяликия творы,помятаеш што ты беларус.Вялики руски шавинизм николи не спыница па адносинах да гэтага цудоунага народа-литвинау.

  2. не дай сабе засохнуць! :-)
    а шавінізму хапае паўсюль, патрэбна мець свой досвед на гісторыю, мову і не цурацца яе

Комментарии запрещены.